НЕ - ВАЙНЕ!
980

Аляксандр Ждановіч: У тых, хто застаўся ў Беларусі, заціснуты рот, але не вочы

21.01.2023 Крыніца: Аўтар для БАЖ

Размаўляем з акцёрам і вядоўцам Аляксандрам Ждановічам, чый тэлевізійны вобраз Маляваныча стаў пэўным сімвалам дабрыні і веры ў казку цягам апошніх двух вельмі няпростых для беларусаў гадоў.

Паколькі гутарка адбывалася на пачатку года, было жаданне спытаць пра адчуванні, што нас чакае. Увогуле, рабіць здагадкі на будучыню — нацыянальны від спорту, асабліва калі няма пэўнасці ў заўтра.

— Не трэба чапляцца за прагнозы. Мой дэвіз — гэта выслоўе стоікаў: рыхтуйся да горшага, спадзеючыся на лепшае. Рабі што можаш, а будзе тое, што будзе. Гэта больш цвярозы погляд на рэчаіснасць. Для нашага менталітэту неяк тыповы дзіцячы падыход: ну скажыце, што будзе далей, раскажыце мне добрую казку. Давайце глядзець праўдзе ў вочы: будзе яшчэ шмат балючага.

— Мяркую, людзі пытаюцца, каб нехта абазначыў кропку на гарызонце, сказаў: «Бяжы да яе».

— Я гэта разумею. Але ў гэтым нейкая слабасць чалавечая. Трэба рабіць. Рабі, што можаш, і будзь што будзе. А я такі як і вы — я таксама вычэрпваю з гэтых выказванняў сэнсы: Арастовіч сказаў, гэты нешта сказаў. Сябар мой гаворыць: «О, кажуць летам усё скончыцца». Нічога не скончыцца! Наша фізічнае жыццё раней ці пазней скончыцца, гэта я ведаю. Жыццё планеты аднойчы скончыцца. Дарэчы, увага: тое, што мы перамаглі, я не памыляюся — мы перамаглі, я таксама ў гэтым упэўнены. Бо мы не сталі, як жа гэта мякчэй выказацца, мы не сталі свалатою. Мы захавалі сумленне, пачуццё чалавечай годнасці. І гэта перамога! Мы зрабілі шмат з таго, што было ў нашых сілах. І трэба рабіць гэта далей. І не спадзявацца на добрага амерыканскага ці ўкраінскага дзядзечку. Ісці сваім шляхам далей. Так, раздзіраючы сваё сэрца, што кожны дзень некага хапаюць, што мы сварымся паміж сабой і няма адзінасці.

Вы ніколі не задумваліся, чаму злыя людзі аб’ядноўваюцца хутчэй і мацней, чым супрацьлеглы бок? А мы ўсё ж не самы цёмны бок.

— Гэта пытанне да мяне? Бо зло аб’ядноўвае часцей слабых людзей. І слабыя людзі схільныя да таго, каб аб’ядноўвацца і ісці за кімсьці. А дабро ў прынцыпе патрабуе выбару. На баку дабра людзі больш моцныя. А яны, адпаведна, больш эгацэнтрычныя.

— Я згодны абсалютна. Дадам толькі, што мэты злых людзей больш простыя, канкрэтныя, таму і лідараў яны абіраюць сабе моцных і канкрэтных, якія ведаюць, што ім трэба, а менавіта грошы і улада.

Але што рабіць у гэтай сітуацыі? Напэўна, нічога і не зробіш. На тым стаіць свет — ёсць каініты і авеліты. І заўсёды Каін забівае Авеля. Так будзе ўвесь час. Я цяпер граю батлейку. Там аўтэнтычны тэкст канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, даволі дзіўны тэкст, ён быў сабраны ў Цэнтральнай Беларусі каля мястэчка Мір. Персанажы — цар Ірад, воін, які забівае, ёсць чорт, які спакушае, ёсць анёл, пастух.

2020 год — гэта проста… паўтараюцца падзеі з гэтага тэксту. Крыху хуліганю і аднаго персанажа я раблю больш пазнавальным для задавальнення публікі, але каб і не рабіў, то ўсё было б зразумела. То бок гэта было сто гадоў таму, дзвесце гадоў таму: ёсць зло і ёсць дабро, ёсць улада, якая цісне, знішчае. А ёсць людзі. Сярод іх слабыя, хто паддаецца спакусам, а ёсць моцныя — і іх шлях звычайна не пасыпаны ружамі.

