ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

ТАТАЛІТАРЫЗМ. КУРС ЛЕКЦЫЯЎ

 

ЗЬМЕСТ

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

Лекцыя 8

Лекцыя 9

Лекцыя 10

Лекцыя 11

Лекцыя 12

Лекцыя 13

Лекцыя 14

Лекцыя 15

Лекцыя 16

Лекцыя 17

Лекцыя 18

Лекцыя 19

Юры ВАШКЕВІЧ. “HOMO SOVIETICUS” — ФЭНОМЭН І АРХЕТЫП

Плян:

1. Спосабы фармаваньня савецкага чалавека

2. Сродкі выхаваньня

3. Замест заключэньня

 

1. Спосабы фармаваньня савецкага чалавека

Да інструмэнтаў, з дапамогай якіх фармаваўся новы чалавек, належаць: страх, нянавісьць да ўяўнага (указанага партыяй) ворага, улада (кантроль) над памяцьцю (гісторыяй) і прыватным жыцьцём, кіраванае жабрацтва, “новамова”, літаратура і мастацтва. Аб’ектам атакі станавіліся ўсе тыя сувязі між людзьмі, зь якіх утвараецца грамадзянская супольнасьць: рэлігія, сям’я, гістарычная памяць, мова. Грамадзтва сыстэмна і плянава разбуралася, людзі пазбаўляліся традыцыйных повязяў, замест якіх мусілі прымаць іншыя, абраныя для іх дзяржавай. Творцы “новага чалавека” ўсьведамлялі, што апрацоўка насельніцтва ў такім кірунку мае быць усебаковай і ахопліваць усіх.

У непарыўную еднасьць злучыліся прапаганда і тэрор. Калі хто-небудзь адважваўся ўзяць пад сумнеў правільнасьць ідэалягічнай формулы і сказаць што-кольвек адрознае, — яго не пераконвалі, але каралі. Ува ўмовах поўнай улады над жыцьцём любога са сваіх падданых у партыйна-дзяржаўных органаў заўжды меліся адпаведныя прыёмы пакараньня, і зусім не абавязкова было, каб кара выдавала на суровую, — істотна зрабіць непакорцу як мага балюча, прадэманстраваць нялітасьць. Усялякае пакараньне пераконвала, натуральна, далёка ня ў слушнасьці партыйных пазыцый, а ў тым, што ідэолягам належыць патураць. І абодва бакі такое цалкам задавальняла. Бо вызначальным паўставаў сам ідэалягічны канфармізм, а не ягоны мусовы характар. Такім чынам, адной з падвалін савецкай імпэрыі стаў тэрор, які спраўна выгадоўваў моцныя парасткі страху.

Тэрор як сыстэма запалохваньня ўчыненьнем масавых рэпрэсій і пакараньнем нявінных, а таксама скасаваньне самаго паняцьця правасудзьдзя далі чаканыя вынікі. Запалохалі на дзесяцігодзьдзі, засеялі ў душах неадступны жах перад уладай. Менавіта “рыцары-чэкісты”, гэтыя ўсемагутныя шукальнікі “крамолы”, акрэсьлілі на ўвесь наступны час парадак, пры якім ніхто і ніколі ня можа пачувацца ў бясьпецы. Кожны чуў сябе падазраваным, баяўся ўласных думак, самастойных рашэньняў, асьцерагаўся хоць нечым адрозьніцца ў безаблічнай, зьнівілеяванай масе.

Заснаваны ў 1918 годзе, з ініцыятывы Троцкага і Леніна, цэнтар тэрору — канцэнтрацыйны лягер — выконваў ня толькі карную, эканамічную, але й псыхалягічна-выхаваўчую функцыю. Менавіта лягер стаўся ўнівэрсальным карным сродкам для ўсіх “няпэўных элемэнтаў”, заняўшы другое месца, пасьля сьмяротнага прысуду, па ступені суровасьці абыходжаньня зь нявольнікамі. Аляксандар Салжаніцын распавядае пра жудасныя, неймаверныя памеры камуністычнай лягернай імпэрыі, папраўляючы перабольшаную, на ягоную думку, ацэнку колькасьці вязьняў у 1938 годзе з 20—30 мільёнаў на 12—15 мільёнаў чалавек. Але й 15 мільёнаў — тое ж ледзь ня кожны дзясяты жыхар краіны. Гэтак была створана імпэрыя лягераў, якой ня ведала датуль гісторыя чалавецтва. Грамадзяне краіны, лік вязьняў у якой ішоў на мільёны, не маглі не адчуваць пасьлядоўнага ціску, што зломваў, руйнаваў псыхіку.

Ад канца 20-х гадоў паступова нарасталі маштаб, інтэнсіўнасьць рэпрэсій і звужаліся жыцьцёвыя межы, у якіх існаваў савецкі чалавек.

