354 0

«Абарона крыніц інфармацыі»: mission impossible?

28.09.2017 Крыніца: Марыя Савушкіна для baj.by

Ці магчыма атрымаць цікавую гісторыю і не згубіць (не падставіць) сваю крыніцу?

У «Прэс-клубе Беларусь» журналісты і юрысты абмеркавалі працу з крыніцамі інфармацыі і падзяліліся цікавымі выпадкамі з рэдакцыйнай практыкі.

Удзельнічалі ў дыскусіі адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна, рэдактар і журналіст медыяпраекта "Имена" Таццяна Дарашчонак, журналіст The Village Андрэй Дзічэнка, медыяэксперт Марына Загорская і іншыя.

Агульнае ўражанне ад сустрэчы: камунікацыя ўнутры медыйнай сферы патрабуе новага якаснага ўзроўню. Што нас штурхае? Тэхналогіі. Працаваць у інтарэсах аўдыторыі становіцца ўсё больш складана, а бараніць крыніцы і даць ім хоць нейкія гарантыі амаль немагчыма. Тым не менш…

Парады для журналістаў і рэдакцый ад адваката Марыі Колесавай-Гудзілінай:

  • Складаць пісьмовую дамову (браць пісьмовую згоду на публікацыю) з героямі матэрыяла. Што гэта дасць? Гэта захавае рэдакцыю і журналіста ад прэтэнзій з боку героя пасля выхаду матэрыяла. А таксама гэта гарантыя, што герой не запатрабуе прыбраць сваё фота, факты ці змяніць матэрыял іншымі сродкамі. «Гэта практыка пакуль не распаўсюджаная ў Беларусі. Але такая дамова абараняе журналіста ад прэтэнзій героя і пацвярджае, што журналіст не прыдумаў гісторыю. Плюс складанне такіх дамоваў якасна падвысіла б нашую прававую культуру», — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна. Больш за гэта, вусныя дамоўленасці, распаўсюджаныя цяпер, юрыст называе «прававым бескультур’ем» і кажа, што «ніводнае аўтарытэтнае замежнае СМІ не апублікуе інтэрв’ю без пісьмовай згоды».
  • Захоўваць аўдыёзапіс размовы. Запіс размовы — гэта і крыніца, і сродак доказу (у судзе), і абарона журналіста. Гэта факт і аргумент. Журналіста немагчыма абвінаваціць у паклёпе, калі ёсць запіс. Суды ў Беларусі прымаюць аўдыёзапісы ў якасці аргумента — гэта трэба памятаць. Колькі часу захоўваць запісы інтэрв’ю? «Каля трох год — гэта тэрмін вышуковай даўнасці», — раіць юрыст.
  • «Выкарыстоўвайце сродкі шыфравання — у вас ёсць такое права. Толькі пільна сачыце за тым, каб выкарыстанне такіх інструментаў не было скіраванае на ўтойванне інфармацыі аб парушэннях», — кажа Марыя.
  • Не браць інфармацыю з сацыяльных сетак без дазволу. «Я раю СМІ і журналістам заўсёды пытацца — гэта не складана», — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна. Адвакат прызнае, што інфармацыя, якая яшчэ 10 год таму лічылася асабістай, сёння такой ужо не з’яўляецца. Сітуацыю ўскладняе тое, што дадзеная сфера не ўрэгуляваная заканадаўча. Тым не менш, акаўнты ў сацыяльных сетках, з прававога пункту гледжання, застаюцца асабістай прасторай. Адпаведна, запытаць дазвол на выкарыстанне інфармацыі — абавязак рэдакцый і медыяпрафесіяналаў.

«Заканадаўства і этычныя кодэксы працы журналістаў і СМІ састарэлі», — думка якая гучала неаднаразова на сустрэчы. Што перш за ўсё трэба выправіць? «Самае вострае пытанне — гэта рэгуляванне працы інтэрнэт-медыя і абарона інфармацыі, — кажа адвакат. — Пра гэта гавораць ужо 10 год і будуць казаць у будучыні, бо тэхналогіі не стаяць на месцы».

«Имена» — медыя, якое заўсёды стане на бок сваіх герояў

«Имена» — дабрачынная краўндфандынгавая платформа і часопic, якiя змянілi медыясферу. Дзякуючы ім мы ўбачылі, што СМІ могуць больш — не толькі інфармаваць, але і дапамагаць, змяняць сітуацыю, вырашаць праблемы. Як рэдакцыя «Имена» працуе з крыніцамі? Адказвае рэдактар і журналіст выдання Таццяна Дарашчонак:

«Мы правяраем інфармацыю. Факты, якія герой распавядае нам у сваёй гісторыі, мы звычайна спраўджваем, — накіроўваем запыты ў міністэрствы і г. д. Якасная і сур’ёзная журналістыка, — такую планку мы паставілі сабе ад пачатку», — кажа рэдактар.

