Ператрус у шэф-рэдактара «Народнай волі» Святланы Калінкінай

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

З ператрусам прыходзілі вечарам 26 лютага супрацоўнікі праваахоўных органаў Мінска дахаты да незалежнай журналісткі Ірыны Халіп і шэф-рэдактара «Народнай волі» Святланы Калінкінай. Калі ў Ірыны Халіп была магчымасць не пусціць міліцыянтаў у кватэру, то Святлане Калінкінай пазбегнуць ператрусу не ўдалося.


С. Калінкіна

«Я ўчора вечарам пасля працы вярталася дадому, — распавяла Святлана Калінкіна ў гутарцы з прэс-службай БАЖ, — а мяне ў пад’ездзе ўжо чакалі 5 чалавек: адна жанчына ў якасці панятой і чатыры мужчыны. Следчы Савецкага РАУС Камінскі прад’явіў мне пратакол на правядзенне ператрусу. У ім было пазначана, што ў сувязі з тым, што расшукваюцца тыя, хто зняважыў былога кіраўніка ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, у мяне павінны правесці ператрус».

Як высветлілася, ператрус у яе прыйшлі праводзіць супрацоўнікі РАУС Савецкага раёна на чале са следчым Камінскім. Прычынай для ператрусу, па словах міліцыянтаў, стала следства па «паляўнічай справе».

Па словах журналісткі, яна пацікавілася ў міліцыянтаў, што яны канкрэтна хочуць знайсці, і прапанавала дапамагчы ім у пошуках. Але тыя адмовіліся, заявіўшы, што ўсё, што ім трэба, яны знойдуць самі.
Патрэбнымі аказаліся камп’ютэры журналісткі і яе сына, флэшкі і телефонны нататнік. Усё гэта міліцыянты забралі.

Быў і яшчэ адзін факт, які выклікаў здзіўленне ў журналісткі «Народнай Волі»: «У пратаколе ператрусу было напісана, што я з’яўляюся рэдактарам сайта Хартыя-97. Але я маю дачыненне да гэтага сайта толькі як чытач, і не больш за тое».

У той жа час, яна сцвярджае, што ніякіх матэрыялаў, датычных «паляўнічай справы», пад яе прозвішчам на старонках «Народнай волі» не выходзіла — толькі невялікая нататка, калі з’явіўся відэазварот аднаго з арыштаваных, Аляксандра Малаева, да Аляксандра Лукашэнкі.

Па словах следчых, яны прыйшлі да Святланы Калінкінай па даручэнні Гомельскай пракуратуры, якая расследуе гэтую справу. Тым не менш, нечакана высветлілася, што следчы, які праводзіў ператрус, з’яўляецца добрым сябрам герояў матэрыялу Святланы Калінкінай «Ты даўно плакаў? Зараз заплачаш».

«Следчы, — расказала Святлана, — які прыйшоў на чале ўсёй гэтай групы, праз некаторы час, пакуль ішла працэдура агляду маёй кватэры, запытаўся, ці я пісала матэрыял «Ты даўно плакаў? Зараз заплачаш», пра здзекі ў міліцыі. Я адказала, што «так, гэты матэрыял пісала я». А ён мне так шматсэнсоўна адказаў: «А я сябрую з героямі гэтага матэрыялу — Якжыкам і Высакоўскім».

Па словах журналісткі, міліцыянты не далі ёй магчымасці звязацца ні з адвакатам, ні з галоўным рэдактарам сваёй газеты, ні з прадстаўнікамі БАЖ — адразу загадалі выключыць тэлефон. Што ж тычыцца забранай тэхнікі, то патлумачылі, што яе могуць «правяраць» не менш за месяц.

Святлана Калінкіна звязвае ператрус не з «паляўнічай справай», а з жаданнем праваахоўных органаў запалохаць незалежную прэсу.

У той жа дзень прыходзілі міліцыянты і ў кватэру незалежнай журналісткі Ірына Халіп, але яна ім проста не адчыніла дзверы. Як паведаміла Ірына, праз дзверы міліцыянты паведамілі ёй, што іх прыход таксама звязаны з «паляўнічай справай». Але, так і не патрапіўшы ў кватэру, паабяцалі даслаць павестку на допыт да следчага.

На мінулым тыдні, нагадаем, ператрус быў праведзены на працоўным смесцы намесніцы рэдактара газеты «Народная воля» Марыны Коктыш, а следчыя забралі для вывучэння сістэмны блок яе камп'ютэра. Журналістку таксама выклікалі ў Ленінскі РАУС на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай па факце з’яўлення шэрагу публікацый, прысвечаных «паляўнічай справе». Справа заведзена паводле артыкула 188 ч.2 (паклёп, які ўтрымліваецца ў СМІ).

Як нагадвае Радыё «Свабода», «паляўнічая справа» — справа 4 адказных супрацоўнікаў міліцыі Гомельскай вобласці і МУС, якія нібыта арганізавалі незаконнае паляванне ды чынілі незаконны ціск на супрацоўнікаў КДБ. Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі па гэтай справе былых міліцыянтаў Ермакова, Мінянкова і Баранава, а міліцыянта Малаева амніставаў. Раней адзін з адказных супрацоўнікаў КДБ па Гомельскай вобласці падаў пазоў на сваякоў абвінавачаных, якія нібыта ўзвялі на яго паклёп.

16:57, 27/02/10
Раздрукаваць | Праглядаў  479 |

Каментары

slava
Mar 03, 2010

Вот она НАША свобода!

Дадаць новы каментар







 


Рэгістрацыя
Прэс-службы і СМІ. Электронны даведнік.

Конкурсы і навучанне

Сродкі масавай інфармацыі і суды. Беларусь.

Справаздача міжнароднай місіі ў Беларусь 20-24 верасня 2009 года

Творчы конкурс «Вольнае слова»

Кампанія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” «ЖУРНАЛІСТЫ ЗА ЭКАЛАГІЧНЫ ДАБРАБЫТ»

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

Далучайся да БАЖ

Гучныя справы

WHITE LADY'S ANATHEMA


Журналісты за гістарычную спадчыну
Твой Стыль
МАМmedia.org

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.4821 seconds.