352 1

5 аргументаў супраць забароны “Дождя” ва Украіне

30.01.2017 Крыніца: Вадзім Мажэйка для baj.by

Адзіны незалежны грамадска-палітычны расійскі тэлеканал адключаюць ва Украіне згодна з рашэннем Нацыянальнай рады па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання. Які ў гэтым сэнс і чаго будзе болей — карысці альбо шкоды?

Аргумент № 1. Гэта нелагічна

“Дождь” — хіба не апошняе вялікае медыя ў Расіі, якое варта абвінавачваць у падтрымцы Крамля ды ягонай палітыкі адносна Украіны. Гэта апошняе расійскае тэлебачанне, якое мае ліберальную рэдакцыйную палітыку, падымае вострыя тэмы ды не залежыць фінансава ад дзяржавы альбо алігархаў. Калі Украіна хоча супрацьстаяць крамлёўскай прапагандзе, то ў яе інтарэсах як раз дэманстраваць, што ў Расіі ёсць і адэкватныя медыя з адэкватнай пазіцыяй. Напрыклад, “Дождь” праводзіў расследаванне ды складаў спісы расійскіх жаўнераў, што ваявалі і загінулі на Данбасе – вядома, гэта не падабаецца Крамлю. А вось Кіеў за такое мог бы сказаць “дзякуй”.

Нелагічна выглядаюць і прычыны забароны “Дождя”. Фармальна Нацрада скарысталася аргументам, нібыта “Дождь” трансляваў ва Украіне камерцыйную рэкламу (ёсць і іншая нагода, але пра яе пазней). Гендырэктар “Дождя” Наталля Сіндзеева сцвярджае, што згодна з дамовамі з украінскімі правайдэрамі, вяшчанне тэлеканала на ўсёй тэрыторыі краіны ажыццяўляецца праз IP-злучэнне без прамой камерцыйнай рэкламы. І Нацрадзе даўно пра тое паведамілі.

Камерцыйная рэклама забароненая ва Украіне толькі на тых каналах, чые краіны не ўваходзяць у Еўразвяз альбо не ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні. Калі вы падумалі, што гэтая канвенцыя — стандарт для цывілізаваных краін, дык яе не ратыфікавала не толькі Расія, але таксама Швецыя, Бельгія, Ірландыя і іншыя. Чаму Украіна арыентуецца менавіта на гэтую канвенцыю і пры чым да яе камерцыйна рэклама — логіку знайсці цяжка.

Аргумент № 2. Гэта парушае свабоду слова

Забарона СМІ дзяржавай — гэта агулам дрэнная ідэя, скрайняя мера. Каб ёй скарыстацца, трэба мець дакладныя сур’ёзныя падставы – накшталт мэтанакіраванага распальвання нацыянальнай варожасці, прапаганды гвалту. У дадзеным выпадку такога няма і блізка.

“Забарона ўрадам вяшчання “Дождя” — гэта цэнзура, якая абмяжоўвае ўкраінцам доступ выбару пункту гледжання”, — заявіў Роберт Херман, віцэ-прэзідэнт “Freedom House”. "Калі расійскія войскі акупавалі частку Украіны, жыццёва важна, каб украінцы мелі доступ да незалежнага асвятлення падзей у Расіі, да адно з нешматлікіх расійскіх СМІ, што захавала незалежнасць".

Украіна і так праславілася на ўвесь свет стварэннем Міністэрства інфармацыі (“Міністэрства праўды”), выклікаўшы абурэнне “Рэпарцёраў без межаў”.

Такая інфармацыйная палітыка наўпрост псуе міжнародны імідж Украіны. Лёгка казаць, што Украіна хоча вырвацца з савецкага мінулага і ісці наперад еўрапейскім шляхам. Аднак пасля такіх заяваў “Freedom House” ды “Рэпарцёраў без межаў” любы заходні палітык ці нават просты грамадзянін упэўніцца хіба ў зваротным, і потым пераўпэўніць яго будзе цяжка.

Найлепшага падарунка не прыдумаеш для Расіі. Калі трэба даказаць, што “жидобандеровские каратели “Правого сектора” займаюцца цэнзурай медыя, то цяпер можна браць цытаты сусветна паважаных функцыянераў – і з гэтым цяжка будзе спрачацца. Рсейскія ўлады ўжо адкаментавалі гэтую забарону ў такім духу і, відавочна, працягнуць крытыкаваць тут Украіну.

