Ацэнка становішча са СМІ і свабодай выказвання ў Беларусі
грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» занепакоена сітуацыяй са сродкамі масавай інфармацыі, якая склалася ў краіне напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы і ў перыяд падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх.

Сёння ёсць усе падставы лічыць, што беларускія СМІ не здолеюць забяспечыць выбаршчыкаў аб’ектыўнай і своечасовай інфармацыяй, не стануць платформай для абмеркавання перадвыбарных праграм кандыдатаў.

Найбольш трывожнымі тэндэнцыямі апошняга часу з’яўляюцца вынясенне Міністэрствам інфармацыі папярэджанняў друкаваным СМІ (што, у прыватнасці, паставіла пад пагрозу выпуск газеты «Народная воля»), а таксама распрацоўка праекта ўказа пра рэгуляванне інтэрнет-рэсурсаў. Небяспека закрыцця аднаго са знакавых выданняў і абмежавання дзейнасці ў Інтэрнеце, які пакуль застаецца ў Беларусі зонай адносна свабоднага абарачэння інфармацыі, яшчэ далей адсуне нашу дзяржаву ад міжнародных стандартаў у галіне свабоды выказвання.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года шэраг грамадска-палітычных недзяржаўных выданняў былі пазбаўленыя магчымасці распаўсюджвацца праз сістэмы «Саюздрук» і «Белпошта». Некаторыя з гэтай прычыны вымушаныя былі спыніць ці прыпыніць выхад. Нягледзячы на тое, што пад ціскам міжнароднай супольнасці і дзякуючы грамадскім высілкам унутры краіны дзяржаўныя сістэмы распаўсюду прэсы аднавілі супрацоўніцтва з некалькімі газетамі, каля дзесятка недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў па-ранейшаму не могуць трапіць у кіёскі «Саюздруку» і падпісныя каталогі «Белпошты».

8 лютага споўніцца роўна год з часу ўступлення ў сілу новага закона «Аб сродках масавай інфармацыі». На працягу ўсяго гэтага часу беларускія СМІ праходзяць перарэгістрацыю, і ў цэлым гэты працэс працякаў бесканфліктна. Разам з тым, шэрагу новых грамадска-палітычных газет было адмоўлена ў рэгістрацыі. Замест таго, каб прыслухацца да рэкамендацый уплывовых журналісцкіх і праваабарончых арганізацый і міжнародных структур і прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з сусветнымі стандартамі, Міністэрства інфармацыі ўвяло дадатковыя, не прадугледжаныя законам «Аб СМІ», абмежаванні на рэгістрацыю новых выданняў.

Узмацняецца і палітыка эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўнай прэсы. Па інфармацыі ГА «БАЖ», на пачатку 2010 года шэраг буйных рэкламадаўцаў пад ціскам уладаў у аднабаковым парадку пачалі спыняць супрацоўніцтва з недзяржаўнымі СМІ. Гэтыя дзеянні ставяць пад пагрозу развіццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, і, як вынік, — пагражаюць распаўсюду аб’ектыўнай інфармацыі ў беларускім грамадстве.

Не губляе актуальнасці і праблема акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі. У канцы 2009 года беларускае МЗС дазволіла адкрыць у краіне карпункт «Еўрапейскага радыё для Беларусі» тэрмінам на 1 год, але гэта не вырашыла праблемы ў прынцыпе. Улады з аднаго боку адмаўляюць у акрэдытацыі журналістам замежных СМІ, а з іншага боку — абвяшчаюць нелегальнай іх дзейнасць і аказваюць ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі масмедыя.

Абвастрылася праблема доступу да інфармацыі і акрэдытацыі журналістаў пры органах улады. Асабліва балючая яна для рэгіянальных калег, якія робяцца закладнікамі разумення заканадаўства «Аб СМІ» чыноўнікамі мясцовага ўзроўню.

У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца крымінальная адказнасць за паклёп і знявагу, а таксама за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

Новай трывожнай тэндэнцыяй можна назваць перашкоды з боку сілавых структур журналістам, што асвятляюць вулічныя акцыі. Прадстаўнікі праваахоўных органаў некалькі разоў мэтанакіравана, з прымяненнем сілы, перашкаджалі журналістам выконваць прафесійныя абавязкі, хаця іх права прысутнічаць у месцах правядзення грамадска значных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю замацавана ў дзейным законе «Аб СМІ».

