|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
КНІГІ | СЛАВАЦКАЯ НАДЗЕЯ: ДОСВЕД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ТРАНСФАРМАЦЫЙ
МІЛАН ЗЕМКА. ТРАДЫЦЫІ СЛАВАЦКАЙ ПАЛІТЫКІ |
|
І. ЧЫННІК ГІСТОРЫІ І СЛАВАЦКАЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ Славацкае пытанне ў ХХ Традыцыі славацкай Фармаванне палітычных Феномен страху — чыннік ІІ. БАРАЦЬБА ЗА ЎСТАЛЯВАННЕ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ Падзелы і расколы ў Наш шлях да стандартнай Палітычныя партыі — ІІІ. ФАРМАВАННЕ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ І ЯЕ АБРЫСЫ Стасункі з Расіяй і Славацкае грамадства ў IV. ЭКАНАМІЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭННІ Прыватызацыя і прамыя Канверсія збройнай V. РАЗВІТАННЕ З МІНУЛЫМ І НОВЫЯ РЭАЛІІ Посткамуністычная ментальнасць супраць У паўценю двух |
УВОДЗІНЫ Мэтанакіраваная адбудова плюралістычнай дэмакратыі пасля лістапада 1989 года азначала, што новыя палітычныя эліты імкнуліся аднавіць гістарычны досвед міжваеннай Чэхаславакіі з яе парламенцкай дэмакратыяй, а часткова й паваеннай “народнай дэмакратыяй”. Асабліва гэтае памкненне выявілася падчас стварэння палітычных інстытутаў і механізмаў новага палітычнага рэжыму. Паўплываў ранейшы дэмакратычны досвед і на выбар некаторых ідэалагічных курсаў. Закон аб палітычных партыях і рухах і закон аб выбарах у парламент з прапарцыянальнай выбарчай сістэмай (абодва прыняты ў 1990 годзе) таксама яскрава адлюстроўвалі як выкарыстанне досведу дакамуністычнай рэспублікі, гэтак і досведу паваенных заходніх дэмакратый (напрыклад, увядзенне працэнтнага бар’еру для ўваходу партый у парламент). Калі ж паўстаюць з’явы, неспалучальныя з характэрнымі азнакамі і функцыянаваннем плюралістычнай парламенцкай дэмакратыі, прычыны найчасцей знаходзілі і знаходзяць у перажытках камуністычнага рэжыму. Аднак крыніцай такога рэдукаванага ўспрымання праблем новага палітычнага рэжыму бывае гэтаксама няведанне ці свядомае ігнараванне як рэальнага функцыянавання палітычных сістэм, так і сацыяльна-эканамічнага жыцця ў нашай краіне перад захопам улады камуністамі. Недастаткова ўсведамляецца і той факт, што дэмакратыя і грамадзянская супольнасць, на якую абапіраецца дэмакратычны рэжым, з’яўляюцца ўсяго толькі рамкамі, што ствараюць свабодную і справядлівую прастору для жыцця ды фармуюць магчымасці для развіцця творчага патэнцыялу грамадзян. А вось як і чым гэтыя мажлівасці рэальна напоўняцца, залежыць ужо ад саміх грамадзян і ад іх палітычных прадстаўнікоў на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання. Справа, між тым, датычыць не толькі дэмакратычнага мінулага, якое ўрэшце ўяўляе сабой толькі меншую частку сучаснай гісторыі былой Чэхаславакіі і ўсяго цэнтральна-еўрапейскага рэгіёну, але і намнога даўжэйшага дадэмакратычнага перыяду нашай гісторыі. Бо пра сучасную палітычную сістэму Славацкай Рэспублікі гаворку трэба весці ў інтэрвале 150 гадоў — ад рэвалюцыі 1848—1849 гадоў, альбо ад заняпаду гэтак званага “абсалютызму Баха” і аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў Габсбургскай манархіі ў 1860 годзе, з чаго і пачалося фармаванне сучаснага парламентарызму. Такі рэтраспектыўны погляд, безумоўна, паслугуе