3330

Аляксандр Алесін: Я па-ранейшаму застаюся абвінавачаным

14.05.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вядомы беларускі журналіст і эксперт Аляксандр Алесін па-ранейшаму застаецца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі, заведзенай КДБ Беларусі ў снежні мінулага года. Пра гэта ён распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” 13 мая.

Па словах журналіста, час ад часу яго выклікаюць на допыты ў КДБ, хоць апошнім часам гэта адбываецца ўсё радзей. “Следчыя дзеянні маюць відавочна фармальны характар, бо на допытах увесь час удакладняюцца нейкія дэталі, якія ўжо шмат разоў удакладняліся да гэтага”, – кажа Аляксандр Алесін.

– Я вельмі спадзяваўся, што справу супраць мяне закрыюць у сувязі з амністыяй, абвешчанай да гадавіны Дня Перамогі, аднак пакуль следчыя не даюць ніякай інфармацыі на гэты конт. Гавораць толькі дзяжурнымі фразамі: усё, маўляў, будзе ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Аляксандр Алесін гаворыць, што ў сувязі з падпіскай аб нявыездзе ён вымушаны адмаўляцца ад важных замежных паездак. Апошняе такое запрашэнне тычылася мерапрыемстваў, звязаных з майскім самітам Усходняга партнёрства ў Рызе.

– Разам з тым, мне ўдалося перамагчы ўнутранае напружанне, якое вельмі моцна адчувалася пасля двух тыдняў у СІЗА КДБ. Цяпер гэтага напружання няма, і я адчуваю ў сабе сілы пісаць абсалютна на любыя тэмы, што ўваходзяць у кола маіх прафесійных інтарэсаў, – прызнаецца сп. Алесін

Ад панядзелка журналіст стаў адным з суаўтараў новага беларускага эканамічнага рэсурсу – belrynok.by.

– Мае маладыя калегі папрасілі дапамагчы, і сапраўды мне вельмі цікава ўдзельнічаць у стварэнні рэсурсу, бо самае кепскае для любога журналіста – калі надыходзіць застой. Таму, паўтаруся, мне вельмі цікава паспрабаваць нешта новае. Спадзяюся, тут у нас усё атрымаецца, – дадае Аляксандр Алесін.

Нагадаем:

Вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ.

8 снежня сваякі Алесіна паведамілі, што яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356-1).

Сваякі паведамілі таксама, што Алесін не з'яўляецца асноўным падазраваным па дадзеных складах злачынстваў (асноўны фігурант – неназваны замежны дыпламат). Алесіну быў прадастаўлены дзяржаўны адвакат.

10 снежня Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Журналіст паведаміў калегам, што абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!