342

16 журналістаў за кратамі. Хто яны

12.11.2020 Крыніца: "Радыё Свабода"

З пачаткам выбарчай кампаніі ў Беларусі ўлады пачалі вайну супраць журналістаў. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, зьбіваюць, страляюць па іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на суткі. Асабліва моцным ціск на мэдыя ў Беларусі стаў пасьля выбараў. З таго часу журналістаў больш за 300 разоў затрымлівалі, 65 чалавек пакаралі арыштам на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе выпадкі перасьледу журналістаў. Вось тыя, хто ўсё яшчэ ў зьняволеньні.

Павал Дабравольскі, журналіст БелаПАН, 15 сутак

Паўла Дабравольскага затрымалі днём 30 кастрычніка ў Менску. У 12.36 у рэдакцыю ад яго паступіла паведамленьне з тэкстам: «Міліцыя ў масках прыйшла». У гэты час ён быўня ў офісе.

Паўла абвінавацілі ў тым, што 18 кастрычніка ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу — у нядзельным маршы ў Менску. Насамрэч Дабравольскі быў на акцыі ў якасьці журналіста і меў пры сабе пасьведчаньне супрацоўніка СМІ.

Адвакат Сяргей Зікрацкі назваў падобны прысуд журналісту «свавольствам».

Прысуд: 15 сутак па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу: удзел у несанкцыянаваным мітынгу

Судзьдзя: Юлія Блізьнюк.

 

Марына Кастылянчанка, незалежная журналістка, 15 сутак

Марына зьбірае інфармацыю аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі і працуе над публікацыямі для сайта праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе затрымалі 30 кастрычніка, пасьля таго як яна сустрэла свайго сябра, якога вызвалілі з ізалятара ў завулку Акрэсьціна ў Менску. Падчас затрыманьня Марына была ў кавярні.

Марыну абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаваньні за зьмену ўлады, выкрыквала лёзунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманьні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсьці ў службовы транспарт».

Прысуд: 15 сутак за два артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе)

Судзьдзя: Жанна Хвайніцкая.

 

Аляксандар Зяньковіч, фатограф газэты «Новы час», 13 сутак

Аляксандра затрымалі 1 лістапада падчас працы на «Маршы супраць тэрору» каля станцыі мэтро «Маскоўская». На ім быў бэйдж з пазнакай выданьня, ён меў рэдакцыйнае пасьведчаньне і заданьне. Яго даставілі ў Кастрычніцкае РУУС, дзе ён прабыў да позьняга вечара, пасьля чаго завезьлі ў ізалятар у завулку Акрэсьціна.

Разгляд справы ў судзе прайшоў хутка, сьведкі ў суд не зьявіліся. Аляксандра абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі.

Прысуд: Аляксандра прызналі вінаватым у парушэньні артыкула Адміністрацыйнага кодэксу 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе). Прысудзілі 13 сутак.

Судзьдзя: Алена Жывіца.

 

Яна Трусіла, фатограф газэты «Новы час», 13 сутак

Яну Трусілу затрымалі 1 лістапада падчас «Маршу супраць тэрору» ў Менску. Яна працавала на акцыі пратэсту як пазаштатны фатограф газэты «Новы час». Яе прывезьлі спачатку ў Кастрычніцкае РУУС, а потым у той жа вечар перавялі на Акрэсьціна.

Падрабязнасьці справы невядомыя, бо сваякі даведаліся пра Янін лёс, калі суд ужо скончыўся. Ад самага ранку яе маці спрабавала высьветліць, што з дачкой, але ёй нідзе не адказвалі. Толькі а 15-й гадзіне ў канцылярыі паведамілі, што суд над Янай ужо адбыўся.

Прысуд: Яну прызналі вінаватай у парушэньні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе). Прысудзілі 13 сутак.

Судзьдзя: Алена Жывіца.

 

Зьміцер Солтан (Буянаў), апэратар «Белсату», 13 сутак

Журналіста-апэратара Зьмітра Солтана затрымалі 1 лістапада, калі ён працаваў на нядзельным маршы ў Менску. Пры затрыманьні зьбілі, забралі камэру і тэлефон. Адвезьлі ў Кастрычніцкае РУУС. Па словах іншага затрыманага, які выйшаў з Кастрычніцкага РУУС, Солтана білі ў аўтазаку, потым білі камэрай па галаве.

Ягоны адвакат пацьвердзіў, што журналіст зьбіты: у яго гематомы, магчымы разрыў сухажыльля левага пляча і вывіх правай рукі.

Прысуд: Зьмітру далі 13 сутак. Яго прызналі вінаватым у парушэньні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе).

 

Максім Хлябец, журналіст «Брестской газеты», 15 сутак

Журналіст Максім Хлябец асьвятляў акцыю пратэсту ў Берасьці 18 кастрычніка. Сьведкам супраць яго выступіў намесьнік кіраўніка абласной міліцыі Аляксандар Кісель.

«Грамадзяне ў сініх накідках знаходзіліся сярод людзей, якія скандавалі крычалкі «Жыве Беларусь» і «Менск, мы з вамі», рухаліся ў складзе калёны. Ясна было відаць, што калёна рухалася за імі і яны ведалі, куды яе весьці», — сказаў Кісель на судзе.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

Судзьдзя: Аляксандар Семянчук.

