894

Аляксандр Манцэвіч: «Я ў захапленні ад таго, што «Рэгіянальная газета» зрабіла за 25 год»

28.04.2020 Крыніца: Аддзел інфармацыі “Рэгіянальнай газеты”

«Рэгіянальная газета» — адна з нешматлікіх цалкам беларускамоўных газет у Беларусі. Сёння выданне святкуе прыгожую дату — 25-годдзе ад заснавання.

На старонках «Рэгіянальнай газеты» за чвэрць стагоддзя распавялі гісторыі шматлікіх людзей з Маладзечанскага, Вілейскага, Смаргонскага, Мядзельскага, Валожынскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў. Але галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч ніколі не распавядаў чытачам пра сябе і тое, як газета стваралася. У 25-годдзе «РГ» выпраўляем сітуацыю.

Галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты" Аляксандр Манцэвіч

Як стваралі газету

Працаваў у газеце «Святло камунізму», пасля гэта была «Маладзечанская газета». Кожны дзень ездзіў на працу ў Маладзечна з Вілейкі. Бачыў, што рэчы, якія здараюцца ў Вілейцы, маглі быць цікавымі ў Маладзечне, і наадварот. Але тады не было такой газеты.

Было адчуванне, што наш рэгіён — гэта адна супольнасць людзей. Калі прыехалі ў Астравец падпісваць дагаворы з поштай, то пачулі ад аднаго немаладога чалавек, што вось Маладзечанская вобласць вяртаецца. Мы прыйшлі своечасова, выканалі місію вакол згуртавання нацыянальных каштоўнасцей і мясцовага патрыятызму.

Дапамагалі пачынаць газету бізнесмены Павел Карпіновіч з Маладзечна і Ігар Вейс з Вілейкі. Над першымі нумарамі працаваў таксама журналіст Вячаслаў Табулін, пазаштатныя аўтары.

«Рэгіянальная газета»

Магчыма, гэта не самая ўдалая назва, а, магчыма, самая няўдалая. Але так сталася, і гэта ўжо брэнд.

Чаму «Рэгіянальная»? Таму што ў нас рэгіён. Гэта быў сігнал людзям, што гэта шырэй, чым раён.

Я не ў захапленні ад назвы, але ў захапленні ад таго, што «Рэгіянальная газета» зрабіла за 25 год.

Місія «Рэгіянальнай газеты»

Місія пастаянна мяняецца. Адзін чалавек не можа зрабіць місію, гэта робіць калектыў. Місія ў тым, каб мы дапамагалі заставацца людзьмі, разумець сапраўдныя каштоўнасці.

Калі ты жывеш у нейкай мясцовасці і не цікавішся ні гісторыяй, ні будучыняй, ні людзьмі, якія тут жывуць, то гэта проста няправільна. Ты — чалавек, а чалавек — істота сацыяльная. Мы працуем, каб людзі адчулі сябе часткай супольнасці.

Мы стараемся даваць шырокі зрэз жыцця ў газеце. Тым не менш, бачым у ёй прыярытэты. Гэта трыяда — культура, гісторыя, мова.

Ніколі не абмяжоўваліся замшэлым патрыятызмам. Мы падзяляем агульныя каштоўнасці. Разумеем, што мы частка Еўропы. Калі замкнуцца і казаць, што Беларусь — для беларусаў, то мы ўжо бачылі, да чаго даходзілі краіны з такімі поглядамі.

Калі ты хочаш рабіць якаснае СМІ, то ты павінен разумець, што ты не палітычнае і партыйнае СМІ. У цябе будзе шмат абмежаванняў у выказваннях думак і меркаваннях. Калі сябе абмежаваць рыторыкай адной партыі, адной канфесіі, то абмяжуешся аўдыторыяй адной партыі і адной канфесіі.

Мова

Мы зрабілі газету на мове, якая блізкая людзям. Калі дзяржава не надае належнай увагі адной з дзяржаўных моў, менавіта беларускай, то мы зразумелі, што наша місія і ў тым, каб абараняць гэтую мову.

