Галасы за «чысты Байнет» (ПРАЦЯГ)

Прэс-служба ГА "БАЖ"

Пра ідэю правядзення кампаніі «За чысты Байнет» ГА «БАЖ» распавядала яшчэ паўгода таму. 29 траўня арганізацыя зладзіла «круглы стол» з удзелам прадстаўнікоў некалькіх інфармацыйных інтэрнет-рэсурсаў, якія пагадзіліся распачаць доўгатэрміновую кампанію «За чысты Байнет». Мэта акцыі — заахвоціць прадстаўнікоў Байнету дамовіцца паміж сабою пра выкананне стандартаў «традыцыйнай» журналістыкі, адказнае стаўленне да працы з інфармацыяй (асабліва чужой), захаванне этычных норм, прынятых у прафесійным асяроддзі.


Першым этапам кампаніі мусіць стаць шырокае грамадскае абмеркаванне розных аспектаў прафесійнай працы ў Байнеце — з удзелам супрацоўнікаў асноўных інфармацыйных айчынных інтэрнет-рэсурсаў, спецыялістаў у галіне аўтарскага права, тэхнічных экспертаў. У найбліжэйшы час плануецца правесці адмысловую канферэнцыю на гэтую тэму для інтэрнет-журналістаў.

Ініцыятыўная група не прапануе гатовых «рэцэптаў» самарэгулявання і спадзяецца, што яны будуць выпрацаваныя менавіта падчас шырокага абмеркавання. Да таго ж, ініцыятары кампаніі лічаць, што само абмеркаванне дазволіць прыцягнуць увагу да гэтай тэмы і, магчыма, заахвоціць карыстальнікаў Байнету больш адказна ставіцца да сваёй місіі.

Разам з тым нагадваем, што на форуме БАЖ створаная адмысловая тэма «Чысты Байнет», дзе таксама можна дзяліцца сваімі меркаваннямі на гэты конт.

Сёння ГА «БАЖ» працягвае публікаваць матэрыялы травеньскага «круглага стала», каб заахвоціць да ўдзелу ў дыскусіі як мага больш шырокае кола журналістаў і чытачоў.

У першай частцы гутаркі, нагадаем, удзельнікі «круглага стала» пагадзіліся, што патрэба ў такой кампаніі існуе, бо парушэнняў норм прафесійнай этыкі — асабліва што тычыцца выкарыстання чужой інфармацыі — у Байнеце хапае. «Важна, каб у сённяшніх ўмовах пэўная суполка беларускіх журналістаў заявіла: «Мы працуем у адпаведнасці з прафесійнымі стандартамі і ўсведамляем адказнасць перад грамадствам. Інтэрнет — не „сметніца“, а цывілізаваная інфармацыйная прастора», — дзяліліся сваім бачаннем ідэі кампаніі ўдзельнікі дыскусіі.

Журналісты пачалі абмяркоўваць «плюсы» і «мінусы» ідэі падпісання пагаднення паміж беларускімі інфармацыйнымі рэсурсамі наконт захавання прафесійнай этыкі ў Інтэрнеце. Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы, што механізмы рэалізацыі гэтай кампаніі яшчэ патрабуюць сур’ёзнай дапрацоўкі.

 

Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар рэсурсу «Салідарнасць», намеснік старшыні ГА «БАЖ»:

З аднаго боку, тэма, канешне, «наспела», з іншага — каб гэта мела нейкі плён, трэба вельмі канкрэтна вызначыць, чаго мы дамагаемся. Я падтрымліваю тыя прапановы, якія прагучалі, але пра магчымасць іх рэалізацыі на 70% думаю скептычна. Бо я назіраю, як развіваецца расійскі ці ўкраінскі Інтэрнет і дзе ў журналістаў значна большыя магчымасці у Сеціве. Але нават там рэсурсы далёкія ад ідэалу.

У нас жа на сёння пытанняў больш, чым адказаў… Напрыклад, шмат хто лічыць, што нельга мяняць загалоўкі ў чужых артыкулах, якія бярэш для свайго сайту. Як рэдактар скажу: часам так здараецца, што артыкул добры, а загаловак дрэнны, і, каб публікацыю чыталі, трэба змяніць назву. Але ці згодны з гэтым аўтар артыкулу?..

Карацей, пакуль што, я лічу, не варта замахвацца на нешта вялікае. Лепш ісці крок за крокам — пакуль мы самі не зразумеем, што мы ў стане зрабіць. Нам бы спачатку вырашыць, як мы можам змагацца з самымі дзікунскімі выпадкамі. А то можна патрапіць у сітуацыю, калі якраз прафесійныя рэсурсы возьмуць на сябе пэўныя абавязкі і ўскладняць сабе працу. А тыя, каму гэтыя правілы «па барабану», так і застануцца пры сваім.

Галоўнае, што, як мне падаецца, варта сёння зрабіць, — гэта прыдумаць механізм уздзеяння на тых, хто перапісвае чужыя матэрыялы і выдае іх за свае. Аднак не трэба блытаць гэты крадзеж з кампіляцыяй. Кампіляцыя — гэта таксама праца, і немалая…

 

Юрась Сідун, каардынатар сайта Generation.by:

Я значна больш аптымістычна стаўлюся да перспектыў гэтай кампаніі. Але пачынаць трэба з таго, што кожны рэсурс, які зацікавіўся ідэяй «Чыстага Байнету», мусіць мець уласныя прапісаныя правілы — як карыстацца яго інфармацыяй.

