НЕ - ВАЙНЕ!
1380

Адэкватная карціна свету і дапамога ў прыняцці рашэнняў

18.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэта тое, чаго чакае ад сучасных медыяў сённяшні спажывец інфармацыі.

Тэзу, якой падзяліўся на трэнінгу ў Мінску расійскі медыяэксперт Юрый Пургін, сфармуляваў не ён, а рэдакцыя “The New York Times”. Аднак гэткі падыход аналітык цалкам падзяляе і стараецца будаваць у адпаведнасці з ім уласны медыябізнэс.

Існуе мноства распрацаваных спецыялістамі спосабаў падаць інфармацыю зручна для карыстальніка. Юрый Пургін падзяліўся некаторымі падыходамі, якія выкарыстоўвае кіраваны ім медыяхолдынг “Алтапресс”.

Вылучаць галоўнае і ранжыраваць інфармацыю. Патрэбны ўсё больш строгі адбор навінаў: не варта загрувашчваць стужку тым, што нічога не нясе па сутнасці. “Мы думаем зараз, як са 100 навінаў на дзень “з’ехаць” да 40 – але такіх, якія больш чытаюць”, – прызнаўся эксперт.   

Добра чытаюцца матэрыялы-тлумачэнні з ключавымі пытаннямі ў загалоўках – “чаму”, “навошта”, “тры прычыны, каб…” і інш. Вельмі карысныя рубрыкі: “Выбар рэдактара” і “Рэйтынг карыстальніцкага інтарэсу”.

Загаловак павінен быць кампактны і “трапляць чытачу ў галаву”. Наогул жа спіс патрабаванняў да загалоўкаў складаецца з двух дзясяткаў пунктаў, якія эксперт нават не пералічваў – каму цікава, той знойдзе.

“Калі ў карыстальніка нешта пытацца, ён робіцца актыўней на 21%. Калі яго прасіць прагаласаваць – на 400%”, – дзеліцца назіраннямі эксперт.

“Кажуць, што лонгрыды выходзяць з моды. Дзесьці гэта так, а дзесьці яны яшчэ і не пачыналіся… Сёння кожны сур’ёзны тэкст павінен быць напісаны як лонгрыд з мультымедыйнымі дадаткамі”.

Разам з тым, Юрый Пургін не надта засяроджваўся на прапісных для многіх вэб-рэдактараў ісцінах. Асноўны ўпор рабіўся якраз на практыку. Напрыклад, у часе сесіі па манетызацыі кантэнту ўдзельнікам трэнінгу давялося “прадаваць” адзін аднаму свае медыяпраекты. На наступнай сесіі ўлетку гэтага года эксперт будзе высвятляць, якія з праектаў зацікавілі рэальных пакупнікоў.

Нагадаем, што Юрый Пургін – заснавальнік і генеральны дырэктар расійскага выдавецкага дома «Алтапресс» – кансультуе групу беларускіх выданняў у межах доўгатэрміновай праграмы “Канвергентныя СМІ”, распрацаванай шведскім інстытутам FOJO. Сярод удзельнікаў праграмы – рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” (Маладзечна), “Інфа-кур’ера” (Слуцк), Intex-Press (Баранавічы), “Информ-прогулки” (Лунінец), сайта “Белрынок” (Мінск), “Ганцавіцкага часу”.

У хуткім часе чытайце на нашым сайце эксклюзіўнае інтэрв’ю з Юрыем Пургіным.

Не выжыванне, а развіццё. Беларускія СМІ вучацца думаць стратэгічна

Хто вы – “адзінокі рэйнджар”, “бюракрат”, “следчы” ці “мёртвы пень”?

Пра “Алтапресс”, яго гісторыю і ролю ў ёй Юрыя Пургіна

Пра тое, чаму “Алтапресс” вырашыла прадаць сваё радыё і засяродзіцца на інтэрнэце

Пра прафесійныя дасягненні Юрыя Пургіна

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!