лепшаму разуменню адрозненняў Славакіі і Чэхіі на момант стварэння агульнай дзяржавы ў 1918 годзе. Бо розныя ўмовамі, у якіх абодва народы існавалі да яе стварэння, так і засталіся (нягледзячы на культурна-цывілізацыйнае ўзаемазбліжэнне, ці, хутчэй, набліжэнне славакаў да чэхаў) генератарам адрозненняў й падчас сумеснага жыцця ў адной дзяржаве. У эпохі трыумфу нацыяналізму (у першай палове ХХ стагоддзя, а пасля ізноў пасля руйнавання камуністычнага рэжыму) гэтыя адрозненні стымулявалі памкненіі да падзелу краіны, што і прывяло да ўзнікнення ў 1993 годзе дзвюх самастойных дзяржаў — Чэшскай і Славацкай Рэспублік. ЧЭШСКАЕ І СЛАВАЦКАЕ ГРАМАДСТВЫ ПАДЧАС УЗНІКНЕННЯ ЧЭХАСЛАВАЦКАЙ ДЗЯРЖАВЫ Сацыялна-эканамічныя і цывілізацыйныя асаблівасці Чэхі і славакі стагоддзямі разам жылі пад уладай дынастыі Габсбургаў, але ў дзвюх адносна самастойных частках Габсбургскай імперыі. Першя жылі ў аўстрыйскай частцы імперыі з дамінантным нямецкім элементам, а другія належалі да Венгерскага каралеўства, у якім дамінавалі венгры. І ўжо ў канцы ХІХ стагоддзя характэрнымі для чэшскага грамадства сталіся цывілізацыйная развітасць і агульны уздым жыцця, спароджаныя прамысловай рэвалюцыяй і працэсамі урбанізацыі. Славацкая ж этнічная тэрыторыя, наадварот, у гаспадарчых адносінах усё болей адставала ад цэнтральных рэгіёнаў краіны, а яе эканоміка знаходзілася пераважна ў неславацкіх руках. Параўнальна не толькі з чэшскімі, але й з венгерскімі этнічнымі тэрыторыямі урбанізацыя адбывалася тут павольна. А дынамічны рост Будапешту ўсё мацней выяўляў сваю прыцягальную сілу, што спрыяла і агульнаму ўздыму венгерскай нацыянальнай свядомасці. Гарадское асяроддзе на славацкай этнічнай тэрыторыі рабілася ўсё больш неславацкім. У той самы час славакі, ня здолеўшы стварыць магутнага гарадскога асяродку, заставаліся пераважна вясковым насельніцтвам. Чэшскае грамадства між тым актыўна стратыфікавалася: у ім паўсталі і сфармаваліся ўсе слаі грамадства, за выключэннем (ці толькі з малым прадстаўніцтвам) шляхты. У славакаў жа не адбылося такога развіцця. “Славацкае грамадства” репрезентавалі тады перадусім ніжэйшыя сацыяльныя слаі, нешматлікі сярэдні вясковы клас (заможныя сяляне) ды некалькі соцень прадстаўнікоў інтэлігенцыі (зноў жа сялянскага ці дробнашляхецкага паходжання). Неабходна адзначыць, што сацыяльна-эканамічнае развіццё чэшскага грамадства было наступствам культурна-адукацыйнага зрухаў, якія сталіся магчымымі дзякуючы фармаванню чэшскай сістэмы адукацыі. Славакі ж, у культурна дамінантным венгерскім асяродку, наадварот, паступова страчвалі магчымасць навучання на роднай мове, у тым ліку і ў пачатковых школах. На ўсіх узроўнях венгерская адукацыйная сістэма адназначна не спрыяла развіццю нацыянальнай свядомасці славакаў. Справе ўсталявання славацкай сістэмы адукацыі прысвяцілі сябе ў той час адзінкі. І да таго, як не адбыўся заняпад Венгерскага каралеўства, не было аніякай сапраўднай сістэмы славацкага школьніцтва ці сеткі славацкіх культурна-навуковых устаноў. Адно існавала невялікая колькасць славацкіх культурніцкіх суполак. Менавіта з таго часу цягнецца пэўная схільнасць славакаў да замкнёнасці і кансерватызму. Зрэшты, нельга адмовіць і