Дрэнна паўплывае гэтае рашэнне і на тых украінцаў, што вагаюцца ў сваёй пазіцыі. “Гэта кроплі алею ў вогнішча тых, хто на ўсходзе”, казала ў размове са мною народная дэпутатка Украіны Аляксандра Кужаль. Тады гаворка шла пра забарону ва Ўкраіне шматлікіх расійскіх фільмаў і серыялаў па размытых крытэрах. Нажаль, можна заўважыць, што гэткія галасы не пачуты і ўкраінская інфармацыйная палітыка застаецца ўсё такой жа сумнеўнай.

Дарэчы, адзін з гэтых крытэраў да забароны фільма — калі ён наўпростава ці ўскосна звязаны з дзейнасьцю расійскіх сілавікоў. Вясной 2015-га года я пісаў, што пад гэты крытэр падпадае “амаль любое кіно, незалежна ад яго сутнасці і мастацкай задумы аўтара. Напрыклад, усе цудоўныя фільмы расійскага “Квартэта І”, стваральнікі якога, між іншым, удзельнічаюць у пратэстных акцыях у Маскве ды падтрымліваюць Макарэвіча”. Было б смешна, калі не сумна: цяпер украінскія злады прад’яўляюць “Дождю” як раз дэманстрацыю фільмаў “Квартэта І”, дзе быццам ёсць “папулярызацыя праваахоўных ворганаў краіны-агрэсара”. Кожны, хто глядзеў “Аб чым размаўляюць мужчыны” альбо “Дзень выбараў” прыўкрасна ведае, што гэтае кіно зусім пра іншае, гэта дакладна не НТВшныя крымінальныя серыялы, забараняць яго — абсурд.

Аргумент №3. Гэта неэфектыўна

Пры ўсёй міжнароднай крытыке, якую атрымала Ўкраіна за гэтае рашэнне, варта разумець, што яно яшчэ і абсалютна неэфектыўнае. “Дождь” даўно выкінуты за кабельных сетак нават у Расіі, на сваім асноўным рынку – якраз менавіта праз сваю незалежную грамадска-палітычную пазіцыю і прафесійную працу. Але гэтыя велізарныя перашкоды не спынілі яго працу.

“Дождь” транслюецца праз інтэрнэт ды аплікацыі на мабільных дэвайсах і smart-тэлевізарах, а зарабляе на падпісцы  тэлегладачоў ды продажы фірмовай прадукцыі (і крыху на той самай камерцыйнай рэкламе). Зразумела, што кіраўніцтва “Дождя” не ў захапленні ад навіны, што іх канал забаранілі яшчэ і ва Украіне. Аднак “Дождь”   і так працуе ва ўмовах забароны на асноўным рынку і манетызуецца ніяк не праз украінскую рэкламу.

Канечне, прафесійныя журналісты асвятляюць падзеі аб’ектыўна і працуюць бесстаронна. Аднак наўрад ці цяпер “Дождь” будзе прыязней ставіцца да Ўкраіны і, прынамсі, да ўкраінскай улады. “Галоўнае — не адказваць злом на зло”, кажуць у эфіры “Дождя” і вядомыя ўкраінскія музыкі.

Наогул дзіўна спадзявацца, што рашэннем дзяржавы ў сённяшнім свеце можна спыніць распаўсюд інфармацыі. Усе жадаючыя ва Ўкраіне паглядзяць і “Дождь”, і фільмы “Квартэта І”, і іншае расейкае кіно ды серыялы – быў бы попыт. Патэнцыйны сепаратыст не перастане глядзець мянтоўскія мыльныя оперы з-за забароны Нацрады, а ўкраінскі патрыёт і надалей будзе спажываць незалежную інфармацыю з Расіі праз “Дождь”. “І так усе самастойна выдалілі са сваіх iPad’аў відэа з Ахлабысціным ды Парэчанкавым, незалежна ад таго, што ніхто ж іх гэта рабіць на асабістых планшэтах не прымушаў”, зазначала дэпутатка Аляксандра Кужаль. Працуюць унутраныя каштоўнасці, а не загады чыноўнікаў.

