3422

Аферы, кіно і турызм у міжваеннай польскай прэсе ў Заходняй Беларусі (+фота)

06.04.2016 Крыніца: Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

У 1930-я гады жыхары Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў праз польскія перыядычныя выданні сачылі за навінкамі сусветнага і польскага кінематографа, жыццём тагачасных “селебрыці” і аферамі вакол іх, а таксама выбіралі, куды паехаць на адпачынак.

Галівуд і не толькі

Як казаў Ленін, “найважнейшым з мастацтваў з’яўляецца кіно”. З гэтым выказваннем цалкам былі згодныя і ўлады Другой Рэчы Паспалітай, якія, у адрозненні ад бальшавікоў, дазвалялі сваім грамадзянам глядзець замежныя фільмы. Віленская газета “Слова” ўвесну 1938 года пісала, што ў кінатэатры “Святавід” жыхары горада могуць пазнаёміцца з навінкамі кінематографа Германіі.

“Нямецкім кіно варта цікавіцца, тым больш што яно сёння валодае вялікімі тэхнічнымі сродкамі і, нягледзячы на адмоўную міжнародную прапаганду, мае што сказаць у культурнай сферы. Эміль Янінгс (нямецкі актор і прадзюсар, першы ў гісторыі лаўрэат прэміі “Оскар” — аўтар) мае сусветную славу. Ён з’яўляецца прадстаўніком старой “псіхалагічнай” школы. Можна ламаць дзіды, дыскутуючы пра суадносіны гэтага накірунку з абстракцыйнымі асновамі кіно як асобнага віда мастацтва, але немагчыма не заўважыць значнага ўнёску, які гэты вялікі актор зрабіў у развіццё кінематографа”, — адзначалася ў выданні.

Некалькі гадоў таму ў аднаго з жыхароў Баранавічаў мне ўдалося набыць падшыўку даваенных польскіх часопісаў Światowid. Гэта было агульнапольскае, багата ілюстраванае здымкамі, грамадска-палітычнае выданне, якое распаўсюджвалася ў тым ліку і ў Заходняй Беларусі.

Асобны раздзел гэтага часопісу быў прысвечаны кіно, і называўся “Мастацтва і фільм”. З яго жыхары Навагрудскага, Віленскага і Палескага ваяводстваў маглі даведацца пра апошнія навінкі сусветнага і польскага кінематографа.

Відавочна Światowid імкнуўся пераймаць вядомыя амерыканскія выданні тыпу “LIFE” і “TIME” і часта публікаваў здымкі галівудскіх кіназорак.

Напрыклад, у нумары за сакавік 1939 года расказвалася пра новы штатаўскі фільм “Ганга Дзін”, зняты паводле твораў Р. Кіплінга. У галоўных ролях гэтага прыгодніцкага кіно, што стала класікай, зняліся Дуглас Фэрбэнкс малодшы, Кэры Грант і Джаан Фантэйн. “Даўно чаканая прэм’ера гэтага фільма ў Польшчы адбудзецца зусім хутка”, — пазначалася ў выданні. Дарэчы, шмат гадоў пазней амерыканскі рэжысёр Сцівен Спілберг здыме фільм пра Індзіяну Джонса, які будзе рэмэйкам галівудскай стужкі канца 1930-х гадоў.

У згаданым нумары часопіса друкаваліся і справаздачы з парыжскіх мьюзік-холаў, выставы венгерскай сукльптуры і жывапісу ў Кракаве і прэм’еры дакументальнага фільма “Крылы ВМФ”, знятага кінастудыяй Уорнэр Бразэрс.

У сваю чаргу, у нумары за люты 1938 года рубрыка пра кіно пачыналася здымкам галівудскай актрысы, выканаўцы ролі Эн Дэраў у тагачасным блокбастары “Кінг-Конг”, Фэй Рэй. У выданні расказвалася пра гастролі польскага тэатра ў Познані, амерыканскіх комікаў з кінастудыі "Метра Голдуін Маер" у Польшчы і балета з Польшчы — у Берліне. Заканчваўся выпуск артыкулам пра “бацьку сучаснай касметыкі” Макса Фактара.