Пра журналістаў

Чым меншая мясцовасць і супольнасць, тым больш заўважныя добрая журналісты. Калі яны загараюцца, то іх прасцей знайсці. Ты разумееш тых, хто з’язджае, але больш цэніш тых, хто застаецца тут і робіць газету разам з табой. Планку мы паднімаем там, дзе мы ёсць. Калі ты журналісцкая зорка ў гэтай мясцовасці, ты зорка для тых людзей, якія жывуць тут.

Што вам дала газета персанальна?

Газета дала разуменне таго, што займаюся годнай справай. Дала шмат сяброў, цудоўных калег, якія падзяляюць каштоўнасці. Гэта вельмі і вельмі важна, калі цябе разумеюць і ты разумееш людзей. Я — адно са звенняў у сямейным ланцужку журналістаў. Бацька – журналіст, дзед у газету пісаў, дзеці таксама журналісты. Адчуванне, што калі б не звязаў сябе з газетнай справай, то гэты ланцужок перарваўся.

Я ўдзячны сваёй жонцы. Без Ніны Уладзіміраўны не быў бы ні галоўным рэдактарам, ні дырэктарам. Яна намеснік па фінансах і эканоміцы, вырашае шмат пытанняў, якія ў іншых газетах вырашаюць выдаўцы. І робіць гэта таксама ад першага нумара выдання.

Дало тое, што я пазнаў людзей, якіх сёння няма з намі. Яны шмат чаго зрабілі, і ў першую чаргу праз газету: Анатоль Рогач з Вілейкі, Аляксандр Харытон з Краснага, Іван Драўніцкі з Мядзельшчыны, Кастусь Харашэвіч з Маладзечна. Наша газета гуртуе краязнаўцаў.

Любімая паласа

Я люблю «Куфэрак». Калі б не газета, то напісаў бы кнігі па краязнаўству. Краязнаўства – маё хобі.

Ежа на працы

Ссабойка або лапша хуткага прыгатавання.

Калі сыйду на пенсію, то…

Буду больш пільна вычытваць газету, таму што я буду чытачом, а не рэдактарам. Ці буду сварыцца на журналістаў? Кожны дзень. Я адчую тады, што ў мяне будзе больш правоў сварыцца з журналістамі. Калі ты рэдактар і лаешся на журналістаў, то значыць, што ты сам зрабіў нешта няправільна.

 

Як мы трапілі ў газету. Расказваюць работнікі «РГ»

Аляксандр Манцэвіч, галоўны рэдактар:

— Я не прыйшоў у газету, калі яна ўжо была. Я прыйшоў, калі яе яшчэ не было. З аднадумцамі мы гэту газету зрабілі. У першую чаргу, гэта бізнесоўцы Ігар Вейс з Вілейкі і Павел Карпіновіч з Маладзечна. Вось яны напачатку дапамаглі, і газета хутка раскруцілася. Хацелася зрабіць газету такой, якой мы яе задумалі. Не было выдання, якое б аб’ядноўвала сем раёнаў. Яны даўно гістарычна і эканамічна звязаныя, былі заўсёды часткай адной адміністрацыйнай адзін­­кі. То Віленскай губерні, то Віленскага ваяводства, то Вілейскай, а пазней Маладзечанскай вобласці. А пасля іх раздзялілі штучнай мяжой паміж Гродзенскай і Мінскай абласцямі. У людзей тут заўсёды былі сувязі — суседскія, эканамічныя, сваяцкія. І мы гэты рэгіён аб’ядналі інфармацыйна. Адна ж зямля!

 

Ніна Манцэвіч, намеснік дырэктара:

— У «Рэгіянальнай газеце» я ад самага пачатку, калі 25 гадоў назад мой муж падзяліўся, што хоча рабіць сваю газету, і прапанаваў і мне працаваць разам. Я, нават уяўляючы, што гэта будзе не проста, пагадзілася. Я разумела, што цяжка будзе пачынаць з нуля, цяжка кожны дзень ездзіць з Вілейкі ў Маладзечна на працу, пакінуўшы дзяцей — школьніц (10-12 год) у Вілейцы. У той час не было мабільных тэлефонаў, каб праверыць, ці ўсё ў парадку з імі. Але быў поўны давер і ўзаемаразуменне. Яны займалі сябе напоўніцу, пасля ўрокаў ішлі ў музычную школу, а пасля музычнай — у спартыўную і вечарам вярталіся дамоў усе разам.