— Так, людзі навучыліся запускаць у космас спадарожнікі, але не прыдумалі, як не пускаць ва ўладу асобаў, схільных да розных -ызмаў. Няма такога сіта. І ўвесь гістарычны досвед кожны мусіць засвоіць самастойна.

— Здаецца, гэтыя словы прыпісваюць Чэрчылю: «Калі ты ў маладосці не бунтар, магчыма, ты — нягоднік. Але калі ты ў сталым узросце не кансерватар, магчыма, ты — дурань». А што да ўлады — гэта таксама аксіома, што туды ірвуцца людзі з нейкімі комплексамі. Асабліва гэтыя два персанажы, разумееце ж пра каго я, — у іх ідзе помста за нейкі боль, перажыты ў дзяцінстве. І так — няма сістэмы, якая б гэта адсейвала.

Рэлігія — калі б людзі жылі сапраўды так. Я доўгі час быў веруючым чалавекам, наведваў храмы. І такія балючыя рэчы адбываюцца для мяне. Расчараванні — не ведаю як і сказаць. Я разумею, што інстытут царквы павінен быць. Але я пабачыў, што людзьмі проста маніпулююць з дапамагай высокіх, важных рэчаў. І яны разварочваюцца на 180 градусаў, дабро становіцца злом.

Але, калі мы гаворым пра гэты час, то я ні пра што не шкадую. Увогуле. Ні пра свой выбар, ні што ў 2021-ым застаўся без тэатра, у якім працаваў больш за 35 гадоў, без Радзімы, сяброў.

Я шкадую, што так адбылося, але рабіць нічога інакш не стаў бы, бо іначай не захаваў бы сябе як асобу.

Я рабіў і тут паэтычныя вечары «Времена не выбирают». Гэта разважанні пра тое, што тыя ж Мандэльштам, Пастэрнак, Бродскі — яны пераможцы ў духоўным плане. Бо не здрадзілі сабе, захавалі сябе як творцы, нягледзячы на тое, што фізічна былі альбо знішчаныя, альбо прыніжаныя... А хто ўспомніць тых "творцаў", якія цяпер палаюць злосцю, забараняюць, знішчаюць…

Для мяне вялікі боль убачыць, што творца можа быць на баку вайны, убачыць, як адрэагавала расійскае грамадства на гэтыя падзеі. І асобы, якіх ты лічыў добрымі рэжысёрамі, акцёрамі. Я не ўяўляю, як можна з такім душэўным станам зрабіць нешта годнае. Думаю, немагчыма.

Я чакаю цікавых думак пра наш час. Купалаўцы спрабуюць адгукацца. У літаратуры ўжо ёсць — Наста Кудасава якія цудоўны творы піша! Някляеў, іншыя імёны... Можна прыгадаць словы паэта Аляксандра Кушнера:

Время — кожа, а не платье.

Глубока его печать.

Словно с пальцев отпечатки,

С нас — его черты и складки,

Приглядевшись, можно взять.

Час — гэта выпрабаванне. У нейкі пафас пайшоў, спыняйце.

— На нашай частцы цывілізацыйнага свету быў перыяд першай і другой сусветных войнаў, гэты час даў шмат выбітных творцаў, бо быў матэрыял для рэфлексіі. Мяркую, і гэтыя падзеі дадуць нам новыя імёны, але трэба час, каб гэты пласт падняць. Мы знаходзімся ў гэтых падзеях, і нават убачыць іх аб'ёміста не так проста.

І ў працяг тэмы культуры: што адбываецца з культурнай сферай, калі з аднаго боку ідзе выцісканне, вычышчэнне, жорсткае цэнзураванне. Але чалавек апрыёры імкнецца да прыгожага і лепшага. І што будзе з беларускай культурай, калі нехта ў эміграцыі, нехта ў турме, а нехта мусіць — рот на замок?

— Вы сказалі, што жудасныя часы абуджаюць кепскае ў чалавеку. Але і наадварот. Здаецца, Дзмітрый Ліхачоў, які перажыў блакаду, гаварыў, што ў такія часы абуджаюцца і самыя светлыя экзістэнцыі. У мяне ёсць спадзяванне, што светлага таксама будзе шмат. Што тычыцца нашай культуры, то яна падзеленая на тых, хто застаўся ў Беларусі, і хто з’ехаў. У тых, хто застаўся, заціснуты рот, але не вочы! Напэўна, ад іх шмат што залежыць. Хай гэта і не датычыць гучнага, палітычнага кантэксту. Проста выхоўваць дзяцей, падтрымліваць узровень нармальнасці. А тыя, хто па-за межамі, мы ўжо сказалі пра гэта, ёсць матэрыял для эмоцый, рэфлексій. Мне падаецца, павінна нараджацца нешта новае.

