255

Агляд прафесійных і этычных стандартаў. Крыніцы інфармацыі журналіста: СМІ — чалавек — грамадства

27.07.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мабыць, ніколі за ўсю гісторыю чалавецтва і журналістыкі інфармацыя не мела такі ўплыў на стан грамадства, як на пачатку XXI стагоддзя. Выбуховае развіццё інфармацыйных тэхналогій не толькі паскорыла шлях інфармацыі да яе спажыўцоў, але і якасным чынам змяніла яе ўспрыманне. Калі яшчэ нядаўна спажывец інфармацыі меў пэўны час на яе асэнсаванне, дык сёння гэты час сціскаецца амаль да нуля, чалавек літаральна захлынаецца ў інфармацыйнай плыні.  Якасным чынам змяніўся і маштаб выкарыстання інфармацыі як зброі ў інфармацыйных войнах. У адрозненне ад ранейшай прапаганды, якая збольшага будавалася на маніпуляцыі рэальнымі фактамі, усё часцей і бессаромней выкарыстоўваецца наўпроставая хлусня.

У гэтых умовах асаблівую вастрыню набывае прафесійная, этычна бездакорная праца (супраца) з крыніцамі інфармацыі, якая забяспечвае найвышэйшы ўзровень сацыяльнай адказнасці  СМІ і кожнага журналіста перад грамадствам, адпаведнасці свайму пачэснаму абавязку.

Камісія па этыцы грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прапануе разгорнуты агляд прафесійных і этычных стандартаў карыстання крыніцамі інфармацыі ў вонкавым свеце, экспрэс-аналіз суадносінаў з крыніцамі інфармацыі незалежных беларускіх СМІ,  шэраг адпаведных рэкамендацый.

Але на пачатку

Тыпы крыніц інфармацыі

Дакумент — зафіксаваная на матэрыяльным носьбіце інфармацыя.

Інтэрнэт-асяроддзе — дакументаваная крыніца.

Чалавек — жывая крыніца: сведка, удзельнік падзей, носьбіт і транслятар інфармацыі.

Асяроддзе — прадметна-рэчавая абстаноўка вакол чалавека.

Паводле праўдзівасці і надзейнасці крыніцы інфармацыі дзеляцца на безумоўна дакладныя і надзейныя; дакладныя, але ненадзейныя (калі няма дакументальных пацверджанняў ці сведкаў); надзейныя, але няпэўныя (утрымліваюць інфармацыю ад сведкаў ці ўдзельнікаў падзей, але без дакументальных пацверджанняў). Інфармацыя з дзвюх апошніх крыніц вымагае дадатковага аналізу і надаецца ў асноўным для чарнавой працы ці ў якасці нагоды для даследавання.

Метады збору інфармацыі

Самымі распаўсюджанымі метадамі збору інфармацыі з’яўляюцца эмпірычныя (назіранне, інтэрв’ю/гутарка, эксперымент) і эмпірыка-тэарэтычныя — праца з дакументамі, анкетаванне, апытанне, праца з базамі дадзеных у Інтэрнэце.

Назіранне — любімы метад збору інфармацыі. Яно падзяляецца на неўключанае (простае) і ўключанае. У першым выпадку журналіст назірае за падзеяй збоку, у другім — ён робіцца дзейнай асобай. Уключанае схаванае назіранне на практыцы атрымала назву «журналіст змяняе прафесію» ці «метад маскі». У некаторых краінах для яго зачынены ўстановы аховы здароўя, праваахоўныя органы, рэжымныя прадпрыемствы, асабістае жыццё чалавека. Але, за выключэннем асабістага жыцця,  пытанне застаецца спрэчным.

Інтэрв’ю/гутарка — ці не найбольш папулярны метад збору інфармацыі. Але часам журналісты забываюць, што інтэрв’ю ці гутаркі вымагаюць эрудыцыі і падрыхтоўкі. Як і ў дачыненні да назірання, варта ўлічваць небяспеку суб’ектыўнасці.

Адна з праблем для кожнага журналіста — як наладзіць даверлівыя стасункі з суразмоўцам. Існуюць агульнапрынятыя і адпрацаваныя псіхалогіяй зносін прыёмы. Дапаможнікам для інтэрв’юераў-пачаткоўцаў можа быць праца Дэйла Карнегі «Шэсць правілаў, следаванне якім дазваляе спадабацца людзям».

А вось што раяць Уолтар Бінгхэм і Брус Мур:

- знаходзьце і выкарыстоўвайце прыемныя асацыяцыі;

- дазваляйце суразмоўцу адчуваць сябе вольна і быць гатовым распавядаць;

- не задавайце пытанні да таго часу, пакуль не пераканаецеся, што суразмоўца гатовы даць жаданую інфармацыю;

- слухайце;

- дазвольце суразмоўцу цалкам распавесці сваю гісторыю;

- будзьце чэсным і шчырым, што значна лепш, чым быць хітрым і штучным;

- пазбягайце ролі настаўніка;

- не паводзьце сябе дзёрзка.

Істотная частка інтэрв’ю — уласна пытанні і іх выкладанне. Парады тых жа аўтараў:

- імкніцеся ставіць пытанні так, каб іх можна было лёгка зразумець;

- не падказвайце адказы на свае пытанні;

- дапамагайце суразмоўцу асэнсаваць адказнасць за свае сцверджанні;

- трымайце пры сабе важныя пытанні, пакуль не атрымаеце адэкватную інфармацыю адносна кожнага з іх;

- спасцігайце сэнс кожнага сцверджання;

- правярайце адказы пры кожнай магчымасці;

- аддзяляйце факты ад высноў;

- запісвайце ўсе звесткі на месцы альбо як мага хутчэй па сканчэнні гутаркі.

Эксперымент у журналістыцы належыць да разнавіднасці сацыяльнага эксперыменту. Ён прадугледжвае выкарыстанне спецыяльных метадаў вывучэння сітуацыі, калі журналіст сам стварае абставіны, у якія «змяшчае» дзейных асоб. Сутнасць прыёму ў тым, што журналіст стварае сітуацыю, якая змушае людзей праяўляць свае «закансерваваныя» якасці.

Эмпірыка-тэарэтычныя метады збору інфармацыі вымагаюць арганізацыйнай падрыхтоўкі і інтэлектуальнага напружання. Яны злучаныя з аналізам атрыманай інфармацыі, групоўкай крыніц і пабудовай папярэдніх гіпотэз даследавання.

