178 0

10 беларускіх фэйкаў 2017 году

26.12.2017 Крыніца: АА, "Радыё Свабода"

Фэйкі — гэта цяжкі грэх, кажа Папа Францішак. І гэтая навіна — ня фэйк, то бо не хлусьня. А Свабода сабрала 10 найцікавейшых, але непраўдзівых беларускіх навінаў 2017 году.

https://baj.by/sites/default/files/analytics/preview/f0a9c255-db89-4004-b920-3018b5fa734d_w1023_r1_s.jpg

«Менш за 1%» беспрацоўных (палюбоўніц чыноўнікаў не працаўладкавалі)

Зьвесткі пра тое, што ў Беларусі беспрацоўных менш за 1%, зьявіліся задоўга да 2017 году, затое «стабільна» публікаваліся і дзяржаўнымі беларускімі СМІ, і сур’ёзнымі замежнымі аналітыкамі. Але ў лютым 2017 году Белстат назваў «рэалістычныя» лічбы беспрацоўя: 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, каля 260 тысяч чалавек («дармаедаў» пры гэтым знайшлі 470 тысяч). А тыя «менш за 1%» — пра «афіцыйна зарэгістраваных» беспрацоўных, але такую дробязь часта «забываюць» згадаць.

Беларускія і замежныя СМІ пра пратэсты «недармаедаў»

Беларускія і замежныя СМІ пра пратэсты «недармаедаў»

Наагул жа з барацьбой супраць беспрацоўя ў Беларусі складана — амаль гэтаксама, як з «заробкамі па пяцьсот». У траўні ў Беларусі правалілі загад Лукашэнкі працаўладкаваць абсалютна ўсіх, у тым ліку «жонак і палюбоўніц чыноўнікаў». І хоць прэм’ер перакананы, што масавых звальненьняў не было, афіцыйная статыстыка кажа пра страты дзясяткаў тысячаў працоўных месцаў.

 

Анархісцкі «тэрарыстычны акт» на Дзень Рэспублікі (ды іншы «радыяактыўны попел» ад БТ)

У часе масавых пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў 25-хвілінны «спэцыяльны рэпартаж» пад назвай «Звонок другу». У ім было шмат ня надта сур’ёзных заяваў, недагаворак, маніпуляцыяў, было нават цялятка, але былі і даволі сур’ёзныя намёкі на магчымыя тэракты падчас «маршаў недармаедаў», і заява пра затрыманьне анархіста, які ў 2014 годзе нібыта «ехаў на Дзень Незалежнасьці ў Менск з тратылам».

Пра затрыманьне «тэрарыста-анархіста» раней не паведамлялася, але выявілася, што чалавека з названым у перадачы імем сапраўды затрымалі. Аднак не за рыхтаваньне тэракту — бацька затрыманага абяцаў «мазгаўню скруціць» таму, хто такое прыдумаў.

 

«Справа патрыётаў», «лягеры баевікоў» і «фраў А.» (а таксама «радыяактыўны самалёт»)

Найгучнейшая і найсур’ёзьнейшая фэйкавая гісторыя году пачалася, пэўна, за дзень да «афіцыйнага абвяшчэньня». Спачатку дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць зьняпраўджаныя пазьней заявы аб «прарыве мяжы», аб зброі, гранаце і «радыяактыўным самалёце». На наступны дзень, 21 сакавіка, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «затрыманьне дзясяткаў баевікоў» і выкрыцьцё «лягераў баевікоў» у Беларусі і за мяжой. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта ўратавала нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: быццам бы яна паведаміла Лукашэнку пра рыхтаваньне масавых закалотаў у Менску.

«Фрау А.» на тэлеканале «Беларусь-1»

«Фрау А.» на тэлеканале «Беларусь-1»

Толькі пасьля заявы Лукашэнкі людзей пачалі затрымліваць — цягам некалькіх тыдняў стала вядома пра 22 затрыманых, пазьней дзяржаўная прэса паведаміла пра 35. Затрымлівалі як людзей, зьвязаных з колішнім «Белым легіёнам», так і сяброў «Маладога фронту» і чальцоў легальнага бабруйскага спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт». Спачатку паведамлялася, што вядзецца справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім». Але справа паступова развальвалася, зьняволеных вызвалялі — апошнія выйшлі на волю ў канцы чэрвеня, справу перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт, а той у канцы лістапада закрыў яе канчаткова.

