Фонд «ЦАЙТ» (г. Гамбург) сумесна з фондам «Свабода слова» (г. Осла) абвяшчаюць конкурс на атрыманне прэміі імя Герда Буцэрыуса «Свабодная прэса Усходняй Еўропы» ў 2010 годзе.
Удзел у конкурсе могуць прыняць беларускія нацыянальныя і рэгіянальныя газеты, Інтэрнет-СМІ і асобныя журналісты.
Патрабаванне арганізатараў да ўдзельнікаў конкурсу – выданне мусіць мець шырокі тэматычны спектр і як мінімум тры рубрыкі, адна з якіх – знешняя палітыка. Яно павінна паўнавартасна асвятляць палітычнае, эканамічнае, культурнае і грамадскае жыццё, актыўна выступаць за дэмакратыю, узаемапаразуменне паміж народамі і свабоду слова.
Таксама абавязковымі ўмовамі з’яўляюцца: тэрмін выхаду – не менш за 1 год, наклад – не менш за 5000 асобнікаў на момант вылучэння.
Паколькі, паводле ўмоваў конкурсу, самавылучэнне на конкурс немагчыма, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прапануе ахвотным да ўдзелу звярнуцца ў БАЖ па рэкамендацыю. Заяўкі арганізацыя будзе прымаць да 15 верасня, пасля чаго Праўленне і Рада вызначаць, каго рэкамендаваць фонду «Цайт». (Колькасць канкурсантаў, якім даецца рэкамендацыя, звычайна абмяжоўваецца двума).
Каб атрымаць рэкамендацыю БАЖ, рэдакцыя друкаванага СМІ мусіць даслаць рэзюме (павінна ўтрымліваць як мага больш поўную інфармацыю пра выдаўца, рэдактара, наклад і гісторыю газеты, а таксама параўнальную ацэнку выдання) і 5 нумароў за 2009 год. Журналіст – рэзюме, 5 сваіх матэрыялаў і рэкамендацыйныя лісты ад СМІ, з якімі супрацоўнічае. Інтэрнет-выданням трэба даслаць толькі рэзюме. Заяўкі дасылаць на электронны адрас: alina@baj.by.
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 19 траўня 2010 года ў Гамбургу.

На фота: Герд Буцэрыус
Заахвочвальная ўзнагарода імя Герда Буцэрыуса «Свабодная прэса Усходняй Еўропы» ставіць сваёй мэтай падтрымліваць тых журналістаў, якія, «нягледзячы на рэпрэсіі і эканамічныя цяжкасці, расказваюць праўду, не даюць цэнзуры запужаць сябе». Праграма скіраваная на газеты і Інтэрнет-СМІ Беларусі, Украіны, Расіі, Грузіі і Паўднёвага Каўказа.