Таццяна распавяла пра такі выпадак. Герой аднаго з матэрыялаў, інфіцыраваны ВІЧ, папярэдне даў згоду на размяшчэнне сваіх фотаздымкаў (на якіх цяжка пазнаць яго твар). Аднак пасля публікацыі ён звярнуўся ў рэдакцыю і папрасіў прыбраць фота, бо яго пазналі знаёмыя. Рэдакцыя пайшла яму насустрач. Ці правільна гэта?

«Я лічу, што ў выпадках, калi гэта небяспечна для героя, рэдакцыя заўсёды павінна выступаць у інтарэсах героя і абараняць яго. Мы робім такі выбар», — кажа Таццяна Дарашчонак.

Што яшчэ карыснага для журналістаў?

Рэдакцыі і журналісты абавязаны адказваць і раскрываць крыніцу інфармацыі толькі на падставе афіцыйнага запыту следчага органа альбо суда. Усе астатнія спробы даведацца пра крыніцы можна ігнараваць. «Я настойліва раю не размаўляць "пра надвор’е" з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Калі яны хочуць з вамі пагаварыць — у іх павінна быць падстава», —  кажа юрыст Марыя Колесава-Гудзіліна.

У Беларусі былі выпадкі, калі суд пастанавіў раскрыць крыніцу інфармацыі.

Шмат якія справы, заведзеныя на журналістаў, засакрэчаныя, і калегі не ведаюць што адбываецца. Чаму так? Калі ёсць запыт следчага органа, спрацоўвае «тайна следства».

Калі звычайна ад журналіста патрабуюць раскрыць крыніцу? Як правіла гэта грамадзянска-прававыя спрэчкі ў галіне абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Абарона крыніц інфармацыі звязана са свабодай слова, якая гарантаваная Канстытуцыяй.

Андрэй Дзічэнка, аўтар The Village расказаў пра цікавую акалічнасць

Цікава было паслухаць Андрэя Дзічэнку, аўтара артыкула пра гей-прастытуцыю для часопіса The Village. Нагадаю, што пасля гэтай публікацыі, адзін з журналістаў абвінаваціў Дзічэнку ва ўтойванні інфармацыі аб правапарушэнні і паведаміў, што па гэтаму факту напісаў запыт у пракуратуру. Справа набыла рэзананс у сацыяльных сетках і ў прафесійнай супольнасці.

На сустрэчы ў прэс-клубе Андрэй Дзічэнка распавёў, што ніколі не бачыў сваіх герояў, не ведае іх імёнаў і не мае кантактаў. Для інтэрв’ю Дзічэнка выкарыстоўвае галасавыя паведамленні ў мэсэнджары «Тэлеграм». «Гэта праграма мае зашыфраваныя каналы. Я пакідаю пытанне, праз некаторы час мне прыходзіць адказ. Пасля праслухоўвання інфармацыя выдаляецца. Гэта адзіны спосаб, які дазваляе камунікацыю з такімі героямі», — кажа Андрэй Дзічэнка.

Марына Загорская: «Правілы гульні на рынку СМІ імкліва змяняюцца»

Выпадак аўтара The Village пракаментавала Марына Загорская, сябра камісіі па этыцы ГА "БАЖ", дасведчаны журналіст і рэдактар.

«Мы бачым перасячэнне карпаратыўнага інтарэсу і грамадскай значнасці. Наколькі важнай для грамадства была тая інфармацыя, якую апублікаваў The Village? Меркаванні ў этычнай камісіі на гэты конт вельмі падзяліліся б, — лічыць Марына Загорская. — У этыцы няма гатовага алгарытму. Кожны выпадак асаблівы. Правілы гульні на рынку СМІ імкліва змяняюцца. Плюс, кодэксы па журналісцкай этыцы, прынятыя ў эпоху «да інтэрнэту», састарэлі і не адпавядаюць сучасным рэаліям. Сярод сябраў БАЖ ужо вядзецца дыскусія наконт неабходных і актуальных зменаў у кодэкс БАЖ па этыцы», — адзначыла Марына Загорская. 

Каментары