Благасфера як квазімедыйная форма
(асаблівасці этычных правілаў карыстання інфармацыяй у блогах)

Паўлюк Быкоўскі (выступленне на «круглым стале» на тэму «Самарэгуляванне ў Бай­неце»)

­Што такое блог? Паводле вызначэння гэта — персанальны сайт, змест якога складаецца ў парадку, супрацьлеглым храналагічнаму. Апошняе дапаўненне не ёсць догмай, але 90% блогаў робяць менавіта такім чынам: новыя запісы, ці «пасты», трапляюць на верх старонкі, што дазваляе лёгка адсочваць змены. У большасці выпадкаў наведвальнікі сайтаў могуць даведацца прозвішча аўт­ара, але гэта можа быць як рэальнае імя, так і сталы псеўданім — «нікнэйм». У благасферы нават нікнэймы маюць (альбо не маюць) свайго аўтарытэта.

Як правіла, наведвальнікі могуць пакінуць свае каментары, якія будуць даступныя ўсім. Праўда, ёсць і выключэнні, бо часам блогі вядуцца ў нейкіх закрытых прасторах, дзе пакінуць каментары ці проста нешта прачытаць могуць толькі сябры.


П. Быкоўскі

Што такое благасфера? Блогі вольна злучаюцца паміж сабой з дапамогай гіперспасылак. У выніку кожны блогер з’яўляецца часткай глабальнай сеткі — благасферы. Паводле New-York Times, кожную секунду ў свеце адкрываецца новы блог.

Паводле маёй любімай кнігі Роберта Скобла і Шэла Ізраэла «Разговор дороже денег. Как блогинг меняет общение бизнеса и потребителей» (Robert Scouble, Shel Israel. Naked Conversations. How Blogs Are Changing the Way Businesses Talk with Customers), існуе шэсць «кітоў» блогінгу:
1. Лёгкасць публікацыі. Блог можа апублікаваць кожны. Гэта каштуе не дорага і дае магчымасць пісаць там часта. Кожны пост будзе імгненна дасягальны ўсяму свету.
2. Даступнасць. З дапамогай пашуковых сістэм людзі могуць шукаць блогі па тэмах, аўтарах або па тым і тым. Чым больш вы посціце, тым больш даступнымі робіцеся.
3. Сацыяльны характар. Благасфера — адна вялікая размова. Цікавыя актуальныя гутаркі пераходзяць з сайту на сайт і спасылаюцца адна на адну. З дапамогай блогаў людзі з агульнымі інтарэсамі будуюць сяброўскія зносіны і пераадольваюць геаграфічныя межы.
4. Вірулентнасць. Інфармацыя часта распаўсюджваецца па блогах хутчэй, чым праз інфармагенцтвы.‏ Ні адна форма віруснага маркетынгу не мае хуткасці і эфектыўнасці блогу.
5. Магчымасць сіндыцыравання. RSS дае магчымасць даведвацца аб абнаўленнях блогу, на які вы падпісаны. ‏
6. Узаемазвязанасць. Кожны блог можа быць звязаны з любой колькасцю блогаў з дапамогай спасылак, таму кожнаму блогеру даступны мільёны яго калег.

Некалькі словаў пра карысць, якую могуць атрымаць стваральнікі блогаў. Гэта можа быць зарабленне грошаў, але я на сёння ведаю на Беларусі літаральнага аднаго чалавека, які на блогу зарабляе грошы. На апошнім конкурсе кантэнт-праектаў гэта быў блогер з Гродна, які робіць «Медицинский блог врача скорой помощи». Аўтар блогу Андрэй казаў, што ў якасці ўрача хуткай дапамогі зарабляе менш, чым на сваім блогу.

Калі браць агулам, то блогер заводзіць свой блог таму, што яму ёсць што сказаць. Ён хоча мець зносіны з аднадумцамі ў благасферы, што вельмі лёгка зрабіць. Ён хоча распаўсюдзіць свае погляды на больш шырокую аўдыторыю. Можа прыцягнуць увагу СМІ да нейкай сваёй праблемы. Прыкладам можа быць друкаваннне ў «Комсомольской правде» в Белоруссии» фотаздымкаў блогераў, якія былі затрыманыя пасля разгону намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 года. Блогер можа імкнуцца ўплываць на фармаванне грамадскай думкі ці імкнуцца лабіраваць свае інтарэсы.

Першую параду, якую даюць новым блогерам, калі тыя пытаюцца, як сябе паводзіць у блогасферы, — пачытаць чужыя блогі, паглядзець, як сябе паводзяць людзі ў блогах. Але падобным чынам мы паводзім сябе, калі трапляем у новую кампанію… Часам узнікае пытанне, пра што пісаць блог? Пра што нельга пісаць? І як сабе паводзіць, каб не быць прыцягнутым да адказнасці?

