НЕ - ВАЙНЕ!
1262

Аляксандр Класкоўскі. Спакуса стаць ваяром Святла

28.03.2016 Крыніца: Аляксандр Класкоўскі, часопіс ГА "БАЖ""Абажур"

Два аўтарытарныя рэжымы — беларускі і расійскі — шмат у чым падобныя. Адно што Беларусь — не імперыя. Яшчэ болей пасля Крыма Аляксандр Лукашэнка асабліва востра адчуў небяспеку для сваёй улады менавіта з усходу. Мінск узмацніў геапалітычнае лавіраванне, і гэта адбілася, у прыватнасці, на тэматыцы, танальнасці, акцэнтах беларускай афіцыйнай прапаганды. Разам з тым канфлікт вакол Украіны стаў выклікам і для нашых недзяржаўных СМІ.

Да пары да часу беларуская і расійская афіцыйная прапаганда фактычна дзьмулі ў адну дуду. Беларуская выглядала, бадай што, нават болей антызаходняй, бо рэжым падпадаў пад санкцыі, яго правадыра абвяшчалі «апошнім дыктатарам Еўропы», а сам афіцыйны беларускі лідар не мог прамаўчаць, калі траплялі пад раздачу Мілошавіч, Хусейн, Кадафі. Крэмль тады яшчэ падтрымліваў болей-меней прыстойныя дачыненні з заходнікамі, Пуцін ездзіў на пасяджэнні «вялікай васьмёркі» і г. д.

Але потым логіка «паўставання Расіі з каленяў» жорстка пасварыла яе кіраўніцтва з Еўразвязам, НАТО, Злучанымі Штатамі. І пракрамлёўскія медыі сталі проста «мачыць» праклятых заходніх супастатаў, вінаваціць іх ва ўсіх расійскіх праблемах. Тыя ж, хто захаваў цвярозы розум, сталі жартаваць: ніколі расейцы не жылі так кепска, як пры Абаму.

«Пасля Крыма»: шляхі Масквы і Мінска разышліся

Рубіконам для многіх расійскіх СМІ стала анексія Крыма. Градус антыўкраінскай і антызаходняй істэрыі зашкаліў. У медыях, мабілізаваных Крамлём на інфармацыйную вайну, былі цалкам адключаны тармазы, адбыўся поўны распад прафесійнай маралі. Класікай фэйкавага жанру стаў сюжэт пра хлопчыка, нібыта ўкрыжаванага «ўкраінскімі фашыстамі» ў Славянску.

Між тым беларускія дзяржаўныя СМІ ў дачыненні да расійска-украінскага канфлікту, які паставіў на мяжу халоднай вайны і стасункі Крамля з Захадам, занялі адносна стрыманую пазіцыю (хоць прарасійскія ноткі і праскоквалі). Ніякага дзіва ў тым не было, бо беларускае кіраўніцтва, прымерыўшы імперскую пагрозу на сябе, вырашыла, наколькі гэта магчыма, дыстанцыявацца ад Масквы ва ўкраінскім пытанні. То бок праслізнуць паміж кропелькамі, каб не патрапіць пад раздачу ў гэтым сутыкненні між вялікімі цэнтрамі сілы. Наадварот, праз нейкі час Мінск увайшоў у смак міратворчасці і пачаў прадаваць заходнікам сваю місію «донара стабільнасці ў рэгіёне».

Карацей, беларускія дзяржаўныя СМІ вагаліся разам з «генеральнай лініяй». Калі засвяціла перспектыва нармалізацыі стасункаў з Еўразвязам і ЗША, у дзяржаўных газетах, на тэлебачанні сталі нават культываваць абмежаваны плюралізм. Мне самому даводзілася некалькі разоў трапляць на ток-шоў у студыю АНТ як выказніку альтэрнатыўных поглядаў (у прыватнасці, палемізаваць з адэптамі «русcкого мира» на ўкраінскую тэму).