Аргумент №4. Гэта невыканальныя патрабаванні

Яшчэ адна прэтэнзія ўкраінскай Нацрады да “Дождя” — “трансляцыя сюжэтаў, інфармацыя ў якіх сведчыць пра непрызнанне дзяржаўных межаў і пасягальніцтве на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”. За гучнай фармулёўкай хаваюцца не заклікі далучыць да Расіі Данбас у эфіры “Дождя”, як магчыма падумаць. А толькі ілюстрацыйная карта рэгіёна, якую выкарыстоўвае “Дождь”, дзе Крым пазначаны яе частка Расійскай Федэрацыі.

І справа тут не ў тым, ухваляе “Дождь” анэксію Крыма ці не. Як адзначае гендырэктарка Наталля Сіндзеева, пры адлюстраванні карты Расіі тэлеканал проста выконвае расійскае заканадаўства, а “у адпаведнасці з артыкулам 65 Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі Рэспубліка Крым з'яўляецца суб'ектам Расійскай Федэрацыі”.

Нават калі незалежны расійскі тэлеканал не ўхваляе акупацыю – хіба ад яго залежаць рэпрэсіўныя заканадаўчыя ўмовы? Ок, уявім сабе, што “Дождь” выкарыстоўвае ў эфіры карту, дзе Крым — украінскі. Расійскія ўлады шчасліва чапляюцца за нагоду, па якой можна дакапацца да даўно раздражняючага медыа. І на гэтай падставе канчаткова зачыняюць “Дождь”, напрыклад праз непамерны штраф. Хіба ад гэтага стане лепей Украіне ці хоць якім супраціўнікам Крамля па абодва бакі мяжы ды ў тым самым Крыме?

Аргумент №5. Гэткія карты — складанае пытанне

Зрэшты, пытанне з адлюстраваннем канфліктных тэрыторый на картах наогул складанае. З эмацыйнага ды юрыдычнага пункту гледжання не выклікае сумневаў, што Крым трэба адлюстроўваць украінскім. Аднак калі глядзець рацыянальна-цынічна, то сэнс карты – адлюстроўваць рэальны стан рэчаў, а не гіпатэтычныя патрабаванні, хай сабе самыя абгрунтаваныя.

Так, ёсць прыклад карэйскага паўвострава. На ім існуюць дзве дзяржавы — Рэспубліка Карэя на поўдні і Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка на поўначы. Абедзве яны са свайго ўтварэння ў 1948 годзе прэтэндуюць на суверэнітэт над усёй тэрыторыяй Карэі. Прычым падчас вайны 1950 – 1953 гг. і тая, і другая Карэя ў пэўны перыяд сапраўды кантралявала амаль увесь паўвостраў. У паўднёвай Карэі нават існуе “Ўпраўленне пяці паўночных правінцый” – сінекура для пенсіянераў, якая сімвалізуе ўрад у выгнанні. І калі пашукаць менавіта карэйскія афіцыйныя карты Карэі, то на іх можна пабачыць вось такі адзіны паўвостраў:

Насамрэч жа апошнія 70 год такой Карэі не існуе, і карысці ад такой карты — нуль. Яна, хіба, заблытае заежніка, які не ў тэме мясцовых спрэчак. Кожны з нас выкарыстоўвае карты, дзе на карэйскім паўвостраве зафіксавана дзве рэспублікі — бо гэта так фактычна і ёсць. І гэта дакладна не сведчыць аб тым, што мы падтрымліваем тэрытарыяльныя прэтэнзіі крывавай дыктатуры КНДР.

Калі ўжо казаць пра адлюстраванне Крыма на картах тэлеканалаў, то можна ўзгадаць і “Euronews”, які таксама неяк адлюстроўваў Украіну без Крыма. А традыцыйны штрыхуе яго асобна, што таксама можа выклікаць пытанні ў заклапочаных патрыётаў — а што, хіба Крым не настолькі частка Украіны, як усе астатнія?

***

Каб вяртаць Крым, трэба змагацца дакладна не з картамі самага прыязнага да Ўкраіны расійскага тэлеканала. І расійскую прапаганду наўрад ці можна перамагчы, забараняючы адзінае расійскае ТБ, якое ніколі не будзе крамлёўскім рупарам. Пакуль жа сваёй інфармацыйнай палітыкай Украіна толькі падрывае давер да яе еўрапейскай будучыні.

Манетызацыя, гейміфікацыя, сацсеткі. Як стаць сучасным паспяховым медыя

Взгляд из Стамбула: как освещали теракт в новогоднюю ночь. И в целом о информационной политике

Каментары

Паўмесяца таму. Пра тое самае і не толькі: http://belisrael.info/?p=9185