2369 0

Алесь Анціпенка: “Можна сказаць, што я шукаю новай энергіі”

13.06.2014 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

З надыходам лета грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі сціхае, і многія нашы калегі скіроўваюцца ў адпачынак. Хтосьці прыглядаецца да заморскіх пляжаў, хтосьці кіруецца ў санаторый, а некаторыя найлепшым курортам лічаць уласнае лецішча.

Як адпачываюць вядомыя журналісты? Ці сочаць за навінамі ў часе адпачынку? Што вырошчваюць на градах? З кім сябруюць у сваіх загарадных доміках? Пра ўсё гэта – у летнім спецпраекце сайта baj.by “Журналістыка на лецішчы”.

І першым госцем (а дакладней – гаспадаром), да якога мы завіталі, стаў медыяэксперт, сябра Камісіі па этыцы ГА “БАЖ”, філосаф і вядомы дачнік Алесь Анціпенка.

Лецішча спадара Алеся знаходзіцца прыкладна ў 50 кіламетрах ад Мінска ў Смалявіцкім раёне. Дастаткова з’ехаць з шумнай маскоўскай трасы, як адразу трапляеш у край маляўнічых пагоркаў, вялікіх фермаў і дачных кааператываў.

Але сам спадар Алесь прызнаецца, што імкнуўся выбіраць месца падалей ад камунікацый. Таму, каб дабрацца да доміка слыннага БАЖаўца, даводзіцца  крыху паблукаць. На што Алесь Анціпенка з радасцю бярэцца выехаць насустрач на сваім ровары, каб паказаць дарогу.

Дачны кааператыў “Сутокі” ствараўся для працаўнікоў жодзінскага "БелАЗу". Але сёння белазаўцаў, па словах Анціпенкі, тут амаль не сустрэнеш – большасць дамкоў ужо перапрададзеныя. Гэтым скарыстаўся і сам спадар Алесь, які амаль 20 год таму разам з жонкай Аленай прыдбаў невялікую хатку паміж рэчкай і лесам.

– Калі б купляў зараз, то выбраўся б у яшчэ больш глухі куток. А ў астатнім цяжка прыдумаць нешта лепшае.

На невялікім участку месціцца ўтульны гародзік, лазня, якую спадар Алесь будаваў разам з сябрам Валянцінам Акудовічам, душ ды так званая "гаспадарчая зона" – дом і дворык. Гэтую прастору сям’я Анціпенкаў дзеліць з трыма немалымі сабакамі. Па словах Алеся, апошні год ён імкнецца жыць у як мага большай гармоніі з прыродай, таму сабак трымае не ў будцы ці вальеры, а на волі.

На гародзіку філосафа – цыбуля, часнок, салата, агуркі, шчаўе ды раннія клубніцы, якімі спадарыня Алена з гонарам частуе журналістаў.

– Вось ужо цэлы год мы з жонкай тут жывем. Мінулая зіма, можна сказаць, была ў нейкім сэнсе дэбютнай. Часам слупок тэрмометра даходзіў і да мінус 30-і, але мы мужна перазімавалі. Хоць былі, напэўна, адзінымі на ўвесь дачны пасёлак. Цяпер зрабілі невялікі рамонт, абшылі дом сайдынгам. Так распачаліся мае ўцёкі ад цывілізацыі, уцёкі ад грамадства і шлях да самога сябе.

– Раптам я зразумеў, што жыццё не будзе працягвацца вечна і можа скончыцца ў любую хвіліну, таму вельмі важна скарыстацца ўнікальнай мажлівасцю – прайсці туды, дзе замаўкае мова, дзе ідзе сапраўднае жыццё. Можна сказаць, што я шукаю новай энергіі, спрабую сустрэцца з Богам.

Жыццё ў грамадстве – гэта ілюзія, створаная нашымі жаданнямі, нейкімі ўмоўнасцямі. У маім дзяцінстве яшчэ электрычнасці не было ў хатах, а цяпер вакол усе гэтыя тэлефоны, смартфоны, камп’ютары, спадарожнікі.

Сталася так, што людзі адмовіліся ад свайго сапраўднага жыцця. Замест таго, каб чуць прыроду, навакольны свет, яны хуценька ўключаюць нейкае радыё ці кампакт-дыск. Бо прырода з-за гэтых умоўнасцяў стала некамфортнай, чужой. Такім чынам людзі ўцякаюць ад саміх сябе. Для мяне такі стан справаў непрымальны, не хачу так жыць.

– Дык Вы тут не карыстаецеся рознымі мабільнымі прыладамі?

