Забойцаў Веранікі Чаркасавай дагэтуль не знайшлі

БАЖ

Журналістка недзяржаўнай газеты "Салідарнасць" Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка.

На допыце 19 лістапада ім паведамілі, што са сведкаў яны сталі падазраванымі. У пастанове пракуратуры было пазначана, што апэратыўным шляхам атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра дачыненне Філімонава і Мялешкі да забойства журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе.

Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, якое правёў журналіст Сяргей Сацук, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе.

31-га студзеня 2005 г. старшы следчы пракуратуры г. Мінска Уладзімір Чумачэнка падпісаў пастанову аб правядзенні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы Антона Філімонава. Неабходнасць правядзення экспертызы тлумачылася тым, што А. Філімонаў пасля гвалтоўнай смерці маці быў пастаўлены на ўлік у гарадскі дзіцяча-падлеткавы псіханеўралагічны дыспансер, а ў канцы лістапада паступіў на стацыянарнае лекаванне ў рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную лякарню.

1 лютага група следчых на чале з Уладзімірам Чумачэнкам без папярэджання з'явілася ў школу №88, дзе вучыцца 15-гадовы Антон. Яны спрабавалі забраць А.Філімонава для правядзення псіхіятнычнай экспертызы, але сваякі вучня прадухілілі дзеянні следчых.

2 лютага бацька Антона – Зміцер Філімонаў, які жыве ў Маскве, забраў сына з сабою.

23 лютага суд Цэнтральнага раёна г. Мінска адхіліў скаргу Віталя Кулікова - адваката Антона Філімонава, сына забітай у кастрычніку 2004 г. журналісткі Веранікі Чаркасавай - на рашэнне пракуратуры г. Мінска аб прызначэнні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы падлетка. Гэтае рашэнне можа быць абскарджана цягам сутак у Мінскі гарадскі суд. Судовае паседжанне было закрытым і доўжылася каля 40 хвілін.

У залу суда падчас слуханняў былі дапушчаныя толькі адвакат, пацярпелая (маці забітай журналісткі Дыяна Чаркасава) і прадстаўнік пракуратуры Цэнтральнага раёна г. Мінска. З усіх іх узялі падпіску аб неразгалошанні матэрыялаў слуханняў. Самога Антона Філімонава ў суд не выклікалі.

4 сакавіка Мінскі гарадскі суд адмяніў рашэнне аб прымусовым характары псіхіятрычнай экспертызы чына Веранікі Чаркасавай А.Філімонава, разгледзеўшы касацыйную скаргу, пададзеную адвакатам В.Куліковым. Адвакат абскарджваў рашэнне суда Цэнтральнага раёна г.Мінска ад 23 лютага, які пакінуў у сіле пастанову пракуратура г.Мінска аб прызначэнні стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы Філімонава.

18 красавіка начальнік следчага аддзела С. Іванова Пракуратуры г. Мінска вырашыў спыніць крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі "за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства". Пастанова прынятая на падставе таго, што падчас папярэдняга расследавання па справе "не здабыта дастатковых доказаў" спрычыненасці Мялешкі і Філімонава да злачынства, а "ўсе магчымасці для збору дадатковых доказаў вычарпаныя".

23 чэрвеня на прэс-канферэнцыі намеснік Генеральнага пракурора РБ Віктар Прус паведаміў, што пракуратура падоўжыла тэрмін расследавання забойства журналісткі газеты "Салідарнасць" Веранікі Чаркасавай да 21 жніўня г.г. Па словах В. Пруса, па справе працягваецца актыўная аператыўна-следчая праца, аднак "сёння станоўчага выніку, на жаль, не дасягнута". Паводле В. Пруса, пракуратура "правярае" каля 10 версій гэтага забойства. Што тычыцца следчых дзеянняў у дачыненні да сына забітай журналісткі, намеснік генеральнага пракурора заявіў, што той у якасці падазраванага "хутчэй непасрэдна не разглядаўся", але "былі дастаткова важкія аргументы думаць пра тое, што ён нешта ведае датычна гэтага злачынства". Віктар Прус лічыць, што "па гэтай справе ніякіх парушэнняў законнасці, у тым ліку ў дачыненні да сына Чаркасавай, дапушчана не было. Ён дапытваўся для высвятлення некаторых абставінаў, якія ён як асоба, што знаходзілася непадалёк ад дома сваёй маці, патлумачыць не мог".

20 жніўня 2005 г. споўнілася 10 месяцаў з моманту забойства журналісткі. 21 жніўня Пракуратура РБ зноў працягнула тэрмін следства па справе аб забойстве журналісткі газеты "Салідарнасць" Веранікі Чаркасавай.