Хаця такія ток-шоў маюць маніпуляцыйны характар, гэта для незалежнага палітычнага журналіста добры трэнінг — адточваць мысленне, навучацца імгненна знаходзіць моцныя аргументы, якія б уздзейнічалі на людзей, маючых зусім іншы светапогляд. Бо калі мы, журналісты, варымся ва ўласным соку, працуем найперш на ўмоўна апазіцыйную аўдыторыю, то часта збіваемся на павярхоўнасць, схематызм, паўтор заклінанняў.

Калядны хакей на тле валютнай турбулентнасці

Тым часам стала на вачах здзімацца надта распрапагандаваная ў тлустыя гады нафтавага афшору «беларуская мадэль развіцця». І тутэйшая прапаганда ўзялася па поўнай праграме эксплуатаваць украінскую тэму ў сакраментальным ключы «абы не было вайны». То бок не стагніце, беларусы, што кашалькі худнеюць, радуйцеся, што не свішчуць кулі над галовамі, не выбухаюць снарады на аўтобусных прыпынках. І самі ведаеце, каму трэба дзякаваць за мудрую палітыку, што ратуе сінявокую рэспубліку ад крывавага хаосу.

Навідавоку і яшчэ пара прапагандысцкіх трэндаў, звязаных з эканамічным крызісам у нашай краіне. Цяпер, калі тупа хваліць беларускую мадэль стала ну зусім ужо не ў дугу, дзяржаўныя медыі ўсё часцей выкарыстоўваюць фігуру змоўчання і перанос фокусу. Падае рубель, адбываецца фактычна яшчэ адна дэвальвацыя, а ў тых СМІ галоўныя навіны — пра калядны турнір з удзелам самі ведаеце каго. Ура-ура, мы ўсіх перамагаем. Што ж да фінансаў, то верх «галоснасці» — глуха згадаць пра «турбулентнасць» на валютным рынку. Ці пераможна абвясціць, што сёння беларускі рубель адгуляў пазіцыі (калі назаўтра ён яшчэ болей упадзе на біржавых таргах, то пра гэта, натуральна, не напішуць).

Збольшага пастараліся замыліць дзяржаўныя медыі і тэму прысуджэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч, паколькі лаўрэатка адзначылася непрыемнымі для беларускага кіраўніцтва палітычнымі ацэнкамі.

Не ўлазіць у палітычную грызню

Між тым грамадская дыскусія вакол трыўмфу Алексіевіч, яе твораў і выказванняў засведчыла, што і наша незалежная супольнасць сур’ёзна пакутуе на бальшавіцкую нецярпімасць, у прыватнасці, на непавагу да свабоды творчасці. Максімалісты закідалі пісьменніцы на недастатковае служэнне нацыянальнай ідэі і да т. п. Некаторыя дапісаліся да таго, што прылічылі яе да «імперскага рускага свету».

Так, самастойнае мысленне, нежаданне хадзіць у шыхце — гэта няпросты спосаб існавання. Незалежны журналіст у Беларусі таксама нярэдка апынаецца не толькі пад уладным ціскам. Трэба шчыра казаць і пра псіхалагічны ціск апазіцыйнага (у шырокім сэнсе) асяроддзя, які ўзмацняецца сёння феноменам сацыяльных сетак. Фэйсбучныя радыкалы раз-пораз дзяўбуць журналіста: чаму ты кепскі змагар? чаму на прэс-канферэнцыі не заклеймаваў дыктатара? нашто вы, журналісты, просіце яго даць інтэрв’ю? Гэта ж падгульванне, спрыянне легітымацыі і г. д.

У такіх крытыкаў няма элементарнага разумення місіі прэсы. Журналіст мусіць хапацца за магчымасць зрабіць інтэрв’ю хоць з чортам, калі той чорт можа даць каштоўны эксклюзіў. І калі ў краіне дэ-факта сапраўды адзін палітык (астатнія — гаспадарнікі і дысідэнты), то заклікі маргіналаў, каб незалежныя медыі абвясцілі інфармацыйны байкот таму, хто рэальна вызначае (ва ўсім разе ў значнай ступені) лёс краіны, недарэчныя. Бо такі падыход толькі маргіналізаваў бы самі медыі.

