НОВАЕ ВІДЭА+КАМЕНТАРЫ. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі ўвайсці ў кватэру, якую здымае прадстаўнік тэлеканала «Белсат»

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

3-га лютага супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі ўламіцца ў кватэру ў Мінску, у якой знаходзіліся некалькі незалежных журналістаў. Нашы калегі амаль паўтары гадзіны былі ў «аблозе».

Прыкладна а 15-й гадзіне прэсавая служба БАЖ атрымала інфармацыю аб тым, што невядомыя людзі пачалі грукаць у дзверы кватэры, якую здымае прадстаўнік «Белсата» Міхась Янчук.

Па словах сябры праўлення ГА «БАЖ» Яніны Мельнікавай, нехта пазваніў у кватэру па дамафоне і папярэдзіў: «Не адчыняйце дзверы, да вас ідзе міліцыя». Хутчэй за ўсё, гэта быў адзін з журналістаў, сябра БАЖ Іван Шульга – ён выходзіў з кватэры і заўважыў, што да яе накіроўваюцца супрацоўнікі міліцыі. (Дарэчы, з таго моманту сувязі з Іванам няма. Намеснік начальніка Савецкага РУУС, які прыехаў на  месца падзеяў пасля 17.00, пацвердзіў, што гэты чалавек затрыманы. У 17.10 старшыня БАЖ Жанна Літвіна тэлефанавала ў Савецкі РУУС - і ў аддзел участковых, і ў дзяжурную частку, - дзе яе запэўнілі, што Івана Шульгі там няма. Па звестках на 19.20, калегі Шульгі патэлефанавалі ва ўсе раённыя ўпраўленні ўнутраных спраў Мінска. Паўсюль адказваюць, што Івана Шульгі ў іх няма. У следчым ізалятары на вул. Валадарскага ў Мінску журналістам адмовіліся прадастаўляць інфармацыю па тэлефоне. Абодва тэлефоны І. Шульгі не адказваюць).


I. Шульга

Пасля папярэджання пра прысутнасць міліцыі каля дома ў дзверы кватэры пачалі грукацца. Журналісты, якія знаходзіліся ўнутры, не адчынілі, пасля чаго ў памяшканні адключылі электрычнасць.

На відэа: Група журналістаў прыехала на месца падзеяў. Яны ўваходзяць у дом за Міхаілам Янчуком і спрабуюць высветліць, хто пільнуе дзверы яго кватэры, а таксама распытаць у калег падрабязнасці.

Неўзабаве на месца прыехала група журналістаў, а таксама і сам Міхась Янчук, які здымае гэтую кватэру. Ён папрасіў тлумачэнняў у трох людзей у цывільным, якія вартавалі дзверы кватэры. Адзін з іх назваўся старшым лейтэнантам Савецкага РАУС Каральковым. Паводле яго словаў, у міліцыю паступілі скаргі ад суседзяў пра тое, што з гэтай кватэры нібыта часта выходзяць п’яныя людзі, і таму супрацоўнікі міліцыі прыехалі, каб праверыць памяшканне.

Супрацоўнікі міліцыі запрашалі спадара Янчука ў Савецкі РАУС, каб узяць з яго тлумачэнні наконт кватэры, якую ён здымае, але той адмовіўся, спаслаўшыся на 27-ы артыкул Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе і блізкіх.

На месцы здарэння працавалі каля 15 журналістаў, у тым ліку здымачная група праграмы «Вести» расійскага тэлебачання. Міхась Янчук падзякаваў калегам за салідарнасць і падтрымку. На пытанне, што плануе прадпрыняць у звязку з апошнімі падзеямі «Белсат», сп. Янчук выказаў меркаванне, што вельмі шмат ужо зроблена, бо журналісцкая салідарнасць і галоснасць - галоўнае, што можна супрацьпаставіць сілавому ўціску.    