Розныя былі перыяды за гэты час — калі было лягчэй, калі цяжэй… Гэтыя ўсе гады не былі для мяне лёгкімі. Столькі было ўкладзена сілаў, часу, перажыванняў за рознае, але ж шмат чаго ўспамінаецца і добрага, цёплага. Таму і такая дарагая для мяне «Рэгіянальная газета». Дарагімі для мяне заўсёды былі і людзі, з якімі даводзілася працаваць. За 25 год шмат людзей прайшлі праз «РГ». Многіх успамінаю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Заўсёды газета была для мяне як другая сям’я. І цяперашні наш калектыў вельмі люблю і сумую на «каранціне».

Ніна Манцэвіч, намеснік дырэктара

Марыя Бераснева, стыльрэдактар:

— Калі хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. Так і ў мяне. Я 15 год адпрацавала ў «Маладзечанскай газеце», а пасля пераехала жыць у Мінск. Вырашыла на газеце паставіць кропку. Там скончыла шасцімесячныя курсы масажыстаў пры БДУ. Мяне гэта так захапіла, да таго ж у мяне была яшчэ і адукацыя медыцынскай сястры. Праз колькі год вярнулася назад у Маладзечна. Тут марыла адчыніць масажны кабінет. Але аднойчы мне патэлефанаваў Аляксандр Барысавіч і папрасіў папрацаваць у газеце на час адпачынку адной з работніц. Так як з Аляксандрам Манцэвічам мы былі знаёмыя, былыя калегі, то вырашыла дапамагчы. Думала, што там месяц — папрацую. Але сталася так, што вось ужо 18-ы год як працую. І сёння ні аб чым не шкадую.

Марыя Бераснева, стыльрэдактар

 

Зоя Хруцкая, намеснік галоўнага рэдактара:

— У класе дзявятым, калі даводзіцца вызначацца з прафесіяй, сяброўка падказала мне паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Я пачала хадзіць у клуб, пісаць у розныя выданні. Помню, як убачыла сваю першую публікацыю ў «РГ», пагартала газету. Яна мне стала роднай адразу і назаўсёды, і я зразумела, што хачу працаваць менавіта тут, у беларускай і такой свабоднай газеце. Гэта стала маёй марай. Мне падавалася, што гэтае месца – тое, да якога мяне рыхтавала ўсё папярэдняе жыццё, і што тут яднаюцца ўсе тыя рэчы, якія важныя для мяне. А калі шукала працу 10 год таму, убачыла аб’яву, што ў «РГ» ёсць вакансія журналіста. Адправіла рэзюмэ, выконвала тэставыя заданні, і выканала іх лепш за ўсіх. Ганаруся, што праца дазволіла пазнаёміцца са знакамітымі асобамі.

Зоя Хруцкая, намеснік галоўнага рэдактара

 

Аксана Ярашонак, карэспандэнт:

— З «РГ» знаёмая са школы. Пасля паступіла на філфак, аддзяленне «беларуская мова і літаратура, дзіцячая і юнацкая журналістыка». Сур’ёзна сутыкнулася з журналістыкай на практыцы ў газеце, але не ў «РГ». Думала, што для «РГ» не хопіць майго студэнцкага прафесіяналізму. Пасля ўнівера працавала ў школе і пісала ў «РГ». У 2016 годзе рэдакцыя аб’явіла, што шукае журналіста. Я даслала рэзюмэ. Напісала два артыкулы і мяне пазвалі пагутарыць у рэдакцыю. Рэдактар і Зоя доўга расказвалі, як гэта не проста – працаваць журналістам. Можа, спа­дзяваліся, што перадумаю. Але я пагадзілася! Вельмі ўдзячная Зоі, Аляксандру Барысавічу і ўсім тагачасным супрацоўнікам, якія тлумачылі мне нейкія прафесійныя рэчы і не далі расчаравацца ў сваіх магчымасцях.