8 верасня ў Мінску прайшла прэзентацыя зборніка "Красным по белому", у які ўвайшлі лепшыя публікацыі Веранікі Чаркасавай. Яго склалі публікацыі з 1992 па 2004 гг., якія з'яўляліся ў самых розных беларускіх і расійскіх выданнях: "Голас Радзімы", "БДГ", "Белорусская газета", "Новое время", "Огонёк", "Салідарнасць". Зборнік рыхтаваўся напрацягу некалькіх месяцаў групай валанцёраў. Кнігу "Красным по белому" можна замовіць, даслаўшы ліст на адрас zakaz_v_ch@yahoo.com

21 кастрычніка 2005 г. кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў паведаміў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", што тэрмін папярэдняга расследавання справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай падоўжаны яшчэ на 2 месяцы.

У канцы снежня 2005 г. папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай было прыпынена "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага". Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. Як патлумачыў сп. Іваноў, цяпер па справе працуюць спецыялісты крымінальнага вышуку (які падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных спраў), аднак пракуратура трымае іх працу на кантролі. Па словах следчага, крымінальны вышук перыядычна дакладае пракуратуры пра вынікі сваёй працы, аднак ён быў "не гатовы" адказаць, як часта гэта адбываецца. Пры неабходнасці пракуратура ў любы момант можа аднавіць следства, - зазначыў С. Іваноў. Паводле яго словаў, у следства па-ранейшаму некалькі версій гэтага забойства, і пракуратура не можа разглядаць ніводную з іх у якасці асноўнай.


2006 год заўважнага прагрэсу ў расследаванні справы аб забойстве журналісткі газеты “Салідарнасць” Веранікі Чаркасавай не прынёс. Нагадем, што ў канцы снежня 2005 г. папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай было прыпынена "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага". Аднак “справа Чаркасавай” па-ранейшаму заставалася ў цэнтры ўвагі грамадскасці з прычыны крымінальнай справы, ўзбуджанай у дачыненні да сына забітай журналісткі – Антона Філімонава.

16-гадовы падлетак быў затрыманы 27 снежня 2005 года супрацоўнікамі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ чатырох яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 221 КК РБ (незаконны выраб, захаванне і распаўсюд падробленых грошай, здзейсненыя паўторна арганізаванай групай асобаў па папярэдняй дамоўленасці). Усе пяцёра правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя А. Філімонава, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай была ўжытая толькі да яго.

6 студзеня бабуля і дзядуля Антона Філімонава, Уладзімір Мялешка і Дыяна Чаркасава зладзілі прэс-канферэнцыю і заявілі, што ў СІЗА на падлетка аказваюць ціск. Па словах Д.Чаркасавай, да А.Філімонава ў ізалятар часовага ўтрымання прыходзілі невядомыя людзі, якія прапаноўвалі напісаць прызнанне ў забойстве маці.

10 студзеня суд Першамайскага раёна г. Мінска адхіліў скаргу Уладзіміра Мялешкі (законнага прадстаўніка А. Філімонава) аб змяненні меры стрымання яго ўнуку. 17 студзеня суд г. Мінска пацвердзіў гэтае рашэнне, адхіліўшы скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі.

2 лютага Дыяна Чаркасава і Уладзімір Мялешка апублікавалі адкрыты зварот да грамадскасці, у якім заявілі, што за больш як месяц знаходжання ў СІЗА-1 г. Мінска іх yнука з ім не было праведзена ніводнага следчага дзеяння па справе аб фальшывых грашовых знаках. Блізкія Антона заявілі, што праваахоўныя органы прызналі факты наведвання падлетка ў СІЗА асобамі, якія не маюць дачынення да справы аб фальшывых грашовых знаках. Сваякі А.Філімонава звярнуліся да грамадскасці па дапамогу ў справе абароны падлетка - у прыватнасці, у змяненні яму меры стрымання.
У той жа час да пракурора г. Мінска Мікалая Кулікова звярнуліся некалькі дзесяткаў беларускіх журналістаў з просьбай змяніць меру стрымання Антону Філімонаву і вызваліць яго з-пад варты. (Збор подпісаў ініцыявала жонка зніклага ў 2000 годзе аператара ОРТ, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Святлана Завадская). Тым не менш, пракуратура не ўбачыла падставаў для змянення падлетку меры стрымання. Пра гэта гаварылася ў афіцыйным лісце намесніка пракурора г.Мінска Л. Літвінюка ад 16 лютага на адрас ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Святланы Завадскай.

17 лютага газета "Рэспубліка" апублікавала выказванне намесніка Генеральнага пракурора Віктара Пруса на паседжанні калегіі рэспубліканскай пракуратуры: ён выказаў занепакоенасць тым фактам, што забойцы журналісткі Веранікі Чаркасавай дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці. Ён катэгарычна адмовіў існаванне сувязі паміж гэтай справай і затрыманнем яе сына Антона.