Я малюсенькі чалавечак, лёс выбраў мяне Маляванычам (усміхаецца), але цяпер я спрабую пісаць казкі для дарослых. Хачу зрабіць праект «Жывая паэзія», каб таксама адрэфлексаваць свае перажыванні, боль.

— За час міграцыі, за час гэтых падзей ці адкрылі вы для сябе беларусаў, сваіх суграмадзян з нейкага новага, нечаканага боку?

— Безумоўна! Спачатку 2020 год. Ён мяне асабіста зрабіў іншым чалавекам, ці адкрыў якасці, якія спалі. У 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў гэты чалавек, і было зразумела, што яго выбрала большасць, а потым вярнуліся гэтыя жудасныя сімвалы — безгустоўны сцяг, герб з мінулага, я страціў павагу да беларусаў. Сябры цягнулі мяне з’ехаць. Але мне здавалася, што Радзіма тут, яе не выбіраюць.

 І чвэрць стагоддзя — страх! — я жыў у нейкай паралельнай рэальнасці, хаця бачыў, што знікаюць людзі, што адбываюцца жудасныя рэчы. 2020-ты. Думаю, не толькі мяне здзівілі беларусы. Першы час, калі мы сустракаліся тут у эміграцыі з беларусамі, я шмат пытаўся ў іх: «Адкуль вы ўзяліся?». Амаль канцлагер, замураваная асфальтам глеба, але прараслі зялёныя парасткі! Можна спрабаваць шукаць адказы: былі ж перыяды «адлігі», ёсць інтэрнэт, можна было ездзіць за мяжу, каб адкрываць для сябе свет. Гэта ўсё фармавала маладое пакаленне. А яно, давайце будзем шчырымі, было рухавіком падзей у першыя дні. Толькі засмучаюць спрэчкі пустыя, калі людзі губляюць пачуццё павагі адзін да аднаго. Ёсць і гэта ж.

Разам з тым у беларусаў ёсць нешта такое, што, з аднаго боку, перашкаджае зрабіць тое, што зрабілі тыя ж украінцы, а з іншага боку — непрыманне гвалту, хлусні, нейкая чысціня, мяккасць. Гэта, да слова, адзначаюць і грузіны, з якімі я камунікую. Доўгая размова: гэта прычына ці следства? І ў чым прычыны нашых бедаў?

Мне здаецца, што нам не хапае беларусаў, якія могуць стварыць добры міф, як гэта зрабіў Караткевіч. Да слова, Беларусь збольшага асацыюецца з жанчынай, а ў Караткевіча міф мужчынскай Беларусі: «Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, а мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч». Вось гэтага не хапае. А рэальныя такія людзі ёсць, тыя ж беларусы, якія ваююць не толькі за Украіну, за нас за ўсіх.

— Пачатак года, просіцца пытанне пра «вашыя творчыя планы». Што плануеце рабіць?

— Жыць. Планую жыць. Займаюся тут з дзецьмі тэатрам, агучваю фільмы на кінастудыі. Выступаю з канцэртамі ці батлейкай, будзем запісваць новыя выпускі «Бэйбуса». Гэта ўсё добра, але я — акцёр. Кожны акцёр скажа, што сцэны моцна-моцна не хапае. Тут ёсць рускамоўны тэатр імя Грыбаедава, але мяне пакуль туды не цягне. Можа, я крыху аб’еўся тэатрам, які «ні пра што», дэкаратыўным тэатрам... У такія часы, як цяпер, калі ўсе наўкол віруе...

Вельмі хацеў бы займацца такім тэатрам, якім цяпер займаюцца купалаўцы ці Свабодны тэатр.

Яшчэ спрабую пісаць сам, гэта, хутчэй, будуць казкі для дарослых. Мы зрабілі тут тэатральны спектакль «Батлейка Шагал», які аб'ядноўвае батлейку і творчасць Шагала. Можа быць, паедзем з праектам на гастролі. Хацелася б рабіць нешта ў такім кірунку.

Чытайце яшчэ:

Президент “Радио Свобода” Джейми Флай: “Мы вернемся в Минск и снова откроем там бюро. Это вопрос времени”

«Людзі выходзілі да нас з разбураных дамоў». Беларусы расказалі, як ездзілі ў «калядны тур» па вызваленых украінскіх тэрыторыях

Тихановская призвала мировой бизнес поддержать независимые беларусские СМИ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!