Страх, які адпачатна грунтаваўся на падзеле грамадзтва на групу “партыйцаў”, асоб, што “маюць пралетарскае паходжаньне”, і людзей “рэвалюцыйна несьвядомых”, аднесеных да “эксплюататарскіх элемэнтаў”, якім толькі часова даравана жыцьцё, зьяўляўся наймагутным сродкам падпарадкаваньня насельніцтва. “Вораг народу” запраграмавана атрымлівае азнаку: капіталіст, памешчык, буржуй, кулак, контррэвалюцыянэр. З гэтай прымітыўнай ідэі бяруць пачатак пазьнейшая бальшавіцкая практыка ліквідацыі “рэакцыйных клясаў”, “эксплюататараў”, масавы камуністычны генацыд, параўнальны толькі з гітлераўскай экстэрмінацыяй горшых народаў, “непаўнавартых” рас. Адны забівалі габрэяў, цыганоў, славян з прыкметы нацыянальнай прыналежнасьці, іншыя фізычна вынішчалі буржуяў, кулакоў, памешчыкаў — за “няправільнае” сацыяльнае паходжаньне. Пагроза вынішчэньня некаторых сацыяльных слаёў ужо ад самага пачатку існаваньня бальшавіцкай улады стварыла атмасфэру ўсеахопнага, усеагульнага страху, які непазьбежна паглыбляўся і ад якога ня збавіліся на абшарах былога СССР і дасюль. Ад часоў Сталіна ўлада пераканана і эфэктыўна змушала чалавека на ўсё, што мела ў намерах, страхам. Таму нагнятаньне і рэжысаваньне страху стала адметнасьцю камуністычнага таталітарызму. Праз такія захады застрашваньня ўмацавалася пэўнасьць, што плястычнасьць чалавечай натуры, падатлівасьць да вонкавага ўмяшаньня добра-такі паслугуюць ідэі псыхічнага кадаваньня: нішто, маўляў, у асабістай і калектыўнай дзейнасьці ня можа адбывацца само па сабе, бяз вонкавага імпульсу.

Псыхоз страху і гістэрычнай шпіёнаманіі прысьпешвалі атамізацыю грамадзтва, аддаючы яго пад кантроль дзяржавы. Дарэчы, у падноўленым, рэанімаваным стане гэты страх пануе й сёньня. Гэта за конт неадольнага страху ўдаецца паджыўляць у людзях савецкія формулы, што нічога немагчыма зьмяніць, бо сыстэма — наканаваная і непарушная, і ніводнага ўчынку, нават ніводнай думкі “маленькаму чалавеку” ад яе не схаваць...

Найлепшай жа глебай для ўзрошчваньня страху ёсьць нянавісьць. Нянавісьць прышчэплівалася ня толькі падчас ідэалягічнага выхаваньня, але і ў працэсе выхаваньня ўвогуле. Пры чым, савецкія дзеячы культуры адыгрывалі ў гэтай справе не апошнюю ролю. Пагрозу з боку “ўнутраных” і “вонкавых ворагаў” даводзілі да формы калектыўнай маніі, масавай навязьлівай ідэі. Савецкі грамадзянін за мяжой, незалежна ад таго, у якой краіне ён знаходзіўся, насамрэч паўсюль бачыў і прадчуваў ворагаў. Постсавецкае людзтва таксама ж зь недаверам ставіцца да Захаду, і найперш да краін, адносна якіх камуністычная індактрынацыя савецкіх часоў была асабліва агрэсіўнай. Паўсюднае вынаходжаньне “ворагаў” дапамагала апраўдваць уласныя няўдачы, перакладаючы віну на мітычныя інтрыгі нядобразычліўцаў. Сярод насельніцтва штучна паджыўляльны страх перад чужынцамі павялічваў прагу да супольніцтва, патрэбу чым цясьнейшага гуртаваньня ў “калектыў”. Напоўна скарыстоўвалася схільнасьць запалоханых людзей да нэгатыўных праграм — нянавісьці да ворага, зайздрасьці да больш заможных і пасьпяховых. Ведама ж, спакусіць на супраціў куды лягчэй, чым на пазытыўную дзейнасьць. Супрацьстаўленьне “мы” — “яны” заўсёды ўжываецца там, дзе ня толькі разьлічваюць на падтрымку сваёй палітыкі, але й патрабуюць ляяльнасьці шырокіх мас.

