Намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч лічыць, што закон «Аб СМІ» «вузкагаліновы» і «насельніцтва не тычыцца». Пра гэта яна звявіла ўвечары 23 чэрвеня ў праграме «Семнадцать мгновений» тэлеканалу «Россия-Беларусь», — паведаміў рэсурс naviny.by са спасылкай на БелаПАН.
Крытыку новага законапраекта з боку недзяржаўных СМІ і арганізацый спн. Пяткевіч адкаментавала наступным чынам: «Трэба ж нечым грошы зарабляць… Нагодаў інфармацыйных для таго, каб нешта пакрытыкаваць так, каб можна было крычаць, робіцца ўсё менш і менш… А тут магчымасць на роўным месцы зрабіць праблему, тым больш што закон аб СМІ насельніцтва не тычыцца. Гэта закон вузкагаліновы, які рэгламентуе дзейнасць галіны — галіны народнай гаспадаркі, галіны эканомікі. Сродак масавай інфармацыі — гэта такое ж атрыманне прыбытку, як крамы, завод і г.д. …Людзі як атрымлівалі інфармацыю, яны так яе і будуць атрымліваць», — запэўніла Наталля Пяткевіч.
Што тычыцца тэзы пра намер дзяржавы «зачысціць» Інтэрнет ад недзяржаўных СМІ і ад крытыкі на адрас уладаў, спн. Пяткевіч зазначыла: «Калі падкажуць, як гэта зрабіць, я буду вельмі ўдзячная. Насамрэч я думаю, што абсалютна кожны чалавек… разумее, што Інтэрнет у прынцыпе „зачысціць“ немагчыма. Ён усё роўна ёсць, гэта глабальная сетка».
Нагадаем, што 17 чэрвеня ГА «БАЖ» накіравала Наталлі Пяткевіч афіцыйны ліст з просьбай пасадзейнічаць шырокаму грамадскаму абмеркаванню апошняй рэдакцыі законапраекта «Аб СМІ», правядзенню парламенцкіх слуханняў па сітуацыі са СМІ ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама накіраванню законапраекта на экспертызу ў Раду Еўропы. Аналагічныя пасланні былі накіраваныя начальніку галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Усеваладу Янчэўскаму і першай намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.
Перад гэтым арганізацыя накіравала звароты асабіста кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з пералікам найбольш рэгрэсіўных палажэнняў гэтага дакумента¬ і просьбай паспрыяць яго шырокаму грамадскаму абмеркаванню перад прыняццём.
Напярэдадні слуханняў 17 чэрвеня БАЖ перадаў у Палату прадстаўнікоў тэкст дэталёвай экспертызы законапраекта «Аб сродках масавай інфармацыі», падрыхтаваны юрыстамі ГА «БАЖ».