ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

ТАТАЛІТАРЫЗМ. КУРС ЛЕКЦЫЯЎ

 

ЗЬМЕСТ

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

Лекцыя 8

Лекцыя 9

Лекцыя 10

Лекцыя 11

Лекцыя 12

Лекцыя 13

Лекцыя 14

Лекцыя 15

Лекцыя 16

Лекцыя 17

Лекцыя 18

Лекцыя 19

Юры ВАШКЕВІЧ. “HOMO SOVIETICUS” — ФЭНОМЭН І АРХЕТЫП

Плян:

1. Паходжаньне і паняцьце “homo sovieticus”

2. Асноўныя рысы чалавека таталітарнай эпохі

 

Вывучэньне найноўшай гісторыі заўсёды тоіць у сабе небясьпеку большай памылкі, чым дасьледаваньне аддаленых часоў. Гэта падаецца парадоксам, бо, здавадася б, і дакумэнтаў захавалася болей, і сьведчаньняў непасрэдных удзельнікаў падзей, і часавая дыстанцыя куды карацейшая. Але менавіта ў гэтай кароткай дыстанцыі й палягае праблема. Гісторыя робіцца тут нібы часткай біяграфіі канкрэтных жывых людзей. Адсюль — эмацыйнае стаўленьне да перажытых часоў і добра вядомых зьяў, звужаная магчымасьць іх крытычнага пераасэнсаваньня.

Менавіта да такіх зьяў належыць і фэномэн “homo sovieticus” — чалавека савецкага, які ў масавым маштабе быў сфармаваны і разьвіваўся за часамі СССР. Сваё існаваньне доўжыць ён і ў нашы дні. Паспрабуем прааналізаваць гэткага чалавека з гістарычнага пункту гледжаньня.

1. Паходжаньне і паняцьце “homo sovieticus

Сыстэма, створаная Леніным, і не зусім дакладна называная савецкай, адметная некалькімі характэрнымі рысамі: яна ўнармавала выключна дзяржаўную ўласнасьць, імкнулася да абсалютнай цэнтралізацыі ўлады, насаджала неталерантнасьць, вызнавала вяршэнства камуністычнай ідэалёгіі, практыкавала шырокую аўтаномію рэпрэсіўных органаў, прымусова ствараючы тым жа часам грамадзкія арганізацыі (прафсаюзы, камсамол, піянэрыя). Калі да ўсяго памянёнага яшчэ дадаць добра разгалінаваную сетку партыйнага і дзяржаўнага кантролю, дык выразна праглядаецца: меўся дасканала падабраны камплект прылад партыйнай дыктатуры.

Дзеля асэнсаваньня камунізму вельмі важна зразумець бальшавіцкую стратэгію хлусьні. Хлусьлівае слова, зьмяніўшы сваё ранейшае значэньне, мусіла стацца адным з важных інструмэнтаў адурваньня людзей,. Чорнае мела зрабіцца белым, а белае — чорным. Замена праўды на падман, ажыцьцяўляльная праз усталяваньне сыстэмы пакараньня за “адступніцтва” ад камуністычнай ідэі, была адным са спосабаў стварэньня чырвонай імпэрыі — СССР у галовах людзей. Народныя масы вінны былі прызнаць прапагандысцкую ману за ўласныя думкі і погляды.

Вельмі істотным чыньнікам паўставаньня “грамадзтва новага тыпу” быў і канцэпт правадыра, які, зьяўляючыся найвышэйшым аўтарытэтам партыі, выпраменьвае магутную магічную энэргію, што ахоплівае самыя шырокія народныя слаі. Містыцызм камуністычнага “правадырства” меў вытокі якраз у наданьні пэўнай асобе нязьведанай сілы ўплыву на масавую сьвядомасьць. Прырода ж гэтай сілы выяўлялася як у форме натхняльнай, так і зьнішчальнай (дачынна клясавых ворагаў найперш). З адчуваньняў савецкага чалавека вынікала, што дастаткова правадыру ці ягонай партыі дакладна ўказаць на нейкае ліха, назваўшы яго, а затым прыняць адпаведную пастанову, — і тое ліха ў момант зьнікала. Гэткая магічная вера ў моц правадырскіх слоў глыбока ўкарэнілася ў розумы савецкіх грамадзян.