Для вядомых асобаў (палітыкаў, журналістаў, «зорак»), якія вядуць свае прыватныя блогі, істотным таксама з’яўляецца пытанне аховы прыватнага жыцця. Бо ў сваіх дзённіках яны могуць даць магчымасць іншым перайсці гэтую мяжу. Бывае і так, што сам чалавек не жадае нічога паведамляць пра сябе, але ягоныя сябры выкладваюць, напрыклад, у «Одноклассниках» фотаздымкі з лазні ці іншых прыватных месцаў. Пакуль што ў журналістаў няма выпрацаванай сістэмы, як з гэтым паступаць з пункту гледжання этыкі. Як правіла, журналісты звычайна не адмаўляюцца ад той інфармацыі, што да іх трапляе. Тым больш, што няма практыкі, як змагацца з пераходам мяжы прыватнасці, асабліва тады, калі не ты сам, а нехта іншы размясціў гэтую інфармацыю.

Некалькі словаў пра пытанне самарэгулявання ў блогерскай прасторы. Калі нехта хоча пісаць у нейкую суполку, то ён мусіць падпарадкоўвацца правілам гэтай суполкі. Зразумела, што ў суполках звычайна забароненая ненарматыўная лексіка, забароненыя допісы не па тэме (off topic). Разам з тым, у благасферы ёсць яшчэ такі панятак, як «лытдыбр» — прыватны дзённік, у якім чалавек піша пра сябе, што хоча. І гэты блог — ужо не частка супольнасці.

Блогеры з дастатковай павагай ставяцца да чужога аўтарскага прадукту і ставяць спасылкі на тое, адкуль узяты запазычаны тэкст ці фотаздымак. Калі новы чалавек з’яўляецца ў блогасферы і не ведае гэтых правілаў, яму звычайна пра гэта кажуць. Калі ён не паважае гэтыя правілы, то звычайна да яго ставяцца горш і выказваюць сваю непавагу.

Але ў свядомасці блогераў ёсць прыватная ўласнасць і ёсць, так бы мовіць, «калгасная» уласнасць, якую можна «прысабечыць» нейкім спосабам. Гэта тычыцца тых медыяструктураў, якія маюць свой медыяпрадукт, які блогерам вельмі хочацца атрымаць, і яны знаходзяць спосабы, як абыйсці законы аб аўтарскім праве. Усе, напэўна, памятаюць ажыятаж, які быў напярэдадні выхаду сёмай кнігі пра Гары Потэра.

Яшчэ за 5 дзён да афіцыйнага выхаду кнігі нехта невядомы сфатаграфаваў кожную старонку і выклаў яе ў файлаабменную сетку Bittorent, пасля чаго яна была перакладзеныя на некалькі моў. У ЖЖ паўстала кам’юніці pereskaz, у якім ахвотнікі падзялілі раздзелы кнігі і сталі перакладаць на рускую мову. У рэжыме рэальнага часу можна было назіраць, як з’яўляліся тэксты, вычытваліся, карэктаваліся, а фаны тут жа дзяліліся ўражаннямі.

Праўда ў канцы канцоў народная творчасць саступіла ў канкурэнцыі па якасці перакладу некамерцыйнаму праекту Potter’s Army.

Ахвотнікі перакладалі кнігу па кавалачках і казалі, што гэта простае «цытаванне», хоць гэтыя кавалачкі хутка склаліся ў адну кнігу, якая стала даступнай у Інтэрнеце раней, чым друкаваная кніга з’явілася ў крамах.

Такім чынам, мы падышлі да высноваў:
А) Блогеры паважаюць аўтарскія правы іншых блогераў;
Б) Блогеры часам паважаюць аўтарскія правы медыяў;
В) Блогеры вельмі часта не паважаюць аўтарскія правы «калгаснай маёмасці».

Каментар па тэме (з залы)
Марыйка Мартысевіч (блогер, журналіст, літаратар):
«Блогеры — гэта звычайна альбо «недаробленыя журналісты», альбо журналісты, у якіх ёсць імпэт рабіць штосьці яшчэ, альбо будучыя журналісты. Такім чынам, часам крадзёж інфармацыі з блогаў для СМІ выглядае як спосаб эканоміі на кадрах. Бо фактычна СМІ выкарыстоўваюць допісы ў блогах, цытуючы, пераказваючы і г.д., хоць маглі б наняць гэтых добрых блогераў на працу.

Асабіста мяне ў сітуацыі, калі адзін вядомы інтэрнет-рэсурс выкарыстаў маю інфармацыю, дадаўшы да яе тэкст «ад сябе», абразіла больш за ўсё, што са мною абыйшліся як з «чорнарабочым».

Зразумела, што, працуючы з аўтарамі, рэдакцыі павінныя плаціць ім грошы. Праўда і тое, што блогеры не ставяць сваёй мэтай зарабіць грошы (многія з іх), блогеры гатовыя супрацаваць са сродкамі масавай інфармацыі, але на парытэтных умовах. Тобок — калі іх будуць успрымаць як крыніцу інфармацыі і абыходзіцца з імі адпаведна. Мінімальная рэч, якая абсалютна не патрабуе грошай і нават часу, — гэта папрасіць дазволу ў блогера на выкарыстанне яго інфармацыі. І блогер пагодзіцца. І не будзе ніякіх узаемных прэтэнзій.

11:13, 30/01/09
Print this | Праглядаў  580 |

Comments

Add a new Comment



For Free and Fair Media in Belarus. International Mission Report

Belarus Live
The Fojo Media Institute
International Federation of Journalists
Reporters Without Borders
European Neighbourhood

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.1776 seconds.