2377

Алег Груздзіловіч: Мы нагадвалі грамадству пра палітвязняў, пакуль іх не вызвалілі

11.05.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Да Сусветнага дня свабоды прэсы наш сайт падрыхтаваў гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок – дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам – дала адчувальны плён.

Сённяшняя гісторыя – ад журналіста “Радыё Свабода” Алега Груздзіловіча.

На “Радыё Свабода” я заўсёды займаўся праваабарончымі тэмамі. Хоць у студзені 2011 года гэтымі тэмамі займалася ўся рэдакцыя, бо пасля 19 снежня 2010-га за кратамі апынулася вялізная колькасць актывістаў, палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў, амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты. Хтосьці атрымаў проста адміністрацыйны арышт, але ўжо поўным ходам раскручваўся махавік крымінальнага пераследу.

Таму студзень, люты, сакавік мы былі проста прыкаваныя да гэтай тэмы: размаўлялі з роднымі затрыманых, сустракалі арыштаваных з Акрэсціна, збіралі інфармацыю ад адвакатаў людзей, абвінавачаных па крымінальнай справе.

Недзе ў гэты час я нават вырашыў стварыць падрабязную табліцу пра ўсіх абвінавачаных. Гэту табліцу ўся рэдакцыя потым шмат разоў дапаўняла і карыстаецца ёй па сённяшні дзень.

У табліцу ўносіліся ўсе звесткі пра палітвязняў: па якім артыкуле вінавацілі, хто і калі судзіў чалавека, якія вырак быў вынесены, дзе чалавек адбываў пакаранне і калі быў вызвалены, кантакты родных.

Гэта табліца з 44 прозвішчаў пачыналася Васілём Парфянковым, якога судзілі першым, і сканчалася Алесем Бяляцкім, затрыманым у жніўні 2011 года.

“Свабода” стала сродкам масавай інфармацыі, які найбольш часу прысвячаў палітвязням. Пра многіх з іх грамадству стала вядома менавіта дзякуючы нашай працы, нашым штодзённым кантактам з роднымі, адвакатамі, праваабаронцамі.

Тэма палітычных вязняў была галоўнай на “Свабодзе” да таго часу, пакуль апошні асуджаны не выйшаў з-за кратаў. Мы працавалі дзеля гэтага кожны дзень – у будні і ў святы, 365 дзён на год. Наша праца не давала грамадству на іх забыцца і пакінуць за кратамі.

Думаю, наша пільная ўвага да тэмы і штодзённае нагадванне таксама паспрыялі вызваленню гэтых людзей. Пра гэта казалі і самі вязні, якія пасля вызвалення заўсёды дзякавалі “Радыё Свабода” за тое, што мы не пакідалі іх.

Цыкл "Як свабода слова змяняе жыццё"

Жыццё па новых мытных правілах – ці адказалі абласныя газеты на надзённыя пытанні?

Праз 25 гадоў пасля аднаўлення «Нашай Нівы» газета пераходзіць у інтэрнэт, на паперы зробіцца штомесячнікам

Якубовіч: Блогеры нівеліруюць інфармацыйнае поле. Абмяркоўвайце!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!