– Не, інтэрнэтам карыстаюся. Але нядаўна адключыўся ад аднаго са сваіх мабільных аператараў. Адключыўся б і ад другога, але жонка не дазваляе. Хвалюецца, што не зможа са мной звязацца ў выпадку чаго. А для астатніх – той, хто хоча са мной камунікаваць, можа спакойна прыехаць і паразмаўляць.

Тут, на прыродзе, усе становяцца крыху лепшымі, адкрытымі, сапраўднымі. Лес побач, і птушкі, і змейкі жывуць. Летам у грыбы і ягады можна хадзіць. У мінулым годзе ў нас на ўчастку нават вужака быў пасяліўся. Нікога не кранаў, жыў сабе спакойна. Сёлета, праўда, з-за сабак ён недзе ў суседкі сабе гняздо зрабіў. Так што запрашаю!

– На выходных, мабыць, прыязджаюць гарадскія, радыё ўключаюць на ўсю катушку, шашлыкі смажаць?

– Не, тут такога няма. Надта далёкі, напэўна, куток. А можа, настолькі натуральны, што ніякае радыё ці ТБ тут не пасуе.

– Але наогул журналіст наўрад ці зможа жыць далёка ад горада...

– Сапраўды. Для насычанай працы, сустрэч, падзеяў журналіст павінен быць там, дзе грамадства. Даводзіцца быць заангажаваным у гэты штучны асяродак.

– А на лецішчы якія СМІ чытаеце, слухаеце, глядзіце?

– Я стараюся сачыць за асноўнымі падзеямі ў краіне, але гэта зусім не тая інфармацыйная залежнасць, якая пануе, калі жывеш у горадзе. Я ўжо магу не паглядзець дзень, два ці тры гэтыя навіны, і нічога кепскага са мной не адбываецца. Наркатычнай залежнасці ад медыяў у мяне ўжо няма. Бо звычайна медыі ствараюць адну з самых моцных залежнасцяў для сучаснага чалавека – чалавек робіцца амаль бездапаможным ці пачуваецца вельмі некамфортна, калі яму не ўдалося паглядзець навіны.

– Украінскія падзеі неяк абмяркоўваюцца тут, у дачным асяродку?

– Безумоўна. Калі едзеш у Мінск, заўсёды зачэпішся языкамі за гэтую тэму на прыпынку ці ў аўтобусе. Некаторыя падтрымліваюць далучэнне Крыма да Расіі, хтосьці і Беларусь хацеў бы бачыць у складзе Расійскай Федэрацыі. А хтосьці наогул пабойваецца абмяркоўваць тыя падзеі.

Але, на жаль, трэба прызнаць, што беларускія дзяржаўныя медыя прайгралі змаганне з расійскімі за гледача. Прайгралі яшчэ гадоў пяць таму. Пра незалежныя наогул тут казаць не выпадае.

І хоць большасць людзей у нас лічаць сябе менавіта беларусамі, навіны яны глядзяць пераважна па расійскіх тэлеканалах. Выпрацаваная звычка наглуха прывязала беларусаў да расійскага ТБ. Узмацняе эфект і тое, што сістэма каштоўнасцяў сённяшняга беларускага грамадства вельмі падобная да каштоўнасцяў тых, хто жыве ў Данецку і Луганску. Нашы людзі ўсё чакаюць, каб імі нехта кіраваў.

– Большасць беларусаў не знаходзіць “сваіх” на Майдане. Яны знаходзяць ментальна вельмі падобных жыхароў на ўсходзе, дзе таксама блізка Расія, дзе таксама ўсе размаўляюць па-руску. Пратэсты ў Данецку арганізоўваюць маргіналы з вельмі расплывістай украінскай ідэнтычнасцю. А ў Беларусі большасць насельніцтва з таксама вельмі расплывістай нацыянальнай ідэнтычнасцю... Але не ўсё так жахліва. Справа ў тым, што Лукашэнка замест нацыянальнай ідэнтычнасці ўсё ж стварыў у людзей моцную менавіта дзяржаўную ідэнтычнасць. Стварыў моцны цэнтр улады ў Мінску, на які ўсё ж арыентуецца большасць беларусаў. А не на Маскву...

На гэтай аптымістычнай ноце мы дзякуем спадару Алесю за смачную гарбату і экскурсію па дачным участку і скіроўваемся ў Мінск.

Калі Вы таксама не супраць прадэманстраваць калегам Вашу загарадную дзялку – напішыце нам пра гэта на press@baj.by. І чакайце новых серый!

Каментары