Правобраз homo sovieticus трэба шукаць у расейскіх тэорыях сацыялізму дзевятнаццатага стагодзьдзя. Ужо тады мэнтальна зьявіўся “новы чалавек”, каб зьдзейсьніць у царскай Расеі рэвалюцыю і збудаваць сацыялізм. Бо менавіта ж пра такога чалавека марылі расейскія народнікі, выпраўляючыся “ў народ” з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. І высакародную задачу бачылі яны перадусім у фармаваньні новай мэнтальнасьці, варожай да праваслаўнай традыцыі і ўмацаваных у ёй духоўных каштоўнасьцяў. Ды народнікі пацярпелі фіяска. І тады на зьмену ім прыходзяць рэвалюцыянэры, што ўвасабляюць усёй сваёй дзейнасьцю ўзор дэструктыўнага гераізму. Гэтым прыдатны ўжо ўсялякі сродак барацьбы за сацыялізм. Але й яны, як перад тым папярэднікі, лічылі, што рэалізацыя новай сацыяльна-палітычнай сыстэмы патрабуе перадусім новага чалавека. Ідэю фармаваньня новага чалавека скарыстаў і Ленін падчас бальшавіцкага перавароту, паабяцаўшы мільёнам зьняважаных і згаладалых расейцаў рай зямны, поўны ледзь не дармавых матэрыяльных даброт. Адзінай жа ўмовай для патрапляньня ў той камуністычны рай паўстала адрачэньне ад Бога, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і этычных правіл.

Гэткім чынам, homo sovieticus — пэўны сацыяльна-палітычны фармат чалавека, што складаецца на базе ідэалёгіі калектывісцкага тыпу. Асновапалеглым элемэнтам гэтай ідэалёгіі ёсьць вера ў “сьветлую будучыню” і “правадыра”, мэсію “сьветлай будучыні”, які ня толькі мае сакральныя веды, але й валодае містычнай здольнасьцю ператвараць “энэргію слоў” у “энэргію чалавечых дзеяньняў” і стваральны рух.

Лічыцца, што паняцьце homo sovieticus упершыню ўвёў Аляксандар Зіноўеў. Але ў г. зв. саветалёгіі яно існавала задоўга да Зіноўева. Тэрмін гэты зьявіўся яшчэ да вайны, у Нямеччыне. Зіноўеў жа выдаў сваю кнігу Homo sovieticus у 1970 г. Аўтар твору разглядае асаблівасьці і глыбінныя матывацыі паводзін савецкага чалавека, ці, кажучы больш дакладна, чалавека савецкага тыпу. Гэта, вядома, не азначае, што да Зіноўева ніхто ня зважаў на гэткі фэномэн. Першымі яго вывелі на сьвет белы тыя, хто заўсёды найбольш абвострана адчувае радыкальныя перамены ў грамадзтве, — пісьменьнікі, людзі мастацтва, філёзафы, інтэлігенцыя ўвогуле. Герой на гэтакі ўзор сустракаецца ў Міхаіла Булгакава, Яўгенія Замяціна, Альдоўза Хаксьлі, Міхаіла Зошчанкі, Андрэя Мрыя, Юзафа Мацкевіча, Івана Буніна, Францішка Аляхновіча, Мікалая Бярдзяева і інш., хто яшчэ ў 1920-я гады сутыкнуўся з новымі палітычнымі і культурнымі рэаліямі і іх прадуктам — новым тыпам чалавека. Спароджаны камуністычным грамадзтвам, такі чалавек зьяўляецца выразьнікам жыцьцёвых прынцыпаў гэтага грамадзтва. Можна казаць нават пра спэцыфічную савецкую псыхалёгію асобнай катэгорыі людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе з усёй гісторыяй Савецкага Саюзу.

Аднак жа ня кожны грамадзянін СССР быў “гома саветыкус” і ня кожны “гома саветыкус” быў грамадзянінам СССР — своеасаблівы набор акрэсьленых якасьцяў можа выявіцца ў любым канцы сьвету. Але ў найбольш чыстым выглядзе, шырокім маштабе і дастаткова масава “гома саветыкус” праяўляе сябе толькі там, дзе гістарычна цалкам сябе зрэалізаваў, — на тэрыторыі былога СССР.