Праца з дакументамі — найбольш распаўсюджаны, але і працаёмкі метад. Апірышча на дакументы робіць публікацыю грунтоўнай і абароненай. Прафесійны журналіст заўсёды:

1. фіксуе дакладную назву дакумента, яго аўтара, дату і месца выдання;

2. аддзяляе двукоссямі фрагменты тэксту і згадвае нумары старонак;

3. пазначае спецыяльнымі знакамі ўласныя думкі і ацэнкі, што паўсталі падчас чытання;

4. па сканчэнні працы правярае цытаты, назвы, лічбы, прозвішчы, імёны і іншыя звесткі, выкарыстоўвае кожную магчымасць зрабіць копіі дакументаў.

Прафесійны падыход вымагае праверкі выкладзеных звестак з іншых крыніц. Гэтыя правілы датычаць працы з кожным тыпам дакументальных крыніц. Толькі лісты, што прыходзяць у рэдакцыю, не вымагаюць згоды аўтараў, калі няма просьбы не друкаваць іх ці не называць аўтара.

Дакумент — адна з найбольш надзейных і дакладных крыніц інфармацыі. Зварот да дакументаў можа быць звязаны з наступным:

1. пацверджанне фактаў дакументальнымі крыніцамі;

2. рэканструкцыя былых падзей з дапамогай рознага роду дакументаў;

3. узмацненне доказнай базы матэрыялу;

4. больш аб’ектыўны аналіз падзей на базе супастаўляльнага аналізу дакументальных крыніц;

5. узмацненне аўтарскай пазіцыі ў канкрэтным матэрыяле.

Куды больш складана працаваць з закрытымі крыніцамі інфармацыі. Часта журналістам даводзіцца мець справу з канфідэнцыйнымі крыніцамі інфармацыі. Да дакументаў, што атрыманы ад такога роду крыніц, трэба ставіцца з пэўнай асцярогай. У іх могуць быць цікавыя звесткі, але нельга выключаць і просты «зліў» кампрамату. Сумненням падлягаюць дакументы, зробленыя на ксераксе і не пацверджаныя сярод іншых натарыусам. Падчас аналізу іх зместу варта задацца наступнымі пытаннямі.

1. Хто і з якой мэтай пісаў яго? Калі бачна, што складальнік апісвае факты толькі на сваю карысць, дык тут яўна прысутнічае няпраўда.

2. Якія факталагічныя звесткі утрымлівае дакумент?

Этычны кодэкс Польскага таварыства журналістаў наўпрост папярэджвае: «Уласны каментар ці гіпотэзы аўтара павінны быць выразна адасобленыя ад інфармацыі. Інфармацыю неабходна аддзяляць ад інтэрпрэтацыі і думак. Інфармацыя мусіць быць ураўнаважанай і дакладнайі, каб яе карыстальнік мог адрозніць факты ад дапушчэнняў і чутак».

3. Варта ўлічваць, якой інфармацыяй карыстаўся складальнік дакумента, першаснай ці другаснай, якая ужо была некім выкарыстана.

4. Якую доказную базу мае дакумент? З гэтай мэтай неабходна звярнуць увагу на яго лагічную структуру.

Анкетаванне і апытанне — разнавіднасць сацыялагічных метадаў збору інфармацыі. Галоўнай умовай карэктнасці з’яўляецца трыманне стандартных патрабаванняў да рэпрэзентатыўнасці даследавання.

Праца з базамі дадзеных і рэсурсамі ў Інтэрнэце з’яўляецца інтэлектуальна ёмістым метадам збору інфармацыі. Інтэрнэт-рэсурсы маюць плюсы і мінусы.

Плюсы: Інтэрнэт — адна з найбольш адкрытых і дасяжных крыніц інфармацыі.

Мінусы: інфармацыя, якая прысутнічае ў ім, не заўсёды праўдзівая.

Таму журналісты павінны траціць шмат часу на пераправерку; зносіны ў Сетцы нават з выкарыстаннем веб-камеры не могуць замяніць жывы кантакт. Да надзейных крыніц належаць сайты інфармацыйных агенцтваў. Сярод найбольш часта ўжываных сродкаў журналісты называюць электронную пошту.

Як адзначаюць амерыканскія даследчыкі Рэндзі Рэдзік і Эліат Кінг, «цягам па меншай меры апошніх 50 гадоў СМІ ў асноўным уяўлялі сабой камунікацыйныя каналы з аднабаковым рухам». Цяпер журналіст можа пакінуць свой электронны адрас, і чытач -- наўпрост звязацца з аўтарам.

 

Праца з крыніцамі інфармацыі

Даволі шмат людзей ахвотна падзяліліся б з журналістам інфармацыяй, аднак у іх няма паўнамоцтваў ці кампетэнцыі. Лепшая «шпаргалка» для вызначэння кампетэнтных і паўнамоцных персон — тэлефонныя і іншыя даведнікі для ўнутранага карыстання, з якіх можна даведацца не толькі прозвішчы функцыянераў, але і назвы аддзелаў, дэпартаментаў, службаў.

Даволі часта журналіста папярэджваюць: «Гэта не для друку». Як быць у такіх выпадках? Практыка падказвае некалькі падыходаў.

 «Жорсткі»: карэспандэнт называецца, пераконваецца, што суразмоўца ідэнтыфікаваў яго як журналіста, пасля чаго выкарыстоўвае атрыманую інфармацыю на ўласную думку: ён ведае, з кім гутарыць, — няхай і выбірае выразы.

«Мяккі»: карэспандэнт упрошвае суразмоўцу пакінуць у матэрыяле інфармацыю, якую апошні не жадаў бы распаўсюджваць.

Асобнага падыходу вымагаюць чуткі як крыніцы інфармацыі. Журналісты ахвотна карыстаюцца сведчаннямі такога роду, папярэдне забяспечыўшы сябе неабходнымі працэдурамі:

1. карысна адшукаць крыніцу чуткі;

2. перапытаць у яе, ці так было/ёсць на самой справе;

3. у выпадку адмовы пацвердзіць чутку пашукаць іншую крыніцу;

4. калі пошук атрымаўся, пацверджанні прыйшлі, неабходна дамовіцца пра тое, што калі пасля публікацыі матэрыялу рэдакцыя атрымае позву, крыніца явіцца ў суд і пацвердзіць выкладзеныя звесткі.

