255 0

Абмежаванні свабоды дзейнасці ў Інтэрнэце / 1.01.2017-31.12.2017

06.04.2018

2017

У 2017 г. працягвалася справа выкладчыка БДУІР Юрыя Паўлаўца, школьнага вартаўніка Дзмітрыя Алімкіна, рэдактара часопіса «Новая эканоміка» Сяргея Шыптэнкі, якія былі затрыманы ў снежні 2018 г. Яны публікавалі свае артыкулы, у якіх выказваліся пра нежыццездольнасць беларускай мовы і несамастойнасць беларусаў як этнасу, а таксама крытыкавалі беларускія ўлады за недастатковую лаяльнасць інтарэсам Расіі, на расійскім сайце regnum.ru

10 лютага Следчы камитэт паведаміў газеце “Наша ніва”, што яны не знаходзяцца ў статусе падазраваных — ім прад'яўлена абвінавачанне па першай частцы артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (“Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні”). 

6 мая на двух з арыштаваных аўтараў— Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку — завялі новыя крымінальныя справы па ч. 1 артыкула 233 Крымінальнага кодэкса (“Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”).

30 жніўня афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова паведаміла, што ўсім тром аўтарам “Рэгнума” выстаўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае адказнасць за распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, якое было здзейснена групай асобаў. 

У гэтай крымінальнай справе быў яшчэ адзін фігурант — Юрый Баранчык, супрацоўнік “Рэгнума”, які жыве ў Маскве. У дачыненні да яго была завочна прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Завочна яму было выстаўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

2 лютага 2018 г. суд прызнаў Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку вінаватымі ў парушэнні часткі 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне варожасці паводле нацыянальнай прыналежнасці у складзе групы. Яны былі 5 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 3 гады (да ўступлення прысуду ў сілу асуджаныя павінны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе). Ад абвіначання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці дзяржаўнае абвінавачанне адмовілася ў ходзе судовага працэсу.

10 студзеня Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да 11 сайтаў (dengi-srochno.by, dengi-bystro.by, zaem-vsem.by, fxline.by, landing.fxline.by, streamforex.by , weltrade.ru, by.weltrade.com, stforex.com, ru.mtrading.com, mtrading.by) у адпаведнасці з пісьмовым паведамленнем Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

На рэсурсах dengi-srochno.by, dengi-bystro.by, zaem-vsem.by размяшчалася рэклама аб прадастаўленні мікрапазык неабмежаванаму колу асоб фізічнымі асобамі, якія не ўключаны ў рэестр мікрафінансавых арганізацый. Астатнія восем сайтаў былі заблякаваныя з-за рэкламы арганізацый, якія не ўключаны ў рэестр форэкс-кампаній.

18 студзеня вечарам і ўначы сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў baj.by апынуўся пад цяжкай DDoS атакай. Праца сайта была адноўленая раніцай 19 студзеня шляхам адключэння некаторых формаў зваротнай сувязі. Увесь дзень яна была няўстойлівай.

25 студзеня быў абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайту sputnikipogrom.com у адпаведнасці з загадам Міністэрства інфармацыі ад 23 студзеня 2017 г. Падставай паслужыла рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на гэтым інфармацыйным рэсурсе.

Дадзенае рашэнне суда было прынята з улікам экспертнага заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Камісія прыйшла да высновы, што ў  шэрагу матэрыялаў, апублікаваных на сайце sputnikipogrom.com, утрымліваюцца прыкметы праявы экстрэмізму ў частцы інфармацыі, накіраванай на распальваньне нацыянальнай варожасці або розні, прапаганду перавагі альбо непаўнавартаснасці на падставе іх нацыянальнай або моўнай прыналежнасці, а таксама гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.

Распаўсюджванне такіх інфармацыйных паведамленняў забаронена ў адпаведнасці з артыкулам 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі".

12 сакавіка відэа-блогеры Сяргей Пятрухін і Дзмітрый Гарбуноў былі затрыманы міліцыяй ў Брэсце напярэдадні акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкага “дэкрэта аб дармаедах", якую яны мелі намер асвятляць. У аддзяленні міліцыі супраць іх былі складзены пратаколы за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

14 сакавіка суд Ленінскага раёна г. Брэста  прысудзіў абодвум блогерам 15 сутак арышту ў адпаведнасці з арт. 23.34 КаАП.