“Гэта галоўны чалавек у Галівудзе. Ён прымае рашэнне, чый твар падыходзіць да здымкаў у фільме, а чый  — не. Не адна “зорка” павінна быць удзячна яму за тое, што знялася ў кінастужках. Усё таму, што ён змог убачыць найбольш каштоўныя бакі асобы актора і схаваць хібы. […] Калі стваралася амерыканская кінаіндустрыя, было прынята рашэнне сабраць у Штатах найлепшых цырульнікаў свету. Была ідэя запрасіць лейб-цырульніка аўстра-венгерскага імператара. Аднак пазней запрасілі больш вядомага чалавека, які працаваў пры двары рускага цара. Ім і быў Макс Фактар, які ў 1904 годзе стварыў свой “Салон прыгажосці” у Галівудзе. Сёння ніводная знакамітая артыстка не можа абысціся без яго”, — падкрэслівалася ў публікацыі.

Сапраўды, Максіміліян Фактаровіч нарадзіўся пад Лодзю, якая на той момант была ў складзе Расійскай імперыі. Зрабіў выдатную кар’еру ў Пецярбургу, а пазней з’ехаў за акіян, каб стаць сусветнавядомым.

Цікавіліся жыхары міжваеннай Заходняй Беларусі і ўзроўнем заробкаў тагачасных польскіх зорак экрана. “Прэса інфармуе пра заробкі актораў у ЗША. У Польшчы заробак актораў кантралюецца канвенцыяй, заключанай Хаўрусам артыстаў польскіх сцэн і Хаўрусам кінапрадзюсараў. Аднак заробак актораў галоўных роляў не рэгулюецца гэтымі нормамі. Іх заробкі ў сярэднім складаюць ад 4 да 15 тысяч злотых за фільм. Самыя вялікія ганарары атрымліваюць Ядзвіга Смасарская, Казімеж Юноша-Стэмпоўскі і іншыя. Мінімальныя стаўкі: 75 злотых за ролю ў дзень, і 50 — за эпізод. Статысты атрымліваюць 10 злотых (без уласнага касцюма) і 15 злотых (з уласным)” — падкрэслівалася ў “Віленскім кур’еры”.

Іспанскія каштоўнасці і “Міс Еўропы” з Вільні   

Не менш за кіно жыхароў заходнебеларускіх тэрыторый у міжваенны час цікавілі і гучныя скандалы і аферы. У студзені 1937 года “Віленскі кур’ер” пісаў пра судовы працэс пляменніцы апошняга рускага імператара Мікалая ІІ графіні Наталлі Брасавай, якая ў Варшаве судзілася з Міністэрствам дзяржаўнай маёмасці Другой Рэчы Паспалітай па справе вяртання ёй зямельных уладанняў ля Чэнстаховы, што да рэвалюцыі належалі Раманавым. У адпаведнасці з Артыкулам №12 Рыжскай мірнай дамовы, пасля вайны з бальшавікамі былая царская маёмасць адышла ў даход польскай дзяржавы. Аднак з гэтым не маглі пагадзіцца сваякі царскай сям’і, якія аказаліся ў Еўропе без сродкаў да існавання.

Не менш гучны працэс праходзіў у 1938 годзе ў Вільні. Галандскі міліянер Х. Шольтэн падаў у суд на цётку ўладальніцы тытула “Міс Еўропа” 1935 года Таццяны Маславай, ад якой патрабаваў вярнуць 800 тысяч злотых, інвеставаных у прадпрыемствы на Віленшчыне ў перыяд, калі Маслава і галандскі міліянер былі заручаныя. Раман паміж імі пачаўся адразу пасля перамогі Маславай у конкурсе. Усё ішло да вяселля: багаты галандзец зрабіў шыкоўны прыём у Гандлёва-прамысловай палаце Вільні і вырашыў укласціся ў развіццё прамысловасці на Усходзе Польшчы. Аднак шлюб не адбыўся.

“Міс Еўропы” заручылася з вядомым у Вільні былым судзёй, а зараз адвакатам”, — адзначала адна з польскіх газет, якая выходзіла ў Заходняй Беларусі. Гэта і прывяло да цяжбы паміж сваякамі “Міс Еўропы”, якім належыла віленскае прадпрыемства, і бізнесменам з Нідэрландаў.

