Інтэрнет: Рэгуляванне, самарэгуляванне ці адсутнасць рэгулявання?

Андрэй Бастунец (Выступленне падчас «круглага стала» на тэму «Самарэгуляванне ў Байнеце»)

­Ці такі ўжо «непадкантрольны» Інтэрнет?

Прыхільнікаў той ідэі, што ніякае рэгуляванне ў Інтэрнеце наогул не патрэбнае, даволі шмат. Некаторыя карыстальнікі Інтэрнету негатыўна ставяцца да мадэрацыі і (тым больш) прэмадэрацыі допісаў на форумах і ў каментарах, а паведамленні наконт правілаў вядзення дыскусіі выклікаюць у іх шквал негатыўных эмоцый.

Паказальна, што і стаўленне прыхільнікаў «анархіі» ў Інтэрнеце, і заклікі службовых асобаў хутчэй яго «адрэгуляваць» — гэта наступствы аднаго зыходнага тэзісу аб сённяшняй быццам бы непадкантрольнасці Сеціва.

Але, здаецца, такое наіўнае ўяўленне пра Інтэрнет як абсалютна свабодную прастору паціху адыходзіць у мінулае.

Хаця спецыялізаванага нарматыўнага акту, які б тычыўся менавіта дзейнасці ў Інтэрнеце, у Беларусі пакуль няма, але на ўсіх, хто распаўсюджвае сваю інфармацыю праз Сеціва (як, дарэчы, і займаецца камерцыяй), распаўсюджваюцца агульныя нормы заканадаўства. Напрыклад, закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», Крымінальны і Грамадзянскі кодэксы, Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, законы аб дзяржаўных сакрэтах і г.д. Напрыклад, у Крымінальным кодэксе можна знайсці 6 артыкулаў аб адказнасці за паклёп і абразу, артыкулы пра дыскрэдытацыю краіны, парушэнне аўтарскага права, распаўсюд канфідэнцыйнай інфармацыі, парнаграфіі, заклікаў да змены ўлады, умяшальніцтва ў прыватнае жыццё і г.д. Яны могуць тычыцца і тых, хто працуе ў Інтэрнеце.

«Маладое віно ў старыя мяхі»

Спробы стварыць «спецыялізаваны» нарматыўны акт у гэтай сферы сутыкаюцца з некалькімі праблемамі. Напрыклад, з пагрозай выкарыстання традыцыйных падыходаў да новых выклікаў часу (іншымі словамі — «улівання маладога віна ў старыя мяхі»). Яшчэ адна праблема — трансгранічны характар Інтэрнету.

Напрыклад, у Сеціве з’яўляецца інфармацыя, якая ў нейкай дзяржаве лічыцца незаконнай. Ці могуць у гэтай дзяржаве прыцягнуць да адказнасці чалавека, які размясціў гэтую інфармацыю ў іншай краіне, дзе яна цалкам правамерная?

Тут нават еўрапейскія суды дэманструюць розныя падыходы. Былі выпадкі, калі аўтараў прыцягвалі да адказнасці ў той краіне, куды трапляла «незаконная» інфармацыя, выкарыстоўваючы такі ж самы падыход, які звычайна выкарыстоўваюць пры разглядзе спраў аб друкаваных выданнях. То бок, калі выдавец ці рэдактар ведаў, што яго інфармацыя трапіць у краіну, дзе лічыцца незаконнай (напрыклад, друкаванае выданне распаўсюджваецца там па падпісцы), то ён можа несці адказнасць паводле заканадаўства менавіта гэтай краіны.

Але ж размяшчэнне інфармацыі ў Сеціве адразу робіць яе даступнай для многіх, незалежна ад дзяржаўных межаў. І, калі ісці па гэтай сцежцы далей, то мы прыйдзем да таго, што мяжу свабоды слова ў Інтэрнеце будзе ўсталёўваць дзяржава з найбольш таталітарным заканадаўствам…

Розныя падыходы еўрапейскіх структур

Праблема рэгулявання і самарэгулявання дзейнасці ў Інтэрнеце абмяркоўвалася рознымі еўрапейскімі структурамі. Цікава, што яны дэманструюць розныя падыходы. Напрыклад, Камітэт Міністраў Рады Еўропы рэкамендуе рэгуляваць свабоду выказвання ў Сеціве не больш жорстка, чым ў дачыненні да ўсіх іншых сродкаў масавай інфармацыі. А Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ (дарэчы, прыхільнік самых ліберальных падыходаў) заклікае абмяжоўваць рэгуляванне толькі тымі галінамі, дзе яно непазбежнае, а ў ідэале разглядаць Інтэрнет як аўтаномную прастору.

У якасці альтэрнатывы рэгуляванню Еўразвяз разглядае класіфікацыю і фільтрацыю Інтэрнету (калі праграмы фільтрацыі правяраюць вэб-дакументы для блакавання шкоднага кантэнту перш, чым яны з’явяцца на маніторы камп’ютара).