13 сакавіка відэаблогер Максім Філіповіч, які вёў прамую трансляцію з некалькіх пратэстаў, быў завочна прысуджаны да 13 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, " маршы недармаедаў" у Гомелі. Пазней ўвечары ён быў арыштаваны ў доме бацькоў з дапамогай АМАПу. Філіповіч абвясціў галадоўку ў турме.

23 сакавіка, у той час як блогер адбываў адміністрацыйны арышт, гомельскі суддзя прысудзіў яму яшчэ пяць дзён за ўдзел ў акцыях пратэсту "недармаедаў” у Брэсце.

31 сакавіка Філіповіч быў прысуджаны яшчэ да сямі дзён у турме за ўдзел у такой самай акцыі пратэсту ў Маладзечне; гэта стала вядома, у той дзень, калі ён павінен быў вызваліцца пасля 18-дзённага пазбаўлення волі.

13 сакавіка Дзмітрыя Сабурава, які ў сваім відэаблогу рэзка крытыкаваў дэкрэт аб «дармаедах», патэлефанаваў невядомы, які нібыта хацеў дапамагчы. Па словах блогера, ён сказаў, што ў Гомельскім УУС рыхтуецца правакацыя супраць Сабурава: хочуць падкінуць наркотыкі альбо нібыта ёсць нейкая асоба, які будзе сведчыць, што ён распаўсюджваў наркотыкі. Блогер палічыў гэта запалохваннем, таму што тады ж яшчэ аднаму актывісту паступіла інфармацыя, што на ўсіх, каму прыходзілі позвы пасля пратэстаў, рыхтуюцца крымінальныя справы.

25 сакавіка ў час акцыі прысвечанай Дню волі быў затрыманы Дзяніс Івашын, рэдактар сайта informnapalm.org. 27 сакавіка ён быў пакараны арыштам на 5 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Дзяніс Івашын абскардзіў ва ўсіх інстанцыях пастанову суда Фрунзенскага раёна Мінска, у час разгляду якога высветлілася, што ў справе быў заменены пратакол затрымання і ў новым пратаколе фігуравалі іншае месца затрымання і сведкі. Няглядзячы на гэта, пастанова суда першай інстанцыі была пакінута ў сіле.

26 сакавіка блогеры і журналісты затрымліваліся міліцыяй у шэрагу гарадоў Беларусі, каб папярэдзіць асвятленне акцый салідарнасці з пратэстоўцамі, якіх затрымлівалі і збівалі днём раней, у Дзень Волі.

У Мінску быў затрыманы і правёў ноч у зняволенні блогер Раман Пратасевіч. 27 сакавіка Пратасевіч быў прысуджаны да дзесяці дзён арышту за хуліганства.

У Бабруйску быў затрыманы блогер Дзяніс Носаў. Правёўшы некалькі гадзін у аддзяленні міліцыі, усе яны былі вызваленыя.

У Оршы быў затрыманы рэдактар ​​сайта orsha.eu Ігар Казмерчак. У міліцыі супраць яго быў складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У Брэсце рэдактар сайта “Віртуальны Брэст” (virtualbrest.by) Андрэй Кухарчык быў затрыманы і дастаўлены ў Ленінскі РАУС, пасля чаго быў вызвалены.

28 сакавіка Ленінскім РАУС горада Брэста быў затрыманы рэдактар партала «Рэальны Брэст» (realbrest.by) Дзяніс Марук. Марук рабіў рэпартажы з акцый «недармаедаў». На адной з іх ён паказаў сярэдні палец чалавеку ў цывільным, які здымаў яго на камеру. Калі яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве за непрыстойны жэст на адрас супрацоўніка міліцыі, ён не пагадзіўся з абвінавачваннем, якое патрабавалі падпісаць. Пасля гэтага, як сцвярджае Марук, яго пачалі жорстка збіваць. «Каб захаваць свае відэаматэрыялы я засунуў флэшку ў рот. Мяне пачалі біць яшчэ больш жорстка, аб падлогу, па нагах, па нырках. Засунулі нейкую брудную лыжку ў рот, спрабуючы выцягнуць флэшку, парвалі ўсю вопратку», - расказаў журналіст. Маруку выпісалі штраф за дробнае хуліганства ў памеры 46 рублёў.