пэўнага пазітыўнага эфекту мадэрнізацыі гаспадарчага, грамадскага і культурна-адукацыйнага жыцця ў Венгрыі для, найперш, гарадскога насельніцтва (безадносна да яго нацыянальнасці), у тым ліку і на паўночнай, славацкай, тэрыторыі на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў. Гэтая мадэрнізацыя выявілася і ў дзейнасці грамадскіх арганізацый, а перадусім — у прыняцці і распаўсюдзе прынцыпаў самакіравання. Палітычныя адрозненні З фармальнага пункту гледжання, пасля рэфармавання імперыі ў 1867 годзе, палітычная сістэма Венгрыі была больш прагрэсіўнай за палітычную сістэму аўстрыйскай часткі дзяржавы. Адрозна ад прынятай у ёй састарэлай сістэмы курый (гэта быў працяг сярэднявечнай саслоўнай дэмакратыі), у Венгрыі існавала ўсеагульнае наўпростае выбарчае права. Парламент меў куды мацнейшыя пазіцыі, а жупы і гарады здабылі большыя паўнамоцтвы ў самакіраванні. Аднак высокі маёмасны цэнз на ўсіх узроўнях выбарчых органаў, а таксама публічнае (гэта значыць — не тайнае) галасаванне, як і перажыткі саслоўных традыцый, істотна нейтралізоўвалі прагрэсіўныя элементы венгерскай палітычнай сістэмы, якая, акрамя таго, паступова брала курс на ўзмацненне дзяржаўнага цэнтралізму і паслабленне элементаў самакіравання. У абедзвюх частках манархіі ўсталяваўся канстытуцыйны парламентарызм, але зусім не парламенцкая дэмакратыя. Бо прынцыпам парламенцкай дэмакратыі не адпавядалі ні працэс стварэння прадстаўнічых органаў, ні адносіны паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі. Аднак на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў развіццё грамадства ў аўстрыйскай частцы імперыі выразна пайшло ў кірунку дэмакратычнага парламентарызму: пры выбарах у Імперскую Раду (не ў краявыя сеймы) была ўвядзенная сістэма ўсеагульнага, роўнага і тайнага выбарчага права (для мужчын) А ў Венгерскім каралеўстве, да самага яго знікнення ў 1918 годзе, па-ранейшаму дзейнічала недэмакратычная і ўжо тады анахранічная (такой яе лічылі й дэмакратычна арыентаваныя венгры) выбарчая сістэма. Адрозненні ў палітычнай сістэме і ўзроўні палітычнага жыцця паміж дзвюма часткамі аўстра-венгерскага дзяржаўнага саюзу ўплывалі й на фармаванне палітычных партый і эліт. У аўстрыйскай частцы манархіі пачынаючы з 1890-х гадоў фармуюцца (апрача выбарчых партый — г.зв. “ганарацый”, зладаваных з прыцягненнем найбольш вядомых, уплывовых, а часта і найбагатшых грамадзян) масавыя палітычныя партыі, якія бралі актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах і значэнне якіх яшчэ больш вырасла з увядзеннем з 1907 года ўсеагульнага і роўнага выбарчага права. У Венгерскім каралеўстве, ажно да яго знікнення, перавагу, наадварот, мелі партыі-ганарацыі, прычым, 30 гадоў панавала адна партыя, ліберальная, якая карыстала на сваю выгоду дзяржаўны апарат, у тым ліку і падчас выбарчых спаборніцтваў. Іерархічна-кансерватыўная арганізацыя венгерскага грамадства ды інтэнсіўнае культываванне хунгарыстычнай дзяржаўнай і “патрыятычнай” свядомасці тармазілі заснаванне і дзеянне палітычных суб’ектаў і наагул палітычнае жыццё невенгерскіх народаў і народнасцяў Венгрыі, у паасобку, славакаў. Як і ўсё славацкае грамадства, яго палітыка-партыйная сцэна аж да развалу Габсбургскай