Далёка ня ўсе жыхары “камуністычнага раю” былі савецкімі людзьмі ў вышэйзгаданым сэнсе. Сустракаліся сярод іх і такія, хто абсалютна не прымаў камуністычнай мадэлі ўладаваньня грамадзтва і непрыхавана гэта дэкляраваў. Адкрыта дысыдэнцкія погляды, напрыклад, выказвалі (пераважна й найперш) вучоныя, пісьменьнікі. З вышэйпамянёнымі тут абыходзіліся надзвычай жорстка, ізалюючы ў канцлягерах, дзе тыя часта гінулі, або высылаючы па-за межы краіны. Нашмат большую групу складалі тыя, хто падзяляў нязгодніцкія погляды, але не адважваўся іх выказваць (прынамсі, на вушы асоб, якія не выклікалі даверу).

І ўсё ж нямала прадстаўнікоў інтэлігенцыі спрабавалі ў межах існуючай сыстэмы рабіць максымальна магчымае ў цесных абдоймах таталітарызму. Мікалай Бярдзяеў у кнізе “Новае сярэднявечча. Роздумы пра лёсы Расеі і Эўропы”, напісанай у хуткім часе пасля яго выгнаньня з Савецкай Расеі, разважае пра ўзьнікненьне новага “антрапалягічнага тыпу”, новага чалавека — не нацыянальнага, а інтэрнацыянальнага кшталту. “Зьявіліся зусім новыя абліччы, якія раней не сустракаліся ў рускім народзе. Зьявіўся новы антрапалягічны тып, у якім ужо не было дабрыні (...) Аніякага падабенства з тварамі старой рускай інтэлігенцыі, што падрыхтоўвала рэвалюцыю. Новы антрапалягічны тып выйшаў з вайны, якая й дала бальшавісцкія кадры. Гэта тып настолькі ж мілітарызаваны, як і тып фашысцкі”, — спамінаў пазьней аўтар прыгаданага твору.

У рамане Яўгенія Замяціна “Мы” жыхары краіны Ўтопіі настолькі страцілі сваю індывідуальнасьць, што розьняцца міжсобку толькі нумарамі, а кіравальны лёзунг дзяржавы цьвердзіць фармулюе несумяшчальнасьць шчасьця і свабоды.

У дасьледаваньнях савецкіх сацыёлягаў 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя канстатавалася хуткае пашырэньне сярод насельніцтва чэрствасьці, жорсткасьці, цынічнага эгаізму. Асабліва выразна выяўлялася гэта тэндэнцыя сярод моладзі, што засьведчвала навізну самой зьявы, адзначала характэрнае ўзьдзеяньне новага ладу на сьвядомасьць.

2. Асноўныя рысы чалавека таталітарнай эпохі

Асноўнай рысай чалавека таталітарнай эпохі ёсьць яго ізаляванасьць, адарванасьць ад сваіх каранёў. Такая ізаляваная асоба ня бачыць сэнсу ў захаваньні старых традыцыйных каштоўнасьцяў, бо яны падаюцца непатрэбнымі ў новым зьмененым сьвеце, дзе ідэю і волю дыктуе адна партыя. Захаваньне традыцый і трыманьне асабовых пазыцый, адрозных ад афіцыйных, робіцца небясьпечным, бо партыя, ці карпарацыя, якая ажыцьцяўляе ўладу, патрабуе ад грамадзтва поўнай, неабмежаванай, безумоўнай і нязьменнай ляяльнасьці ды неаспрэчнага падпарадакаваньня. А таму дзеля ўмацаваньня спрыяльнага для сябе становішча гэтая партыя рознымі спосабамі вымагае ад усіх насельнікаў перапыну ўсялякіх сувязяў, не супадалых зь ейнымі актуальнымі мэтамі. А раз гэтыя мэты ня маюць нічога агульнага з папярэднім сацыяльным, грамадзкім ладам і рэалізуюцца праз тэрор, — перарываньне нацыянальнай і культурнай традыцыі наступае вельмі хутка.