Часам чуткі робяцца нагодай для журналісцкага даследавання.

Як быць з ананімнымі крыніцамі? Адно з істотных правілаў: пазбягаць мець з імі справу. Згодна з іншым меркаваннем, інфармацыя ад невядомага можа быць выкарыстана, калі па меншай меры яшчэ адна крыніца тое пацвердзіць.

Аднак найбольш распаўсюджаныя крыніцы інфармацыі для журналістаў — прадстаўнікі органаў улады. Паводле Камісіі па свабодзе доступу да інфармацыі Расійскага праваабарончага фонду, каля 80% журналістаў сістэматычна звяртаюцца за звесткамі да прадстаўнікоў розных галін улады, пераважна выканаўчай. Асаблівасць працы з органамі кіравання ў тым, што паміж СМІ і кіраўнікамі розных узроўняў улады ёсць пасярэднікі: прэс-сакратары і прэс-службы. Варта ўлічваць, што атрыманая ад іх інфармацыя часта бывае аднабаковай.

Аўтарскі рэсурс Кацярыны Алеевай згадвае, што маюцца некалькі выпрабаваных спосабаў праверкі фактычных звестак:

1. Калі матэрыял гатовы, варта перазваніць крыніцы і пераправерыць лічбы, факты, спраўдзіць важныя выказванні.

2. Па магчымасці варта супаставіць атрыманыя звесткі з наяўнымі відэа- і аўдыязапісамі, тэкставымі дакументамі.

3. Апытаць дадатковых сведкаў і відавочцаў.

4. Паказаць тэкст экспертам.

5. Зачытаць яго вопытным калегам.

6. Даць прачытаць тэкст рэдакцыйнаму юрысту.

 

Этычныя нормы працы з крыніцамі інфармацыі

Існуюць некалькі абавязковых этычных патрабаванняў да прафесіяналізму. У прыватнасці, не варта:

1. называцца прадстаўніком іншай прафесіі (акрамя ўключанага назірання);

2. запалохваць суразмоўцу (хоць у некаторых парадах заходнімі рэпарцёрамі дапускаецца лёгкі шантаж суразмоўцы: «Часам рабіце выгляд, што вам вядома больш, чым насамрэч (Дэвід К. Рэндал)»;

3. раіць, рэкамендаваць;

4. абяцаць разабрацца і прыняць меры;

5. дапускаць учынкі, якія могуць выклікаць маральнае асуджэнне грамадства;

6. ісці на збліжэнне ні са "станоўчымі", ні з "адмоўнымі" крыніцамі інфармацыі;

7. прымаць падарункі і паслугі;

8. рабіць запіс гутаркі без ведама суразмоўцы.

І апошняе: не пакідай слядоў! Пасля цябе тут будуць іншыя журналісты, і адпаведна ўражанням, якія ты зрабіў на людзей, тыя могуць проста адмовіцца з імі гутарыць.

Крыніцы інфармацыі сілкуюць рэпарцёраў галоўным — надзейнай, дакладнай і праўдзівай інфармацыяй. Журналісты абавязаны ўлічваць уразлівасць чалавека і яго каштоўнасць як крыніцы інфармацыі. Яны павінны тлумачыць, чым можа павярнуцца публікацыя і чаму яны пішуць пра гэта. Вось некаторыя пытанні, якія задасць сабе этычны журналіст:

1. Ці растлумачыў я чалавеку падставу нашых дачыненняў і ці выразна выказаў свае намеры?

2. Ці паклапаціўся пра абарону сваёй крыніцы, ці зразумела яна патэнцыйныя наступствы публікацыі?

3. Ці ўпэўнены я, што крыніца цалкам разумее умовы інтэрв’ю; што маю на ўвазе, кажучы «не для друку», «на фоне», «без аўтарства», выкарыстоўваючы іншыя ярлыкі?

4. Калі крыніца абстаўляе інтэрв’ю умовамі, як далёка я гатовы пайсці?

5. Ці гатовы я аплачваць выдаткі крыніцы, звязаныя з інтэрв’ю?

6. Ці пагаджуся забяспечыць юрыдычнае прадстаўніцтва?

Прыклад. New York Times і іншыя СМІ ў ЗША сур’ёзна крытыкаваліся ў 2003 годзе напярэдадні ўварвання ў Ірак за тое, што яны залішне спаслаліся на ананімныя крыніцы ўнутры ўраду. У выніку асвятленне падзей было занадта пачцівым. Так, Джудзіт Мілер, рэпарцёрка New York Times, у 2001–2002 гадах надрукавала шэраг паведамленняў пра ўрад Садама Хусэйна, засноўваючыся на фальшывай інфармацыі ад неназваных крыніц, ўключна і ад крыніцы ў Белым доме.

Ананімныя крыніцы

Ананімнасць — права, якое павінны атрымліваць тыя, каму тое неабходна, і якое ніколі не павінна быць дараванае кожнаму, хто пра гэта просіць. На сайце xreferat.com адзначаецца, што некаторыя СМІ забараняюць выкарыстанне ананімных крыніц, іншыя дазваляюць, але згодна строгім правілам. Наогул, крыніцы, якія гавораць на запіс, заўсёды лепшы варыянт. Пэўныя артыкулы ніколі не былі б надрукаваныя, калі б журналісты не пакідалі свае крыніцы ананімнымі.

Ананімныя крыніцы могуць мець на мэце уласныя інтарэсы.

Першай перашкодай для дакладнай праверкі фактаў можаце стаць вы самі. Большасць СМІ трымаецца правіла: усе факты павінны быць пацверджаныя мінімум дзвюма надзейнымі крыніцамі. Часта інфармацыя, атрыманая па тэлефоне ці з Інтэрнэту, залічваецца як адна крыніца. Часам з-за юрыдычных прычын, пытанняў недатыкальнасці прыватнага жыцця ці верагоднай небяспекі не раіцца называць крыніцы.

А вось на што звяртае ўвагу сайт факультэта журналістыкі Маскоўскага ўніверсітэта studme.org.

Два правілы працы з асабістай інфармацыяй.

1. Інфармацыю, якая датычыць прыватнага жыцця чалавека, можна публікаваць толькі з дазволу яе ўладальніка ці нашчадкаў.

2. Інфармацыя, якая ўяўляе грамадскую цікавасць, можа быць надрукаваная без узгаднення.