імперыі ў 1918 годзе заставалася на пачатковай стадыі свайго развіцця. Сітуацыя, адпаведна, была непараўнальнай з сітуацыяй у Чэхіі. Сучасныя ліберальныя і сацыялістычныя ідэі прыходзілі пераважна з Захаду. Тутэйшае і ўсходняе паходжанне мела адно кансерватыўная, папраўдзе, ідэя панславізму (пазней — неаславізму). Традыцыйны вясковы і дробнамяшчанскі лад жыцця, які абапіраўся на каталіцкую ці пратэстанцкую рэлігійнасць, спрыяў архаічнаму (і анахранічнаму) кансерватыўнаму палітычнаму мысленню. З прычыны палітычнай няспеласці славацкага грамадства і слабасці яго эліты перад Першай усясветнай вайной — адрозна ад венгерскага, аўстрыйскага і чэшскага грамадстваў — успрынятыя звонку палітычныя плыні ўсталёўваліся ў палітычным жыцці надзвычай марудна. Славацкая палітычная эліта почасту мела невыразныя і вузкія амбіцыі, яна адмаўлялася ад ідэі аўтаномнага статусу этнічнай славацкай тэрыторыі ў рамках Венгрыі і абмяжоўвалася патрабаваннем (прычым, безвыніковым) прыняць закон аб мовах і ўвесьці ўсеагульнае выбарчае права. Розніца паміж славацкай і чэшскай палітыкай найвыразней праявілася падчас распаду Аўстра-Венгрыі і стварэння агульнай чэхаславацкай дзяржавы. Чэшскае грамадства і яго палітычная эліта былі нагэтулькі развітыя, спелыя і моцныя, што ім хапіла выгоднага міжнароднага становішча і ўнутранай саслабласці манархіі, каб вызваліцца ўласнаю сілаю — гэта значыць пазбавіцца ад уладарніцтва з боку аўстрыйскай часткі Габсбургскай манархіі. Славакі ж не вызваліліся, а былі вызвалены, са згоды дзяржаў-пераможцаў, чэшскім войскам, якому славацкія атрады аказалі толькі нязначную падтрымку. Славацкія палітыкі ўступалі ў новую дзяржаву з недастаткова сфармаванымі ўяўленнямі пра дзяржаўна-юрыдычнае становішча Славакіі і не маглі прапанаваць чэшскай эліце ніякай дзяржаўна-юрыдычнай канцэпцыі, таму што яны яе, уласна, нават не стварылі. Пэўнае выключэнне ўяўлялі, хіба, дамоўленасці чэшскіх і славацкіх грамад у Амерыцы: Кліўлендскае (1915 год) і Пітсбургскае (1918 год), пагадненні пра супольную будучыню славакаў і чэхаў у адной дзяржаве, дзе Славакія мела б шырокае самакіраванне. Аднак тое былі дакументы, падрыхтаваныя замежнай Славацкай лігай, не айчыннымі элітамі, і ў час заснавання рэспублікі яны не ўплывалі на развіццё падзей. МІЖВАЕННЫ ДОСВЕД Палітычная залежнасць Палітычная сістэма першай ЧСР (1918—1938 гады) была створана чэшскай палітычнай элітай паводле ўзораў заходніх дэмакратый, уласных традыцый з часоў манархіі і ўласных патрэб. Славацкія ж палітыкі не адыгралі ў гэтай справе значнай ролі. Парламенцкая дэмакратыя будавалася на сістэме палітычных партый, якая ў чэшскіх рэгіёнах была практычна запазычана з часоў манархіі ды часткова дапоўнена партыямі на правым і левым баку палітычнага спектру; апроч таго, партыі фармаваліся й паводле этнічнага прынцыпу, што яшчэ болей узмацняла агульную партыйную расколатасць. У Славакіі ж партыйна-палітычная сцэна ўзводзілася ледзь не з нуля, хоць яшчэ пры манархіі і пачалі развівацца сацыял-дэмакратычная партыя, народная (каталіцкая) партыя, аграрны рух. Спярша славацкая палітычная сцэна дзялілася па дзяржаўна-юрыдычнай лініі: аўтанамісты імкнуліся да больш самастойнага становішча