У каго-кольвек, на жаль, няма таксама разумення, што прэс-канферэнцыя з дзяржаўным кіраўніком — гэта не апазіцыйны мітынг. Журналіст мусіць фармуляваць хай сабе вострыя, аднак карэктныя, прафесійна адшліфаваныя пытанні.

Так, палітычная сфера ў нас дэфармаваная, крывая. Многія палітычныя працэсы маюць ў значнай ступені дэкаратыўны характар. Але не пісаць, напрыклад, пра выбары ці пісаць пра іх выключна ў катэгорыях кшталту «ганебны фарс» прэса не можа. Ва ўсякім разе, інфармацыйныя жанры вымагаюць нейтральнай стылістыкі, падабаюцца вам тыя выбары ці не. Так, сусветныя агенцтвы пішуць пра электаральныя кампаніі нават у самых недэмакратычных краінах. Ды і журналісту-аналітыку лепей пазбягаць ярлыкоў, даводзіць сваё аргументамі, а не эпітэтамі з антырэжымных пракламацый.

Між тым, напрыклад, былы палітвязень Мікола Статкевіч бязлітасна раскрытыкаваў недзяржаўныя медыі за асвятленне мінулай прэзідэнцкай кампаніі: «Нельга фармаваць хлуслівую карціну свету. Таму што пад час гэтай кампаніі медыі паспрабавалі адлюстраваць спектакль як нешта сапраўднае». На думку апазіцыянера, «асвятленне СМІ гэтых нібыта выбараў і нібыта альтэрнатыўных кандыдатаў, фіктыўных апанентаў Лукашэнкі, было часткай спецаперацыі, арганізаванай уладамі».

Пакінем у баку канспіралогію (перакананне, што ўся прэса пад каўпаком, што супрацоўнікі спецслужбаў ледзь ці не надыктоўваюць тэксты). Зазначым, па-першае, што прэса рэагуе на ўсе значныя інфармацыйныя нагоды незалежна ад маральнасці ды іншых якасцяў дзейных асоб. Па-другое, вось глядзіце: асобны праціўнік рэжыму для сябе падзяліў апазіцыю на «чэсных» і «нячэсных». Але чаму прэса мусіць браць за аснову менавіта ягоную класіфікацыю? А чаму не класіфікацыю, напрыклад, КХП-БНФ, для якой практычна ўсе, хто не стаіць на іх платформе, — «псеўды».

Насамрэч жа зразумела, што нармальнай прэсе нельга ўзбройвацца ярлыкамі (тым болей што доказаў, хто агент, а хто не, няма). Варта быць увогуле па-над гэтымі разборкамі. Калі ўлезці ў бясконцую ўнутрыапазіцыйную грызню (прычым альянсы раз-пораз перафарматоўваюцца і распадаюцца), то капец журналістыцы.

Інфармацыйная вайна: выклікі для журналістаў

Крамлёўская прапаганда, мяркуе расійскі медыйны эксперт Ігар Якавенка, з якім мне давялося гутарыць, сёння набыла асаблівае аблічча. Калі класіка жанру — гэта стварэнне пэўнай карціны свету, накіданне нейкай сістэмы каштоўнасцяў, то цяпер задача болей грубая і болей разбуральная — стварыць у галовах хаос, культ алагічнасці. Якавенка называе гэты феномен медыяфрэніяй.

Узяць падачу гісторыі са збітым над Данбасам малайзійскім «боінгам». Было ўкінута столькі фэйкаў, якія супярэчылі адзін аднаму, што ў расійскага абывацеля, які не мае альтэрнатыўнай інфармацыі, мусіла стварыцца ўражанне: да праўды тут ніколі не дакапацца.