Рада Еўропы таксама не выключае ўстаноўкі фільтраў — напрыклад, для абароны непаўнагадовых. Прапагандуецца выкарыстанне праграм фільтрацыі і на сямейным узроўні — напрыклад, бацькамі, якія хочуць прадухіліць прагляд дзецьмі «шкодных» сайтаў. А класіфікацыя прадугледжвае выкарыстанне падыходу накшталт таго, які існуе ў кіно (адна, дзве, пяць зорачак у залежнасці ад таго, чаго чакаць ад фільма і каму рэкамендуецца яго глядзець).

А вось Прадстаўнік АБСЕ выступае супраць фільтрацыі і класіфікацыі, заўважаючы, што такая практыка можа абмежаваць доступ і да цалкам законнай інфармацыі. Бо тыя робаты, што праводзяць фільтрацыю, часам робяць гэта не зусім карэктна. Ёсць прыклады, калі пошукавыя сістэмы, напрыклад, блакавалі ўсе п’есы Шэкспіра, кнігу «Мобі Дзік» і нават Дэкларацыю незалежнасці.

Тое ж самае тычыцца і праграм, якія выкарыстоўваюцца на ўзроўні сям’і, калі бацькі жадаюць абмежаваць доступ дзяцей да пэўных рэсурсаў. Можа стацца, што распрацоўшчыкі праграм, якія павінныя блакаваць гэтыя рэсурсы, маюць зусім іншы погляд на тое, да чаго варта абмежаваць доступ. Што да класіфікацыі, то яе крытыкі заўважаюць, што яна ў Інтэрнеце проста немагчымая з-за колькасці рэсурсаў і пастаяннага з’яўлення новых.

Што да прыкладу наконт патраплення інфармацыі ў краіну, дзе яна можа з’яўляцца незаконнай, — прапаноўваецца карыстацца крытэрам адказнасці па месцы «запампоўвання» інфармацыі ў Інтэрнет. Калі ў краіне, дзе гэтая інфармацыя была змешчаная ў Сеціва, яна не з’яўлялася забароненай, то ні ў якой іншай краіне аўтары ці крыніцы інфармацыі не павінныя несці адказнасці, незалежна ад патрабаванняў заканадаўства краіны, дзе гэтую інфармацыю ўзялі карыстальнікі.

Адсочваць незаконны кантэнт еўрапейскія структуры прапануюць з дапамогай «гарачых ліній», куды можна звярнуцца са скаргай на тую ці іншую інфармацыю, размешчаную ў Сеціве. Маецца на ўвазе, што ў выпадку з’яўлення на сайце матэрыялу, які размешчаны не рэдактарамі сайта, а тымі ж карыстальнікамі (як у нядаўнім выпадку з газетай «Прессбол»), прыцягваць да адказнасці можна толькі ў двух выпадках: калі рэсурс ад пачатку ведаў пра незаконнасць матэрыялу і ўсё ж размясціў яго альбо калі незаконная інфармацыя не была хутка знятая з сайту пасля таго, як яго ўладальнікам паведамілі пра яе незаконны характар.

Але і ў гэтай прапановы ёсць шмат крытыкаў, якія бачаць у ёй магчымасць самацэнзуры. Яны лічаць, што здымаць інфармацыю будуць, хутчэй за ўсё, без парадаў юрыстаў і не на падставе судовых рашэнняў, і гэта можа прывесці да абмежавання свабоды выказвання ў Сеціве.

І нават у пытаннях самарэгулявання падыходы еўрапейскіх структур адрозніваюцца. Усе яны рэкамендуюць развіваць і папулярызаваць самарэгуляванне, але пры гэтым прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ звяртае ўвагу на то, што яно можа м­ець тэндэнцыю да непразрыстасці, быць выкарыстана ў камерцыйных мэтах, прывесці да аслаблення прадугледжаных законам фундаментальных правоў.


А. Бастунец

Гэты кароткі агляд добра паказвае, што агульных рэцэптаў і падыходаў няма. Але, з іншага боку, гэта значыць, што зараз іх можна і трэба шукаць. Абмяркоўваць як ўнутры «галіны», так і з прадстаўнікамі дзяржаўных структур. І паведамленне пра прыпыненне­ працы над пастановай беларускага ўраду аб рэгуляванні дзейнасці інтэрнет-СМІ сведчыць аб тым, што такія пошук­і і абмеркаванні могуць мець плён.

(Пры падрыхтоўцы даклада выкарыстаныя Рэкамендацыі прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, прынятыя на Амстэрдамскай канферэнцыі па свабодзе масавай інфармацыі ў Інтэрнеце (2004 г.), Дэкларацыя Савета Еўропы па свабодзе дачыненняў у Інтэрнеце, прынятая Камітэтам міністраў 28.05.2003 г., План дзеянняў Еўрапейскага Звязу па гарантаванні большай бяспекі карыстання Інтэрнетам шляхам барацьбы з незаконным і шкодным кантэнтам у глабальных сетках (1998) і інш. (гл. «Справочник по свободе массовой информации в Интернете» пад рэд. Крысціяна Мёлера і Арно Амуру). Вена, 2004 г.)

15:45, 29/01/09
Print this | Праглядаў  505 |

Comments

Add a new Comment



For Free and Fair Media in Belarus. International Mission Report

Belarus Live
The Fojo Media Institute
International Federation of Journalists
Reporters Without Borders
European Neighbourhood

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.2573 seconds.