Напрыклад, камусьці не падабаецца, што «Наша Ніва» ставіць наўпроставую гіперспасылку на чужы артыкул, але пры гэтым змяняе назву матэрыялу.

Хтосьці — як, напрыклад, onliner.by — наогул катэгарычна супраць усялякага перадруку (хаця сам гэтым займаецца і проста кампілюе матэрыялы з іншых сайтаў).

Некаторыя рэсурсы толькі радуюцца, што tut.by бярэ іх інфармацыю са спасылкай (няхай дзесьці ўнізе, няхай гэта прынясе ўсяго 5 «пераходаў», але для блогера нават гэта ўжо будзе добра). А такія буйныя рэсурсы, як, напрыклад, «Салідарнасць», гэтыя паказчыкі, зразумела, не вельмі задаволяць… Карацей, кожны сам павінен вызначыць, як і дзе ён дазваляе выкарыстоўваць сваю інфармацыю.

Што можна зрабіць у межах кампаніі? Безумоўна, змагацца з такімі рэсурсамі, якія робяць сабе імя, эксплуатуючы працу іншых СМІ, — справа няўдзячная. Шмат хто з нас меў размовы на асабістым узроўні з прадстаўнікамі такіх сайтаў, і мы ведаем, што не заўсёды гэта дае плён. У такіх выпадках патрэбная грамадская рэакцыя. І, калі гэткая рэакцыя будзе пастаяннай, то гэта можа паўплываць на сітуацыю.

Калі ўсё пойдзе добра, то «Чысты Байнет» сапраўды можа стаць важным брэндам…

 

Андрэй Аляксандраў, галоўны рэдактар інтэрнет-газеты ­«Хімік.info»:

Можна пачаць з таго, што пэўная колькасць сайтаў дамовіцца паміж сабой аб нейкіх агульных правілах. Гэта будзе лагічны першы крок. А потым трэба будзе гэтыя правілы рэкламаваць, «раскручваць», фармаваць супольнасць аднадумцаў. Калі ініцыятыва атрымае пэўную вагу, можна будзе размаўляць з рэсурсамі, якія ігна­руюць гэтыя правілы, і старацца паўплываць на іх.

Юрась Сідун:

Я вяртаюся да сваёй прапановы: кожны рэсурс складае свой набор правілаў — напрыклад, (хтосьці дазваляе перадрукоўваць без спасылкі наогул, а хтосьці зусім забараняе перадрукоўваць — нават з гіперспасылкай). Але тыя, хто далучаецца ад кампаніі, павінныя падпісацца пад тым, што абавязваюцца выконваць набор правілаў, прадугледжаных кожным канкрэтным рэсурсам.

 

Яніна Мельнікава, сябра ГА «БАЖ», фрыланс-журналістка:

Можна падчас першага этапу кампаніі, пакуль мы не можам пагадзіцца наконт агульных правілаў, абвесціць кампанію па выпрацоўцы рэдакцыйнай палітыкі ў Інтэрнеце­. Сапраўды, у кожнага сайта ёсць свае ўласныя правілы, і было б добра, каб яны былі прапісаныя асобна — як мы на іншых спасылаемся, як на нас трэба спасылацца і г.д.

Тыя некалькі радкоў, які напісаныя ўнізе старонкі, нават журналісты не заўсёды заўважаюць. А між тым, карыстальнікі павінныя чытаць гэта ўсё, бачыць і адсочваць. У грамадстве таксама павінная весціся дыскусія наконт таго, які прадукт выдаюць інтэрнет-крыніцы.

Гэта як з прадуктамі харчавання: выкарыстоўваць «генетычна мадыфікаваныя прадукты» можна. Але спажывец мае права ведаць, што ён збіраецца спажыць…

ПРАЦЯГ ТЭМЫ БУДЗЕ

 

Галасы за «чысты Байнет»

Ці здольны Байнет «самарэгулявацца»?

«Паспяховым будзе той сайт, які пазітыўна запомніцца карыстальніку…»

Журналисты выходят на тропу войны 

Паўлюк Быкоўскі: «Інтэрнет падобны да бібліятэкі, дзе суіснуюць добрыя і кепскія крыніцы інфармацыі…»

Аляксандр Класкоўскі: «Чытач атрымлівае асалоду ад таленавітага суб’ектывізму»

13:06, 24/12/08
Раздрукаваць | Праглядаў  574 |

Каментары

Дадаць новы каментар







 


Рэгістрацыя
Прэс-службы і СМІ. Электронны даведнік.

Конкурсы і навучанне

Сродкі масавай інфармацыі і суды. Беларусь.

Справаздача міжнароднай місіі ў Беларусь 20-24 верасня 2009 года

Творчы конкурс «Вольнае слова»

Кампанія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” «ЖУРНАЛІСТЫ ЗА ЭКАЛАГІЧНЫ ДАБРАБЫТ»

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

Далучайся да БАЖ

Гучныя справы

WHITE LADY'S ANATHEMA


Журналісты за гістарычную спадчыну
Твой Стыль
МАМmedia.org

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.5831 seconds.