|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
ТАТАЛІТАРЫЗМ. КУРС ЛЕКЦЫЯЎ |
|
ЗЬМЕСТ Лекцыя 10 |
Валянцін МАЗЕЦ. “КАМУНІСТЫЧНАЕ ВЫХАВАНЬНЕ МАСАЎ”, Плян: 1. СМІ — частка сыстэмы ідэалягічнага ўціску 2. Становішча СМІ ў пасьляваенны пэрыяд
СМІ — частка сыстэмы ідэалягічнага ўціску Трэба аддаць належнае: бальшавікі ад самага пачатку добра разумелі, наколькі істотную ролю ў справе маніпуляваньня сьвядомасьцю людзей могуць адыгрываць сродкі масавай інфармацыі й камунікацыі. Нездарма адной зь першачарговых задач бальшавіцкай рэвалюцыі зьяўляўся захоп тэлеграфу, тэлефону й пошты. Вядома таксама, што Ленін называў газэту “калектыўным агітатарам і прапагандыстам”. І менавіта з прычыны масавага й дзейснага ўплыву кіно на сьвядомасьць людзей ён вызначаў яго як самае важнае для бальшавікоў мастацтва. Падобную ролю СМІ ў справе маніпуляваньня сьвядомасьцю людзей будуць пазьней усьведамляць толькі ідэолягі трэцяга Рэйху. Ня дзіўна, што адразу ж пасьля савецка-польскай вайны й некаторай стабілізацыі бальшавіцкай улады на тэрыторыі Беларусі камуністы ўзяліся за наладжваньне кантролю ўсіх друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Ужо ў студзені 1921 году Прэзыдыюм ЦВК БССР прыняў Пастанову “Аб утварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і цэнтралізацыі друкарскай справы”. Сутнасьць таго, што неабходна было зрабіць, вельмі дакладна перададзена ў самой назве дакумэнту: “...цэнтралізацыя друкарскай справы”. У гэтым жа годзе было зацьверджана “Палажэнне аб Дзяржаўным выдавецтве”. На дзяржаўнае выдавецтва ўскладалася задача рэгуляваньня ўсёй выдавецкай дзейнасьці ў рэспубліцы. Такім чынам, улада зрабіла першыя крокі ў кірунку да ўсталяваньня жорсткага кантролю СМІ. Хоць гэта й быў толькі пачатак, але ўжо ў той час уявіць сабе, што ў краіне маглі легальна выдавацца якія-небудзь непартыйныя, некамуністычныя газэты, было немагчыма: плян і “цэнтралізацыя друкарскай справы” выключалі падобную сытуцыю. Спробы адхіліцца ад вызначаных партыяй плянаў адразу ж спыняліся. Напрыклад, у красавіку 1922 году Інбелкульт стварае каапэратыўнае выдавецкае таварыства “Адраджэньне” на чале з Антонам Баліцкім. Таварыства выпусьціла 13 назваў падручнікаў, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Пасьпела яно выдаць і літаратурна-навуковы весьнік “Адраджэньне”, аднак Цэнтральнае бюро КП(б)Б прызнала ягоны зьмест антысавецкім. А таму ўвосень 1922 году ЦБ “рэарганізуе” выдавецкае таварыства “Адраджэньне” — г.зн. зачыняе яго, і на ягоным месцы стварае сваё выдавецтва “Савецкая Беларусь”. Дарэчы, адзначым, што зьмена назвы — даволі сымбалічная: Беларусь, паводле камуністычных плянаў, мусіла стацца савецкай і камуністычнай. Паступова ў БССР усталёўваецца й цэнзура. З ініцыятывы ЦБ КП(б)Б у студзені 1923 году ствараецца Галоўліт. Пра дзейнасьць гэтага органу ідэалягічнага нагляду ўжо распавядалася ў папярэдніх лекцыях. У 1923 годзе зьяўляюцца новыя пэрыядычныя выданьні, органы ЦК ЛКСМБ — “Маладняк”, “Малады араты”, “Чырвоная змена”, “Дэр юнгер арбэтэр”. Тэндэнцыя павелічэньня колькасьці партыйных газэт і часопісаў назіраецца й у 1924—1925 гг. Разам з