Дзяніс Марук звярнуўся са скаргамі ў мясцовую пракуратуру і Следчы камітэт. Заява рэдактара амаль тры месяцы разглядалася ў Следчым камітэце, пакуль адтуль не прыйшоў адказ, што падставаў заводзіць справу няма. З адказу вынікала, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закона, а ўсталяваныя ў Ленінскім РАУС відэакамеры не зафіксавалі фактаў збіцця журналіста.

5 красавіка Суд Оршы і Аршанскага раёна прызнаў вінаватым рэдактара сайта  orsha.eu Ігара Казмерчака ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту паводле часткі 1 арт. 23.34 КаАП. Ён апублікаваў на сваім сайце матэрыял пра “марш недармаедаў” у Оршы, які адбыўся 12 сакавіка. 5 красавіка Казмерчаку патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі зайсці нібыта для размовы. Аднак там яго пасадзілі ў машыну і павезлі ў суд. Суддзя Юлія Хаткевіч пастанавіла аштрафаваць Ігара Казмерчака на суму 575 рублёў.

6 красавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі на працягу сакавіка 2017 г. прыняла рашэнні аб абмежаванні доступу да 11 інтэрнэт-рэсурсаў. Так, у адпаведнасці з паведамленнем Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь абмежаваны доступ да інфармацыйнага рэсурсу, размешчаным у даменнай зоне .ru, які змяшчае паведамленні і матэрыялы, накіраваныя на незаконны зварот наркотыкаў.

Таксама на падставе пісьмовых паведамленняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь і Магілёўскага аблвыканкама абмежаваны доступ да 3 інфармацыйных рэсурсаў (forexoptimum.by, freshforex.org і forex-minsk.net) за размяшчэнне неналежнай рэкламы дзейнасці па здзяйсненні аперацый з беспаставачнымі пазабіржавым фінансавымі інструментамі, да 2 інфармацыйных рэсурсаў (dengi-v-dolg-pod-procenty.ook.by і expresszaem.net) - за размяшчэнне неналежнай рэкламы аб прадастаўленні мікрапазык неабмежаванаму колу асоб, а таксама да 5 інфармацыйных рэсурсаў у даменных зонах .top, .su і .by - за размяшчэнне неналежнай рэкламы лекавых сродкаў.

11 красавіка жыхарка Воршы Юлія Малышава была асуджана да штрафу за анлайн-трансляцыю ў сацсетцы “Одноклассники”. Разам з іншымі валанцёрамі яна наведала мясцовы пункт адлову жывёл і паказала, у якіх умовах утрымліваюцца там сабакі. Супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыю, якая забрала дзяўчыну ў аддзяленне. Юлію Малышаву абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі (арт. 23.4 КаАП), незаконным пранікненні на аб'ект, які ахоўваецца (арт. 23.14 КаАП), а таксама ў незаконным выраб і распаўсюдзе прадукцыi сродку масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП), хаця яна ніколі не супрацоўнічала са СМІ і журналістам сябе не лічыць. На наступны дзень справу Малышавай разгледзела суддзя Алеся Дранькова. У выніку дзяўчына атрымала сумарна па трох артыкулах штраф у памеры 1058 рублёў.

1 мая блогер Зміцер Гарбуноў быў затрыманы міліцыяй у Брэсце, калі ён выходзіў са сваёй кватэры разам з грамадзянскім актывістам Аляксандрам Кабанавым. Гэта абдылося за паўгадзіны да пачатку акцыі «чыстых аркушаў», якую ён збіраўся асвятляць. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС, на іх склалі пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі і змясцілі ў ізалятар да суда.

3 мая суддзя суда Ленінскага раёна г. Брэста Дзмітрый Шурын прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 10 сутак арышту.

2 чэрвеня вядомы Гомельскі блогер Максім Філіповіч быў абвінавачаны ў адпаведнасці з артыкулам 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у незаконнай вытворчасці і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. 17 відэа і стрымаў на розныя вострыя тэмы былі пералічаныя ў матэрыялах справы супраць Філіповіча. Усе яны былі размешчаны блогерам на сваім YouTube канале “Гарантий НЕТ”, які мае больш за 24000 падпісчыкаў. У пратаколе сцвярджалася: «З улікам росту папулярнасьці свайго канала Максім Філіповіч фактычна падмяняе сабою дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і ў фармаваньні грамадзкай думкі сярод грамадзян». 13 чэрвеня  Максім Філіповіч даведаўся, што суд Савецкага раёна горада Гомеля адмовіўся разглядаць яго справу і адправіў пратакол на дапрацоўку назад у міліцыю.