Славакіі, а унітарысты выступалі за непадзельную Чэхаславацкую Рэспубліку. Паступова адбывалася й палітычная дыферэнцыяцыя на тых, хто заставаўся прыхільнікам ліберальнай дэмакратыі, і тых, хто аддаваў перавагу аўтарытарным метадам кіравання. Для тагачаснага палітычнага жыцця характэрным было і тое, што партыі (ці то чэшскія, ці то нямецкія), якія хацелі дамагчыся поспеху на выбарах, мусі мець шырокія сацыяльныя і гістарычныя тылы ў Славакіі. З часоў заснавання чэхаславацкай дзяржавы найбольшай падтрымкай унутры Славакіі карысталіся сацыял-дэмакраты, а пасля іх расколу камуністы. Далей ішлі народная (каталіцкая) партыя, аграрная партыя, і, нарэшце, венгерскія альбо венгерска-нямецкія і габрэйскія партыі, якія прадстаўлялі гэтыя нацыянальныя меншасці. Найлепшага выніку з усіх партый наагул пры Першай рэспубліцы дамаглася сацыял-дэмакратыя, але пасля расколу хутка страціла свой уплыў. Затым на левым флангу моцных пазіцый дасягнулі камуністы (асабліва сярод венгерскіх выбарцаў), а на правым — Славацкая Народная партыя Глінкі (СНПГ), якая стала, пасля сацыял-дэмакратыі, дамінантнай палітычнай сілай Славакіі на выбарах. Іншыя партыі, акрамя аграрнай партыі і партый нацыянальных меншасцяў, былі толькі дадаткамі да пражскіх партыйных цэнтраў. Найважнейшыя палітычныя партыі ўнеслі ў новую дзяржаву разам са сваімі арганізацыйнымі структурамі таксама й свае даваенныя ідэйныя платформы, мадыфікаваныя з улікам міжваеннага рэспубліканска-дэмакратычнага ладу. У межах усёй Чэхаславакіі да традыцыйных палітычных ідэалогій на левым флангу належала сацыял-дэмакратыя, на правым — нацыянальна арыентаваны лібералізм нацыянал-дэмакратычнай партыі, а паміж імі знаходзіліся ідэалогіі чэшскага нацыянальнага сацыялізму, аграрызму, палітычнага каталіцызму і малавыразнае ідэалагізаванне прадпрымальніцкіх партый, арыентаваных на карпаратыўныя інтарэсы дробных прадпрымальнікаў. Прадуктам Першай усясветнай вайны і паваеннага перыяду было ўмацаванне (у выпадку бальшавізму) альбо ўзнікненне (у выпадку фашызму і нацызму) экстрэмісцкіх, таталітарных левых і правых ідэалогій, якія прэтэндавалі на ўніверсальную светапоглядную ролю. Аднак у дамюнхенскай рэспубліцы яны істотным чынам не ўкараніліся, хаця ў Камуністычнай партыі і ў Партыі судэцкіх немцаў, якая ўсё болей схілялася ў бок нацысцкай Германіі, колькасць выбарцаў была значнай. Тон у ідэйнай арыентацыі насельніцтва Славакіі імкнуліся задаваць Славацкая Народная партыя Глінкі і камуністы, але ніводная партыя не выпрацавала ўласных арыгінальных ідэйных пасланняў. Зыходныя ўстаноўкі ішлі з Ватыкану і Масквы — найвышэйшых ідэалагічных аўтарытэтаў. Цалкам паспяхова канкуравалі з гэтымі дзвюма партыямі “традыцыйныя” аграрыі і сацыял-дэмакраты, абмежаваныя, аднак, ідэяй “чэхаславакізму” — дзяржаўным унітарызмам. У драматычным развіцці падзей у Славакіі непасрэдна пасля Мюнхенскага пагаднення напрыканцы верасня 1938 года меч кансерватыўнай Народнай партыі Глінкі, якая прыйшла да ўлады, павярнуўся як супраць унітарыстаў, гэтак і супраць сацыял-дэмакратыі ды камуністычнай ідэалогіі. Праблемы міжваеннага грамадства Галоўным станоўчым момантам для славакаў і іх палітычнага жыцця ў новай дзяржаве было стварэнне