тым, відавочнай ёсьць і яшчэ адна тэндэнцыя: усё больш месца ў гэтых выданьнях адводзіцца прапагандысцкім і агітацыйным матэрыялам. У канцы 20-х—пачатку 30-х гадоў выкрышталізоўваюцца асноўныя кірункі так званай ідэалягічнай работы, у якой газэтам, часопісам і кнігам адводзілася адна з галоўных роляў. Вызначаючы гэтую ролю, газэта “Звязда” ад 28 студзеня 1930 году пісала: “Камуністычны друк — калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар сацыялістычнай рэканструкцыі народнай гаспадаркі, мацнейшая зброя ленінскай нацыянальнай палітыкі партыі”. Задачы, якія мусіў выконваць “калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар”, вынікалі з розных партыйных кампаніяў. Да прыкладу, на пачатку 30-х гадоў пэрыядычныя выданьні займаюцца “ідэалагічным забеспячэннем” кампаніі калектывізацыі. “Беларуская вёска павінна рашуча выправіць свае памылкі. Не плясціся ў хвасце, а быць на чале сацыялістычнай перабудовы вёскі” — цьвердзіла “Звязда” 14 лютага 1930 г. Дзеля прапаганды ідэі калектывізацыі ў тым жа годзе пачынаюць выходзіць спэцыяльныя часопісы: “Шляхі калектывізацыі”, “Беларуская работніца і сялянка”, “Сельская і лясная гаспадарка”. З тым каб “лінія партыі” праводзілася менавіта так, як гэта бачылася “зверху”, у СМІ час ад часу накіроўваюцца надзейныя й загартаваныя людзі. У 1930 г. ЦК КП(б)Б прымае разгорнутую Пастанову па справаздачы Белдзяржвыдавецтва. Пастановай прадугледжвалася ўзмацненьне адказнасьці рэдактараў за зьмест выпусканай літаратуры. Для ажыцьцяўленьня партыйнай палітыкі ў выдавецкай справе Белдзяржвыдавецтва й кнігагандлёвыя органы “ўмацоўваюцца” работнікамі-камуністамі. Разгортваньне радыёфікацыі супадае яшчэ з адной буйнамаштабнай кампаніяй. Радыё, якое адразу ж робіцца сродкам камуністычнай прапаганды, разглядаецца “як вострая зброя, якая дапамагае змагацца і перамагаць заклятага ворага — кулака, нэпмана і іхных саюзнікаў — папоў усіх масцей і іншых ворагаў пралетарыяту”. (Звязда, 1930, 16 лютага). Пададзеная цытата фактычна ўтрымлівала ў сабе новую на той час камуністычную ідэалягему й фармулёўку новай задачы, якая ставілся перад СМІ,— змаганьне з ворагамі. Ворагаў, як вядома, аказалася надзвычай шмат. Барацьба вялася супраць кулакоў, клерыкаў, навукоўцаў-нацыяналістаў, літаратараў і г.д., а таму ў партыйных журналістаў і выданьняў зьявілася вельмі шмат новых клопатаў і працы. “У адносінах выкрыцця варожых установак і вылазак чуждых нам гісторыкаў... асабліва вялікія заслугі мае газета “Звязда” і часопіс “Большэвік Беларусі” — пісаў акадэмік Васіль Шчарбакоў у сваёй кнізе “Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі”. — І ў “Звяздзе”, і ў “Большэвіку Беларусі” з'яўляецца цэлы рад крытычных, выкрываючых шкодныя ўстаноўкі, артыкулаў і рэцэнзій”. Сапраўды, на старонках часопісу “Большэвік Беларусі” рэгулярна друкаваліся почасту ананімныя рэцэнзіі-даносы на творы асобных пісьменьнікаў, паэтаў і навукоўцаў. Адчувальны ўнёсак у пошук і выкрыцьцё “ворагаў” зрабіў і часопіс “Савецкая краіна”. У артыкуле Л.Бабровіча й Ів.Шпілеўскага “Супраць контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнографіі” носьбітамі гэтых тэорыяў былі названыя Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, М.Касьпяровіч, а галоўным ідэолягам — В.Ластоўскі. У другім сваім артыкуле “Мовазнаўства як сродак класавай барацьбы ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў” Л.Бабровіч і Ів.Шпілеўскі ўчыняюць сапраўдны пагром беларускага мовазнаўства, скіраваўшы свой галоўны ўдар на супрацоўнікаў Інстытуту мовы Беларускай акадэміі навук. Што тычыцца саміх пэрыядычных выданьняў, якія, на думку цэнзараў і рэцэнзэнтаў, няправільна альбо недастаткова правільна асьвятлялі, ці наагул не асьвятлялі задачы партыі, то тут адной з самых распаўсюджаных формаў змаганьня зь імі былі дакладныя запіскі, альбо прасьцей — даносы. Прыкладам, “Дакладная запіска” Я.Сініцкага ў ЦК КП(б)Б ад 11 лютага 1933 году, у якой аўтар дае характарыстыку часопісам “Шляхі калектывізацыі”, “Паляўнічы Беларусі”, “Тэхніка ў масы” й “Савецкая краіна” за 1932 год. Рэдакцыя часопісу “Шляхі калектывізацыі” зьвінавачвалася за тое, што ў ім “амаль зусім не закраналася пытанне барацьбы з кулацкімі контррэвалюцыйнымі элементамі, якія ўсялякімі спосабамі імкнуліся сарваць збожжазагатоўкі”. Недахопы “Паляўнічага Беларусі”, зь меркаваньня Я.Сініцкага, палягалі ў тым, што “палітычныя артыкулы не зусім удалыя і не зусім канкрэтныя, г.зн. не праламляюць дырэктыў партыі і ўраду ў канкрэтнай галіне сваёй работы”, і наагул, “гэта лішні, казённы, ведамственны зборнічак рэзалюцый, пастаноў Белахотсаюзу з аздобай “творчасцю” літаратурных халтуршчыкаў Целеша і Кляшторнага”. Рэдакцыю часопісу “Тэхніка масам” зьвінавачвалі за тое, што “Маркс, Энгельс і Ленін характарызаваліся ў адным з артыкулаў як вялікія тэарэтыкі, а т.Сталін — толькі як вялікі практык”. Рэдакцыю часопісу “Савецкая краіна”, нягледзячы нават на ранейшыя заслугі ў выкрыцьці “ворагаў народа”, рэзка скрытыкавалі за выкарыстаньне тэрміну “адраджэньне” ў артыкуле “Тарфяныя рэсурсы БССР”. “Рэдакцыя не можа не знаць, што лозунг “адраджэньня” нацдэмаўскі, контррэвалюцыйны лозунг” — падкрэсьліваў Я.Сініцкі. Цытаваная дакладная запіска цікавая й яшчэ ў адным аспэкце: яна яскрава дэманструе ступень калектыўнага псыхозу, апанавалага грамадзтвам. Клясавая пільнасьць, зь якой пачыналі бальшавікі, урэшце ператварылася ў маньякальна-навязьлівыя пошукі ворагаў — у тым ліку, і сярод сваіх. На падставе гэтай дакладной запіскі 18 красавіка 1933 году Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэньне закрыць вышэй названыя часопісы й яшчэ 7 выданьняў. Пастанова прадугледжвала: “абавязаць рэдактараў і членаў рэдкалегій часопісаў пад іх персанальную адказнасць забяспечыць сапраўды бальшавіцкі кантроль за зьместам часопісаў”. Разам з рэдактарамі часопісаў адказнасьць за зьмест часопісаў ускладалася й на кіраўнікоў тых установаў і арганізацыяў, выданьнем якіх зьяўляўся часопіс. Гэткім чынам, мэханізм цэнзуры імплянтаваўся ў самі выданьні й тыя структуры, якія былі іхнымі заснавальнікамі. Нязважна на закрыцьцё асобных пэрыядычных выданьняў, да сярэдзіны 30-х гадоў агульная іх колькасьць не зьмяншалася, а, наадварот,— павялічвалася. Так, калі ў 1925 годзе ў БССР выходзілі 42 друкаваныя газэты, то ў 1930 годзе іх было ужо 118, а ў 1934 — 349, зь якіх 11 — цэнтральных, 75 — раённых газэт. Да таго ж, кожны калгас, саўгас, прадпрыемства й арганізацыя мусілі мець свой насьценны друк. Дзеля здавальненьня ўзрослай патрэбы ў журналістах увосень 1932 г. арганізуецца Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ). На 1 ліпеня 1934 г. у ім навучалася 189 чалавек. У гэтым жа годзе быў праведзены першы выпуск 37 будучых работнікаў раённага й палітаддзельскага друку. Падрыхтоўка новых журналісцкіх кадраў выклікалася, аднак, ня толькі ўзрослай колькасьцю газэт і часопісаў. Пасьля праведзеных на пачатку 30-х гадоў масавых чыстак у рэдакцыях і выдавецтвах БССР адчуваўся востры недахоп кадраў. Пра гэта сьведчыць ліст сакратара ЦК КП(б)Б Гікалы ў ЦК ВКП(б), у якім ён адзначае: ”На сучасны момант не хапае каля 70 кіруючых работнікаў друку. Рэдакцыі цэнтральных газет рэспублікі — “Звязда”, “Рабочий”, рэспубліканскай яўрэйскай газеты “Октябрь”, польскай газеты “Орка”, газет шэрагу прамысловых раёнаў — Белдзяржвыдат, Галоўліт і КІЖ адчуваюць выключна вострую патрэбу ў кваліфікаваных партыйных газетных кадрах”. Вырашыць гэтую праблему ўласнымі сіламі Гікала лічыў не магчымым. Асабліва цяжкая сытуацыя з кадрамі была ў Галоўліце. З 12 штатных работнікаў Галоўліту пасьля праведзеных чыстак у 1936 годзе засталося толькі 2. Не было начальніка Галоўліту, намесьніка й 5 рэдактараў. Маштабы рэпрэсіяў, аднак жа, аніяк не сувымяраліся зь лікам падрыхтаваных журналістаў, а таму ў пэрыяд з 1932 г. да 1937 г. скарацілася й колькасьць часопісаў — з 28 да 10, а іхны агульны наклад зьменшыўся з 1 млн. 488 тысяч асобнікаў да 584 тыс. Агульная колькасьць газэт скарацілася з 349 да 197, а іхны наклад зьменшыўся з 23 млн. 169 тысяч да 19 млн. 767 тысяч. Пры гэтым цынічнасьць і парадаксальнасьць сытуацыі палягала ў тым, што на ўсіх, хто яшчэ заставаўся працаваць у СМІ, ускладалася задача апраўданьня рэпрэсіяў. У пэрыяд з 1937 да 1939 гг. пэрыядычныя выданьні літаральна стракацяць рознымі матэрыяламі пра чарговыя змовы й новых ворагаў народу. Дастаткова толькі паглядзець на адныя назвы артыкулаў газэты “Звязда” за студзень-сакавік 1938 году: “Ліквідаваць шкодніцтва ў ахове здароўя”, “Варожая рука арудуе ў калгасе “Чырвоны араты”, “Шкоднікі ў лясгасе” (9 студзеня), “Тройчы праклятыя шпіёны і правакатары”, “Калі вораг не здаецца — яго знішчаюць” (6 сакавіка), “Дзякуй НКВД, які выкрыў змяінае гняздо шпіёнаў”, “Прысуд адзін ім — расстраляць” (12 сакавіка), “Народ вітае прыгавор”, “Да канца выкарчуем усіх ворагаў” (15 сакавіка). Пры гэтым задача “далейшага ачышчэння кадраў работнікаў друку ад прытаіўшыхся і пакуль яшчэ не выкрытых ворагаў і іншых чужых элементаў” лічылася важнейшай для работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Гэткім чынам, калі ўзяць пад увагу татальны кантроль дзейнасьці СМІ, адсутнасьць якой бы там ні было журналісцкай свабоды, а таксама фактычна масавыя рэпрэсіі супраць саміх журналістаў, то зусім не выпадковай зьявай выглядае самацэнзура — фэномэн, які цягам доўгіх гадоў быў адметнай і характэрнай рысай савецкай журналістыкі. Вытокі гэтай зьявы ў 30-х гадох і масавых рэпрэсіях — у тым ліку, і супраць журналістаў. У 1938 годзе быў апублікаваны “Кароткі курс гісторыі ВКП(б)”. Па частках яго друкавалі цэнтральныя рэспубліканскія газэты “Советская Белоруссия” і “Звязда”. 14 лістапада 1938 году ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб арганізацыі партыйнай прапаганды ў сувязі з выпускам “Кароткага курса гісторыі ВКП(б)”, у якой вызначаецца роля сродкаў масавай інфармацыі ў прапагандзе марксізму-ленінізму. У адпаведнасьці з гэтаю Пастановаю, аб'ядноўваліся аддзелы партыйнай прапаганды й агітацыі й аддзелы друку й выдавецтваў — як у апараце ЦК, так і ў апаратах ЦК нацыянальных камуністычных партыяў — у адзіныя аддзелы прапаганды й агітацыі. Партыя, нарэшце, зрабілася й галоўным журналістам. Другая ўсясьветная вайна, усталяваньне на тэрыторыі Беларусі акупацыйнага рэжыму зрабілі немагчымым функцыянаваньне тут савецкай палітычнай сыстэмы. Разам з тым, перамога ў вайне, знаёмства франтавікоў з жыцьцём у некамуністычных краінах спараджалі спадзяваньні на некаторую лібэралізацыю палітычнае атмасфэры пасьля вайны. Спадзяваньні, аднак, ня спраўдзіліся. Ужо ў 1943 годзе аднаўляе сваю дзейнасьць беларускі Галоўліт, а ў канцы 1944 году ягоныя аддзяленні дзейнічалі ва ўсіх абласьцёх рэспублікі, за выключэньнем — Полацкай. Становішча СМІ ў пасьляваенны пэрыяд У пасьляваенныя гады партыйнае кіраўніцтва даволі хутка ня толькі аднаўляе выпуск газэт і часопісаў, але й робіць захады па павелічэньні іх колькасьці й агульнага накладу. Так, у 1946 годзе ўжо выходзіла 196 газэт і 10 часопісаў. У гэты час, аднак, выяўляюцца й некаторыя сутнасныя зьмены ў партыйнай выдавецкай палітыцы. А менавіта гаворка вядзецца пра паступовую русіфікацыю пэрыядычнага друку. Калі ў 1946 годзе наклад беларускамоўных газэт складаў 95 млн. 685 тыс. асобнікаў, а расейскамоўных — 38 млн. 538 тыс., то ў 1955 годзе гэтыя суадносіны ўжо былі: 140 млн. 624 тыс. і 123 млн. 133 тыс... Калі ў 1946 г. наклад расейскамоўных часопісаў складаў крыху больш за 1%, то ў 1955 г. ён быў ужо больш за 31%. У наступныя гады гэтая тэндэнцыя ня толькі захоўвалася, але й узмацнялася. Нарэшце ў 1959 г. гадавы наклад газэт на расейкай мове пераўзышоў наклад беларускамоўных пэрыядычных выданьняў. Наклады расейскамоўных газэт вызначаліся агульнай лічбай 147 млн. 353 тыс. асобнікаў, а беларускамоўных — 144 млн. 65 тыс. Істотнасьць гэтых зьменаў відавочная ў больш шырокім кантэксьце русіфікацыі школьных і ўнівэрсытэцкіх праграм, паніжэньня сацыяльнага й культурніцкага статусаў беларускай мовы. Менавіта ў пасьляваенныя гады паўстае шэраг стэрэатыпаў, паводле якіх беларуская культура й мова набываюць характарыстыку ніжэйшых і недаразьвітых. Узмацняцца гэты працэс будзе й у наступныя гады — у зьвязку з паступовым павелічэньнем міграцыі беларускага насельніцтва ў гарады — месцы бытаваньня “высокай” расейскай культуры й мовы. Ідэолягі партыі па-ранейшаму пільна сачылі ня толькі за зьместам друкаванай прадукцыі, але й за тым, каб насельніцтва выпісвала й чытала пэрыядычныя выданьні. Так, напрыклад, у 1948 годзе ў Маладэчанскай вобласьці наклад выпісваных насельніцтвам газэт на працягу году зьніжаўся. У сувязі з гэтым інструктар сэктару друку, паліграфіі й выдавецтва Пучынскі прапануе запатрабаваць ад Маладэчанскага абкаму КП(б)Б бальшавіцкай адказнасьці за работу й стан друку ў вобласьці, умацаваць газэты палітычна ўстойлівымі й падрыхтаванымі людзьмі. 1 сьнежня 1948 году “Звязда” ў сваім перадавым артыкуле “Бальшавіцкі друк — у шырокія масы працоўных” заклікае больш актыўна арганізоўваць падпіску на пэрыядычныя выданьні. 22 верасьня 1951 году ЦК КП(б)Б прымае спэцыяльную Пастанову “Пра распаўсюджванне і дастаўку перыядычнага друку ў рэспубліцы”. Значную ўвагу ў першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе партыйныя органы надавалі ня толькі пэрыядычнаму друку, але й радыёвяшчаньню. Менавіта ў гэты пэрыяд радыё робіцца сапраўды масавым сродкам інфармацыі. Па стане на 1 студзеня 1949 году ў БССР працавала 397 радыёвузлоў, што складала 202% ад даваеннага ўзроўню. Мясцовае вяшчаньне ў рэспубліцы ажыцьцяўлялі 12 абласных і 79 раённых рэдакцыяў. “Газета без паперы” павінна была ўзорна выконваць сваю задачу прапагандыста ідэяў марксізму-ленінізму, палітыкі Камуністычнай партыі й Савецкага ўраду. Аб'ём палітычнага вяшчаньня павялічваўся штогод. Так, за другую палову 1947 году былі падрыхтаваны 153 перадачы грамадзка-палітычнага зьместу, а за адпаведны пэрыяд 1948 году — больш за 500 перадач. У 60-я гг. мэты й задачы сродкаў масавай інфармацыі істотна не зьмяніліся: іх абавязкам была прапаганда ідэяў марксізму-ленінізму, а важнейшай задачай — выхаваньне ў савецкіх людзей яснага разуменьня неабходнасьці барацьбы за пабудову камунізму. Сваімі выступленьнямі газэты мусілі дапамагаць партарганізацыям, прапагандыстам, агітатарам у “выхаваўчай” рабоце, судзейнічаць хутчэйшаму пераадоленьню перажыткаў мінулага ў сьвядомасьці людзей, весьці нязьмірную барацьбу супраць усялякіх праяваў буржуазнай ідэалёгіі. Разам зь пільнай увагай да падпіскі партыйныя органы як выключна важную справу разглядалі распаўсюджаньне сярод насельніцтва пэрыядычнага друку праз сыстэму “Саюздруку”. У 1957 годзе наклад часопісаў, зацьверджаны ЦК КПБ, ня быў распрададзены (выключэньне складаў часопіс “Беларусь”): “Саюздрук” настолькі перастрахаваўся, што амаль ня браў на рэалізацыю нават невялікай колькасьці часопісаў. У выніку незаплянаваныя страты склалі 911 тысяч рублёў. Дзеля выпраўленьня гэтага становішча ЦК КПБ Пастановаю ад 30 верасьня 1958 году абавязаў гаркамы й райкамы стварыць групы пазаштатных інструктараў для распаўсюду пэрыядычнага друку. Інструктары павінны былі кантраляваць работу пунктаў прыёму індывідуальнай падпіскі й дапамагаць праводзіць падпіску на месцах. З 1955 г. пачалі працаваць Менскі тэлецэнтар, рэтрансьляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Бабруйску й Горадні. У 1959 г. насельніцтва рэспублікі мела каля 30 тысяч тэлевізараў, што дазваляла глядзець тэлепраграмы больш чым 1 мільёну чалавек. Да 1967 году было радыёфікавана звыш 95% населеных пунктаў Беларусі. Радыё- й тэлевяшчаньне сталіся важным палігонам ідэалягічнай дзейнасьці партыі. У лістападзе 1958 году Бюро ЦК КПБ у сваёй Пастанове адзначае шэраг істотных недахопаў у рабоце Менскай студыі тэлебачаньня: нізкі ўзровень перадач на грамадзка-палітычныя тэмы, недастатковы ўзровень мастацкіх праграм. На ідэйную вытрыманасьць правяраліся ўсе перадачы. Нават трансьляцыю ўжо запісаных на стужку музычных перадач можна было ажыцьцяўляць на радыё толькі з дазволу Галоўліту. У адпаведнасьці з цэнзурнымі правіламі, рэдакцыі тэлеперадач былі абавязаны складаць тэматычныя пэрспэктыўныя пляны работы. У маі 1962 году Камітэт па радыёвяшчаньні й тэлебачаньні пры Савеце Міністраў БССР прапанаваў на разгляд ЦК КПБ пэрспэктыўны плян "мерапрыемстваў па ўзмацненні камуністычнага выхавання моладзі”, якім было прадугледжана наступнае: 1. Сэрыя прапагандысцкіх гутарак: “Камсамол — верны памочнік партыі”, “Камсамолец не шукае лёгкіх шляхоў”, “Бяры з камуністаў прыклад”; 2. Цыкаль перадач “Працаваць і жыць, як Ільіч”, “Ленін — чалавек, таварыш і сябар”; 3. Рэгулярна перадаваць папулярныя радыёкампазыцыі або гутаркі пра выдатных дзеячоў Камуністычнай партыі й Савецкай дзяржавы; 4. Арганізаваць цыкаль перадач для дзяцей і моладзі “Ты будзеш жыць і працаваць у камуністычным грамадстве”. Аднак падобныя перадачы ўсё менш цікавілі маладых людзей. 60-я гады — пэрыяд паступовай інфільтрацыі “чужой буржуазнай культуры”. Усеабдымны й сыстэмны кантроль партыйнымі органамі распаўсюджаньня інфармацыі, слабая апэратыўнасьць савецкіх СМІ ў асьвятленьні падзеяў падвышалі інтарэс насельніцтва да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Недаравальнай памылкай ідэалягічнага кіраўніцтва краіны быў дазвол на масавы выпуск лямпавых радыёпрыймальнікаў з кароткахвалевым дыяпазонам. Гэтае памылкі ў наступныя гады не ўдалося выправіць нават з дапамогаю магутнай сеткі станцыяў глушэньня. Характэрнаю зьяваю грамадзкага жыцьця Беларусі ў 70-я—80-я гг. 20 ст. робіцца пазацэнзурны друк. Паводле зьвестак складальнікаў каталёгу “Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі”, Менск, 1998, у 70-я—1990-я гады выходзіла больш за 100 пазацэнзурных выданьняў. На пачатку 80-х гг., у сувязі з нарастаньнем сацыяльна-эканамічнага крызысу, партыйнае кіраўніцтва імкнецца ўзмацніць ідэалягічную работу. Пра гэта сьведчыць шэраг Пастановаў ЦК КПСС: “Пра далейшае развіццё і ўдасканальванне перыядычнага друку для дзяцей і моладзі” (кастрычнік 1985); “Пра работу з кадрамі ў ТАСС” (сьнежань 1985); “Аб мерах па ўзмацненню абароны насельніцтва ад антысавецкага радыёвяшчання” (сьнежань 1983) і г.д. Разам з тым, нягледзячы на спробы партыйных органаў захаваць цэнзуру, роля Галоўліту ў 80-я гады паступова зьмяншаецца. 30 лістапада 1988 году было спынена глушэньне перадач замежных радыёстанцыяў. У 1991 годзе Галоўліт скасаваны. Літаратура 1. Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии. Исторический очерк. Мн., 1977. 2. Друк Беларускай ССР, 1918—1980. Стат. зб. Склад. Л.П.Рабушка. Мн., 1983. 3. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі. Каталёг (1971/90). Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік. Менск, 1998. 4. Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||