Ідэалягічнае выхаваньне ў СССР, ці хутчэй, ідэалягічны ўплыў набыў форму масаванага націску арміі агітатараў і прапагандыстаў. Афіцыйная ідэалёгія стварала мітычны вобраз непераможнага савецкага чалавека, і кожная новая прыдумка адразу ж рабілася нечым кшталту дырэктывы для ўсіх. Складана, аднак, сфармуляваць патрабаваньні, выстаўляныя да савецкіх грамадзян кампартыйнымі ідэолягамі, бо тое цалкам залежала ад актуальнай палітыкі партыі, унутранага і міжнароднага становішча, зьменаў у ідэалёгіі і г.д., а таму ўсе прэтэнзіі мелі таксама зьменлівы, рухомы характар. Да прыкладу, скончыўшы будову сваёй дзяржавы і дарэшты задушыўшы ўсялякія праявы апазыцыйнасьці, бальшавікі ў 30-я гады ХХ ст. пачалі шукаць цэмэнтавальную ідэю для абгрунтаваньня далейшых плянаў. Артадаксальны марксызм, зь яго павальным інтэрнацыяналізмам і дакляраваньнем зьнікненьня дзяржавы, ужо не пасаваў, бо рэзка дысанаваў з таталітарным дзяржаўным ладам ды імпэрыялістычнай палітыкай СССР. Таму аб’яднальнай ідэяй становіцца “савецкі патрыятызм”, які ўсё больш прыпадабняўся да расейскага. Менавіта насаджэньне патрыятызму давала ўладзе магчымасьць неўпрыкмет выпрацоўваць адпаведнае да сябе стаўленьне — вернасьць камуністычнай дзяржаве і яе лідэрам, самаадданасьць і фанатызм, нецярпімасьць у дачыненьні да “ідэалягічных ворагаў”, іншадумцаў. З расейскай гісторыі выбіралася тое, што было патрэбна ў дадзены момант, на бліжэйшую пэрспэктыву ці доўгатэрміновы пэрыяд — героі, якіх трэба любіць і ворагі, якіх трэба ненавідзець. Прэпараваная такім чынам гісторыя набыла рысы пачварнага гібрыду расейскага нацыяналізму і марксызму.

Падманная, сфальсыфікаваная мінуласьць, як і скажоная сучаснасьць, суправаджалі савецкага чалавека ад нараджэньня да скону. Гісторыю падпарадкоўвалі дасягненьню чыста палітычных мэт, а новая яе інтэрпрэтацыя стала для ўлады дадатковай зброяй у барацьбе з кожным памкненьнем да нацыянальнай незалежнасьці, у якой бы форме яны ні выяўляліся.

Важнае месца ў фармаваньні савецкага чалавека займала камуністычная міталёгія, практычнае значэньне якой заключалася найперш у гатовасьці людзей верыць у нешта далёка-дасягальнае, мала зважаючы тым часам на рэчаіснасьць альбо пакорліва прымаючы яе скажоныя формы. А раз міт, у сутнасьці, ёсьць зьявай ірацыянальнай, то яго цяжка аспрэчыць лягічнымі высновамі. Бо хто выбраў за існае міт, — настолькі перакананы ў сваёй праўдзе, што ня чуе ніякіх аргумэнтаў і не дапускае ніякіх доказаў. Таму права на стварэньне мітаў і ўладараньне імі было выключнай прэрэгатывай камуністычнай партыі. Міты былі блішчастымі зьвёнкамі магічнага кола, у якім нараджаўся і паміраў савецкі чалавек. А найперадавым зь іх і самым зманлівым быў, канечне ж, утапічны міт пра непазьбежную перамогу камунізму ва ўсім сьвеце — чароўная казка ўсеагульнага шчасьця, гэтакая псэўдарэлігія.

Праўда, і панаваньне такой салодкай мары ня значыла, што савецкія людзі пагалоўна верылі ў камунізм. Больш за тое, савецкае кіраўніцтва добра разумела, што збудова камуністычнага грамадзтва — справа неажыцьцяўляльная. Трымалася ўсё нават не на веры людзей у ствараны ўжо сёньня цуд, а на ўмельстве правадыроў праз гэтую дзяціную веру падпарадкаваць іх сіле зману, накінуць жорсткія правілы гульні. На мэце было не давесьці, не абгрунтаваць, а папросту ўбіць у галовы грамадзян загадзя падрыхтаваныя догмы. Калі ж нехта не згаджаўся на засваеньне прыдуманых правіл і формул у якасьці пастулатаў, учынялася кара — ад банальнага звальненьня з працы да зьмяшчэньня ў канцлягер.

