2439

Аляксандр Зянкоў. Як вілы сталі граблямі

31.08.2016 Крыніца: Аляксандр Зянкоў для baj.by

Час ад часу, праглядаючы інфармацыйныя сайты, заўважаю непрафесіяналізм рэдакатараў, ці некаторую недаадукаванасць. Пачуўшы аднойчы прыгожае слова “ФОТАРЭПАРТАЖ”, яны выкарыстоўваюць яго будзь дзе. 

Я ні разу не бачыў, каб тэкставы рэпартаж называлі аповесцю ці паэмай. Тут для рэдактараў ўсё зразумела: далёка не кожны ўмее “прыгожа” напісаць, а “сфоткаць” і немаўля можна навучыць за гадзіну. Відаць, адсюль і бяруць пачатак памылковыя назвы да работ фотажурналістаў.

Фотажурналістыка — асобая форма журналістыкі, якая выкарыстоўвае фатаграфію ў якасці асноўнага сродку выражэння. Фотажурналістыка адрозніваецца ад роднасных жанраў фатаграфіі (такіх як дакументальная фатаграфія, вулічная фатаграфія і фотаздымкі знакамітасцяў) наступнымі ўласцівасцямі:

  • Час — здымкі размяшчаюць у храналагічным кантэксце развіцця падзей;
  • Аб'ектыўнасць — мяркуецца, што фатаграфіі будуць сумленнымі і дакладна адлюструюць  падзеі;
  • Апавядальнасць — здымкі ў спалучэнні з іншымі элементамі навіны інфармуюць і даюць чытачу або гледачу ўяўленне пра сутнасць падзеі.

У выпадку, калі фатограф сістэматычна адлюстроўвае падзеі, якія маюць грамадска-палітычную, культурную і гістарычную значнасць, такі тып фотажурналістыкі адносіцца  да фотахронікі.

А цяпер пра прадмет размовы:

Фотарэпартаж — гэта аператыўны, падзейны жанр выяўленчай фотажурналістыкі, які складаецца з серыі ў 5–8 здымкаў, што асвятляюць канкрэтныя падзеі, якая адбываюцца ў пэўным месцы. Галоўная мэта журналіста пры стварэнні фотарэпартажу — перадаць дэталёвае апісанне сітуацыі з дапамогай падборкі фотаздымкаў. Важнай характарыстыкай жанру з'яўляецца сюжэтнасць. Фотарэпартаж павінен распавядаць гісторыю выяўленчымі сродкамі. Правільна створаны матэрыял выклікае ў гледача «эфект прысутнасці». Фотарэпартаж лічыцца самым эфектыўным жанрам фотажурналістыкі.

Калі рэдакцыі пачалі рабіць сайты-дубляжы сваіх выданняў, то ў інтэрнэт-прасторы знялося пытанне наконт абмежаванняў плошчы газетнай паласой. Гэта тычылася найперш фотаздымкаў. Разам з гэтым з’явіліся новыя тлумачальныя допісы “шмат фота” ці “пашыраны фотарэпартаж”.

Прыклады:

У гэтым годзе рэкорд паставіў сайт onliner.by з матэрыялам “Танки в городе! По центру Минска прошла колонна военной техники (фоторепортаж)” ажно на 167 (!) фотаздымкаў.

Папярэдні матэрыял “Минск: военная техника прошла по городу к месту генеральной репетиции парада” змяшчаў 118 фота, а наступны быў пад назвай “Фоторепортаж: как выглядела ночная репетиция парада” — 65 фота.

Сайт БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ надрукаваў артыкул “Як праходзіў фестываль “У госці да Лепельскага Цмока” (фота)”. Пасля загалоўка паставілі 6  фотаздымкаў, а ніжэй пад назвай “фотарэпартаж” — 65 фотаздымкаў.

На сайце “Твой стыль” пад назвай “Большой фоторепортаж: В Гродно прошел V Фестиваль уличного искусства” 70 фотаздымкаў.

Сайт Дзяржынска ў артыкуле “870-летие города Дзержинска: большой фоторепортаж” выклаў 114 фотаздымкаў.

Сайт Драгічынскага ГДК зрабіў “Большой фоторепортаж с празднования Дня Победы” — 90 фотак, бо цяжка гэта назваць фотаздымкамі.

Што ж можна пабачыць у так званых сучасных фотарэпартажах? Гэта — набор фотаздымкаў, складзеных у слайдшоў (не абавязкова) у нейкай храналогіі, да таго ж усе фотаздымкі знятыя аднапланава — агульныя і напаўсярэднія планы. Па аднаму гэтаму крытэрыю (храналогія) мы атрымліваем іншую назву — фотахроніка.  Вялікі падбор фотаздымкаў можна яшчэ назваць фотааглядам ці фотасправаздачай.

Шаноўныя рэдактары, называйце рачы сваімі імёнамі. Безумоўна, інтэрнэт-прастора здольная змясціць неабмежаваную колькасць фотаздымкаў,  і “нашчоўкаць” іх  сапраўды можа нават пачатковец. Але, калі вы будзеце патрабаваць ад вашых журналістаў сапраўдныя фотарэпартажы, то атрымаеце больш якасці, а не колькасці. Ад гэтага выіграюць усе, а вілы не будуць граблямі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!