Мікалай Бярдзяеў сьцьвярджаў, што ў камунізме прыцясьненьне асобы ёсьць непазьбежным, а рэвалюцыйная камуністычная мараль аказваецца бязьлітаснай у адносінах да жывога канкрэтнага чалавека. Індывідуальны чалавек разглядаецца тут як цаглінка, патрэбная для будаўніцтва камуністычнага грамадзтва, як сродак. Адной з крыніц дэспатызму камуністаў зьяўляецца ўсьведамленьне імі супрацькамуністычных схільнасьцяў чалавечай натуры. Пастаяннай пагрозай для камунізму паўстае вечнае імкненьне чалавечай асобы да захаваньня сваіх натуральных інтарэсаў і зацікаўленьняў. Ідэалам жа таталітарнага ладу ёсьць чалавек-аўтамат, пазбаўлены свабоды выбару, невялічкае колца ў агромістай сацыяльнай машыне. Таму зьліцьцё з “калектывам” ператвараецца ў адну з найважнейшых мэт выхаваньня ня толькі сябраў камуністычнай партыі, але і ўсіх чальцоў таталітарнага грамадзтва. Дасягнутае такім чынам адзінства спараджае ў кожным чалавеку адчуваньне, быццам ягонае існаваньне каштоўнае толькі тым, што прызнаецца іншымі. У гэтым выпадку яно замяняе страчанае (ці малапрэстыжнае ў новых умовах) пачуцьцё асабістай значнасьці, годнасьці, вартаснасьці індывідууму.

Наступствы такога атаясамліваньня вельмі сур’ёзныя. Чалавек абсалютна падпарадкоўваецца ўладзе, страчвае інстынкт супраціву і свабоды. Ён робіцца надзвычай плястычным, няздольным да якога-небудзь самастойнага выбару і цярпліва прызвычайваецца да таго, што кожная каштоўнасьць рэлятывізавана адносна інтарэсаў улады. Ува ўмовах пашырэньня таталітарнай сыстэмы такая залежнасьць апаноўвае ўсе слаі насельніцтва і становіцца ўсеахопнай, трывалай, паўсядзённай. Канфармізм, нерацыянальнасьць дзеяньняў набываюць ў такім грамадзтве-“калектыве” паўсюдны характар. Асабліва заўважныя яны ў сутыкненьні з нармальнымі ўмовамі існаваньня. Таму таталітарная ўлада як найлаўчэй намагаецца максымальна ізаляваць такі “калектыў” ад вонкавага сьвету — каб выключыць магчымасьць супастаўленьня, параўнаньня.

Гэткім чынам, homo sovieticus — ілюстратыўны вынік прыстасаваньня да пэўных сацыяльных умоў, у якіх індывідуальная дзейнасьць і паводзіны вызначаліся татальнай уладай. А матывам такіх паводзін было жаданьне выконваць волю ўлады, якою бы яна ні была. Бо ўлада пачала атаясамлівацца з дабром (у выніку адпаведнага выхаваньня, індактрынацыі і прапаганды, спалучаных з прымусам і тэрорам), а ўсе, хто ёй супрацівіўся, — увасаблялі ў вачах “калектыву” ліха. Паступова складаецца спэцыфічны тып асобы, несумленнасьць, бессаромнасьць, зласьлівасьць, цынічная помсьлівасьць, няшчырасьць і хлусьлівасьць якой не ўспрымаліся як нешта адмоўнае. Да таго ж, дадаюцца ўмоўнасьць, адноснасьць маральных прынцыпаў, падпарадкаваньне іх інтарэсам партыі. Зь цягам часу гэты маральны рэлятывізм і залежнасьць ад партыі і яе функцыянэраў былі засвоены ўсім насельніцтвам.

У краіне спакваля фармуецца і ўтрывальваецца асаблівы тып чалавека-нявольніка, які й ёсьць апатэозам, выдатнай праявай магуты камуністычнай улады. Цяпер людзі арыентаваны на пасіўнасьць, бессэнсоўную, цяжкую і бяздумную працу, у характарах іх дамінуюць рысы, якія ляпідарна можна азначыць як жабрацкія, ці нават зладзейскія. У паводзінах таксама выразна пераважаюць самаахоўна-абарончая і дамагальна-прэтэнцыёзная матывацыі. Акрамя таго, яны, у бальшыні, няздольны да якой-небудзь наватарскай дзейнасьці, дзеля якой патрабуецца адказнае самастойнае мысьленьне. Вельмі часта такая няздольнасьць выклікана ня толькі псыхалягічнымі чыньнікамі, якія ўплываюць на асобу ў закрытым грамадзтве, але й інтэлектуальнай нядужасьцю ва ўмовах ізаляцыі і адарванасьці ад асноўных плыняў усясьветнага культурнага і навуковага разьвіцьця. Як наступства такога стану складаецца сытуацыя, калі чалавек пазбаўляецца магчымасьці скарыстоўваць большасьць элемэнтарных паняцьцяў, патрэбных для разуменьня маральных канцэптаў і навакольнай культурнай і сацыяльнай рэчаіснасьці. Тым жа часам такі чалавек некрытычна ставіцца да ўлады, ягонае мысьленьне (калі ўвогуле гэта можна назваць мысьленьнем) абцяжарана стэрэатыпамі і штампамі, а ў вырашэньні спрэчных пытаньняў выяўляюцца схільнасьць да ўжываньня сілы, дэструктыўнасьць і цынізм.