Аксана Ярашонак, карэспандэнт

 

Настасся Уткіна, карэспандэнт:

— Я скончыла двухгадовую працу ў непрафесійнай баскетбольнай лізе ў Мінску, збіралася пераязджаць у Мёры, каб там адпачыць летам у бацькоў і шукаць новую працу. Але са мной звязаўся Ігар Палынскі, якога я ведала са студэнцкіх часоў у Полацку, і прапанаваў прыехаць у Маладзечна на сумоўе. Былі сумненні, таму што я пісала толькі пра спорт. А праца ў рэдакцыі — гэта гісторыі не толькі пра спорт, а яшчэ і сацыялка, эканоміка і гэтак далей. Аднак усё склалася. Аляксандр Барысавіч і Зоя Станіславаўна ўхвалілі маю кандыдатуру. Вось таму пераехаць у Мёры не атрымалася, а вось радаваць чытачоў артыкуламі, спадзяюся, у мяне наадварот атрымалася. Я адпрацавала ў «РГ» амаль год. Цяпер, на ўдалёнцы, магу сказаць, што вельмі сумую па калегах і рада, што мне далі шанец працаваць у такой газеце.

Настасся Уткіна, карэспандэнт

 

Ігар Палынскі, тэхнічны рэдактар:

— Жонка Дар’я родам з Краснага, а пазнаёміліся ў Полацку, куды яна прыехала вучыцца. Даша распавяла пра тое, што ёсць такая «Рэгіянальная газета». Пасля пазнаёміўся з журналісткамі Наташай Тур і Настассяй Роўдай — яны выкладалі «Мову Нанова» ў Маладзечне, а ў мяне якраз быў, так бы мовіць, музычны тур па гарадах, дзе ладзяцца гэтыя курсы. Пры нагодзе завітаў у рэдакцыю, пазнаёміўся з галоўным рэдактарам Аляксандрам Манцэвічам і намеснікам Зояй Хруцкай — здаецца, знаёмства пакінула прыемныя ўражанні ў абодвух бакоў. Падтрымлівалі сувязь, дапамагаў з SMM, а калі папярэдні тэхнічны рэдактар Ігар Мароз пайшоў на пенсію, мяне запрасілі на гэту пасаду. Камандзіравалі з Полацка!.. Павінны сказаць, што я вельмі шчаслівы тут, у «РГ».

Ігар Палынскі, тэхнічны рэдактар

 

Жанна Горбань, менеджар па рэкламе:

— У жыцці часта наступае момант, калі вельмі хочацца нешта змяніць. Напрыклад, памяняць працу. Пасля 24 гадоў працы эканамістам на аўтатранспартным прадпрыемстве такі момант наступіў і ў мяне. Дзякуючы абставінам з’явіўся выбар пакінуць ранейшую працу або знайсці новую.

Я пачала з апытання сваіх знаёмых з нагоды вакансій. Вакансія менеджара па рэкламе ў «Рэгіянальнай газеце» мяне зацікавіла. Так і адбыўся мой першы візіт у рэдакцыю, пасля якога я тут амаль шэсць гадоў. І ні разу не пашкадавала пра свой выбар.

Жанна Горбань, менеджар па рэкламе

Фота Настассі Уткінай, з архіву герояў

***

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" шчыра віншуе калег з прыгожай датай і сур'ёзным прафесійным набыткам!

Чвэрць стагоддзя рабіць якаснае выданне ва ўмовах Беларусі могуць моцныя, найлепшыя людзі! Ганарымся вамі!

Зычым калектыву "Рэгіянальнай газеты" асабістага і прафесійнага росту, плёну ва ўсіх справах і задавальнення ад жыцця. Няхай яно будзе да вас спагадлівым.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!