138 0

5 гадоў без Юрася Бушлякова, журналіста і мовазнаўца, аўтара кнігі «Жывая мова»

04.06.2018 Крыніца: svaboda.org

4 чэрвеня 2013 году пайшоў з жыцьця Юрась Бушлякоў, беларускі мовазнаўца, супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Ён нарадзіўся 29 траўня 1973 году ў Менску. Быў захоплены беларускім адраджэньнем 1980–1990-х. Пасьля заканчэньня школы з залатым мэдалём Юрась паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, закончыў яго з чырвоным дыплёмам.

 
Юрась Бушлякоў з маці Элеанорай у студыі Радыё Свабода
 
У журналістыку Юрась прыйшоў у 1994 годзе. Працаваў на Радыё 101,2, на Беларускай службе Польскага радыё, Радыё Рацыя, з 2004 году — на Радыё Свабода. Выдатныя лінгвістычныя веды, унікальны аксамітны тэмбар голасу, дар апавядальніка, яркая індывідуальнасьць — спалучэньне ўсіх гэтых якасьцяў зрабіла Бушлякова прыкметнаю мэдыйнаю пэрсонай у якасьці аўтара і вядоўцы папулярнай свабодаўскай праграмы «Магія слова» (2002–2004).
 
Юрась Бушлякоў, 2010 год
 
Адначасова сур’ёзна займаўся навуковай дзейнасьцю.

Юрась дасканала вывучыў усё, што было напісана пра беларускую мову, быў адным зь сяброў працоўнай групы для выпрацоўкі нормаў клясычнага правапісу беларускай мовы.

У 2003 годзе Юрась абараніў дысэртацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)». Выкладаў у БДУ, у Нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Менску, у Карлавым унівэрсытэце (Прага).

Аўтар кнігі «Жывая мова», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды» ўжо пасьля сьмерці Юрася, адзін з суаўтараў «Беларускага клясычнага правапісу» (2005). Таксама займаўся пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Зьбігнева Гэрбэрта, Яраслава Сэйфэрта.

Апошнія гады жыў і працаваў у Празе. Памёр у Менску ад цяжкой анкалягічнай хваробы. У Юрася засталіся бацькі, сын Янка.

 

Вячорка: Юрась шчыра любіў беларускую мову

Мовазнаўца Вінцук Вячорка ўспамінае Юрася Бушлякова як прафэсіянала.

Юрась Бушлякоў увасабляе для мяне новае, адкрытае, нарэшце абсалютна несавецкае пакаленьне беларускіх мовазнаўцаў. Меў лінгвістычны талент, а галоўнае — шчыра любіў беларускую мову. Юрась скарыстаў непрацяглае «вакно магчымасьцяў» і ўпершыню ў Беларусі абараніў дысэртацыю пра беларускі моўны пурызм — тэорыю і практыку мабілізацыі ўласных моўных рэсурсаў, дакладней — пра аднаго з найярчэйшых нашых пурыстых, ініцыятара вяртаньня ў мову слова «спадар» Янку Станкевіча, укладаў ягоныя зборы твораў. Фактычна вярнуў у поле зроку «афіцыйнага» мовазнаўства стратэгічна важную для разуменьня лёсу беларускае мовы ў ХХ ст. праблему — без ранейшых ідэалягічных шораў. Аднак у сваёй моўнай практыцы заўсёды быў вытрыманы, аб’ектыўны, зважаў на рэальны моўны стан.

Было надзвычай прыемна працаваць зь Юрасём у лябараторыі сучаснае кадыфікацыі беларускага клясычнага правапісу. Ягоная агульная і лінгвістычная эрудыцыя, моўная памяць, адчуваньне нормы і мяжы магчымых зьменаў (ён імпэт і мой, і іншых нярэдка рацыянальна стрымліваў) — рысы абсалютна канечныя для такое працы.

Заслугі Юрася як пэдагога і «моўнага» журналіста сувымерныя зь ягонымі навукова-тэарэтычнымі зьдзяйсьненьнямі. Кніга «Жывая мова» — мая настольная (і часта зьвяртаюся да аўдыёгутарак на сайце Свабоды, дзе гучыць ягоны непаўторны інтэлігентны і таму пераканаўчы голас). Мяккі стыль ягоных моўных парадаў цалкам пазбаўлены катэгарычнасьці. Ён паказвае перадгісторыю праблемы моўнага выбару і проста раіць. А маючы шырокі лінгвістычны, беларусазнаўчы, наагул культурны кругагляд — падказвае чытачу (калі ня йдзецца пра віавочныя памылкі): хутчэй за ўсё, моўныя працэсы сярод некалькіх варыянтаў выведуць у лідэры вось гэтае слова (форму, выраз). І ўявіце сабе — прагнозы Юрасёвы спраўджваюцца. Прыкладам, слова «зьвяз» упэўнена пашырае сваю нішу коштам пазычанага і ідэалягізаванага «саюзу». Зрэшты, калі гэта самапацьвярджальны прагноз — г. зн. на моўную практыку паўплывала рэкамэндацыя Юрася Бушлякова — дык выдатна, што маем такія сучасныя моўныя аўтарытэты.

Каментары