Зраузмела, што на выклікі інфармацыйнай вайны Кіеў мусіў адказваць шэрагам надзвычайных захадаў, аж да спынення вяшчання расійскіх каналаў. Натуральна, што і з украінскага боку ўзяліся за справу адмыслоўцы адпаведнага профілю.

Як зазначае кіеўскі медыйны эксперт Дзмітрый Сурнін, на інфармацыйнай вайне «свет становіцца плоскім, бы манета». Калі ты ўдзельнік, то ты можаш быць або на адным баку, або на іншым. Але журналіст, на думку эксперта, не мусіць быць суб’ектам такой вайны: «Калі ён удзельнічае — гэта ўжо іншая прафесія». Вядомы ўкраінскі журналіст Мустафа Наем, з якім я сустракаўся ў Кіеве ў 2014 годзе, адразу пасля анексіі Крыма і ў разгар падзей на Данбасе казаў, што сур’ёзныя медыі яго краіны і ў гэтых надзвычайных умовах трымаюцца прафесійнага падыходу: «Расійскія СМІ хочуць паказаць пэўную карцінку, мы ж хочам даведацца праўду».

Падкрэслім гэты прынцыповы момант: інфармацыйная вайна — не журналісцкі занятак. Медыі, што шануюць прафесіяналізм і цэхавую мараль, не мусяць адказваць сіметрычна: на мову нянавісці — такой самай нянавісцю, на фэйкі — фэйкамі, на хлусню — хлуснёй. Нельга нават проста замоўчваць нязручныя тэмы, бо ідзе, маўляў, святая барацьба.

Між тым гэта вялікая спакуса — стаць ваяром Святла. Асабліва ў перыяды, калі грамадства палярызуецца, як пад уплывам украінскіх падзей. «Пасля Крыма» некаторыя лідары беларускай грамадзянскай супольнасці сталі штурхаць незалежных журналістаў у акопы святой вайны супраць «русского мира». Ды папракаць за недарэчны аб’ектывізм: маўляў, кіньце сваё інтэлігенцкае чыстаплюйства, клін клінам выбіваюць, на вайне як на вайне.

Сапраўды, пагроза з усходу на тле ўкраінскага сюжэту стала болей відавочная і для Беларусі. І гэта пэўна ж мусіць улічвацца ў рэдакцыйнай палітыцы айчынных СМІ. Але і ў межах гэтай вострай тэматыкі працаваць варта строга паводле стандартаў журналістыкі. У яе багатая палітра жанраў, уключна з аналітыкай, якая можа быць жорсткай, з публіцыстыкай, якой належыць быць вострай, эмацыйнай, палемічнай, наступальнай. Але ўвогуле рэальнае жыццё далёкае ад маніхейскай карціны. І я перакананы, што люстэркавы адказ на расійскую прапаганду — гэта для нас тупіковая стратэгія.

Мяжу між журналістыкай і прапагандай часам правесці няпроста, аднак яна існуе. Вядомы расійскі аналітык Аляксандр Гольц у гутарцы са мной правёў такую паралель: хірург карыстаецца скальпелем, прафесійны дыверсант карыстаецца халоднай зброяй. Гэта падобныя інструменты, аднак мэты зусім розныя. Гэтак сама, на яго думку, адрозніваюцца мэты журналіста і прапагандыста: «Калі журналіст пачынае ўтойваць, скажаць, замоўчваць вядомыя яму факты, ён ужо на іншым баку. Ён ужо не працуе журналістам. Ён працуе прапагандыстам. Гэта ўжо іншая прафесія».

Сапраўды, медыйны працаўнік не мусіць ператварацца ў ваяра на ідэалагічнай барыкадзе, хай сабе пад самымі высакароднымі лозунгамі. Прычым я маю на ўвазе не толькі праблему супрацьстаяння «русскому миру», але і ўнутрыпалітычную барацьбу ў самой Беларусі. Калі ты робіш свой інструментарый зброяй, то апынаецца пад ударам твая прафесійная місія.

Абмяркоўвайце ў каментах

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!