Нарэшце яшчэ адна афера, за якой сачылі чытачы прэсы, была звязана с іспанскімі ювелірнымі ўпрыгожваннямі: іх таемна ўвезлі на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай і размясцілі ў адным з віленскіх банкаў. “Каштоўнасці былі прывезеныя ў Вільню маладым іспанцам Раманам Плаза. Ён не мог прысутнічаць на судовым працэсе, бо з’яўляецца афіцэрам арміі генерала Франка і змагаецца на фронце ля ракі Эбро. Другі абвінавачаны Салес сёння жыве ў Англіі, а трэці — Ландаў, па распараджэнні якога Плаза і Салес прывезлі каштоўнасці ў Польшчу, зараз у Мадрыдзе. Учора ў Вільню прыехаў і быў дапытаны ўласнік скарбу, іспанскі гранд Мігель Веласкез”, — пісаў “Віленскі кур’ер” у кастрычніку 1938 года.

Што ж за багацце кантрабандысты тайна прывезлі ў даўнюю сталіцу ВКЛ? Размова ішла пра 48 сапфіраў, 2 рубіны, 29 брыльянтаў, 8 брошак, 3 бранзалеты, 2 пярсцёнкі і 4 булаўкі. Усё з золата.

Польскія ўлады падлічылі, што, каб прывезці гэтыя каштоўнасці ў Польшчу, яе ўласнікам трэба было заплаціць мыту ў 307 тысяч злотых. У рэшце рэшт, суд вырашыў вярнуць каштоўныя камяні і ўпрыгожванні ўласніку, а іспанскіх кантрабандыстаў прысудзілі да высокіх штрафаў.

 

З Заходняй Беларусі да Гдыні ў люксавым цягніку за 33 злотых

Вялікую ўвагу міжваенныя польскія выданні, якія выходзілі ў Заходняй Беларусі, надавалі развіццю турызма ў рэгіёне. У красавіку 1938 года газета “Віленскі кур’ер” пісала пра дзейнасць Польскага краязнаўчага таварыства ў Баранавічах. “У гэтым годзе арганізацыя ажыццявіла 4 экскурсіі, з якіх две — у Вільню цягніком, у іх узялі ўдзел каля 1 200 чалавек, адну —  у Пінск і адну —  у Варшаву. Таварыства прыняло экскурсантаў з іншых польскіх рэгіёнаў (каля 220 чалавек). У гэтым годзе Таварыства скончыла працу над падрыхтоўкай даведнікаў па месцах Міцкевіча, Рэйтана, а таксама па Палессі. Прынята рашэнне больш інтэнсіўна працаваць у рэгіёнах і зрабіць прадстаўніцтва ў Новай Мышы, Снове і іншых месцах. Вырашана таксама стварыць курган у памяць Тадэвуша Рэйтана ў Рэйтанаве ля Ляхавічаў. Да краязнаўчай працы больш актыўна будзе прыцягвацца школьная моладзь”, — пісалася ў газеце.

Насамрэч у гэты перыяд у Польшчы расла цікавасць да ўсходніх ваяводстваў. Людзі з этнічна польскіх тэрыторый імкнуліся ўласнаручна ўбачыць дзікую палескую прыроду, выкупацца ў возеры Нарач, пахадзіць па сцежках, якімі хадзілі знакамітыя культурныя і палітычныя дзеячы некалі магутных Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ды і самі жыхары Заходняй Беларусі маглі скарыстацца выдатнымі турыстычнымі прапановамі.

Напрыклад, летам 1939 года адна з польскіх газет, якая выдавалася ў Заходняй Беларусі, заклікала мясцовых жыхароў здзейсніць турнэ па маршруце Вільня-Варшава-Гдыня на люксавым турыстычным цягніку. “Тры дні на моры. Дзень у сталіцы. У цягніку вы зможаце атрымаць асалоду ад выступу кабарэ. У Гдыні турысты спыняюцца ў Турыстычным гатэлі. І ўсё гэта за 33 злотых”, — адзначалася ў выданні.

…Восенню 1939 года жыхары Заходняй Беларусі вымушаны будуць забыцца пра галівудскае і польскае кіно, гучныя аферы, звязаныя з “селебрыці”, і турыстычныя паездкі. Пачнецца цяжкае выпрабаванне, перажыць якое наканавана будзе не кожнаму.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!