 

Раман Чмель, фатограф «Брестской газеты», 15 сутак

Як і ягоны калега Максім Хлябец, фотакарэспандэнт Раман Чмель асьвятляў акцыю пратэсту ў Берасьці 18 кастрычніка. Сьведкам супраць Рамана таксама выступіў намесьнік кіраўніка абласной міліцыі Аляксандар Кісель.

«Яны ўвесь час знаходзіліся побач з грамадзянамі. Калі выйшлі з Машэрава, пазаштатныя карэспандэнты пайшлі наперадзе калёны, а людзі пайшлі за імі», — сказаў Кісель.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

Судзьдзя: Андрэй Грушко.

 

Наста Захарэвіч, журналістка «Зялёнага парталу», 15 сутак

Журналістку Насту Захарэвіч затрымалі https://www.svaboda.org/a/30933867.html ў кветкавай краме каля ГУМу ў Менску. Захарэвіч стаяла каля праспэкту Незалежнасьці, дзе праходзіў марш людзей з інваліднасьцю. Амапаўцы кінуліся за ёй. Захарэвіч зайшла ў кветкавую краму, дзе яе і затрымалі.

Раней Наста ўжо правяла за кратамі сем дзён.​

Прысуд: Насту асудзілі на 15 сутак па двух артыкулах: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе).

Судзьдзя: Юлія Шут.

 

Максім Несьцяркоў, пазаштатны аўтар Tribuna.com, 12 сутак

Аўтара спартовага парталу Tribuna.com затрымалі другі раз. У верасьні яму ўжо давалі 15 сутак за ўдзел у Жаночым маршы. 5 лістапада Максіма затрымалі ў двары дома, дзе жыве Ніна Багінская, калі ў яе праходзіў ператрус.

Прысуд: 12 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

 

Раман Папкоў, журналіст «МБХ Медиа», 15 сутак

Раман Папкоў

Раман Папкоў, журналіст з расейскім грамадзянствам, асьвятляў «Жаночы марш», які праходзіў у Менску 7 лістапада. На праспэкце Незалежнасьці яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Аднак у судзе яго абвінавацілі ва ўдзеле ў іншай акцыі пратэсту — у «Маршы гонару», які прайшоў у Менску 11 кастрычніка. Сваёй віны ён не прызнаў. Па словах Рамана Папкова, на тым маршы ён быў у якасьці журналіста.

Таксама на судзе Раману паведамілі, што яму забаронены ўезд у Беларусь.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

 

Кацярына Карпіцкая, журналістка «Нашай Нівы», 15 сутак

Журналістку Кацярыну Карпіцкую затрымалі 7 лістапада падчас «Жаночага маршу», які яна асьвятляла. Суд над ёй адбыўся толькі праз тры дні, цягнуўся болей за тры гадзіны. Кацярыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пратэсьце. падчас «Жаночага маршу», які яна асьвятляла. Суд над ёй адбыўся толькі праз тры дні, цягнуўся болей за тры гадзіны. Кацярыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пратэсьце.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

Судзьдзя: Людміла Цяліца.

 

Арцём Лява, карэспандэнт газэты «Новы час», 15 сутак

Арцём Лява

Арцёма Ляву затрымалі 8 лістапада падчас нядзельнага маршу ў Менску.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

 

Яўген Шапчыц, рэжысэр і прадусар, 15 сутак

Яўгена Шапчыца затрымалі 8 лістапада падчас нядзельнага маршу ў цэнтры Менску. Яўген быў у ізалятары ў Жодзіне, у дзень суда яго перавезьлі на Акрэсьціна. Суд прайшоў праз 4.5 гадзіны пасьля таго, як скончыліся 72 гадзіны з моманту ягонага затрыманьня.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

Судзьдзя: Марына Ярохіна.

 

Ян Аўсеюшкін, карэспандэнт БелаПАН, 15 сутак

Яна Аўсеюшкіна затрымалі каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру Galleria Minsk падчас нядзельнага маршу ў Менску. Пра сваё затрыманьне ён пасьпеў паведаміць сваякам праз тэлефон.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул Адміністрацыйнага кодэксу 23.34).

 

Аляксандар Сідарэўскі, журналіст Белсату, 15 сутак

Аляксандар Сідарэўскі 10 лістапада быў затрыманы каля будынку суду, куды ён прыйшоў на працэс надсваім калегам. Сідарэўскага адправілі «даседжваць» суткі за прысуд, які вынесьлі яшчэ ў кастрычніку — за ўдзел у пратэсьце ў цэнтры Магілёва, які ён асьвятляў як журналіст.

Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу).

Судзьдзя: Максім Курпачанка.

 

Алег Грузьдзіловіч, карэспандэнт Радыё Свабода, 15 сутак

Міліцыянты прыйшлі ў 19.30 у кватэру журналіста Алега Грузьдзіловіча і прадэманстравалі яму здымкі з акцыі пратэсту 25 кастрычніка ў Менску, на якіх ён быў. Сказалі, што трэба нешта яшчэ ўдакладніць, і адвезьлі яго ў Фрунзэнскае РУУС Менску. Празь некалькі гадзін аказалася, што ён у ізалятары на Акрэсьціна.

Прысуд: 15 сутак па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу: удзел у несанкцыянаваным мітынгу

Судзьдзя: Марына Ярохіна.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!