Настойлівая папулярызацыя прымату матэрыяльных каштоўнасьцяў, якая мела сваё апірышча ў афіцыйнай тэорыі, спрыяла хуткаму адпрэчаньню здабыткаў духоўных і грэбаваньню імі. Адсюль шпарка “растуць” зьдзічэньне, бездухоўнасьць, уседазволенасьць. Чалавек ператвараецца ў эгаістычнага, неразборлівага шукальніка лёгкага жыцьця. Больш за семдзясят год панаваньня такой маралі, з улікам фізычнага вынішчэньня часткі насельніцтва, далі свой плён: скажона, гідліва стала ўспрымацца ўсё, што вякамі лічылася неадменна-сьвятым, — вера, талерантнасьць, духоўныя ідэалы, дэмакратыя, свабода.

Цікавыя назіраньні за савецкімі людзьмі падае Ларыса Геніюш, якая ўпершыню сутыкнулася з тыпам “новага чалавека” ў Празе, падчас Другой усясьветнай вайны. Адзначаючы адсутнасьць у савецкіх людзей традыцыйна разуметых любові і ахвяравальнасьці дзеля Радзімы, жыцьцёвых вартасьцяў і веры, яна піша: “Мы вельмі расчароўваліся ў г.зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, не ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі і хітрымі, іх мэтады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасці і ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы акрамя тых, якія ў даны момант аплочваліся”.

Значна пазьней, ува ўспамінах пра Кёльнскі пісьменьніцкі кангрэс у 1983 г., Васіль Быкаў параўнае сваё тагачаснае бачаньне маральна-этычных і палітычных праблем з пазыцыяй Генрыха Бёля: “Пад той час я ўжо ведаў з успамінаў Бёля і ягонай аўтабіяграфіі, што мы зь ім па розныя бакі ваявалі ў Малдавіі... (…) На перапынку я падышоў да Бёля і напомніў яму пра нашу вайсковую агульнасьць. Бёль пасьмяяўся і сказаў, што калі не цяпер, дык пасля мы зразумеем, што абодвух нас выкарысталі ў бруднай справе забойства дзеля ўлады аднолькава злачынных сілаў. Мабыць, ён меў рацыю, хаця тады я ня мог цалкам зь ім пагадзіцца. Усё ж я ў вялікай меры заставаўся саўком, у той час, як нобэлеўскі ляўрэат Бёль сягаў высока і глядзеў на сьвет Божы інакш — шырака і непадлегла”.

Савецкая сыстэма ішла да збудовы падвойнай сьвядомасьці. Каб зразумець паходжаньне гэтай зьявы, зважым на наступную схему. Падман, у звыклым значэньні гэтага слова, ёсьць сьвядомым адыходам ад рэчаіснасьці. Гэта значыць, што падманшчык ведае праўду, і калі ад яе адсланяецца, каб схлусіць, — ведае, што падае зьмененую вэрсію праўды. У ідэалёгіі адбываецца іншы працэс. Ужо не супрацьстаўляюцца рэчаіснасьць і нерэчаіснасьць, праўда і няпраўда, але назіраецца дзіўны падзел або распад рэчаіснасьці. Мы маем справу зь дзвюма рознымі рэчаіснасьцямі: рэчаіснасьцю і псэўдарэчаіснасьцю; рэчаіснасьцю, якую можна ўбачыць, пачуць і да якой можна дакрануцца, і зусім іншую, якая месьціцца выключна ў выказваньнях, у словах, у прапагандзе. Паўтараючы штораз афіцыйную хлусьню і ведаючы ёй кошт, усе грамадзяне рабіліся суўдзельнікамі партыі і дзяржавы ў змане. Таму трэба было верыць ня верачы, і менавіта такі стан сьвядомасьці партыя старалася падтрымліваць ня толькі ўнутры сябе, а і ва ўсім грамадзтве. Каб гэткім чынам усіх зрабіць адказнымі за адбыванае.