Міхаіл Янчук дае інтэрв'ю расійскаму тэлебачанню каля ўваходу ў кватэру (відэа прэс-службы БАЖ)

Па звестках на 17.10, на месца падзеяў прыехаў намеснік начальніка Савецкага РУУС. У размове з журналістамі ён пацвердзіў факт затрымання Івана Шульгі. Па словах прадстаўніка РУУС, сп. Шульга аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі і сарваў з анаго з іх шэўрон, і міліцыя не выключае, што ён быў п'яны.

У 17.30 сп. Янчук адмовіўся працягваць далейшую размову з міліцыянтамі, бо яна «выйшла за межы таго, пра што ён гатовы размаўляць без позвы і юрыдычнай падтрымкі». Пасля гэтага ён зачыніў дзверы сваёй кватэры і разам з журналістамі пакінуў месца падзеяў.     

Пакуль невядома, з чым звязаны спробы міліцыі трапіць у афіцыйна арандаванае Міхаілам Янчуком памяшканне. Ён дапускае, што гэта можа быць звязана як з дзейнасцю «Белсат», так і з тым, што кватэра належыць палітыку Алесю Міхалевічу, які нядаўна заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты.  


А. Бастунец

Інцыдэнт пракаментаваў намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, які таксама быў на месцы падзеяў: «На мой погляд, тут відавочна беспадстаўнае выкарыстанне міліцыяй сваіх паўнамоцтваў. Тое, што быццам бы па скарзе суседзяў прыехаў разбірацца намеснік начальніка РУУС, толькі пацвярджае гэта. На мой погляд, толькі журналісцкая салідарнасць дазволіла пазбегнуць сілавога варыянту развіцця падзеяў. Але нас вельмі непакоіць лёс нашага калегі, якога затрымалі да прыезду групы журналістаў. Мы будзем высвятляць, што з ім здарылася, і пры неабходнасці акажам яму юрыдычную дапамогу».


А. Рамашэўская-Гузы

Прэс-служба «Белсата» распаўсюдзіла каментар Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, дырэктаркі тэлеканала:

«Мы лічым, што сённяшнія дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні тэлеканалу „Белсат“ — гэта чарговая спроба перашкодзіць працы і дыскрэдытаваць незалежных журналістаў. Сочым за лёсам нашага калегі — журналіста Івана Шульгі, затрыманага сёння міліцыяй, — і прыкладзем усе намаганні для яго вызвалення. Варта адзначыць таксама, што апошнімі тыднямі ўзмацніўся ціск з боку спецслужбаў на журналістаў тэлеканалу. Запэўніваем нашых гледачоў, што ціск з боку ўладаў не паўплывае на нашую журналісцкую пазіцыю. Мы і надалей будзем несці праўдзівую інфармацыю жыхарам Беларусі. Выказваем падзяку калегам з іншых сродкаў масавай інфармацыі за прафесійную салідарнасць».

Мы працягваем сачыць за развіццём сітуацыі.

19:53, 03/02/10
Раздрукаваць | Праглядаў  1363 |

Каментары

ГАНЬБА!!
Feb 04, 2010
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!

Гэта ня проста пэ... гэта Пэ з вялiкай лiтары!!!!!!

БЕЛСАТ
Feb 04, 2010
папраўка!

"старшым лейтэнантам Савецкага РАУС Каралько" - не Каралько, а КАРАЛЬКОВ!

vola
Feb 04, 2010
дзякуй!

Дзякуй, паправілі!

Дадаць новы каментар







 


Рэгістрацыя
Прэс-службы і СМІ. Электронны даведнік.

Конкурсы і навучанне

Сродкі масавай інфармацыі і суды. Беларусь.

Справаздача міжнароднай місіі ў Беларусь 20-24 верасня 2009 года

Творчы конкурс «Вольнае слова»

Кампанія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” «ЖУРНАЛІСТЫ ЗА ЭКАЛАГІЧНЫ ДАБРАБЫТ»

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

Далучайся да БАЖ

Гучныя справы

WHITE LADY'S ANATHEMA


Журналісты за гістарычную спадчыну
Твой Стыль
МАМmedia.org

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.595 seconds.