Савецкі грамадзянін мусіў безумоўна выконваць узаконены рытуал. Больш за тое, удзел у “абрадавых дзеях” быў абавязковым, незалежна да асабістага стаўленьня да іх саміх выканаўцаў. Папраўдзе, дык камуністычную намэнклятуру сутнасьць рытуалаў таксама ня надта цікавіла. Найважней было прадэманстраваць вонкавае падпарадкаваньне, заманіфэставаць пакору. Цягам дзесяцігодзьдзяў чалавек прызвычайваўся да такога стану і лічыў яго натуральным. Пераможаны прысвойваў філязофію пераможцы, і менавіта гэткім чынам насамрэч аказваўся пераможаным. У творчасьці францускага драматурга Эжэна Іанэска часта сустракаецца тэрмін “рынацэрас”. Рынацэрас — гэта чалавек гатовых ідэй. Менавіта ж так адбываецца, калі людзі ўжо ня думаюць, а толькі паўтараюць прапагандысцкія лёзунгі і нязьменныя фармулёўкі.

Камуністычная ўлада шырока скарыстоўвала міты, але не як сродак пераладаваньня грамадзтва, як тое надаралася ў гісторыі раней, а ўсяго толькі дзеля замацаваньня сваёй улады і падлегласьці ёй насельніцтва. Неабмежаваныя мітастваральныя магчымасьці ў СССР вынікалі з татальнай улады дзяржавы на ўсе інструмэнты ўплыву на чалавечую сьвядомасьць і матэрыяльныя магчымасьці іх скарыстаньня.

Сыстэма стварэньня міталёгіі ўлучала ў сябе вельмі важны элемэнт — пастаяннае мусовае вывучэньне марксызму-ленінізму школьнікамі і студэнтамі. Нястомна вялася абавязковая руцінная праца дзеля ўключэньня артадаксальнай дактрыны ва ўсе сфэры інтэлектуальнага і культурнага жыцьця, бо менавіта ёй быў нададзены статус адзіна правільнай ідэалёгіі. На практыцы гэта ператваралася ў бясконцае вывучэньне  г.зв. “ідэалягічных” дысцыплін — ад школы да ўнівэрсытэтаў, у нарастальным аб’ёме. Марксызм-ленінізм усепранікальна прысутнічаў у “гістарычным” і “дыялектычным” матэрыялізме, “навуковым” камунізме і гісторыі КПСС, “навуковым” атэізме, палітэканоміі капіталізму і сацыялізму. Пры чым, рабілася гэта ў непрапарцыйна вялікіх аб’ёмах. Гэтай жа мэце служылі пэрманэнтныя абавязковыя палітінфармацыі і партыйныя сходы. Прапагандаваньне і прышчапленьне мільёнам людзей “дыялектычнага” бачаньня сьвету праз скрайне спрошчаную чорна-белую схему (мы —яны, сацыялізм — капіталізм) даравала пэўнай частцы грамадзтва своеасаблівы псыхалягічны камфорт, які дазваляў падаваць найскладаня праблемы ў такім рэдукаваным выглядзе, што ў савецкіх людзей складалася ілюзія поўнага іх разуменьня. Шмат хто зусім шчыра дзівіўся, як жа тых самых праблем не разумеюць буржуазныя навукоўцы. Такім чынам, мы маем тут справу з магутнай прыладай, з падмогай якой рэалізатарам таталітарнага ладу ўдавалася кіраваць чалавечай сьвядомасьцю.

У момант канчатковага зрыну камуністычнай сыстэмы адпаў вонкавы ахоўны слой у выглядзе ілюзорнага сьвету і мітаў-хімэр. Сьвет мітаў страціў фармальны сэнс існаваньня, і адкрылася жудасная рэчаіснасьць ува ўсіх сфэрах грамадзкага і эканамічнага жыцьця. Гэта выклікала, з аднаго боку, шок, а з другога — калектыўны псыхоз як наступства ня толькі пазбаўленьня ілюзій, але й адсутнасьці здольнасьці і жаданьня пагадзіцца з новаўзьніклай сытуацыяй. Вацлаў Гавэл параўноўвае гэты посткамуністычны стан мысьленьня з пачуцьцём няпэўнасьці, спустошаньня і фрустрацыі, справакаваных цяжкасьцямі прызвычайваньня да новага тыпу адказнасьці ва ўмовах свабоды. І менавіта гэтым у значнай ступені можна патлумачыць настальгію людзей па “мінулых часах”, а ў сфэры палітыкі — падтрымку рухаў, партый і асоб, якія альбо прэзэнтавалі нядаўна ўладу, альбо намагаюцца яе скапіяваць ці аднавіць.

Упад імпэрыі СССР зьліквідаваў таксама адзіны бадай што рэальны стымул існаваньня сацыялістычнага грамадзтва — гонар савецкіх людзей з прычыны прыналежнасьці да “вялікай дзяржавы”, які прыхарошваў іхнае жыцьцё, поўнае нягод, нястач і жабрацтва, стаўшы своеасаблівым сілкаваньнем былой імпэрыяльнай гордасьці падданых царскай Расеі.