10 ліпеня быў складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да шырока вядомага гомельскага блогера Максіма Філіповіча. Ён быў выкліканы ў міліцыю і абвінавачаны ў незаконнай вытворчасці і распаўсюдзе прадукцыі масавай інфармацыі (арт. 22.9 КаАП), таму што ён не зарэгістраваў свой канал на YouTube у якасці сродку масавай інфармацыі. 21 ліпеня суд спыніў справу супраць Філіповіча з-за адсутнасці складу злачынства.

7 жніўня Эканамічны суд Брэсцкай вобласці абавязаў блогераў Сяргея Пятрухіна і актывіста Руху “За Свабоду" Дзяніса Турчаняка выдаліць сюжэт-расследванне пад назвай “Дынамаўская афера”, які быў змешчаны на YouTube у лютым 2017 г. Відэаролік тычыўся лёсу зямельнага ўчастка, які быў прадастаўлены Брэсцкім гарвыканкамам у арэнду УП “Дынама Цэнтр”. Аўтары расследавання выказалі меркаванне, што гэтае прадпрыемства атрымала зямлю ў брэсцкім мікрараёне Кавалёва бескаштоўна праз ценявыя схемы. Цяпер на згаданым участку пабудавана крама гандлёвай сеткі “Рублёўскі”, а дынамаўская структура дачынення да яго не мае. Аўтары відэароліка лічылі, што УП “Дынама Цэнтр” распарадзілася зямельным участкам, атрыманых на льготных умовах, няслушна, нерацыянальна і насуперак першапачатковым мэтам.

Вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства “Дынама Цэнтр”, заснавальнікам якога з’яўляецца Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства “Дынама”, не пагадзілася з высновамі блогераў і накіравала заяву ў суд. У зыску было выказана патрабаванне забараніць распаўсюд відэароліка, абавязаць аўтараў абвергнуць пададзеныя ў сюжэце звесткі, а таксама кампенсаваць выдаткі па аплаце дзяржаўнай пошліны. Падчас разбіральніцтва былі прадстаўлены дадатковыя дакументы, да якіх адказчыкі не мелі доступа падчас свайго расследвання.

У сваім рашэнні намеснік старшыні Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Ніна Дзяркач абвесціла, што інфармацыя ў расследаванні Сяргея Пятрухіна і Дзяніса Турчаняка не адпаведае рэчаіснасці, ганіць дзелавую рэпутацыю УП “Дынама Цэнтр” і забараніла аўтарам відэароліка яго распаўсюд “на любых рэсурсах сеткі інтэрнэт”. Акрамя таго, Пятрухін і Турчаняк мусяць змясціць абвяржэнне згодна з тэкстам, прапанаваным ініцыятарам зыску.

30 кастрычніка ў Барысаве журналіста сайта ex-Press.by Паўла Сляпухіна, які асвятляў несанкцыянаваны пікет з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны, прымусова завезлі ў аддзяленне міліцыі. Журналіста затрымалі разам з удзельнікамі пікета.На спробу адмовіцца ехаць у міліцыю капітан Сяргей Якімовіч задаваў пытанне: “Вы адмаўляецеся падпарадкоўвацца патрабаванням супрацоўніка міліцыі?” Пасля гутаркі ў РУУС, якая доўжыліся з гадзіну, усе журналісты былі адпушчаныя. Па словах Сляпухіна, у яго выдалілі ўсе фотаздымкі, зробленыя падчас пікету.

4 лістапада стала вядома, што Міністэрства інфармацыі на працягу кастрычніка 2017 г. прыняла рашэння аб абмежаванні доступу да 17 інтэрнэт-рэсурсаў (іх састаўных частак).

Так, каб выканаць рашэньне суда Цэнтральнага раёна г.Мінска абмежаваны доступ да 11 старонках сацыяльных сетак, на якіх размешчана інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Таксама на падставе пісьмовых апавяшчэнняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь абмежаваны доступ да 4 інфармацыйных рэсурсаў (dengi-v-minsk.com, zaimvezde.com, dengi-zaem.com, vdolgdengi.com) за размяшчэнне неналежнай рэкламы аб прадастаўленні мікрапазык неабмежаванаму колу асоб, да інфармацыйнага рэсурсу 24-landing.ru - за размяшчэнне неналежнай рэкламы лекавых сродкаў, а таксама да інфармацыйнага рэсурсу i-centr.by - за размяшчэнне нядобрасумленнай рэкламы аб умовах продажу тавараў.