 

Іерархія крыніц інфармацыі

Першасныя крыніцы — непасрэдныя стваральнікі навін (людзі, арганізацыі, дакументы, асяроддзе).

Другасныя крыніцы — перапрацаваная з першакрыніц інфармацыя; яна менш надзейная і значная.

Даведачна-інфармацыйныя сістэмы: Інтэрнэт, бібліятэкі, даведнікі, энцыклапедыі, каталогі, базы дадзеных і г. д. Бар’еры: неабходна умець карыстацца, небяспека атрымаць фэйкавую інфармацыю, падмена першаснай інфармацыі, верагоднасць плагіяту.

Уласныя крыніцы: інфарматары, эксперты. Гэта прафесійнае кола, сябры, сваякі, суседзі і г.д. (апошнімі па магчымасці не карыстацца). Асабістае камунікатыўнае асяроддзе. Акаляючае асяроддзе. Інтэрнэт-асяроддзе: сайты інфармагенцтваў і іншых СМІ, інфармацыйныя парталы, даведачныя сістэмы, сайты прафесійных і грамадскіх арганізацый, акаўнты персанальных карыстальнікаў, сацыяльныя сеткі, прэс-рэлізы, прэс-канферэнцыі, брыфінгі.

Псеўдакрыніцы. Гэта прамоўтары (асцерагацца інфармацыі, якая сыходзіць ад зацікаўленых асоб), пакрыўджаныя (не давяраць інфармацыі, якая сыходзіць ад пакрыўджаных асоб), зліў інфармацыі.

Канфідэнцыйнасць інфармацыі. Журналіст не павінен раскрываць свае крыніцы, калі інфармацыя перададзена на ўмовах неразгалошвання ці канфідэнцыйнасці. Гэтае правіла абаронена заканадаўствам практычна ўсіх краін.

Канфлікт закона і этыкі. Этычны кодэкс у пытанні канфідэнцыйнасці ставіць маральную цэхавую норму па-над законам: «Журналіст трымаецца законаў сваёй краіны, аднак у тым, што датычыць выканання прафесійнага абавязку, ён прызнае юрысдыкцыю толькі сваіх калег, адкідваючы кожную спробу ўціску і ўмяшання з боку ўраду ці каго б там ні было» («Прафесійная этыка журналістаў», М., 1999, с. 215).

Спасылка на крыніцу. Гэта — паказчык надзейнасці інфармацыі. Сайт  speakupspeakout.internews.org, які сочыць за парушэннем правоў журналістаў, нагадвае некалькі рэкамендацый, якія датычаць пошуку навін.

1. Пачніце з падшыўкі мясцовай газеты;

2. зрабіце тое ж з падшыўкай канкурэнта свайго выдання;

3. прагледзіце рэкламу і прыватныя аб’явы;

4. рэдкі дзень абыходзіцца без памятнай даты ці свята, таму можна знайсці тое, што напэўна зацікавіць аўдыторыю;

5. часцей карыстайцеся штодзённікам для планавання працы;

6. не мінайце платоў з графіці і афішамі;

7. слухайце гутаркі ў транспарце і «кухоннае» радыё;

8. памятайце пра катэгорыі людзей, якія збіраюць навіны: таксістаў, кантралёраў грамадскага транспарту, гандляроў, наведнікаў рынкаў, прадаўцоў;

9. існуюць «сезонныя» і дзяжурныя тэмы. Яны заўсёды цікаваць людзей;

10. аналізуйце, як падзея глабальнага маштабу можа адбіцца на жыхарах вашага горада ці рэгіёна;

11. рэгулярна тэлефануйце інфарматарам з розных сфер жыцця;

12. чытайце афіцыйныя дакументы;

13. наведвайце прэс-канферэнцыі. Не выкідайце, не чытаючы, прэс-рэлізы, даведачныя матэрыялы;

14. не шкадуйце візіткі;

15. кожную гутарку завяршайце пытаннем: «А што яшчэ новага адбываецца?»

Развіццё новых медыя істотнае сваім эфектам — трансфармацыяй камунікацый паміж СМІ і аўдыторыяй. Амерыканскі даследчык СМІ В. Кросбі ў працы «Што такое новыя медыя?» вылучыў тры тыпы камунікацый: міжперсанальныя медыя — тып «адзін-аднаму», масмедыя — «адзін-многім» і, нарэшце, «новыя медыя» — тып «многія-многім».

У цэнтры новай інфармацыйнай прасторы знаходзіцца яе спажывец, які цяпер не проста назіральнік, але і ўдзельнік працэсу фармавання навін. Таму сутнасць новага інфармацыйнага асяроддзя складаецца не толькі з мультымедыйнасці, але і з інтэрактыўнасці, што змушае кардынальна перагледзець састарэлую мадэль медыя і стварыць новую, якая адпавядае мэтам і задачам сеткавага грамадства. Сучасны чалавек сам выбірае, як яму зручней атрымліваць інфармацыю. Гэта змусіла некаторых даследчыкаў казаць пра тое, што на змену СМІ прыходзіць СІІ — сродак індывідуальнай інфармацыі. Матэрыялы, падрыхтаваныя рэдакцыямі, усё часцей суседнічаюць з паведамленнямі, якія робяць самі карыстальнікі. Прыкладам можа быць фрэндстужка Facebook.

Журналісты павярнулі працэс ва ўласную карысць і пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для прасоўвання сваіх прадуктаў. Аднак высветлілася, што яны не ў стане кантраляваць працэс: у новай інфармацыйнай прасторы кожнае паведамленне распаўсюджваецца нелінейна, таму што не мае адзінага цэнтра каардынацыі. Роля журналістаў тут вельмі асаблівая — яны робяцца «кантакцёрамі», рэалізуючы цалкам па-іншаму свае здольнасці. Прыклад — амерыканскі інтэрнэт-СМІ Huffington Post, на які працуюць 186 штатных супрацоўнікаў і недзе 6000 неаплачваемых блогераў. HuffPost змусіў традыцыйныя СМІ пераасэнсаваць устойлівыя правілы журналістыкі што да стварэння і распаўсюду матэрыялаў.