Праўда, фігурантам адмовілі ў кампэнсацыі за зьняволеньне, а потым завялі прынамсі тры новыя справы за захоўваньне боепрыпасаў.

 

Статкевіч «не ў СІЗА КДБ» (і «ня ўмее скардзіцца»)

У час, калі разьвівалася «справа патрыётаў», напярэдадні Дня Волі зьнік апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч, ягоны і жончын акаўнты ў сацыяльных сетках узламалі, а ў дзяржаўнай тэлевізіі паказалі сюжэт пра канфіскацыю ў кіроўцы Статкевіча пляшак «з пахам гаручай сумесі». У прэсавай службе КДБ тады казалі, што ня ведаюць, дзе Статкевіч.

Але калі Статкевіч «знайшоўся», ён заявіў, што быў у СІЗА КДБ. Пазьней Сьледчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку факту затрыманьня Статкевіча і зьмяшчэньня яго ў СІЗА КДБ («зварот ня ёсьць заявай аб злачынстве»), але затрыманьня і зьняволеньня пры гэтым не зьняпраўджвалі. Заяву «кіроўцы Статкевіча» пра катаваньні ў СІЗА КДБ прынялі да разгляду, але што далей было з гэтай заявай, не паведамлялася.

 

Алексіевіч «пахавалі» (а яна зьдзівілася)

Беларускую пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч у траўні назвалі памерлай нават не ў Беларусі — у створаным італьянцам фальшывым твітэр-акаўнце міністаркі культуры Францыі. Алексіевіч на такую «навіну» адказала Свабодзе: «Ой божачкі, каму ж гэта так ня церпіцца?»

Але такія фэйкі даволі бяскрыўдныя ў параўнаньні з тым, што было месяцам пазьней. У чэрвені на Алексіевіч напусьцілі «радыяактыўны попел»: у расейскай ТВ Дзьмітры Кісялёў расказаў пра Алексіевіч як пра «чорта ў шэрсьці». За некалькі дзён да перадачы Алексіевіч разыгралі расейскія тэлефонныя пранкеры.

 

«Вяйшнорыя» — цэлая фэйкавая дзяржава (зь няфэйкавым талерам)

А гэта нават ня фэйкавая навіна. У межах вучэньняў «Захад-2017» Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусі мелі ўмоўнага ворага: дзяржаву «Вяйшнорыю», нібыта ўтвораную на захадзе Беларусі. Пасьля «абвяшчэньня Вяйшнорыі» вайскоўцы больш не ўжывалі гэтага слова, але фэйкавая дзяржава стала інтэрнэт-мэмам як такая сабе «Беларусь мары», хоць некаторыя ня бачылі нічога добрага ў такіх жартах.

«Мэмасікавыя войскі Вяйшнорыі»

«Мэмасікавыя войскі Вяйшнорыі»

Пасьля вучэньняў адбыліся выбары ў віртуальны «парлямэнт Вяйшнорыі», а «Нацбанк Вяйшнорыі» нават выпусьціў рэальныя (сувэнірныя) манэты-«талеры». Пасьля выпуску мэталічных талераў віртуальнай дзяржавы зьявіліся віртуальныя беларускія крыптаталеры, з той «Вяйшнорыяй» не зьвязаныя.

 

Расейскія танкі «рушылі маршам» на Беларусь (пакуль беларускія вайскоўцы спраўджвалі, актывісты выправіліся на варту)

Вакол вучэньняў «Захад» хапала і сумнеўных навінаў, і цьмяных заяваў (напрыклад, пра колькасьць расейскіх вайскоўцаў — ці то ў Беларусі, ці то на ўсім тэатры манэўраў, а таксама пра няпоўны іх вывад зь Беларусі пасьля вучэньняў). Найбольш сур’ёзна быў успрыняты фэйк ад расейскага войска ў першы ж дзень вучэньняў: афіцыйны сайт узброеных сілаў Расеі паведаміў, што танкавая брыгада з Падмаскоўя паднятая па трывозе і рушыла на Беларусь.