24 лістапада журналістку інфармацыйна-навінавага партала Край.by Кацярыну Сушко не пусцілі на пасяджэнне Маладзечанскага райвыканкама, у той час як журналістаў дзяржаўных СМІ пусцілі. Журналістка загадзя паведаміла пра свой намер прысутнічаць на пасяджэнні “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў 2017 г.” Аднак выканаць свае прафесійныя абавязкі Кацярына Сушко не змагла. Ля дзвярэй у канферэнц-залу яе спыніла Валянціна Даўбенка, супрацоўніца сектара ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама. Яна заявіла: “На пасяджэнні прысутнічаюць нашы СМІ, заснавальнікамі якіх мы з’яўляемся. У мяне ёсць спіс запрошаных людзей – вас там няма, у вас адсутнічае акрэдытацыя на дадзенае мерапрыемства, у вас няма рэдакцыйнага задання”.

6 снежня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі на працягу лістапада 2017 года прыняла рашэнні аб абмежаванні доступу да 9 інтэрнэт-рэсурсаў.

За распаўсюд інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў абмежаваны доступ да двух інфармацыйных рэсурсаў, за прапаганду парнаграфіі - да аднаго інфармацыйнага рэсурсу.

На падставе пісьмовых паведамленняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь абмежаваны доступ да 6 інфармацыйных рэсурсаў (dengitut3.by, immigrant.by, bn.by, belaruscity.net/minsk/photo-22619.html, пазыку-пад-залог.бел, belarusgo.com) за размяшчэнне неналежнай рэкламы.

Таксама было вынесена пісьмовае папярэджанне рэдакцыі газеты "Борисовские новости" і ўладальніку інфармацыйнага рэсурсу borisovnews.by - прыватнаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству "Букас медыя-цэнтр" - за парушэнне патрабаванняў артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі". Падставай для гэтага папярэджання стала інфармацыя, змешчаная ў артыкуле «Рассерженные люди выйдут на площадь» ад 4 кастрычніка, у якой узгадвалася несанкцыянаваная акцыя Марш абураных беларусаў 2.0, які меўся адбыцца 21 кастрычніка  на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

14 снежня Міністэрства інфармацыі апублікавала рашэнне заблакаваць доступ да інтэрнэту-сайту belaruspartisan.org з-за «сістэмнага парушэння закона аб СМІ» - рэгулярнага размяшчэння матэрыялаў, у якіх змяшчаецца забароненая інфармацыя. Міністэрства не ўказала якуюсь канкрэтную «забароненую інфармацыю», апублікаваную на сайце.

Belaruspartisan.org быў створаны ў 2005 годзе вядомым беларускім журналістам Паўлам Шараметам, які быў забіты ў 2016 годзе ва Украіне. Ён лічыцца адным з самых папулярных навінавых рэсурсаў у Беларусі. У апошні час каля двух мільёнаў карыстальнікаў наведвалі belaruspartisan.org штомесяц.

14 снежня сайт Bsblog.info, які ўзначальвае былы міліцэйскі следчы аналітык Андрэй Паротнікаў быў узламаны. У матэрыял пра камандзіроўку Паротнікава ў Румынію былі дадзеныя антырасійскія выказванні.

Да 20 снежня с пачатку 2017 г. Міністэрствам інфармацыі было вынесена інфармацыйным рэсурсам. За гэты ж перыяд 2017 г. Міністэрства інфармацыі прыняла рашэнні аб абмежаванні доступу да 106 інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. Такія звесткі на запыт прэс-сакратара ГА “БАЖ” Барыса Гарэцкага прадаставіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

27 снежня журналіст сайта “Першы рэгіён” Павел Дайлід не быў дапушчаны на сесію раённага савета дэпутатаў ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці, дзе разглядаўся бюджэт Івацэвіцкага раёна на 2018 год, а таксама выкананне плана сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. На ўваходзе ў залу пасяджэнняў яго спыніў намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама па ідэалагічнай працы Аляксандр Велікаселец, які запатрабаваў “акрэдытацыю пры райвыканкаме”. У выніку журналіста на сесію не пусцілі, нягледзячы на тое, што пасяджэнне было адкрытым.

Каментары