У рэдакцыйнай практыцы атрымаў праверку цэлы набор інструментаў збору інфармацыі, якія характарызуюцца як мультымедыйныя (г. зн. з выкарыстаннем сучасных тэхнічных і праграмных сродкаў):

1. прагляд рэсурсаў, якія канцэнтруюць важную для аўдыторыі інфармацыю;

2. падпіска на RSS-каналы, што дазваляе аўтаматычна выяўляць новыя блокі інфармацыі паводле зададзенных крытэраў;

3. прагляд зместу інтэрнэт-форумаў з тым, каб вызначыць, у якім напрамку змяняецца парадак дня;

4. прагляд блогаў, аўтары якіх маюць шматтысячныя аўдыторыі з мэтай атрымаць меркаванні, інфармацыю і вызначыць тэндэнцыю руху тэматычных прыхільнасцяў;

5. прагляд паведамленняў у Twitter;

6. аналіз інфармацыі ў сацыяльных сетках, якія ўтрымліваюць звесткі пра сваіх удзельнікаў, што дае магчымасць адраснага звароту да чытачоў і гледачоў;

7. інтэрнэт-каментары чытачоў да публікацый прафесійных журналістаў даюць зваротную сувязь і дазваляюць цягам дыскусіі вызначыць слабыя і моцныя бакі той ці іншай публікацыі.

Блогі — гэта пляцоўка, на якой кантэнт збіраецца максімальна зручна. Нярэдка СМІ будуюць свае матэрыялы на аснове блогаў. Гэта адбываецца тады, калі журналісты не маюць магчымасці атрымаць інфармацыю з іншых крыніц. Пры гэтым прадуктыўнасць блогасферы як якаснага інфармацыйнага асяроддзя выклікае значныя сумненні.

У кнізе «Як новыя медыя змянілі журналістыку» адзначаецца, што блогасфера мае два неабходныя для СМІ аб’екты — інфармацыю і аўдыторыю. Такім чынам, цеснае ўзаемадзеянне СМІ і блогаў выгоднае і тым, і тым удзельнікам, але ў першую чаргу рэдакцыям і журналістам.

СМІ страцілі манаполію на вытворчасць і распаўсюд кантэнту, а таксама на аператыўнасць. З Twitter і Facebook карыстальнік паспявае даведацца пра тое, пра што інфармагенцтвы напішуць толькі праз пэўны час.

Праверка фактаў (фактчэкінг)

Інтэрнэт поўніцца дэзінфармацыяй і фактоідамі. Задача журналіста — навучыцца правяраць на праўдзівасць. «Сенсацыя» можа імгненна разляцецца па інтэрнэт-выданням, але мала хто праверыць яе на сапраўднасць.

Небяспекі, якія каравуляць журналіста:

1. копіпаст літаральнае аднаўленне непацверджанай інфармацыі;

2. АБС («адна баба сказала») скажэнне фактаў падчас перадруку ці ў перакладзе з замежнай мовы;

3. фактоіды, фэйкі неправераная ці загадзя ілжывая інфармацыя, якую выдаюць за факт.

 

Як праверыць сапраўднасць інфармацыі? Першы і галоўны прынцып працы з інфармацыяй, атрыманай ад крыніцы, — сувязь з ёй, каб атрымаць падрабязнасці. У выпадку з UGC (кантэнт, які ствараецца карыстальнікамі) пачынаць трэба з праверкі профілю карыстальніка: прагледзець стужку публікацый, старонкі, на якія ён падпісаны, спраўдзіць ягоны аватар з дапамогай сэрвісаў пошуку выяў (TinEye і/ці Google’s reverse image search). Адсутнасць наўпроставай сувязі паміж крыніцай і матэрыялам сведчыць пра яго неэксклюзіўнасць і, магчыма, падман.

 

Алгарытм праверкі акаўнта карыстальніка:

1. Ці звязаны профіль з навінаванай нагодай (месца працы, вучобы, жыхарства, сфера інтарэсаў)?

2. Як часта змяшчаюцца запісы на старонцы карыстальніка?

3. Калі быў створаны акаўнт?

4. Калі якія фота і відэа грузіліся раней?

5. На якія старонкі ў сацсетках падпісаны карыстальнік, і ці звязана іх тэматыка з навіной?

6. Якія вынікі дае пошук па нікнэйму карыстальніка?

Час публікацыі кантэнту ў сацыяльнай сетцы — першае, на што варта звяртаць увагу. Неабходна дакладна ведаць яго і супаставіць з часам публікацыі. Ідэальны варыянт — звязацца з аўтарам матэрыялу і пераканаць яго даслаць арыгінальны файл. Большасць сучасных лічбавых фотакамер запісвае параметры здымкі ў файлы выяў з дапамогай фармату EXIF. Гэтыя дадзеныя можна выцягнуць з дапамогай анлайн-сэрвісаў Jeffrey’s EXIF viewer ці Findexif.com, каб праверыць сапраўднасць фота, параўнаўшы час і месца здымкі з часам падзеі.

 

Алгарытм праверкі часу здымкаў фота-, відэаматэрыялаў:

1. Праверыць фота з дапамогай TinEye і/ці Google’s reverse image search, каб пераканацца, што фатаграфія не была апублікаваная раней.

2. Калі фота/відэа былі загружаны ў Сетку?

3. Ці пацвярджаецца інфармацыя матэрыялу іншымі сведчаннямі? Ці ёсць падобныя публікацыі ў сацыяльных сетках альбо лакальных медыя?

4. Ці адпавядае надвор’е на карцінцы надвор’ю ў час падзеі?

5. Ці адпавядаюць напрамак і даўжыня ценяў часу здымкаў?

6. Ці маецца арыгінал фотаздымка, удакладніце, што згадана ў метададзеных EXIF.

Алгарытм праверкі месца здымкі фота- відэаматэрыялаў:

1. Ці мог человек, які выклаў матэрыял, апынуцца на месцы здарэння?

2. Ці можаце вы знайсці месца здымкі ў картаграфічных сэрвісах? Ці ідэнтычныя яны?

3. Ці пацвярджаюць дэталі на фотаздымку (нумарныя знакі, мова на рэкламных шыльдах) месца здымкаў?

4. Калі гэта відэа, ці кажуць знятыя ў роліку людзі на мясцовай мове?

Каб праверыць сапраўднасць відэаматэрыялаў у YouTube, варта скарыстацца рэсурсам Citizen Evidence Lab, дзе маецца і пакрокавая інструкцыя, з дапамогай якой журналіст можа даведацца, як спраўдзіць гісторыю загрузак відэа, час і месца здымкаў.

