Паўлюк Быкоўскі: «Інтэрнет падобны да бібліятэкі, дзе суіснуюць добрыя і кепскія крыніцы інфармацыі...»

Прэс-служба ГА "БАЖ"

Хтосьці лічыць Байнет адзінай крыніцай вольнай і аператыўнай інфармацыі, а хтосьці называе яго «сметніцай». Што да беларускіх журналістаў, дык для іх Інтэрнет усё часцей робіцца новым месцам працы. І пасля прэсінгу, які адчувае на сабе кожны супрацоўнік друкаваных СМІ, праца ў Інтэрнет-прасторы падаецца настолькі вольнай, што мы часта забываемся на прафесійныя стандарты і этыку.

Пра ідэю рэгулявання Інтэрнет-прасторы, пра неабходнасць прытрымлівацца журналісцкіх стандартаў у пошуках і станнеры знойдзенай інфармацыі, а таксама пра іншыя аспекты працы ў Інтэрнеце прэс-служба БАЖ пагутарыла з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.

 

Паўлюк Быкоўскі (фота Радыё "Свабода")

БАЖ: — Ці мае, на Вашую думку, пад сабою грунт вызначэнне «Інтэрнет — гэта сметніца», агучанае кіраўніком краіны? 

П.Б.: — Інтэрнет нечым падобны да бібліятэкі, дзе могуць суіснаваць побач і добрыя, і кепскія крыніцы інфармацыі. Чалавечая цывілізацыя ўжо збольшага «перахварэла» на спаленне кніг. Хаця яшчэ ёсць рэцыдывы кшталту пераследу за «Сатанінскія вершы» або хваляванняў з нагоды карыкатур на прарока Мухамеда…

БАЖ:— Ці існуе ў беларускім сегменце Інтэрнету праблема «зліваў» і «правакацый»? На Ваш погляд, ці магчыма гэтага пазбегнуць?

П.Б.:— Злівы і правакацыі існуюць і ў офлайн-медыях. У беларускай сітуацыі з прычыны зацятасці традыцыйнай медыяпрасторы і большай вольніцы ў Інтэрнеце яны больш праяўляюцца ў апошнім. Калі ўлады выкарыстоўваюць для інфармацыйнай вайны традыцыйныя СМІ, у тым ліку тэлебачанне і радыё, то іх апанентам застаецца для гэтага толькі інтэрнет-прастора.

Але гэта зусім не тычыцца журналістыкі. Няма «чэсных» або «нячэсных» журналістаў. Ёсць журналісты і прадстаўнікі іншых прафесій — прапагандысты, піяршчыкі. Журналісты правакацыямі не займаюцца, а «зліў» — гэта амаль заўсёды спроба маніпуляцыі журналістам. Прафесійныя журналісты мусяць захоўваць сваю рэпутацыю і самастойнасць.

 

БАЖ:— Дзяржава не раз агучвала неабходнасць заканадаўчага рэгулявання Інтэрнету. Нядаўна было прапанавана стварыць Асацыяцыю адказных Інтэрнет-выдаўцоў. На вашую думку, ці існуе неабходнасць кантраляваць Інтэрнет — як з боку дзяржавы, так і з боку грамадства?

Паўлюк Быкоўскі (П.Б.): — Я прытрымліваюся думкі, што, калі і мусіць быць рэгуляванне Інтэрнету, то гэта мусіць быць самарэгуляванне — тобок яно павінна ісці ад самой інтэрнет-супольнасці. Згаданая ініцыятыва — гэта ініцыятыва зверху, і яна падмяняе нармальны механізм самарэгулявання. 

БАЖ:— Ідэя выпрацаваць агульную дамову паміж рознымі Інтэрнет-праектамі, сваеасаблівае «джэнтльменскае пагадненне», якое б тычылася прафесійнай этыкі і прафесійнага стаўлення да інтэрнет-журналістыкі, неаднаразова агучвалася і ў самім журналісцкім асяроддзі. Ці лічыце Вы патрэбнымі такія пагадненні — з пункту гледжання як журналіста, так і простага карыстальніка Інтэрнету. 

П.Б.:— Не лічу такі інструмент эфектыўным.

 

БАЖ:— Але ж часта даводзіцца чуць скаргі адных Інтэрнет-праектаў на дзеянні іншых. Маўляў, бяруць інфармацыю, не робяць ніякіх гіперспасылак, а бывае, што ўвогуле ніякіх спасылак не робяць… 

П.Б.:— Красці інфармацыю гэтак жа кепска, як і рэчы. Даступнасць крыніц інфармацыі ў Інтэрнеце стала на нейкі перыяд падставай для хваробы на плагіят. Цяпер, здаецца, цэхавая супольнасць збольшага «перахварэла» і навучылася не забіраць чужыя тэксты, а цытаваць.

У «гуглеізацыі» журналістыкі (ад Google) ёсць і станоўчыя, і адмоўныя бакі. Перастае лічыцца значнай асоба, на якую мала спасылак у Інтэрнеце. Бо, не выходзячы з кабінету, можна назбіраць шмат інфармацыі для «бэкгарўнда» і нават правесці журналісцкае раследаванне.
Але «кабінетная» журналістыка была і ў офлайне. Ведаю выпадак у Беларусі, калі ў адной газеце змяніўся галоўны рэдактар, які пачаў выганяць журналістаў на прэс-канферэнцыі, а тыя за гады кабінетнага сядзення так і не даведаліся, дзе знаходзіцца Нацыянальны прэс-цэнтр і як туды можна даехаць…

Як я ўжо казаў, Інтэрнет — гэта як бібліятэка, якая можа ўтрымліваць як добрыя, так і кепскія крыніцы інфармацыі. У некаторых бібліятэках існуе забарона на ксеракапіяванне поўнага аб’ёму кнігі. (Дакладна не ведаю, на чым яно грунтуецца). У Інтэрнеце абарона аўтарскіх правоў больш складаная і менш распрацаваная, чым у офлайн-медыях. Google вядзе поўнатэкставы пошук па кнігах (http://books.google.com/), але карыстальнік можа атрымаць для прагляду выключна некалькі старонак.
Гэта адпавядае агульнаму прынцыпу — забіраць чужое нельга, але можна цытаваць.

БАЖ: — Калі ўсё ж «крадзёж» здарыўся, калі інфармацыяй скарысталіся — што, на Ваш погляд, можна зрабіць?

П.Б.:— Звяртацца ў суды. Гэта парушэнне аўтарскага права. І не трэба думаць, што, калі ваш рэсурс не мае статусу медыя, то аўтарскае права на вас не распаўсюджваецца!

09:55, 28/05/08
Раздрукаваць | Праглядаў  722 |

Каментары

Дадаць новы каментар







 


Рэгістрацыя
Прэс-службы і СМІ. Электронны даведнік.

Конкурсы і навучанне

Сродкі масавай інфармацыі і суды. Беларусь.

Справаздача міжнароднай місіі ў Беларусь 20-24 верасня 2009 года

Творчы конкурс «Вольнае слова»

Кампанія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” «ЖУРНАЛІСТЫ ЗА ЭКАЛАГІЧНЫ ДАБРАБЫТ»

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

Далучайся да БАЖ

Гучныя справы

WHITE LADY'S ANATHEMA


Журналісты за гістарычную спадчыну
Твой Стыль
МАМmedia.org

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.4863 seconds.