Беларускія вайскоўцы афіцыйна адрэагавалі на гэтую «навіну» толькі праз паўдня — заявілі, што «ўсе расейскія войскі, якія павінны ўзяць удзел у сумесных вучэньнях, ужо прыбылі ў Беларусь, і больш нічога не чакаецца», але ня сталі зьняпраўджваць паведамленьня расейцаў. Тымчасам беларускія актывісты тэрмінова выправіліся на начную варту пад Воршу, дзе пільнавалі сытуацыю, але танкаў не было. Нават пасьля гэтага беларускія вайскоўцы не сьпяшаліся камэнтаваць навіны пра расейскія войскі ў Беларусі.

 

Узламаны твітэр міліцыі «затрымаў вайскоўцаў» (а праз два месяцы «абвясьціў вышук» Пуціна)

Адзін фэйк мусіў бы мець даволі простыя чыста тэхнічныя наступствы, але ня меў: падчас вучэньняў твітэр гомельскай міліцыі «паведаміў» аб затрыманьні трох вайскоўцаў, якія нібыта згвалцілі непаўналетнюю дзяўчынку. Паведамленьне неўзабаве зьняпраўдзілі: меркавалі, што Twitter-акаўнт быў узламаны.

Узламаны Twitter-акаўнт УУС Магілёва

Узламаны Twitter-акаўнт УУС Магілёва

Але выглядае, што міліцыя не прыняла пасьля гэтага найпрасьцейшых захадаў абароны сваіх твітэраў: у канцы лістапада спачатку твітэр магілёўскай міліцыі «абвясьціў вышук» Уладзіміра Пуціна, потым твітэр праекту «Перехват» ня проста «абвясьціў» вышук Пуціна, а стаў пісаць абразьлівыя твіты пра яго і публікаваць карыкатуры.

 

«Самагубства» салдата Коржыча (і дазвол мець тэлефоны, якія не прадаюцца)

У пачатку кастрычніка салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі нібыта павешаным у вайсковай частцы пад Барысавам. Першай афіцыйнай вэрсіяй здарэньня было «самагубства», але пасьля розгаласу ў СМІ зьявіліся ўдакладненьні: сьледчыя заявілі, што Коржыч «знойдзены зь перавязанымі матузком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай». Хоць гэта не падобна да апісаньня самагубства (ці ў заяве СК непраўдзівыя зьвесткі?), пачатковую вэрсію не адкінулі, але сталі разглядаць таксама вэрсію забойства.

У здарэньня было шмат наступстваў: у сувязі са «справай Коржыча» завялі «каля 15» крымінальных справаў, кіраўніцтва часткі зьмянілі (але тых, хто не прайшоў атэстацыю, з войска ня звольнілі), Лукашэнка прапанаваў не забіраць зь сям’і ў войска адзінага сына (але такой прапановы ў праекце новага закону няма), вайскоўцам у Печах нават дазволілі мець пры сабе тэлефоны (толькі «бяз доступу ў інтэрнэт» — а нават старэнькая Nokia 3310 мае доступ у інтэрнэт). Праўда, Мінабароны не зацікавілі ніякія прапановы грамадзянскіх актывістаў наконт ухіленьня гвалту ў войску, а ў судовай мэдычнай экспэртызе «ані слова пра сьляды пабіцьця на целе» загінулага.

 

Лукашэнка «разагнаў» машыну Tesla больш, чым яна можа (а Geely патаньнела, а папраўдзе падаражэла)

Гэта мо і ня фэйк — магчыма, проста абмоўка. Але цікавая: Лукашэнка ў канцы лістапада распавёў, як разагнаўся на Tesla да 280 км у гадзіну, хоць яна можа разганяцца толькі да 250 (калі ня мець на ўвазе мадэлі, што паступяць у продаж праз два гады). Пры гэтым Лукашэнка казаў, што разагнаў машыну «на кальцавой», але не ўдакладніў, ці меў на ўвазе гоначную трасу, ці нейкую дарогу агульнага карыстаньня.

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Лукашэнка тады выказаўся і пра беларускі электрамабіль Geely, выраблены на барысаўскім заводзе «Белджы». А цана гэтай машыны зазнала цікавыя зьмены: абяцалі, што Geely Atlas патаньнее, але ён яшчэ падаражэў яшчэ больш, цяпер жа абяцаюць яшчэ ўдвая таньнейшы «народны» сэдан Geely. Праз цэны на электрамабілі Geely пасварылася з парталам Tut.by.

Каментары