 

Як працуюць з крыніцамі інфармацыі беларускія СМІ: праблемы і асаблівасці

Трэба адзначыць, што ў працы (супрацы) з крыніцамі інфармацыі незалежныя беларускія СМІ адчуваюць пэўныя цяжкасці. Гэта і ціск з боку ўлады, штучныя, насуперак заканадаўству, абмежаванні ў атрыманні праўдзівай інфармацыі ад чыноўнікаў і структур дзяржаўнага кіравання… Прыкладаў процьма. З апошніх — у асвятленні пандэміі каранавіруса і прэзідэнцкіх выбараў—2020. Тым не менш, гэта не вызваляе рэдакцыі і журналістаў ад прытрымлівання прафесійных і этычных стандартаў, правілаў і норм.

Праблема набыла асаблівую вастрыню са з'яўленнем і росквітам Telegram-каналаў, у першую чаргу ананімных. Стварыць і ўкінуць з рознымі мэтамі ў інфармацыйную прастору фэйк прасцей простага. Задача журналістаў — не павесціся на гэтыя ўкіды, супрацьстаяць ім, даваць чытачу толькі вывераную інфармацыю.

Якім крыніцам інфармацыі можна давяраць, ці ўсе крыніцы патрабуюць праверкі, як у асобных рэдакцыях ставяцца да Telegram-каналаў?

У пошуках адказаў Камісія па этыцы ГА «БАЖ» апытала кіраўніцтва і супрацоўнікаў шэрагу беларускіх СМІ, задаўшы тры асноўныя пытанні:

1. Як вы праводзіце мяжу, якім крыніцам інфармацыі можна давяраць, а якім — не?

2. Ці праводзіце дадатковую верыфікацыю атрыманай інфармацыі? Ці хапае адной крыніцы?

3. Ці давяраеце вы Telegram-каналам? Асабліва калі гэтыя каналы ананімныя?

 

Мікалай Казловіч, галоўны рэдактар «Онлайнера» (onliner.by)

1. Усё залежыць ад важнасці інфармацыі. У залежнасці ад гэтага ў рэдакцыі існуюць розныя сістэмы фільтраў. Калі казаць пра медыя, на якія мы спасылаемся, то давяраем у першую чаргу тым, хто знаходзіцца ў прававым полі Рэспублікі Беларусь. То бок усведамляе адказнасць за прадастаўленне недакладнай інфармацыі і разумее бязлітаснасць наступстваў. Але калі інфармацыя рэзанансная, звязаная з балючымі для грамадства пытаннямі (напрыклад, каранавірус), то мы не давяраем нікому. І стараемся пераправерыць усе факты самі. Так, ніякай «прэзумпцыі даверу» ў інтэрнэце цяпер няма і быць не можа, асабліва ў беларускіх умовах, дзе кошт памылкі фатальны з пункту гледжання заканадаўства. Другая група крыніц — сацыяльныя сеткі і месенджары. Тут ніякага аўтаматычнага даверу наогул не можа быць, толькі старанная верыфікацыя. Нават калі вам дасылаюць фота ці відэа, збярыцеся з камандай і пакруціце візуал з усіх бакоў, верагодна, знойдзеце падвох — мантаж, фоташоп, часовыя прагалы і т. п. Звычайна абмяркоўваем усе падазроныя інфанагоды ў групавым чаце.

 2. У нас жорсткае правіла — як мінімум дзве крыніцы, вартыя даверу. Няхай і ахвяруючы аператыўнасцю. Каранавірусная вясна ў гэтым пераканала не аднойчы. Многія памятаюць, як пераканаўча пісалі відавочцы на пачатку пандэміі пра тое, што «Віцебск перакрыты», «ДАІ блакуе доступ» і т. п. Аказалася — хлусня. Пры гэтым усім зразумела, што фэйкі могуць запускаць і дзеля забаўкі, і разлічваючы на памылку медыя, правакуючы СМІ, каб злавіць іх на кручок.

3. Давяраем, калі правяраем. Навіна з «Цялегі» без візуальнага суправаджэння (фота, відэа, аўдыё) не можа з'явіцца ў нас у прынцыпе. Ананімныя Telegram-каналы ў гэтым плане абыходзім бокам — ніколі не здагадаешся, хто іх завёў і які інтарэс пераследуе. Самая неадназначная сітуацыя — што рабіць са шматлікімі «злівамі», якія публікуюць некаторыя папулярныя каналы. На нейкім этапе прыйшлі для сябе да рашэння пераправяраць усё — калі гэта магчыма. А калі не, то не ставіць інфармацыю.

 

Ірына Леўшына, галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН

 1. Крыніцы, якім можна давяраць, — гэта медыя з добрай рэпутацыяй, іх акаўнты ў сацсетках. Гэта таксама афіцыйныя прэс-рэлізы арганізацый і кампаній. Але тут ёсць нюансы. Варта ўлічваць, што, распаўсюджваючы паведамленні для СМІ, розныя ведамствы часта пераследуюць свае інтарэсы. Напрыклад, калі прэс-служба прэзідэнта Беларусі распаўсюдзіла рэліз пра тэлефонную гутарку Лукашэнкі з Пуціным, ёсць сэнс паглядзець, што з гэтай нагоды паведамляе прэс-служба Крамля. Часам паведамленні дзвюх прэс-служб істотна адрозніваюцца. Можна таксама давяраць уласным, правераным гадамі, крыніцам інфармацыі. Яны, як правіла, ёсць у кожнага журналіста.

 2. Калі ўзнікаюць сумневы з нагоды нейкай навіны, то праводзім, вядома. Але атрымліваецца не заўсёды. На такі выпадак ёсць чароўная фраза: «Афіцыйна пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося». Гэта залежыць ад крыніцы. Калі журналіст упэўнены ў ёй на 100 %, то можна і не пераправяраць, не марнаваць час. Напрыклад, калі крыніца працуе ў ведамстве і дасылае журналісту копію нейкага важнага дакумента. Калі ж гаворка ідзе пра інфармацыю, якая закранае інтарэсы розных бакоў, то аб'ектыўнасці дзеля варта атрымаць каментары ўсіх удзельнікаў.

3. Паведамленне любога Telegram-канала, калі толькі ён не належыць канкрэтнай структуры, і тым больш ананімнага, падлягае праверцы. Гэта нават не абмяркоўваецца.