Тым не менш, у канцы лютага расследаванне справы аб забойстве журналісткі было адноўлена. Гэтую інфармацыю пацвердзіў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў.

22 лютага намеснік пракурора г. Мінска Л. Літвінюк працягнуў тэрмін папярэдняга следства па справе і тэрмін утрымання падлетка пад вартай да 27 сакавіка (да 3 месяцаў).

7 сакавіка суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакінуў без зменаў меру стрымання А. Філімонаву, адхіліўшы скаргу адваката на законнасць прымянення і падаўжэння яму меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

13 сакавіка Антону Філімонаву была змененая мера стрымання з утрымання пад вартай на “меру стрымання ў выглядзе закладу”. Паводле пастановы, следчыя органы ўзялі пад увагу, што падчас папярэдняга расследвання па згаданай крымінальнай справе “неаднаразова паступалі хадайніцтвы аб змене ў дачыненні да Філімонава А.Д. меры стрымання ў выглядзе заключэня пад варту на іншую, не звязаную з пазбаўленнем волі, а таксама тое, што абвінавачаны Філімонаў А.Д. пакутуе на хранічныя захворванні”. А.Філімонаў быў вызвалены пад заклад 7,5 тысяч долараў ЗША, які ўнеслі яго сваякі. У следчым ізалятары ён правёў 2,5 месяцы.

14 сакавіка "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага" раследаванне справы аб забойстве В. Чаркасавай было ў чарговы раз прыпынена.

10 красавіка суд Першамайскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да Антона Філімонава і іншых падлеткаў, абвінавачаных у парушэнні другой часткі артыкула 221 КК РБ. 11 красавіка пракурор запатрабавала для 16-гадовага А. Філімонава пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі, а для астатніх абвінавачаных - па 3 гады. Суддзя ж не ўбачыла ў гэтай справе прыкметаў паўторнасці і вынесла падлеткам прысуд па першай (больш мяккай) частцы арт.221 КК. Для Антона Філімонава было вызначана пакаранне -- 2,5 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

10 красавіка на сайце “Беларускі партызан” з’явіўся артыкул пад назвай “Цана жыцця (новая версія прычын забойства Веранікі Чаркасавай)”, аўтарства якога належыць Творчай майстэрні “Агенцтва журналісцкіх расследаванняў“ (Матэрыял можна таксама знайсці на сайце Агенцтва http://www.agentby.com/?q=node/22). “У адрозненні ад следчых, за мінулы год журналісты... змаглі здабыць новыя факты, якія ўказваюць на тое, што забойства Веранікі магло быць звязана з яе прафесійнай дзейнасцю”, - гаварылася ва ўступнай частцы публікацыі.

Па меркаванні аўтараў артыкула, Вераніка, сама таго не ўсведамляючы, магла трапіць на самы “гарачы край” барацьбы паміж дзвюма кланавымі групаўкамі краіны. Яны лічаць, што Вераніка магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктуючых бакоў стратай вялікіх грошай.

У красавіку 2006 г. у Інтэрнэце з'явіўся сайт, прысвечаны справе аб забойстве беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай: http://www.veronikacherkasova.org. На сайце змяшчаецца інфармацыя датычна ходу расследавання яе забойства, публікацыі на гэтую тэму ў беларускай і замежнай прэсе, заявы беларускіх і міжнародных арганізацый па гэтай справе і г.д. Забойства Веранікі разглядаецца аўтарамі сайту ў кантэксце беларускай сітуацыі, і таму яны прапануюць шмат дадатковай інфармацыі датычна становішча з мас-медыя ў нашай краіне. Па звестках ГА "БАЖ", да з'яўлення сайту мелі дачыненне калегі і сябры Веранікі, якія цяпер жывуць у ЗША.

18 красавіка газета “Звязда” надрукавала інтэрв’ю з начальнікам следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры Мінска Сяргеем Івановым, у якім ён заявіў, што расследаванне забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай прыпынена ў сувязi з тым, што не ўстаноўлены асобы, якiя здзейснiлi злачынства. Але, на яго думку, “гэтая крымiнальная справа — не безнадзейная, i яе расследаванне можа быць даведзена да лагiчнага канца”. Галоўны следчы сталіцы лічыць, што злачынства не было дакладна прадуманым i загадзя падрыхтаваным.

У сваю чаргу, кіраўнік агенцтва журналісцкіх расследаванняў Сяргей Сацук, які з калегамі таксама расследаваў забойства В. Чаркасавай, упэўнены, што гэта быў прафесійны кілер, які інсцэнаваў забойства на побытавай глебе.

