1583 0

Аднойчы больш пільна паглядзеў ёй у вочы, і ўсё — прыехалі…

14.02.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У журналісцкім асяродку даволі многа пар. Людзі побач працуюць, маюць блізкія погляды, захапленні і, натуральна, здараецца, што знаходзяць сярод калег сваю другую палову. Мы неаднойчы пісалі пра нашых калег, якія сустрэлі каханых у варунках, блізкіх да працоўных — такія сабе “службовыя раманы”.

Гэтым разам мы папрасілі распавесці пра сваё асабістае шчасце Наталлю Аблажэй і Васіля Фядосенку. Памятаем, калі яны ў Facebook абнародавалі свае стасункі, для многіх гэта было нечаканым. А нядаўна ў Наталлі і Васіля нарадзілася ўжо другая дачка.

Наталля Аблажэй: Мы пазнаёміліся на працы — здымалі візіт міністра замежных спраў

— Канфліктаў у нас няма, бо пасля нараджэння дзіцяці, я адышла ад спраў і не здымаю вось ужо два гады, — распавяла Наталля пра тонкасці блізкіх стасункаў з журналістам.  — І раней не было ў нас на працы рэўнасці або канкурэнцыі. Мы працуем у розных агенцтвах, у якіх розныя рынкі і спажыўцы, таму шматлікія здымкі мы рабілі разам: арганізоўвалі, дамаўляліся і ехалі. У будучыні, я планую вярнуцца ў прафесію. Магчыма, ад некаторых здымак давядзецца адмаўляцца, але думаць пра гэта рана, бо ў нас нарадзілася яшчэ адно дзіця. Можна будзе пра нешта казаць мінімум праз год. Што тычыцца двух журналістаў у сям'і, мне гэта вельмі падабаецца. Камандзіроўкі, праца па выхадных або да поўначы — чалавеку, не звязанаму з нашай працай, думаю, не вельмі лёгка зразумець гэта. А так мы працуем у адной сферы, і гэта дапамагае пазбягаць канфліктаў. Плюс — агульныя інтарэсы, вядома!

Мы пазнаёміліся таксама на працы — здымалі візіт міністра замежных спраў, здаецца, Ірана. Гэта здарылася 10 гадоў таму. Потым пачалі ездзіць разам на нейкія мерапрыемствы, арганізоўваць здымкі і г.д. Пра сям’ю і дзяцей задумаліся каля трох гадоў таму, калі надышоў пераломны момант у адносінах. Да гэтага мы былі партнёрамі і калегамі па працы. Мабыць, я сумую па тым часе і драйву. Напрыклад, неяк мы здымалі калонію белых чапляў на рацэ Лань. Даводзілася хадзіць па балоце, дзе вады было па грудзі. Начавалі зімой пры -23 °С у намёце. Сядзелі ў засідцы на дрэве каля 6 гадзін (хоць Васіль і па 12 гадзін можа чакаць моманту на дрэве). Здымалі Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску і г. д.

Прызнаю, што здымаць разам з каханым чалавекам куды больш прыемна і цікава. Мы дзялілі абавязкі на дваіх: хтосьці пракладае маршрут, хтосьці  кіруе аўтамабілем, хтосьці гатуе вячэру, а хтосьці робіць фатаграфіі.

Розніца ва ўзросце, вядома, уплывае. Дзіўна, калі б гэта было не так. Ён ідзе наперадзе, а я іду за ім. І мне гэта падабаецца. Тым не менш, усе рашэнні мы прымаем разам.

Васіль Фядосенка: Пераход у адносінах адбыўся раптоўна

Праца ў адной сферы — гэта вялікі плюс, на мой погляд. Мы шмат разам ездзілі на ўсялякія здымкі, у нас розныя спажыўцы прадукцыі і мы не канкурэнты. Цяпер узятая паўза на нейкі прамежак часу, бо дзеці — гэта вельмі важна, важней любой працы. Але Наташа плануе вярнуцца ў прафесію і мы яшчэ разам папрацуем, па меншай меры, у нас ёсць гэта ў планах. Як усё гэта арганізаваць пры наяўнасці малых дзяцей у сям'і — гэта толькі тэхнічнае пытанне.

Пераход з адной якасці ў іншую ў нашым адносінах адбыўся раптам. Гэта калі ты раптам глянуў больш пільна ў вочы і зразумеў — усё, прыехалі. Ну, а потым прыйшоў час прыняцця рашэнняў…

У нас 25 гадоў розніцы і ў нас атрымліваецца сумяшчаць і накіроўваць у правільнае рэчышча мой жыццёвы досвед і нецярплівасць і энергічнасць Наташы.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” віншуе ўсіх калег з Днём закаханых! Няхай нашым прафесійным поспехам заўсёды спадарожнічае асабістае шчасце!

Валянціны і Валянціны: Журналістыка — супер-рамантычная прафесія!

Фота з архіву Наталлі Аблажэй і Васіля Фядосенкі

Каментары