 

Зміцер Ягораў, рэдактар сайта «Белсат» (belsat.eu)

1. Мы давяраем спраўджаным крыніцам інфармацыі, прэс-службам і афіцыйным заявам інстытуцый, арганізацый, палітыкаў. Аднак гэта не з'яўляецца прычынай адмаўляцца ад пераправярання інфармацыі ў іншых крыніцах альбо ставіцца крытычна да выкладзеных фактаў.

2. Дадатковым правяраннем інфармацыі  займаецца журналіст, таксама такое рашэнне можа прыняць рэдактар. Кожны выпадак мусіць разглядацца асобна, бо верыфікацыя можа датычыць таксама афіцыйных паведамленняў.

3. Інфармацыя з Telegram-каналаў, у тым ліку ананімных, спраўджваецца на этапе падрыхтоўкі матэрыялаў.

 

Алег Гаруновіч, галоўны рэдактар сайта by.tribuna.com

1. Рэсурсы, якія пішуць па нашай тэме, мы ведаем і маем уяўленне, каму можна давяраць, а каму — не. Калі нейкі рэсурс упершыню паведамляе важную інфармацыю, мы яе не даем, а глядзім, наколькі праўдзівай яна акажацца. Калі рэсурс некалькі разоў дае праўдзівую інфармацыю, мы пачынаем браць яго навіны, але ў загалоўку пры гэтым акцэнтуем увагу на тое, каму належыць інфармацыя.

2. Калі гаворка пра атрыманую намі інфармацыю, то многае залежыць ад надзейнасці і праверанасці крыніцы. Але звычайна мы стараемся выконваць правіла трох крыніц, калі пытанне важнае і вартае намаганняў.

Калі гаворка пра інфармацыю, якую публікуюць іншыя, а мы яе перадрукоўваем, то тут таксама шмат што залежыць ад крыніцы. Калі крыніца не вельмі надзейная, або надзейная крыніца дае інфармацыю, якая відавочна выклікае сумневы, то інфармацыя правяраецца дадаткова. Пры гэтым вялікае пытанне, што рабіць з інфармацыяй падчас праверкі: забіраць сабе з акцэнтам на тое, хто гэта даў, або спачатку ўсё праверыць, а потым даць. Дзейнічаем у залежнасці ад сітуацыі.

3. У стужку навін прарываецца не так шмат інфармацыі з Telegram-каналаў. Перш за ўсё з-за таго, што яе складана верыфікаваць. Зрэшты, на NEXTA мы спасылаемся, бо ён не аднойчы публікаваў цалкам праўдзівыя звесткі.

 

Сяргей Кайко, галоўны рэдактар газеты «Прессбол»

1. Ключавы параметр у такiх выпадках — рэпутацыя крынiцы. Досвед папярэднiх стасункаў. Iнфармаванасць. Наяўнасць альбо адсутнасць асабiстага iнтарэсу. Зыходзячы з гэтага, крынiцы бываюць вельмi розныя. Ад «веру больш, чым сабе» да «хлусiць, як наняты». Дзесьцi памiж гэтымi крайнасцямi i палягае мяжа.

2. Вось калi крынiца менавiта з катэгорыi «веру больш, чым сабе», то яе бывае дастаткова. Ды й тое ва ўмовах цэйтноту. А так верыфiкацыя заўсёды неабходная. Безумоўна, гэта наш паўсядзённы iнструмент.

3. Да ананiмных Telegram-каналаў ставiмся с вялiкай асцярогай. Фактчэкiнг тут неабходны як «Ойча наш...». Верыфiкаваны канал — зусiм iншая справа. За iм рэпутацыя i адказнасць канкрэтнага чалавека, ад якiх i залежыць узровень даверу. Але ж i тут праверка не нашкодзіць.

 

Пятро Кузняцоў, заснавальнік і ўласнік партала «Сильные новости» (Гомель)

1. Мяжа заўсёды палягае на тым, ці можа крыніца інфармацыі несці адказнасць за яе праўдзівасць прынамсі разам з намі. Гэта галоўны крытэр. Напрыклад, зарэгістраваны СМІ ці юрасоба — так. Неананімная крыніца — так, але спытаемся другі бок. Крыніца, якая для нас неананімная, але хоча застацца ананімнай для публікі — пашукаем яшчэ крыніцы і абавязкова возьмем згоду выступіць у судзе, калі ён будзе.

Ананімны Telegram-канал — не, эмігранцкі Telegram-канал — не. Мяжа, натуральна, вельмі ўмоўная, але агулам неяк так: як мінімум супольная адказнасць — галоўны крытэр.

2. Заўсёды мінімум дзве крыніцы. Калі нам нават ад правераных крыніц, якія, як мы ведаем, працуюць у дзяржаве і ніколі нас не падманвалі, прыйдзе інфармацыя, усё адно спытаем яшчэ адну такую ж крыніцу. Нават пры ўмове таго, што мы ведаем, што першая крыніца мае доступ да інфармацыі і ведае, што гаворыць, трэба мець на ўвазе, што не выключаныя правакацыі і ўкіды. Бо і наша крыніца можа наўмысна нешта падкінуць, бо гэта, у сваю чаргу, могуць падкінуць і ёй у межах нейкай аператыўнай гульні.

3. Не. Інфармацыю з Telegram-каналаў мы заўсёды верыфікуем. Выключэнне — толькі выпадкі, калі ўсё відавочна. Напрыклад, відэа з месца ДТЗ. І тое мы спачатку ідэнтыфікуем дакладна месца, ці гэта на Гомельшчыне.

 

Алена Якжык, намесніца галоўнага рэдактара сайта Gazetaby.com

1. Досвед. Кожная крыніца мае сваю «крэдытную гісторыю», адпаведна з якой і фармуецца ступень даверу да яе.

2. Натуральна, праводзім. Дзве крыніцы лепш, чым адна, тры — лепш, чым дзве, і гэтак далей.

3. Глядзіце адказ у пункце адзін.

 

Павел Тухто, прэс-сакратар «Sputnik Беларусь»

1. У першую чаргу мы звяртаемся да афіцыйных крыніц інфармацыі або да сведкаў/непасрэдных удзельнікаў пэўных падзей. Усю астатнюю інфармацыю — з Telegram, сацыяльных сетак ці СМІ, якія не пазначылі крыніцы, — мы імкнемся верыфікаваць.

2. У большасці выпадкаў мы праводзім верыфікацыю, выключэнні мы згадалі вышэй.