Ува ўсіх постэсэсэраўскіх краінах на зьмену гэтай імпэрыялістычнай ідэалёгіі прыйшлі нацыянальна-дзяржаватворныя ідэі. У Беларусі такой ідэі, у маштабах усяго грамадзтва, сфармуляваць не атрымалася, таму што ў БССР савецкасьць раьвівалася не побач з нацыянальнай ідэяй, як гэта было, у пэўнай ступені, у іншых савецкіх рэспубліках, а замест яе. Менавіта праз катэгорыі савецкай ідэалёгіі, і толькі празь іх, бээсэсэраўскі беларус асьвядоміў сэнс уласнага жыцьця ў новых умовах савецкай супольнасьці. А гэта непазьбежна паслабляла патрэбу фармаваньня ўнутрынацыянальных сувязяў. У выніку беларускае грамадзтва аказалася пазбаўленым магчымасьці вызначэньня і фармуляваньня групавых ідэалаў і, адпаведна, стварэньня мэханізмаў іх рэалізацыі. Адсюль, згодна з прынцыпам вакууму, назіраецца такое выразнае імкненьне да павяртаньня становішча, існавалага да распаду СССР. Значнай колькасьці беларускіх грамадзян па-ранейшаму звыкла мысьліць катэгорыямі прыналежнасьці да Савецкага Саюзу, уяўнай падтрымкі сацыяльных сувязяў зь няіснай ужо дзяржавай і супольнасьцю савецкіх людзей. Паняцьце нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў беларускай дзяржавы ўсё яшчэ застаецца далёкім для агромістай колькасьці жыхароў краіны, якія эмацыйна, як і раней, зьвязаны з былой імпэрыяй, беспасьпяхова шукаючы ў канфліктнай Расеі чарговага заменьніка СССР.

“Homo sovieticus” ня мае пачуцьця гістарычнай мінуласьці: быццам сьвет паўстаў толькі ўчора. У разуменьні большасці былых савецкіх грамадзян усё, што дзеялася да 1917 году, ёсьць ня толькі няважным, але й малацікавым. Таму калектыўная гістарычная памяць рэдка перасягае межы часу існаваньня на Беларусі савецкай сыстэмы. А калі гэта й здараецца, дык тычыцца пераважна эпізодаў ці асоб расейскай гісторыі. Даволі часта сучасны сярэднестатыстычны беларус успрымае гісторыю як падзеі, перажываныя ім самім, і ўсё ўласнае жыцьцё ён вызначае межамі ўспрыманьня такой гісторыі. Пакуль гэткая сытуацыя будзе працягвацца, паўставаньне нацыянальных ідэалаў, адрозных ад савецкіх, папросту немагчымае.

Міталягічнае мысьленьне надзвычай трывалае, таму амаль бязьзьменна і бяз страт яно перайшло і ў постсавецкае жыцьцё. На Беларусі гэта добра бачна — бадай, як нідзе. Усе гэтыя Леніны, Калініны і Дзяржынскія на пастамэнтах пасярод гарадоў і ў назвах вуліц, “акцябарскія празднікі” і іншыя савецкія сьвяты, гадавіны, юбілеі, разам з савецкім стылем мысьленьня, “ленінскімі суботнікамі”, “дошкамі пашаны” і савецкай сымболікай — родам адтуль, з савецкага камуністычнага міту.

Гэты міт мае й яшчэ адну цікавую асаблівасьць. З дапамогай яго ў сьвядомасьці савецкіх людзей паняцьце расейскасьці стала ў адзін шэраг з паняцьцем савецкасьці, затое антысавецкасьць асацыюецца з антырасейскасьцю. У савецкіх людзей нерасейскага паходжаньня адбылася замена нацыянальных пачуцьцяў, і расейскі нацыяналізм перарадзіўся ў элемэнт савецкай ідэалёгіі. Нацыянальныя пачуцьці нерасейскіх народаў, зьвязаных са сваёй уласнай гісторыяй і традыцыямі, былі найважнымі ў супраціве савецкім мітам. Таму КПСС люта змагалася з нацыяналізмам народаў СССР. Заўважым: ніхто ў Савецкім Саюзе ня быў асуджаны за расейскі нацыяналізм. Крамлёўскія ўлады змагаліся ня супраць расейскага шавінізму, а супраць асноўнай перашкоды камунізацыі і дэнацыяналізацыі — супраць інтэлектуальна-духоўнай эліты ўсіх народаў.