20 кастрычніка 2006 г. – на другую гадавіну забойства журналісткі – была разгорнута грамадская кампанія па пошуку і прыцягненні да адказнасці забойцаў. Акцыя стартавала са звароту Генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) Айдана Уайта да Аляксандра Лукашэнкі. “МФЖ, якая аб’ядноўвае звыш 500.000 журналістаў з розных краінаў, заклікае Вас аднавіць расследаванне справы аб забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай, знайсці і пакараць яе забойцаў ў судовым парадку... Мяркую, што працяглая нездатнасць беларускіх уладаў прыцягнуць да адказнасці забойцаў В.Чаркасавай кідае цень на імідж Беларусі і гатовасць беларускага ўраду абараняць асноўныя правы чалавека,”— гаворыцца ў звароце. Таксама ў лісце падкрэсліваецца, што “толькі праз прыцягненне злачынцаў да судовай адказнасці Беларусь можа прадэманстраваць сваім грамадзянам і міжнароднай супольнасці сваю падтрымку свабоды прэсы і гатовасць абараняць жыцці журналістаў.”

27 жніўня 2007 г. начальнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў заявіў прэс-службе БАЖ , што следства па гэтай справе было ў чарговы раз прыпынена ў лютым, і нічога новага ён паведаміць журналістам не можа.

Блізкія Веранікі Чаркасавай кажуць, што ні пра хаду следства, ні пра яго аднаўленні альбо прыпыненні іх ніхто не інфармуе. «Пачуўшы інфармацыю пра арышты па справе Паліткоўскай, я нават парадваўся за расійскія праваахоўныя органы», — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ айчым забітай журналісткі Уладзімір Мялешка. «Прынамсі, следчыя органы не баяцца фармулёўкі „забойства на прафесійнай глебе“. Відавочна, што імі праведзена значная праца», — лічыць ён.

18 кастрычніка 2007 г. той жа Сяргей Іваноў паведаміў БАЖ, што следства «не мае паведаміць па гэтай справе нічога новага». Гэта значыць, што расследаванне з лютага 2007 г. прыпынена.

У пачатку кастрычніка 2008 г. кіраўнік следчага аддзелу пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» зазначыў, што следства не можа паведаміць нічога новага па справе, а расследаванне па-ранейшаму прыпынена. Апошняе прыпыненне расследавання з фармулёўкай «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» адбылося ў лютым 2007 г.


На фота: Уладзімір Мялешка і Дыяна Чаркасава (фота БАЖ, зроблена 18.10.2008)

8 кастрычніка 2008 г. маці Веранікі Дыяну Чаркасаву і айчыма Уладзіміра Мялешку выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Мінска. У той жа дзень у іх кватэры з санкцыі пракурора Першамайскага раёна быў праведзены ператрус. У кватэры шукалі, як заявілі супрацоўнікі РУУС, «зброю, наркотыкі, скрадзеныя рэчы». У выніку ператрусу нічога не забралі. На допыце ў Дыяны Чаркасавай і Уладзіміра Мялешкі распытвалі, дзе зараз знаходзіцца сын журналісткі Антон Філімонаў.

«Антон зараз жыве за мяжой. Ён вымушаны быў выехаць, бо было відавочна, што следства ўсё роўна вяртаецца да яго ўвесь час як да галоўнага „кандыдата на падазраванага“. Чатыры гады яны не шукалі сапраўдных злачынцаў, а рыхтавалі глебу для таго, каб звязаць з Антонам забойства Веранікі», — лічыць Дыяна Чаркасава.

«Мы чатыры гады таму страцілі дачку, а цяпер фактычна згубілі ўнука, з якім не можам нават падтрымліваць нармальную сувязь. І ў такой сітуацыі „візіты“ з ператрусамі і выклікі на допыты выглядаюць здзекам са старых людзей. Мы не можам паведаміць следству нічога новага», — дадае Д. Чаркасава.

­20 кастрычніка 2008 г. журналісты ўсклалі кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная Вераніка.

­­
10:00, 20/10/06
Раздрукаваць | Праглядаў  1822 |

Каментары

Дадаць новы каментар







 


Рэгістрацыя
Прэс-службы і СМІ. Электронны даведнік.

Конкурсы і навучанне

Сродкі масавай інфармацыі і суды. Беларусь.

Справаздача міжнароднай місіі ў Беларусь 20-24 верасня 2009 года

Творчы конкурс «Вольнае слова»

Кампанія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” «ЖУРНАЛІСТЫ ЗА ЭКАЛАГІЧНЫ ДАБРАБЫТ»

Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

Далучайся да БАЖ

Гучныя справы

WHITE LADY'S ANATHEMA


Журналісты за гістарычную спадчыну
Твой Стыль
МАМmedia.org

RATING ALL.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100

In 0.6754 seconds.