Апроч гэтага, у спрэчных выпадках імкнемся шукаць максімальную колькасць крыніц інфармацыі. Таксама правяраем часам і афіцыйную інфармацыю — калі яна тычыцца не пазіцыі спікера/ведамства, а пэўных фактаў (напрыклад, адпаведнасць заяў рэальнай статыстыцы ці параўнанне з папярэднімі падобнымі падзеямі, калі да іх былі адсылкі, як у кейсе з «прызначэннем урада перад выбарамі»).

3. Мы не давяраем інфармацыі з Telegram, яна заўсёды праходзіць верыфікацыю.

 

Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё»

1. У кожнага журналіста ёсць крыніцы, якім ён давярае. Давяраем праваабаронцам, незалежным медыя. Нейкага рэгламенту наконт таго, якім крыніцам варта давяраць, а якім не — няма. Дзейнічае прэзумпцыя недаверу — рэдактар, які выпускае тэкст, імкнецца верыфікаваць усё, што можна верыфікаваць.

2. У даволі рэдкіх выпадках, калі крыніца даказала сваю надзейнасць і калі інфармацыю немагчыма дадаткова праверыць, можам апублікаваць тэкст са спасылкай на адну крыніцу. У іншых выпадках імкнемся выслухаць «другі бок». Калі нам адмаўляюцца пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю — так і пішам.

3. Давяраем Telegram-каналам, стваральнікаў якіх ведаем асабіста, але імкнемся правяраць і дапаўняць іх інфармацыю. У дачыненні да астатніх працягвае дзейнічаць прэзумпцыя недаверу.

 

Арцём Гарбацэвіч, аўтар інсайдэрскага тэлеграм-канала HARBACEVIČ

1. Я не размяшчаю ў канале непацверджаную інфармацыю. Пасля таго як «Хромой Бес» дастаўся мне, канал перастаў быць месцам ананімных зліваў, бо для мяне Telegram-канал гэта не самамэта, а я сам не блогер. Я журналіст, і канал — гэта дадатковы метад атрымання інфармацыі для наступнай публікацыі ў «Нашай Ніве». Таму ўся атрыманая інфармацыя верыфікуецца гэтак жа, як калі б яна паступіла на рэдакцыйную пошту ці праз тэлефонны званок.

2. З улікам таго, што 99 % інфармацыі паступае ў Telegram ад ананімных крыніц, верыфікацыю трэба праводзіць амаль па кожным паведамленні, і яна праводзіцца.  Калі поўная верыфікацыя немагчымая, то спрацоўвае правіла «дзвюх крыніц», і інфармацыя падаецца як часткова спраўджаная.

3. Ці давяраю я каналам? Не заўсёды. Я лічу сябе разумным спажыўцом інфармацыі, якому патрэбны пераканаўчыя доказы яе праўдзівасці, але такое не заўсёды бывае. Таму правільны выраз тут не «веру», а «прымаю да ведама».

 

Сяргей Бяспалаў, аўтар многіх папулярных Telegram-каналаў

1. Вядома, лепшымі крыніцамі з’яўляюцца незалежныя СМІ: Радыё «Свабода», TUT.BY, «НН», «Онлайнер» і г. д. Калі там з’явілася навіна, то 90 %, што праўда. Але шмат інфармацыі дасылаюць і самі людзі, і тут патрэбна ўжо асабістая чуйка. Калі ёсць фота і відэа, то прасцей абвергнуць ці наадварот — пацвердзіць інфармацыю.

2. Звычайна карыстаюся галоўным правілам журналіста пра дзве крыніцы, але бываюць выключэнні, асабліва, калі ёсць фота- і відэапацверджанне.

3. Telegram-канал Telegram-каналу розніца. Ёсць і «Незыгарь», і розныя прарасійскія, ёсць нават БТшныя каналы кшталту «Жёлтыя сливы», якія не грэбуюць запускаць фэйкі, яны іх нават спецыяльна прыдумляюць. А ёсць NEXTA, «Беларусь галаўнога мозгу», «Отчислено», «Пушкин», «Мая краіна Беларусь» і іншыя, да якіх даверу значна больш, і працэнт фэйкаў на такіх каналах 10-20 %. Але ўсе памыляюцца, нават мы, асабліва, калі інфармацыю цяжка праверыць.

 

Рэдакцыі tut.by і kp.by не адказалі на пытанні прадстаўніка Камісіі па этыцы ГА «БАЖ». Таксама мы не дачакаліся адказу папулярнага блогера Сцяпана Пуцілы (NEXTA).

 

Высновы і рэкамендацыі

З агляду замежнага досведу і досведу незалежных беларускіх СМІ не цяжка заўважыць, што шмат якія рэдакцыі карыстаюцца збольшага перадрукоўкамі інфармацыі, што змяншае, так бы мовіць, індэкс праўдзівасці, і памнажае верагоднасць памылак. Такім чынам, вынікае неабходнасць пашырыць кола захадаў у працы (супрацы) з  крыніцамі інфармацыі. Дзеля гэтага Камісія па этыцы ГА «БАЖ» рэкамендуе:

1. Абапірацца на дзейны Кодэкс журналісцкай этыкі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (https://baj.by/be/content/palazhenne-pra-kamisiyu), у прыватнасці, на стандарты, выкладзеныя ў адпаведным раздзеле «Прынцыпы пошуку і атрымання інфармацыі».

2. На падставе згаданага раздзела Кодэкса журналісцкай этыкі ГА «БАЖ», замежнага досведу і досведу беларускіх СМІ распрацаваць і прыняць уласныя для кожнай рэдакцыі прынцыпы працы (супрацы) з крыніцамі інфармацыі.

3. Аддаваць перавагу ўласнаму пошуку інфармацыі і яе падрыхтоўцы да публікацыі.

4. Весці маніторынг сайтаў і Telegram-каналаў, асабліва заўважаных у стварэнні і распаўсюдзе фэйкавай інфармацыі. Мець у кожнай рэдакцыі адпаведныя спісы. Адкрыць пастаянную рубрыку накшталт «Стоп-фэйк».

5. Па магчымасці стварыць адмысловую службу праверкі, якая з выкарыстаннем адпаведнага інструментарыя (пошукавікоў, даведачнай літаратуры і т. п.) правярала б фактычны складнік публікацый на ягоную дакладнасць.

 

Камісія па этыцы ГА «БАЖ» адкрытая для іншых прапаноў і рэкамендацый ад сяброў БАЖ, рэдакцый, журналістаў, усіх зацікаўленых асоб.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!