Летась Беларусь упершыню ўключылася ў адзін з галоўных еўрапейскіх праектаў з суседнімі краінамі — «Усходняе партнёрства». Між тым, партнёрства і супрацоўніцтва павінныя грунтавацца на еўрапейскіх каштоўнасцях, ключавое месца сярод якіх займае свабода выказвання. Яна з’яўляецца не толькі фундаментальным правам чалавека, але і крытэрам выканання ўсіх астатніх яго правоў.

Афіцыйна ўлада прадэкларавала гатовасць да зменаў унутры краіны, але намеры так і засталіся няздзейсненымі. Мы вымушаныя канстатаваць, што агульнанацыянальны дыялог так і не распачаўся, як і не былі выкананыя рэкамендацыі еўрапейскіх структур па набліжэнні да дэмакратычных стандартаў у галіне СМІ.

ГА «БАЖ» працягвае падкрэсліваць: ніякі сапраўдны дыялог немагчымы без забеспячэння свабоды выказвання ў краіне і рэальнага паляпшэння сітуацыі са сродкамі масавай інфармацыі.

ГА «БАЖ» па-ранейшаму патрабуе выканання наступных умоваў:

1. Забеспячэнне роўных эканамічных умоваў для СМІ розных форм уласнасці, а менавіта:

- вяртанне ўсіх недзяржаўных грамадска-палітычных газет у сістэму «Саюздруку», падпісныя каталогі «Белпошты» і беларускія друкарні, а таксама недапушчальнасць абмежавання друку і распаўсюду ў будучым;

- выключэнне адміністрацыйнага і эканамічнага ціску на суб’ектаў гаспадарання, якія супрацоўнічаюць з рэдакцыямі незалежных СМІ.


2. Забеспячэнне поўнага доступу да інфармацыі, а менавіта:

- адмена артыкулаў Закона «Аб дзяржаўнай службе», а таксама палажэнняў ведамасных падзаконных актаў, якія абмяжоўваюць журналістаў у праве на доступ да інфармацыі пра дзейнасць органаў улады;

- гарантаванне свабоды акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі, а таксама ўвядзенне заявачнага прынцыпу акрэдытацыі;

- недапушчальнасць выпадкаў адмовы дзяржаўных службоўцаў прадастаўляць інфармацыю журналістам.


3. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведн¬асць з міжнароднымі прававымі нормамі, а менавіта:

- прывядзенне ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі законаў «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і практыкі іх прымянення;

- адмена артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць крымінальнае пакаранне за дыфамацыю, а менавіта: артыкула 188 «Паклёп», артыкула 189 «Абраза», артыкула 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 368 «Абраза ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», артыкула 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

На думку ГА «БАЖ», гэтыя крокі паспрыяюць не толькі правядзенню адкрытых і дэмакратычных выбараў, але і паляпшэнню сітуацыі са свабодай выказвання і развіццю свабодных медыя ў Беларусі як неабходных умоваў развіцця дэмакратычнай краіны.

Зацверджана праўленнем ГА «БАЖ»
19.01.2010

12:56, 21/01/10
Раздрукаваць | Праглядаў  561 |

Каментары

Ваш сябра
Jan 21, 2010

Вельмі своечасовае і вельмі факталагічна абумоўленая заява. Надзеі на тое, што нешта зварушыцца ў лепшы бок у нас мала. Аднак жа і НЕ РАБІЦЬ з гэтым нічога (альбо пад гэтай маркай увогуле нічога не рабіць, а паддацца ІХНЫМ правілам і ўмовам жыцця)мы не маем права. Так што дзякуй Праўленню БАЖ за тое, што не праходзіць міма таго, што тычыцца практычнай журналістыкі. Вось бы і на месцах, вось бы і ва ўсіх вялікіх і маленькіх газэтах нашых падтрымліваць такі ж высокі ўзовень думання, адказнасці і змагання!

Дадаць новы каментар







 


Рэгістрацыя
Прэс-службы і СМІ. Электронны даведнік.

Конкурсы і навучанне

Сродкі масавай інфармацыі і суды. Беларусь.

Справаздача міжнароднай місіі ў Беларусь 20-24 верасня 2009 года

Творчы конкурс «Вольнае слова»

Кампанія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” «ЖУРНАЛІСТЫ ЗА ЭКАЛАГІЧНЫ ДАБРАБЫТ»

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

Далучайся да БАЖ

Гучныя справы

WHITE LADY'S ANATHEMA


Журналісты за гістарычную спадчыну
Твой Стыль
МАМmedia.org

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.4768 seconds.