Мадэль дэнацыяналізацыі беларусаў у СССР прадугледжвала, між тым, стварэньне такога становішча, калі ўсе праявы беларускасьці зводзіліся б да праяў фальклёрнай адметнасьці і рэгіянальных асаблівасьцяў. Сёньня, з пэрспэктывы некалькіх дзесяцігодзьдзяў такой хітрай палітыкі, можна сказаць, што яна шмат у чым дасягнула посьпеху. Прынамсі, цяперашняя беларуская намэнклятура, якая ўжо сама валадарыць ува ўласнай дзяржаве, успрымае беларускасьць у катэгорыях фальклёрнай экзотыкі. Спробы ж наладжваньня аўтэнтычна беларускага грамадзкага і палітычнага жыцьця разглядаюцца як сымптомы скрайняга нацыяналізму. Беларускай мове дазволена гучаць са сцэны ў народных сьпевах і прыпеўках, але ў рэальным жыцьці яна падаецца як анамалія, што парушае агульнапрынятыя нормы сужыхарства, і носьбіт яе адразу ж прылучаецца альбо да падазроных дзівакоў, альбо да “нацыяналістаў” — залежна ад сытуацыі і абставін, займеўшы своеасаблівую метку, паводле якой надалей выключаецца з асноўнай групы насельніцтва і беспраблемна можа стасавацца толькі ў коле аднадумцаў. Дасягненьне такога ненатуральнага стану і ў такім масавым маштабе (можна сказаць, па ўсёй краіне) выдае на несумненны посьпех саветызму.

Традыцыя скарыстоўваньня псыхіятрыі з палітычнымі мэтамі — таксама адна з савецкіх адметнасьцяў, угрунтаваная на меркаваньні, што паноўны лад і грамадзкі парадак — найлепшае з магчымага. А таму адмаўленьне іх расцэньваеццца адно як псыхічнае адхіленьне. Пэўны час савецкая псыхіятрыя афіцыйна прызнавала “апазыцыйнае мысьленьне” псыхічнай хваробай. Бо савецкае грамадзтва лічылася за здаровае. Той жа, хто сумняецца ў яго ідэальнасьці, здаровым быць ня можа. З разуменьня адмыслоўцаў-псыхіятраў савецкай школы ўсё выглядала лягічна: людзі, што думаюць адрозна ад мас, — сацыяльныя адкіды, маргіналы, папросту “матэрыял”, які не паддаўся апрацоўцы. Дакладна ж вызначаючы, іншадумцы — гэта тыя, хто ня змог палюбіць рабства.

Найбольш вытанчана-жорсткай і цынічнай санкцыяй да іншадумцаў было заключэньне іх у псыхіятрычны шпіталь. Да Другой усясьветнай вайны такая практыка ўжывалася толькі зрэдку, але ў пасьлясталінскія часы, калі ўсё складаней рабілася ўжываць супраць дысыдэнтаў Крымінальны кодэкс, яна атрымала шырокі распаўсюд. Цяжкасьці паўсталі ў фармуляваньні дыягназу. Але савецкія псыхіятры “з гонарам” выйшлі й з гэтай складанай сытуацыі, прысвойваючы ўсім няўгодным дыягназ “мляваразьвівальная шызафрэнія”, што характарызавалася, адпаведна, “паклёпніцтвам на грамадзтва”, “дрэннай сацыяльнай адаптацыяй”, “хваравітым рэфарматарскім трызьненьнем”, “паранаідальнай рэфарматарскай маніяй”. Ненармальнымі прызнаваліся, напрыклад, асобы, якія “дэзарганізавалі работу ўстаноў шматлікімі бессэнсоўнымі допісамі”, “упарта баранілі вар’яцкія ідэі пошукаў праўды” (дыягназ — трызьненьне праўдашукальніцтва) ці займаліся ня менш паталягічнай справай — “барацьбой за справядлівасьць”. Пад такія дыягназы мог патрапіць практычна кожны, хто выказваў больш-менш самастойную думку, не супадалую з “агульнапрынятай”. Карная псыхіятрыя абапіралася таксама на звычайную побытавую перакананасьць людзей, якім дысыдэнт і запраўду мог здавацца вар’ятам, калі выступаў супраць магутнай дзяржавы бяз шанцаў на посьпех ці атрыманьне якой-кольвек канкрэтнай выгоды. Тое быў відочны парадокс. У ненармальным, збудаваным на ненатуральных прынцыпах, грамадзтве нармальных людзей прымалі за псыхічна хворых. Іх паводзіны, якія ў іншых краінах не выклікалі б ніякага непаразуменьня, у СССР разглядаліся як анамальныя.

2. Сродкі выхаваньня

Бальшавікі лічылі пашырэньне пісьменнасьці адным са сродкаў выхаваньня народу, бо, на іхную думку, непісьменны чалавек стаіць па-за палітыкай, а гэта значыць — і па-за вялікай сфэрай уплыву на яго. Менавіта з гэтай прычыны савецкі чалавек мусіць навучыцца чытаць і пісаць. Адзін зь першых дэкрэтаў савецкай улады абвяшчаў крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад павіннасьці навучаньня грамаце.