сучасных адукацыйных, інстытуцыянальных і культурных устаноў (у шырокім значэнні гэтага слова), прычым, адбывалася гэта ва ўмовах адноснай эканамічнай стагнацыі. Усеагульнае, тайнае і роўнае выбарчае права для мужчын і жанчын азначала заступленне на чэхаславацкую палітычную сцэну большай колькасці грамадзян 3-мільённай Славакіі. Славакі ў небывалай да таго ступені ўключыліся ў грамадскую і палітычную працу на ўсіх узроўнях дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання, хоць самакіраванне і мела тады менш паўнамоцтваў, параўнальна з венгерскімі часамі. ЧСР была для славакаў вялікай школай грамадска-палітычнага жыцця. Тагачаснае палітычнае жыццё мела і свае заганы. Стабільнасць дэмакратычнага рэжыму, напрыклад, забяспечвалася пазаканстытуцыйнымі, закуліснымі дамовамі ў вузкім коле правадыроў кааліцыйных партый. Урадавыя кааліцыйныя партыі праз свае сатэлітныя арганізацыі былі звязаны з гаспадарчымі коламі, што часта прыводзіла да карупцыйных скандалаў; расквітнела партакратыя — з раздаваннем усялякіх выгодных пасад у грамадскім жыцці і ў эканоміцы; айцы-заснавальнікі дзяржавы на чале палітычных партый тармазілі змену пакаленняў у палітычных элітах. Апрача таго, у Славакіі не затухаў канфлікт паміж прыхільнікамі унітарнай чэхаславацкай дзяржавы і аўтаноміі (самакіравання) для Славакіі. Праблемай паўсталі таксама нарастальныя патрабаванні з боку нацыянальных меншасцяў у рэспубліцы (асабліва венгерскай меншасці), хоць правы нацыянальных меншасцяў у ЧСР і былі найбольш шырокімі ў рамках Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы. За палітычны ўплыў на меншасці кіроўныя партыі змагаліся з нацыянальнымі партыямі і камуністамі. Для лёсаў рэспублікі вырашальным сталася пытанне 3-мільённай нямецкай меншасці, што жыла ў чэшскай частцы рэспублікі: за праблемай Судэтаў стаяла вельмі агрэсіўная звышдзяржава — гітлераўская Германія. Слабасць чэхаславацкай дэмакратыі Руйнаванне парламенцкай дэмакратыі справакавалі перш за ўсё вынікі Мюнхенскага пагаднення ў верасні 1938 года, калі заходнія саюзнікі ЧСР — Францыя і Англія — саступілі Гітлеру і ў ілюзорнай надзеі на захаванне міру згадзіліся на далучэнне значнай часткі чэхаславацкай тэрыторыі, населенай пераважна нямецкай меншасцю, да нацысцкай Германіі. Аднак сваю ролю адыграў і латэнтны крызіс тагачаснай палітычнай сістэмы. Новая сітуацыя ў абсечанай дзяржаве стымулявала пошук “нацыянальнага адзінства” ў аўтарытарным палітычным рэжыме на чале з адной партыяй — гэта значыць у ліквідацыі плюралістычнай дэмакратыі. Такое пасля Мюнхена адбывалася ў абедзвюх частках усё яшчэ супольнай дзяржавы. Акрамя таго, у Славакіі партыі, якія рэпрэзентавалі сістэму парламенцкай дэмакратыі, дзейнічалі адначасова і ў якасці філіяў пражскіх цэнтраў, без уласнай апорнай канцэпцыі, аўтарытэту і палітычнай волі, што праявілася ў іх хуткім і лёгкім падпарадкаванні дамінантнай Славацкай Народнай партыі Глінкі (СНПГ). Тая хоць і здабыла ад пражскага ўраду аўтаномію для Славакіі, аднак непасрэдна пасля Мюнхена яшчэ не мела ў сваім распараджэнні вагароў улады, каб самой запанаваць краінай. Замаруджаныя, палітычна бездапаможныя прадстаўнікі дэмакратычных партый, усё яшчэ трымаючыся слабой надзеі, што й надалей змогуць браць удзел у кіраванні, значна палегчылі ёй гэту задачу. Такім чынам, аўтарытарны ўрад СНПГ без вялікіх праблем і пратэстаў на працягу некалькіх тыдняў змог усталяваць аднапартыйную ўладу, якая з дапамогай падпарадкаваных пазапартыйных арганізацый і, асабліва, дзяржаўнага апарату апанавала ўсё грамадскае жыццё. Першы этап гэтага працэсу завершыўся яшчэ пры т.