У Беларусі зарэгістравалі «Піўную газету»

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міністэрства інфармацыі зарэгістравала новае недзяржаўнае выданне «для вольнага часу» — «Піўную газету».

Прэс-служба БАЖ пагутарыла з яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам  Паўлюком Канавальчыкам, якога шмат хто памятае як рэдактара газеты «Навінкі»*.

П. К.: — Калі ўвесну ўзнікла ідэя зарэгістраваць новую газету, перад намі паўстала дылема — адраджаць «Навінкі» ці рабіць нешта новае? У выніку мы вырашылі, што не варта двойчы спрабаваць увайсці ў адну «раку», і прыдумалі «Піўную газету» — выданне ПРА піва і ПАД піва.

У «Навінках» мы займаліся пытаннямі палітычнай псіхапатыі, а цяпер засяродзімся на пабытовым алкагалізме і яго ўплыве на беларускую ментальнасць…

БАЖ: — Вы з ім змагаецеся ці патураеце яму?

П.К.: — Мы разглядаем асаблівасці вытворчасці і ўжывання алкаголю як паказчыкі культурнага ўзроўню нацыі. Натуральна, мы будзем змагацца за культуру піцця беларусаў. Увогуле, у сваім выданні мы плануем закранаць усе тэмы, што ўзнікаюць у народа за куфлем піва, так што тэматыка практычна неабмежаваная...

БАЖ: — «Мы» — гэта хто?

П.К.: — Мы — гэта творчы калектыў, які складаецца з рэдакцыі і чытачоў газеты «Навінкі». Але хачу адразу падкрэсліць: наўпроставых паралеляў з «Навінкамі» праводзіць не варта. Гэта новы праект, у новых рэаліях, на новым узроўні. Можна сказаць — той жа дух, але ў новым целе. Газета будзе вясёлая. Думаю, што яна зацікавіць аматараў не толькі піва, але таксама вострага слова і іранічнага погляду на нашу рэчаіснасць.


Паўлюк Канавальчык (фота з сайта naviny.by)

Плануецца, што першы нумар «Піўной газеты» пабачыць свет у верасні г.г. Заяўлены наклад выдання — да 10 тысяч асобнікаў. Выходзіць яно будзе двойчы на месяц, на дзвюх мовах (беларускай і рускай), фарматам А3, у колеры. Папярэднія перамовы з друкарнямі ўжо вядуцца.

Па словах Паўлюка Канавальчыка, з рэгістрацыяй праблем не ўзнікла. У канцы траўня падалі дакументы ў Мінінфармацыі, а роўна праз месяц ужо атрымалі пасведчанне.

П.К.: — У пэўным сэнсе мы тут выступаем як «ластаўкі лібералізацыі». Хаця многія не вераць, што нешта з гэтага атрымаецца, мы ўсё ж вырашылі рызыкнуць. Калі магчымасць з’яўляецца, трэба за яе хапацца. А далей пабачым, наколькі гэта было правільна… Акрамя папяровай версіі, будзем рабіць сайт, бо аднаму без другога вельмі складана сёння «раскруціцца».

У ідэале мы б хацелі існаваць за грошы ад рэкламы. Але самае важнае сёння - стварыць вакол выдання свой «клуб», сваю субкультуру. Заручыцца падтрымкай тых, каму будзе неабыякавы далейшы лёс газеты. Я лічу, рабіць прэсу для выпадковага чытача — гэта ўчорашні дзень...

Нагадаем, што паводле «старога» закона «Аб друку і іншых СМІ» да заявы аб рэгістрацыі СМІ трэба было прыкладаць дакументы аб узгадненні размяшчэння рэдакцыі з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі (арт. 10). Менавіта гэтая норма часта рабілася галоўнай перашкодай для рэгістрацыі недзяржаўных выданняў. У новым законе «Аб СМІ» такога патрабавання няма.

*Газету «Навінкі» прыпынілі ў траўні 2003 года пасля вынясенння Міністэрствам інфармацыі двух папярэджанняў запар — «за парушэнне маральных нормаў» і «абразу прэзідэнта». Пасля заканчэння тэрміну прыпынення «Навінкі» не змаглі заключыць дамову ні з адной беларускай друкарняй, і праз год страцілі рэгістрацыю.

Як зарэгістраваць сваё выданне?

«Гэта будзе своеасаблівы тэст для Міністэрства інфармацыі»

Недзяржаўны «Ўзгорак» легалізавалі

16:06, 23/07/09
Print this | Праглядаў  783 |

Comments

Add a new Comment



For Free and Fair Media in Belarus. International Mission Report

Belarus Live
The Fojo Media Institute
International Federation of Journalists
Reporters Without Borders
European Neighbourhood

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.1755 seconds.