А раз было вядома, што праўда заўсёды “партыйная”, падман з вуснаў кіраўнікоў і шарагоўцаў партыі лёгка рабіўся “праўдай”, нават калі гэтая “праўда” пярэчыла відочнаму. Жыцьцё ў падвойнай рэчаіснасьці — адно з найбольш характэрных “сягненьняў” савецкай сыстэмы. Адсутнасьць адкрытай крытыкі і магчымасьці выказваць свае погляды прыводзілі да таго, што незалежная думка не магла зьявіцца нават і ў часе побытавай размовы. Прыжылася заўсёдна хаваная супярэчнасьць рэалізаванай калектыўнай волі таталітарнай улады і асабістых думак, пачуцьцяў людзей. Дысананс між рэчаіснасьцю і ідэалягічнай утопіяй, між адпачатным значэньнем слова і яго зьмененым “новамовай” варыянтам быў такі вялікі, што можна казаць пра існаваньне двух сьветаў у сьвядомасьці кожнага чалавека, дзьвюх рэчаіснасьцяў, якія прыводзілі да ўсеагульнай, сацыяльнай шызафрэніі. У масавым маштабе стала звыклай унікальная зьява: людзі гавораць адно, думаюць нешта іншае, а дзейнічаюць не ў адпаведнасьці ні з тым, што гавораць, ні з тым, што думаюць. Жыцьцё савецкага люду нагадвала своеасаблівую гульню, у якой паступова гублялася асабовасьць. Функцыянаваньне ў дзвюх рэальнасьцях — сапраўднай і ўтапічнай — немінуча мусіла прывесьці да разбурэньня традыцыйнай сыстэмы сацыяльных норм, грамадзкіх сувязяў, а пазьней — і да дэзынтэграцыі асобы, што праяўлялася ў непавазе да ейных элемэнтарных правоў.

Дзяржаўная манаполія на інфармацыю і жорсткая ідэалягічная цэнзура, падмацаваныя практыкай палітычных даносаў, няўхільна вялі да заняпаду, інтэлектуальнага і духоўнага. Тое, што ў іншых грамадзтвах дапамагала людзям выпрацоўваць свае пазыцыі датычна розных пытаньняў — адкрытасьць і свабода дыскусіі, стала дарэшты панішчаным у СССР. У гэтых умовах большасьць людзей папросту ня ведала, што яны маюць думаць, і ўпадала ў цынізм ці канфармізм.

Доўгае і мэтаскіраванае выхаваньне чалавека ў такіх варунках спрыяла разьвіцьцю асаблівых рыс, якія ўпэўнена можна назваць характэрнымі прыкметамі чалавека савецкага тыпу. Найперш відзён прымітыўны эгалітарызм, зразуметы як праява сацыяльнай справядлівасьці. Дапары яму — адсутнасьць павагі да прыватнай уласнасьці, у чым няма нічога дзіўнага, бо на ўласнасьць была абвешчана забарона, як, дарэчы, і на самастойную, непадкантрольную дзяржаве працу. А ўжо ўсё гэта разам элімінавала пачуцьцё адказнасьці за самаго сябе, звучала чакаць “дабрадзействаў” ад улады, не “дапушчаць” і кроплі ініцыятывы. Такое акурат і называецца атрафіяй усялякага грамадзянскага пачуцьця і асабістай годнасьці. Апошняе, зрэшты, ня дзівіць, калі ўлічыць, што некалькі пакаленьняў савецкіх людзей нарадзіліся і выхаваліся пад тэрорам таталітарнай дзяржавы. Адсюль — панічны страх перад начальствам і рабская пакорлівасьць самым дзікім свавольстваі рэжыму. Невыпадкова да адной з характэрных рыс “гома саветыкуса” адносяць ухваленьне і прыняцьцё ўсяго пастанаўлянага “наверсе”. Прычым, ухваленьне адназначна шчырае.

Апроч таго, для савецкага чалавека ёсьць нармальным станам поўная апатыя да духоўных пошукаў, плебэйская любоў да партыйных бонзаў, адмысловая палітычная двудушнасьць і мана.

Сакрат Яновіч уважае, што ў сёньняшняй Беларусі людзі савецкага тыпу складаюць абсалютную большасьць (ён называе лічбу 80%), а сапраўдныя беларусы (помныя сваіх каранёў і прыналежнасьці да нацыі) — зьява маргінальная. Паводле спадара Яновіча, лік такіх не перавышае 20% ад агульнага насельніцтва краіны.

 

 

Лекцыя 18

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY