|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
ТАТАЛІТАРЫЗМ. КУРС ЛЕКЦЫЯЎ |
|
ЗЬМЕСТ Лекцыя 6 |
Анатоль ВЯЛІКІ. КПБ — ЧАСТКА ТАТАЛІТАРНАЕ СЫСТЭМЫ Плян: 1. Вышэйшыя партыйныя органы: бюро, сакратарыят, апарат ЦК КПБ 2. Усеахопная ўлада
Вышэйшыя партыйныя органы: Бюро, Сакратарыят, апарат ЦК КПБ У адказе на пытаньне пра характар улады ў гісторыі савецкае Расеі — і, зразумела, Беларусі — замежныя, а цяпер ужо й беларускія, гісторыкі аднадумныя: уся ўлада ў былым СССР належала РКП(б)—ВКП(б)—КПСС, а ў рэспубліцы — КП(б)Б—КПБ. Партыя падмяніла сабой усе органы дзяржаўнага кіраваньня. Абапіраючыся на рэпрэсіўны апарат, грамадзкія й грамадзка-палітычныя арганізацыі, створаныя ёю, партыя стаяла па-над дзяржавай і грамадзтвам. Аднак жа, калі ў працах замежных гісторыкаў — галоўным чынам, амэрыканскіх — гэтыя дый іншыя аспэкты агульнай тэмы “партыя-дзяржава” атрымалі грунтоўную распрацоўку, то айчынныя гісторыкі толькі пачынаюць неперадузята вывучаць гісторыю КПБ, якая кіравала рэспублікай да жніўня 1991 г. — моманту забароны дзейнасьці КПСС—КПБ на тэрыторыі БССР. Прынцыповым тут зьяўляецца пытаньне пра формы й мэтады партыйнага кіраўніцтва. Партыйныя структуры ахоплівалі й праціналі ўсё грамадзтва. Вярхоўны Савет толькі намінальна быў вышэйшым органам кіраваньня, а ўсю рэальную дзяржаўную ўладу сканцэнтроўваў у сабе Цэнтральны камітэт (ЦК) КПБ, вышэйшымі органамі якога былі Бюро й Сакратарыят. Апошнія падпарадкоўваліся толькі першаму сакратару ЦК, а той, у сваю чаргу,— Палітбюро (ПБ) і Генэральнаму сакратару ЦК КПСС. Як пастаянна дзейны партыйны орган Цэнтральнае бюро (з 1924 г. папросту — Бюро) было створана на першым зьезьдзе КП(б)Б (30—31 сьнежня 1918 г.). Паколькі Беларусь у 1918—1920 гадох аказалася ў складанай палітычнай сытуацыі, абумоўленай, у першую чаргу, расейска-польскай вайной і непрацяглым існаваньнем Літбелу, да фармаваньня сталых партыйных органаў справа не дайшла. Да гэтага пытаньня беларускія камуністы вярнуліся толькі пасьля другога абвешчаньня ССРБ (ліпень 1920 г.). На 3 зьезьдзе КП(б)Б (22—26 лістапада 1920 г.) было прынятае рашэньне пра абраньне ЦБ — у складзе 9 сябраў і 4 кандыдатаў у сябры ЦБ. “Для арганізацыі кіраўніцтва й вядзення бягучай працы ЦБ арганізоўваў таксама Сакратарыят у складзе 3 адказных сакратароў — сябраў ЦБ”. У структуры ЦК ствараліся: агітацыйна-прапагандысцкі аддзел; арганізацыйна-інструктарскі; улікова-інфармацыйна-статыстычны; агульны; аддзел па рабоце ў вёсцы й сярод жанчын, а таксама гэбрайскія сэкцыі. 3 зьезд “вызначыўся” й прыняцьцём рашэньня адносна таго, што “КП(б)Б — абласная арганізацыя РКП”, якая праводзіць у жыцьцё прынцыпы й тактыку РКП і кіруецца дырэктывамі ЦК РКП (бальшавікоў). Гэта азначае, што ад самага пачатку свайго існаваньня КП(б)Б аніякага самастойнага значэньня ня мела й фактычна зьяўлялася тэрытарыяльнай адзінкай Расейскай камуністычнай партыі. Да сярэдзіны 20-х гг. вышэйшы орган КП(б)Б неаднаразова трансфармаўся й зьмяняў свае назвы. У розныя гады гэта былі Цэнтральнае Бюро (ЦБ) КП(б)Б і ягоны Прэзыдыюм (31 сьнежня 1918 г. — 6 сакавіка 1919 г.); ЦК КП(б) Літвы й Беларусі й ягоны Прэзыдыюм (6 сакавіка—13 красавіка 1919 г.); Палітычнае й арганізацыйнае Бюро (13 красавіка—16 чэрвеня 1919 г.); Бюро (16 чэрвеня—13 лістапада 1919 г.); Прэзыдыюм (13 лістапада 1919 г. — верасень 1920 г.); ЦБ КП(б)Б і ягоны Сакратарыят, Прэзыдыюм (верасень 1920 г.—люты 1924 г.); Часовае Беларускае Бюро ЦК РКП(б) і ягоны Прэзыдыюм (люты 1924—травень 1924 г.) На 8-м зьезьдзе КП(б)Б (12—14 траўня 1924 г.) быў абраны Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, які на сваім першым Пленуме 15 траўня 1924 г. абраў Бюро ЦК. Гэты партыйны орган праіснаваў да 1962 г. 18 сьнежня 1962 г. ЦК КПБ замест Бюро стварыў Прэзыдыюм ЦК і два галіновых Бюро — для кіраўніцтва сельскай гаспадаркі, прамысловасьці й будаўніцтва. Нарэшце, Пленум ЦК КПБ ад 24—25 чэрвеня 1966 г. перайменаваў Прэзыдыюм у Бюро ЦК КПБ, якое праіснавала да скону КПБ у 1991 г. У сыстэме разьмеркаваньня ўладных функцыяў у Беларусі існавалі некаторыя, фактычна неістотныя, адрозьненьні. Так, Сакратарыят ЦК Беларусі адыгрываў значна меншую ролю ў параўнаньні з агульнасаюзным Сакратарыятам. Вышэйшым органам зьяўлялася Бюро, у якое ўваходзіла ўся партыйная й дзяржаўная верхавіна рэспублікі. На пачатку 20-х гадоў вызначыўся й рэглямэнт працы Бюро й Сакратарыяту, які не мяняўся на працягу ўсяго існаваньня КПБ. Акрэсьліўся таксама й парадак падрыхтоўкі дакумэнтаў да паседжаньняў гэтых органаў, які зь нязначнымі зьменамі праіснаваў да 1991 г. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ад самага пачатку КПБ фармавалася як магутная бюракратычная машына са строга рэглямэнтаванымі стасункамі й ясна азначанай ярархіяй. Істотным момантам ёсьць і тое, што ад гэтага часу дзейнасьць Бюро й Сакратарыяту робіцца сакрэтнай і не вядомай ня толькі звычайным грамадзянам Беларусі, але й абсалютнай большасьці сябраў партыі. Практычна ўсе паседжаньні Бюро й Сакратарыяту, пратаколы й матэрыялы да іх разглядаліся й захоўваліся пад грыфам “Сакрэтна”, “Зусім сакрэтна”, “Асобная папка”. У сярэдзіне 20-х гадоў Сакратарыят ЦК зацьвердзіў інструкцыю “Парадак захоўвання, азнаямлення і звароту пратаколаў паседжанняў ЦК КП(б)Б”, у якой вызначалася кола асобаў, каму дазвалялася дасылаць сакрэтныя дакумэнты. Інструкцыя катэгарычна забараняла “Капіраваць, рабіць выпіскі, а таксама вусна альбо пісьмова спасылацца на пратаколы ЦК у адкрытым друку, а таксама ў савецкім справаводстве”. Дакумэнты з вышэй адзначанымі грыфамі адпраўляліся асобна ад іншых дакумэнтаў — па рэестрах устаноўленай формы й толькі праз супрацоўнікаў фэльд'егерскай службы, альбо спэцыяльнай сувязьзю Міністэрства сувязі БССР. Пытаньні, якія разглядаліся на Бюро й набывалі грыф “Асобная папка”, былі самыя разнастайныя й закраналі практычна ўсе сфэры жыцьця грамадзтва й партыі. Да прыкладу, адна з “Асобных папак” утрымлівае Пастанову Бюро ЦК ад 20 траўня 1937 г. “Аб доме адпачынку Сляпянка”, у якой разглядаюцца пытаньні працы названага Дому адпачынку для адказных партыйных і дзяржаўных работнікаў. “Асобным папкам” часам надавалася такая сакрэтнасьць, што ў пратаколах Бюро — асабліва ў пасьляваенны час — не пазначана нават пытаньне для абмеркаваньня. Пазначаўся толькі ягоны парадкавы нумар. Разглядаючы фэномэн “сакрэтнасці”, неабходна адзначыць, што гэта была больш чым фармальная працэдура. Сакрэтнасьць ператварылася ў прынцып жыцьця й дзейнасьці вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Адасабляючыся ад беларускага грамадзтва, партыя й, зразумела, ейныя структуры, ператвараліся ў своеасаблівае каставае аб'яднаньне са сваімі нутранымі, прызначанымі толькі для ейных сябраў законамі, таямніцамі, сакрэтнымі пастановамі й інфармацыйнымі зводкамі. Навязьлівая сакрэтнасьць, якая часам прымала паранаідальныя формы,— гэта не чарговы “перагіб” партыі: сутнасна яна зьвязаная з памкненьнем да ўсталяваньня ўсеахопнай, ці таталітарнай, улады. Варта пагадзіцца са словамі выбітнай амэрыканскай дасьледчыцы Ханы Арэндт: “Рэальная ўлада пачынаецца там, дзе пачынаецца сакрэтнасьць”. І гэтую рэальную ўладу партыя, а больш канкрэтна — Бюро ЦК ня толькі мела, але й імкнулася распаўсюдзіць на ўсе, нават самыя нязначныя, сэгмэнты жыцьця. Усеахопнасьць партыйнай улады ўражвае. Усеахопная ўлада Фармальна, паводле партыйнага Статуту, Бюро ЦК КПБ было выканаўчай структурай ЦК, якая абіралася для вядзеньня палітычнай працы й была падсправаздачная ЦК. Але на справе Бюро зьяўлялася вышэйшым органам улады ў БССР. Менавіта яно вызначала ўсе напрамкі разьвіцьця рэспублікі (а таксама разглядала безьліч адносна дробных і другарадных пытаньняў), выступала як галоўны арбітар пры вырашэньні ўзьніклых міжведамасных супярэчнасьцяў, непасрэдна арганізоўвала выкананьне сваіх даручэньняў і пастановаў, трымала пад кантролем усю сыстэму ўлады. Значная колькасьць важных рашэньняў і прапановаў, якія фармальна зыходзілі ад розных дзяржаўных органаў (ВС, СМ БССР), на самой справе былі вынікам дзейнасьці Бюро ЦК. Абавязковаму зацьверджаньню Бюро належалі ўсе больш-менш значныя ініцыятывы партыйных, дзяржаўных, камсамольскіх, прафсаюзных і іншых грамадзкіх, добраахвотных арганізацыяў. Незвычайная шматлікасьць і разнаплянавасьць пытаньняў, якія падлягалі разгляду ці проста зацьверджаньню Бюро й Сакратарыяту, абумоўліваюць пэўныя цяжкасьці пры іхнай клясыфікацыі. Тым ня менш, можна азначыць некалькі буйных блёкаў пытаньняў, якія пастаянна кантраляваліся вышэйшымі органамі партыі. 1. Ува ўладнай кампэтэнцыі Бюро й Сакратарыяту знаходзілася практычна ўсё, што тычылася партыйнага жыцьця й партыйнай працы. Аснову гэтай працы складалі разгляд і зацьверджаньне кандыдатаў на ўсе кіроўныя пасады — ад сакратара райкаму партыі да сакратара ЦК КПБ. Да паседжаньня Бюро рыхтаваліся даведка-аб'ектыўка, кароткая партхарактарыстыка, анкета, аўтабіяграфія, копіі дакумэнтаў аб адукацыі, якія папярэдне разглядаліся ў адпаведных аддзелах ЦК, аддзеле арганізацыйна-партыйнай працы, сакратарамі ЦК. Напярэдадні зацьверджаньня з кандыдатам абавязкова праводзілася размова ў профільных аддзелах (да прыкладу, у аддзеле агітацыі й прапаганды, сельскагаспадарчым, прамысловасьці й г.д.) і з сакратарамі ЦК. 2. На Бюро разглядаліся пэрсанальныя справы камуністаў: пра ўдзел у антыпартыйных групоўках; пра амаральныя паводзіны; апэляцыі й г.д. 3. Бюро зацьвярджала сьпісы слухачоў Вышэйшай партыйнай школы, кандыдатуры на вучобу ў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС. Праз зацьверджаньне Бюро праходзіла ўся арганізацыйная праца партыі — адкрыцьцё партыйных камітэтаў; узбуйненьне партыйных арганізацыяў; дазвол на правядзеньне гарадзкіх, раённых, абласных партыйных канфэрэнцыяў. З рашэньняў Бюро прызначаліся праверкі партыйных органаў і арганізацыяў, прымаліся рашэньні пра ўзьвядзеньне будынкаў для партыйных структур, праходжаньне курсаў павышэньня кваліфікацыі партработнікаў і г.д. 4. У полі зроку Бюро й Сакратарыяту пастаянна знаходзілася прэса — зацьвярджаліся наклады газэт, часопісаў, прымаліся рашэньні аб выданьні сачыненьняў У.Леніна, І.Сталіна ды рэспубліканскіх “правадыроў” на беларускай мове, аб зьмяненьні назваў газэт, пераводзе іх на беларускую альбо расейскую мовы, аб выступленьнях кіроўных работнікаў у прэсе й іншыя. Высокі ўзровень прыняцьця рашэньняў ня мусіць, аднак, засланяць ад нас адну вельмі істотную акалічнасьць — нягледзячы на той факт, што Бюро разглядала ўсе вышэйзгаданыя пытаньні, тым ня менш, канчатковае рашэньне прымалася ў абсалютнай большасьці выпадкаў толькі пасьля дазволу ЦК КПСС. Так, Бюро не магло самастойна прыняць рашэньня аб адкрыцьці партыйнага камітэту, рэарганізацыі партыйнай структуры, нават аб зьмяненьні тыражу раённых газэт і г.д. На такога кшталту захады мусіў быць дазвол ПБ альбо Сакратарыяту ЦК КПСС. 5. Пад пільным вокам Бюро знаходзіліся ўсе пытаньні гэтак званай савецкай працы. Яно давала дазвол на правядзеньне сэсіяў Вярхоўнага Савету, разглядала пытаньні, зьвязаныя з нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам; будаўніцтвам на тэрыторыі Беларусі прадпрыемстваў; прымала пастановы аб пераводзе гарадоў па забясьпячэньні таварамі з адной групы ў другую; абмяркоўвала пытаньні перайменаваньня гарадоў і вёсак; займалася адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьнем рэспублікі; разглядала прапановы пра ўзнагароджаньне ордэнамі й мэдалямі грамадзян Беларусі й хадайнічала пра гэта перад саюзнымі органамі й г.д. 6. Па-за ўвагай Бюро не заставаліся пытаньні культуры (навука, літаратура, мастацтва, музыка й г.д.). Рашэньні Бюро па гэтых пытаньнях, як правіла, утрымліваюць наўпростыя ўказаньні з нагоды тых ці іншых мастацкіх твораў, артыкулаў, фільмаў, карцін асобных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Адным зь першых красамоўных фактаў працы ў гэтым накірунку ёсьць Пастанова ЦБ ад 7 верасьня 1922 г., калі на ягоным паседжаньні было разгледжана пытаньне “Аб высяленні прафесараў і грамадазнаўцаў па-за межы Беларусі”. У выніку абмеркаваньня гэтага пытаньня Бюро прымае Пастанову: “а) прызнаць неабходным выслаць з Мінску гр. Я.Гурвіч; б) назначыць да высялення: Ярашэвіча, Скадракова, Міцкевіча, Жывіна, Савіча, Федзюшына, Маслакавец, Каравайчыка і Рабіновіча; в) даручыць ДПУБ(еларусі) устанавіць нагляд за гр. Сіроткіным, Вазнясенскім і Якуніным; г) Даручыць т. Ігнатоўскаму і Кацэнбогену падшукаць, кім замясціць Якуніна, пасля чаго Якуніна выслаць”. Рашэньне прынятае на падставе падрыхтаванага ДПУБ “Спіса антысавецкай прафесуры...”. Напрыканцы 20-х гадоў Бюро актыўна ўмешваецца ў хаду тэатральнай дыскусіі, распачатай групай беларускіх літаратараў і грамадзкіх дзеячоў (М.Зарэцкі, А.Адамовіч, А.Дудар, А.Александровіч, А.Вольны, І.Цьвікевіч, В.Ластоўскі), якія выказаліся супраць “разносных” рэцэнзіяў афіцыйных друкаваных органаў ЦК КП(б) — “Звязды” й “Чырвонай Змены” — на пастаноўкі Другога Беларускага дзяржаўнага тэатру. 17 верасьня 1928 г. Бюро прымае спэцыяльную Пастанову аб дыскусіі па тэатральных пытаньнях, у якой канстатавалася: у дыскусіі яскрава праявіліся нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі, што сыгналізуе пра наяўнасьць правай нябясьпекі ў культурным будаўніцтве й захадаў “адмежавання беларускай культуры ад культур другіх нацыянальнасцей СССР, і ў першую чаргу, ад расійскай культуры...”. Не зьмянілася сытуацыя й пасьля Вялікай Айчыннай вайны. Так, у ліпені 1947 г. Бюро ЦК заслухала пытаньне “Аб рабоце Саюза савецкіх пісьменнікаў і рэдкалегій літаратурна-мастацкіх часопісаў БССР па выкананню пастановы ЦК ВКП(б) “Аб часопісах “Звязда” і “Ленінград”. У прынятай Пастанове жорстка крытыкаваўся стан беларускай літаратуры, указвалася на тое, што за пасьляваенны пэрыяд не было створана буйнога твору пра важнейшыя падзеі сучаснага жыцьця. У шматлікіх артыкулах у друку, якія адлюстроўвалі афіцыйныя погляды, ганьбаваліся беларускія пісьменьнікі. Падобны лёс напаткаў паэтку Э.Агняцвет, якую зьвінавацілі за тое, што ейныя вершы шмат у чым “пераклікаюцца з мяшчанска-салоннай лірыкай Ахматавай”, што яны разьлічаны “на падаграванне мяшчанска-абывацельскіх густаў і варожых імкненняў нашай моладзі”. Новая хваля ўмяшаньня ў творчы пошук пачалася з правядзеньнем кампаніі барацьбы з “нацыяналізмам”, якая разгарнулася ў пачатку 50-х гадоў у сувязі з крытыкай верша ўкраінскага паэта У.Сасюры “Любі Ўкраіну”, надрукаванага ў ленінградскам часопісе “Звязда”. У рэспубліцы аб'ектам крытыкі стаўся зборнік вершаў “Світанне” старэйшай паэткі, актыўнай удзельніцы нацыянальна-адраджэнскага руху К.Буйло. Яе зьвінавацілі за нацыяналізм, бо ў адным з твораў яна назвала Беларусь “прыгажэйшай” і “найдаражэйшай” часьцінкай зямлі. Зборнікі вершаў М.Лужаніна “Шырокае поле вайны” й “Поступ” скрытыкавалі за тое, што ў іх “мала або зусім няма самых характэрных рыс нашай савецкай сучаснасці”. 7. З выхадам Беларусі пасьля Другой усясьветнай вайны на міжнародную арэну пад пільны кантроль Бюро патрапілі міжнародная дзейнасьць і міжнародныя сувязі рэспублікі. Бюро зацьвярджала сьпісы дэлегацыяў, якія накіроўваліся за мяжу для ўдзелу ў паседжаньнях ААН і іншых міжнародных арганізацыяў, у навуковых канфэрэнцыях, кангрэсах, сымпозыюмах. Культурны, спартовы абмен таксама знаходзіўся ў полі зроку Бюро. Нават такая “дробязь”, як турыстычны абмен, кантраляваўся праз створаную й дзейную на пастаяннай аснове Камісію па выездах за мяжу пры Бюро ЦК КПБ. Пасьля вайны Беларусь сталася адной з краінаў-заснавальніц ААН і атрымала магчымасьць дапамогі ад спэцыялізаванай установы ААН — Адміністрацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па аказаньні дапамогі й аднаўленьні (ЮННРА). Асноўнай задачай ЮННРА зьяўлялася пастаўка прадуктаў харчаваньня, прамысловага, сельскагаспадарчага абсталяваньня, мэдыкамэнтаў, адзеньня краінам, вызначаным ААН. У лік такіх краін трапіла й БССР. У сьнежні 1945 г. у Вашынгтоне было падпісана Пагадненьне паміж ЮННРА й Урадам БССР аб пастаўках неабходных Беларусі тавараў, абсталяваньня на суму 61 млн. амэрыканскіх даляраў, якія мусілі паступаць і паступалі ў рэспубліку на працягу 1945—1946 гг. Дапамога была даволі істотнай — з улікам пасьляваеннага гаротнага становішча насельніцтва. Напрыклад, толькі прадуктаў харчаваньня было завезена звыш 100 тыс. тон. Дзейнасьць ЮННРА адразу ж трапіла пад кантроль Бюро, якое на сваіх паседжаньнях рэгулярна абмяркоўвала колькасьць атрыманых грузаў, разьмяркоўвала іх паміж вобласьцямі й інш. Аднак гэтая гуманная дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да беларускага народу з волі партыйных алігархаў была пахавана на доўгія гады — яе сьцерлі з памяці беларускага народу. У студзені 1946 г. Бюро прымае Пастанову, у адпаведнасьці зь якой забаранялася “Адказным партыйным і савецкім работнікам у сваіх дакладах і гутарках прыводзіць якія-небудзь лічбы па пастаўках ЮННРА і спасылацца на пытанні дапамогі з боку ЮННРА”. Чаму так атрымалася? Знаходзячыся ў рэчышчы зьнешнепалітычнай дактрыны Масквы, Менск быў вымушаны выконваць загады Цэнтру. Распачатая халодная вайна адразу ж усталявала “жалезную заслону” паміж былымі саюзьнікамі. Асабліва яскрава падпарадкаванасьць зьнешнепалітычнай дактрыне Цэнтру праявілася ў сфэры міждзяржаўных адносін. Характэрным прыкладам такога падыходу ў першыя пасьляваенныя гады зьяўляецца перадача ў 1944 г. Беласточчыны Польшчы. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 г. кіраўнікі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі прызналі лінію Керзана ў якасьці савецка-польскай мяжы. У заяве савецкага ўраду ад 11 студзеня 1944 г. выказвалася гатовасьць унесьці зьмяненьні ў межы 1939 г. на карысьць Польшчы ў раёнах зь перавагаю польскага насельніцтва. Гэта значыла, што значная тэрыторыя Беларусі павінна была адысьці да Польшчы. А што ж Беларусь? У сакавіку 1944 г. на 6-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР Старшыня Прэзыдыюму ВС Н.Наталевіч у дакладзе, прысьвечаным стварэньню наркаматаў абароны й замежных справаў БССР, пэўную ўвагу надаў адносінам паміж Беларусьсю й Польшчай. Ён адзначыў, што, у адпаведнасьці з заявай савецкага ўраду ад 11 студзеня 1944 г., якая прызнавала лінію Керзана, да Польшчы павінна была адысьці большасьць раёнаў Беластоцкай вобласьці. Н.Наталевіч зьвярнуўся да ВС БССР з прапановай разгледзець пытаньне аб межах і папрасіў савецкі ўрад пры вызначэньні мяжы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае й справядлівае жаданьне беларускага народу аб'яднаць усе спрадвечныя беларускія землі ў адзіную Беларускую дзяржаву. Але гэты зварот ня быў улічаны ні тагачасным савецкім кіраўніцтвам, ні Вярхоўным Саветам БССР, які нават і не разглядаў пытаньня пра вызначэньне межаў паміж Беларусьсю й Польшчай. Тое ж выявілася й у эпізодзе з прапановай ЗША аб усталяваньні наўпростых дыпляматычных адносін з БССР. Пачатак 50-х гадоў — час самых напружаных адносінаў паміж СССР і ЗША, вядомы пад назвай “халодная вайна”. Аднак менавіта ў гэты час Палата Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША робіць спробы ўсталяваць дыпляматычныя адносіны зь дзьвюма савецкімі рэспублікамі — Беларусьсю й Украінай. У лютым 1953 г. Палата Прадстаўнікоў адобрыла й унесла на разгляд Кангрэсу й Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША рэзалюцыю № 58, якая тычылася ўсталяваньня дыпляматычных адносін зь Беларусьсю. Нягледзячы на той факт, што матэрыялы адносна гэтай прапановы фігуруюць у пратаколах Бюро ЦК Беларусі, Бюро нават і не абмяркоўвала яе. Прапанову ня толькі не апублікавалі, але й, як заўсёды, засакрэцілі. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва й усе падпарадкаваныя яму ўладныя структуры надзейна ахоўвалі закрытасьць савецкай таталітарнай сыстэмы. Небясьпеку для таталітарнай сыстэмы ўяўлялі й паездкі беларускіх грамадзян за мяжу. Асабліва гэта тычылася выезду ў капіталістычныя краіны, на што патрабаваўся дазвол Сакратарыяту ЦК КПСС — у прыватнасьці, ягонага міжнароднага аддзелу. 8. Бюро кантралявала дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў. Як правіла,— праз канкрэтныя ўказаньні ЦСПСБ, ЦК ЛКСМБ, піянэрскай арганізацыі, добраахвотным таварыствам па правядзеньні масавай працы сярод сваіх сябраў. Бюро зацьвярджала даты правядзеньня зьездаў, пленумаў; накіроўвала дэлегацыі за мяжу; ажыцьцяўляла аргнаборы моладзі на камсамольскія будоўлі й г.д. Відавочна, што кантраляваць такое вялікае кола пытаньняў было няпроста, а таму Бюро мела шматлікія рабочыя органы — камісіі. Большасьць зь іх ствараліся для распрацоўкі асобных праектаў рашэньняў — на падставе абмеркаваньня той ці іншай праблемы на паседжаньні Бюро. Камісіі маглі працаваць ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў і да году. Калі стварэньне пастаянных камісіяў было зьявай дастаткова рэдкай, то стварэньне часовых камісіяў для распрацоўкі й практычнага вырашэньня асобных пытаньняў практыкавалася вельмі часта. Ствараліся, напрыклад, камісіі па ваенных пытаньнях, па рабоце ў вёсцы, па пытаньнях каапэрацыі, для разьвіцьця прамысловасьці, транспарту, будаўніцтва, гандлю й г.д. Рашэньні, якія выпрацоўвалі камісіі, потым зацьвярджаліся Бюро. У асобных выпадках камісіям давалася права прыняцьця канчатковага рашэньня ад імя Бюро. Важную ролю ў структуры партыйных органаў адыгрывалі аддзелы ЦК, якія ажыцьцяўлялі кантроль за кадравай палітыкай і работай партыйных камітэтаў, савецкіх органаў, рэспубліканскіх міністэрстваў, ведамстваў, грамадзкіх арганізацыяў. З усіх аддзелаў найважнейшымі зьяўляліся два — аддзел арганізацыйна-партыйнай і кадравай працы й ідэалягічны аддзел. Аддзел аргпартпрацы, дарэчы, самы вялікі ў апараце ЦК, у склад якога, перад забаронай дзейнасьці КПБ, уваходзіла 37 работнікаў, зьяўляўся партыйным “аддзелам кадраў”. Знакамітае “подбор, воспитание и расстановка кадров” ажыцьцяўлялася менавіта праз гэты аддзел. Ні адно прызначэньне на адказныя кіроўныя пасады ў рэспубліцы не магло прайсьці без удзелу аргпартаддзелу. Аддзел “курыраваў” (зь лексыкі партыйных функцыянэраў) працу АК, ГК, РК КПБ; апарат Прэзыдыюму ВС; апарат СМ БССР; аблвыканкамы, рай- і гарвыканкамы, Белсаўпраф; ЦК ЛКСМБ; КНК БССР; Менскую партшколу; Савет жанчын; Беларускую арганізацыю вэтэранаў вайны й працы. Другім па важнасьці й значнасьці аддзелам зьяўляўся ідэалягічны аддзел (раней — аддзел прапаганды й агітацыі), у якім працаваў 21 чалавек. Ён непасрэдна кантраляваў працу аж 41 установы: міністэрстваў, ведамстваў, саюзаў, грамадзкіх аб'яднаньняў і г.д. Напрыклад, ён “курыраваў”: міністэрствы — замежных справаў, культуры й адукацыі; дзяржаўныя камітэты — па справах выдавецтва, паліграфіі й кніжнага гандлю, фізычнай культуры й спорту; Акадэмію навук; тэлеграфнае агенцтва; галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўнай таямніцы ў друку пры СМ; галоўнае архіўнае ўпраўленьне; рэдакцыі ўсіх часопісаў і газэт; саюзы — пісьменьнікаў, кампазытараў, кінематаграфістаў, журналістаў, мастакоў і г.д. Як і папярэдні аддзел, ён быў створаны ў 1920 г. і каардынаваў ўсю дзейнасьць па ачмурэньні насельніцтва камуністычнай ідэалёгіяй. Пад камуністычную прапаганду, якую плянава, мэтанакіравана, з улікам зьменьлівых абставін, праводзіў ідэалягічны аддзел, “патрапіла” практычна ўсё насельніцтва рэспублікі. І, напэўна, галоўнае, чаго ў пэўнай ступені ўдалося дасягнуць камуністычнай прапагандысцкай машыне,— ідэалягічнай матываванасьці паводзін людзей. Дастаткова згадаць масавыя кампаніі супраць усялякіх ворагаў: спачатку клясавых — памешчыкаў, кулакоў; потым — ідэалягічных — трацкістаў, “нацыянал-дэмакратаў”, “левых, правых ухілістаў”, “шавіністаў” ды іншых. Пасьля вайны ідэалягічны аддзел (тады ён называўся аддзелам прапаганды й агітацыі, ці, скарочана,— агітпрапам), зьяўляўся арганізатарам і натхняльнікам барацьбы зь “бязроднымі касмапалітамі”, “сіяністамі”, потым — з “амерыканскім імперыялізмам, галоўным ворагам ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва”. Варта заўважыць, што ўсё ж значная частка беларускага грамадзтва ў пэўнай ступені паддавалася пад узьдзеяньне гэтай ідэалягічнай апрацоўкі — і ўдзельнічала ў масавых акцыях то пратэсту, то падтрымкі рашэньняў партыі й ураду. І за ўсім гэтым стаяла небачная постаць агітпрапу. Вось чаму ягонай дзейнасьці надавалася такое вялікае значэньне, і заўседы тыя з сакратароў, хто курыраваў гэтыя два аддзелы, уваходзілі ў склад Бюро ЦК. Астатнія маглі мяняцца, гэтыя ж — ніколі. Бюро й Сакратарыят асацыяваліся на той час з вышэйшай уладай. Аднак насамрэч яна канцэнтравалася ў Маскве — у Палітбюро й Сакратарыяце ЦК КПСС. Зьвязаныя партыйнай дысцыплінай, партыйнымі пастановамі, дырэктывамі, інструкцыямі, Бюро й Сакратарыят ЦК КПБ заўсёды былі паслухмянымі й маўклівымі выканаўцамі тых рашэньняў, якія прымаліся ў Маскве. Літаратура 1. Восленский М. Номенклатура. Господствующий класс Советского Союза. М., 1991. 2. Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т.1, 1918—1927. Мн., 1973. 3. Страницы истории компартии Белоруссии. Суждения, аргументы и факты. Мн., 1990. 4. Петровичев Н., Кузьмин Ф. Партийное строительство: Учебное пособие. М., 1981. 5. Основные функциональные особенности секретарей и отделов ЦК Компартии Белоруссии. Мн., 1991. 6. Распределение обязанностей между секретарями и членами Бюро ЦК Компартии Белоруссии. Мн., 1989. 7. Регламент работы с документами в аппарате Центрального Комитета Компартии Белоруссии. Мн., 1989. 8. Положение о порядке обращения с документами ЦК Компартии Белоруссии в аппарате министерств, ведомств и организаций Белорусской ССР. Мн., 1985.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||