Але засвоіўшы перадавіцы, людзі раптам развучыліся гаварыць па-людзку, поўнячы маўленьне штучнымі штампамі і скарачэньнямі. Аўтаномнасьць чалавека ўкарэнена ў культуру, а таму галоўную ўвагу бальшавікі надавалі разбурэньню і культуры, і чалавека як асобы. Вырашальнае значэньне тут мела школа. У першыя гады пасьля кастрычніцкага перавароту рэвалюцыйная школа была месцам, дзе перакрэсьлівалася ўсё, што мела дачыненьне да мінуўшчыны, і дзе зьліквідоўвалася ўся дарэвалюцыйная сыстэма духоўных і сацыяльных сувязяў. З узмацненьнем савецкай сыстэмы школа пачала выхоўваць вучняў у духу г.зв. камуністычнай маралі. І ў гэтым сэнсе задачы савецкай адукацыі ўжо не мяняліся аж да самага зруйнаваньня СССР.

Цягам адносна нядоўгага часу савецкая школа ператварылася ў самую рэакцыйную і кансэрватыўную ўстанову. Камуністычная партыя ні на хвіліну не выпускала навучаньня з поля свайго зроку. Гісторыю савецкай школы можна разглядаць як сэрыю спроб зрабіць навучаньне сродкам выхаваньня камуністычнай “ідэйнасьці”. Пры гэтым да самастойнага аналітычнага ці крытычнага мысьленьня прывучаць было не прынята, нават злачынна., бо якраз такое супярэчыла ідэалягізаванай сыстэме выхаваньня і адукацыі ў СССР. Істотная роля належала й падручнікам, з адметным, вядома ж, зьместам. Не спыняючыся падрабязна на гэтай спэцыяльнай тэматыцы, азначым толькі агульныя рысы тагачасных беларускіх падручнікаў па гісторыі: цалкам адмаўлялася самастойнасьць разьвіцьця беларускай нацыі і дзяржавы, падаваліся розныя інтэрпрэтацыі датычнасьці беларусаў да дзяржаўных інтарэсаў Расеі і СССР.

Можна сказаць, што камуністы зарганізавалі школьніцтва такім чынам, каб ніхто ня выйшаў за рамкі афіцыйна дазволеных аб’ёмаў ведаў (насамрэч ідэалягізаванага набору гістарычных догм). Каб грамадзяне не маглі вынайсьці “празьмернай” інфармацыі, што паспрыяла б ператварэньню іх у “падрыўны элемэнт”. Якраз тут савецкая мова, ці “новамова”, як яе называюць, стала галоўным бар’ерам, які ахоўваў выхад па-за дапушчальны дзяржавай абсяг ведаў. У мове гэтай словы страцілі свой першасны аўтэнтычны сэнс, затое ўлада ўкладала ў іх патрэбныя значэньні.

Асаблівы наступ быў скіраваны на сям’ю. Каб сям’я ня стала прытулкам духоўнай незалежнасьці, яе належала скампрамэтаваць, карыстаючы дзеля гэтага натуральныя канфлікты пакаленьнў і наўмысьля надаючы ім палітычную афарбоўку. Крэўнае сваяцтва, паважлівае стаўленьне да бацькоў падавалася як буржуазны перажытак. І гэтак, да ліку пазытыўных герояў камуністычнай прапаганды дадаліся даносчыкі. Хрэстаматыйным стаўся прыклад Паўліка Марозава, які данёс на свайго бацьку, выступаючы супраць яго ў судзе сьведкам зьвінавачаньня. Менш вядомая гісторыя трынаццацігадовай Проні Калыбінай, якая данесла на маці, пра што ўхвальна пісала газэта “Праўда” ў 1934 годзе. Каб накарміць сваіх згаладалых дзяцей, жанчына “скрала” трохі калгаснага збожжа, і на падставе дэкрэту “аб каласках” была засуджана на дзесяць гадоў лягераў.

Мы ня можам дакладна сказаць, наколькі гэтыя выпадкі былі частымі, але ўжо сам факт, што савецкая прапаганда падавала такое за станоўчы прыклад, сьведчыць пра тагачасныя “ідэалы” і кірункі “перакоўкі” асобы. Сёньня мы не назіраем такіх скрайніх праяў, але звычка даносіць, узгадаваная савецкім ладам, засталася нязьменнай.

3. Замест заключэньня

Цягам сямідзесяці чатырох гадоў “будаўніцтва сацыялізму і камунізму” было “новастворана” безьліч людзей, пазбаўленых усялякага зацікаўленьня працай, перакананых, што нехта абавязаны задавальняць іхныя патрэбы. Сацыяльны капітал, набыты савецкім грамадзтвам, зусім ня ўражвае, затое ўражвае пасьпяхова ўсталяваны між людзьмі глыбокі ўзаемны недавер.

У жыцьці, між тым, асабліва важным якраз і ёсьць давер — пэўнасьць, што людзі ёсьць зычлівымі і сумленнымі, што ў цяжкія моманты можна разьлічваць на іхную дапамогу. Прынамсі, нідзе і ніколі ў сьвеце не было так, каб людзі чакалі адно ад аднаго наўмыснага стварэньня праблем, дапяканьня, шкодніцтва. У камуністычным грамадзтве, аднак жа, усё ня так. Тут паступова запанавалі цынізм і недавер. Лічылася, што толькі дурні некаму давяраюць і робяць дабро.

Хто ж ня ўмее давяраць, ня здольны таксама й займацца грамадзкай працай, зарганізоўвацца дзеля вырашэньня супольных праблем альбо падтрымкі слабых. Ня здатныя яны й да асабовай ініцыятывы. Адсутнасьць даверу прыводзіць да таго, што людзі робяцца кансэрватыўнымі, апатычнымі, празьмерна асьцярожнымі, жывуць у папроках, нараканьнях на лёс і падазронасьці, што супраць іх чыняцца інтрыгі ды змовы.

Сутнасьць камунізму ўпоравень зь нічым не абмежаванай уладай камуністычнай партыі, усюдыіснай пільнасьцю органаў бясьпекі выявілася ў рабскай мэнтальнасьці, нясхільнасьці да рызыкі дзеля свабоды, неўтаймоўнай веры ў моц правадыра, здольнага за адно імгненьне перарабіць жыцьцё да лепшага. І хоць гэтыя рэаліі ўжо належаць мінуласьці, усё ж ёсьць яшчэ даволі шмат прыніжаных істот, якія пакутуюць на тугу па камуністычных часах. Чаму так адбываецца?

Варта мець на ўвазе, што настальгія па мінулым дужа падобна да пачуцьця, зь якім чалавек спамінае дзяцінства ці маладосьць, нават калі й не зусім быў тады шчасьлівы. Хоць і была СССР дзяржавай рэпрэсій, падману і заняволеньня, затое ж не было беспрацоўных і бяздомных. (Усе працавалі, хаця б і за мінімальную плату, у іншым разе пагражала пакараньне за “дармаедзтва”.) Дзяржава, да таго ж, гарантавала сацыяльнае і мэдычнае апекаваньне, давала кватэры. Звыкла было спадзявацца на пакупку аўто ці ўсталяваньне тэлефону. Хоць і сьціплыя былі здабыткі, але ж былі. А таму была вера іх чакаць. А вось адсутнасьць палітычных і грамадзянскіх свабод не ўспрымалася як недахоп сыстэмы, бо абсалютная большасьць насельніцтва, па-першае, нічога пра іх ня ведала, па-другое, ня мела ў іх аніякай патрэбы. Бо homo sovieticus якраз і быў тым “новым чалавекам”, якому свабода іншых уяўлялася рабствам, а ўласнае рабства — свабодай.

Літаратура:

Аляхновіч Ф. У капцюрох ГПУ // Выбраныя творы. “Беларускі кнігазбор”. Мінск, 2005.

Бердяев Н. Истоки и смысл русского коммунизма. Париж, 1955, Москва, 1990;

Бердяев Н. Новое средневековье. Размышления о судьбах России и Европы. Берлин, 1924;

Бердяев Н. Самопознание (Опыт философской автобиографии). Москва, 1991.

Бунин И. Окаянные дни. Санкт-Петербург, 2000.

Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Мінск, 2002.

Геніюш Л. Споведзь // “Маладосць”. 1990. № 1—5.

Зиновьев А. Гомо советикус // Собрание сочинений. Т. 5. Москва 2000.

Оруэл Д. Ферма. 1984. Мінск, 1992.

Волков О. Погружение во тьму. Москва, 2000.

Малиа М. Советская трагедия. История социализма в России 1917—1991. Москва, 2002.

Солженицын А. Архипелаг ГУЛАГ // Малое собрание сочинений. т. 5—7. Москва 1991.

Хайек Ф.А. Дорога к рабству // “Новый мир”. 1991. № 7—8.

Шаламов В. Преодоление зла. Избранное. Москва, 2003.

Fromm E, Escape from freedom, New York 1966, s. 160—161.

Havel V. Postkomunizm // “Kultura” (Paryz) 1996. Nr 1/580—2/581.

 

 

Лекцыя 19
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY