181 0

7 плюсаў і мінусаў забароны Вконтакте і ОК ва Ўкраіне

17.05.2017 Крыніца: Дзьмітры Гурневіч Франак Вячорка, Радыё Свабода

Ці паспрыяе забарона расейскіх сацыяльных сетак ва Ўкраіне перамозе ў інфармацыйнай вайне з Расеяй? Як гэты крок украінскіх уладаў адаб’ецца на беларускіх карыстальніках Вконтакте і ОК?

Журналісты Свабоды Дзьмітры Гурневіч і Франак Вячорка абмяркоўваюць плюсы і мінусы блякады расейскіх сацсетак ва Ўкраіне.

За

— Гэта скрайняя мера супраць краіны-агрэсара, якая праз сацыяльныя сеткі спрабуе дэструктыўна ўплываць на ўкраінцаў.

— Расея выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі для гібрыднай вайны. У выніку магутнай маніпуляцыі грамадзкім меркаваньнем паміраюць многія ідэі ўкраінцаў.

— Yandex.ru i Mail.ru — гэта вельмі папулярныя інфармацыйныя сэрвісы ва Ўкраіне. Іх забарона — сур’ёзны крок у барацьбе з дэзынфармацыяй.

— Расейскія хакеры ня змогуць узломваць профілі ўкраінскіх карыстальніх і выкарыстоўваць іх інфармацыю, у тым ліку для выведвальных мэтаў: паролі, прыватную перапіску.

— Сур’ёзны крок у барацьбе з пірацтвам. Гэта савецкая мэнтальнасьць — давайце проста ўкрадзем. Калі б украінцы і беларусы актыўна куплялі музыку ў інтэрнэце, то і цэны для іх падалі б. А пакуль яны плоцяць сярэднеэўрапейскія тарыфы. Украіна ў гэтым пляне ідзе ў бок Захаду.

— Карыстальнікі ОК і Вконакте і так пяройдуць у Фэйсбук, Твітар і Інстаграм. Уплыў расейскай прапаганды там невялікі.

— Гэта можа стаць імпульсам для стварэньня ўласных сацыяльных сетак.

Супраць

— Забарона выглядае ў іміджавым пляне як капітуляцыя Украіны ў інфармацыйнай вайне з Расеяй. - Забарона непапулярная і стварае дыскамфорт для ўкраінскіх карыстальнікаў, якія выкарыстоўваюць мэсэнджэры Ок і Вконтакте.

— Украіна страціла вельмі важную пляцоўку на інфармацыйным фронце, якая была для яе інструмэнтам супрацьдзеяньня дэзынфармацыі і працы з карыстальнікамі, якія вераць прапагандзе.

— Забарона не вырашыць пытаньня дэзынфармацыі. Украінцы змогуць карыстацца ОК і Вконтакте праз ананімайзэры.

— Беларусаў на ОК больш, чым на іншых сацыяльных сетках разам узятых. Яны цяпер застануцца там сам-насам з расейскай прапагандай, без голасу Украіны. А ўкраінскія карыстальнікі застануцца без альтэрнатыўнага голасу з Украіны. Самыя буйныя беларускія паблікі на Вконтакте — антыімпэрскія.

— Украінцы могуць мець праблемы з прачытаньнем лістоў і дадаткаў да іх ад беларусаў, якія карыстаюцца паслугамі сэрвісаў mail.ru i yandex.ru.

— Страта бясплатнай пляцоўкі, на якой можна было слухаць музыку, глядзець відэа.

Каментары