зв. Другой Чэхаславацкай Рэспубліцы выбарамі ў аўтаномны сейм у снежні 1938 года, калі ўпершыню ў нашай гісторыі пад дыктоўку СНПГ быў прыняты адзіны спіс кандыдатаў. З кастрычніка 1938 года у Славакіі пачалася амаль 50-гадовая эра “чорнай”, а потым “чырвонай”, дыктатуры, з кароткім пераходным эпізодам рэдукаванай “народнай дэмакратыі” ў 1945—1948 гадах. Ваенная дзяржава Ваенная Славацкая Рэспубліка (1939—1945 гады) не мела чым пабагаціць дэмакратычны гістарычны досвед славакаў, таму што быў гэта насамрэч аўтарытарны рэжым з нарастальнымі таталітарнымі тэндэнцыямі. Аднак кароткае функцыянаванне рэжыму, гэтаксама як і ўзоры паводзінаў яго палітычнай эліты, а таксама насельніцтва, былі ў пэўным сэнсе падрыхтоўкай да дыктатуры іншага тыпу, якую камуністы ўсталявалі праз няпоўныя тры гады пасля Другой усясветнай вайны. Сюды прымыкала і акцэптацыя знішчальных рэпрэсій супраць габрэйскіх суграмадзян, якія былі пазбаўлены маёмасці і дэпартаваны ў канцэнтрацыйныя лагеры ў Польшчы. Гэта была псіхалагічная і маральная ўверцюра да прыняцця прынцыпу “калектыўнай віны” ў адносінах да нацыянальных меншасцяў. Пасля вайны гэта ўжо былі немцы і венгры. Славацкая палітычная эліта ўпершыню ў гісторыі несла поўную адказнасць за краіну (канечне, у абмежаваных рамках дзяржавы-сатэліту), але гэтаму досведу не было наканавана стаць складовай часткай славацкай дзяржаўнай традыцыі: пасля вайны ён мэтанакіравана і ўсебакова вынішчаўся. Дзяржаўна-юрыдычнай амбіцыяй палітычных эліт, якія замянілі прайгралую і дыскрэдытаваную палітычную эліту ваеннай Славацкай Рэспублікі, і надалей заставаўся гарызонт аўтаноміі ў рамках большага дзяржаўнага ўтварэння, г.зн. адноўленай ЧСР, аздобленай рыторыкай пра партнёрства з прынцыпу “як роўны з роўным”. Гэта ясна дэманстравала ўжо ў час вайны палітыка кіраўніцтва славацкага супраціву і Славацкага нацыянальнага паўстання (СНП) у 1944 годзе. Ідэалагічныя вытокі рэжыму Славацкай Рэспублікі, як і яго палітычныя праявы, мелі падобныя абмежаванні: з аднаго боку, рэжым чэрпаў натхненне ў старых крыніцах каталіцкай сацыяльнай навукі, айчыннага кансерватызму і нацыяналізму, а з другога, быў падпалы (асабліва пасля перамоў прэзідэнта Ёзэфа Ціса з Адольфам Гітлерам у Зальцбургу ўлетку 1940 года) пад нарасталыя патрабаванні імітаваць германскі нацыянал-сацыялізм. Нават нелегальная апазіцыя не прапанавала — за выключэннем новай дзяржаўна-юрыдычнай канцэпцыі славацка-чэшскіх адносін — новых ідэйных ініцыятыў. Палітыкі-дэмакраты заставаліся, папраўдзе, на платформе дэмакратыі Масарыка, аграрызму і народніцтва (усё гэта, адпаведна з духам эпохі, крыху пасунута ўлева). Камуністы мелі стабільную платформу ў выглядзе савецкага марксізму-ленінізму: сваю ідэйна-палітычную рыторыку яны прыстасоўвалі да актуальнай тактыкі. СНП праходзіла пад лозунгамі аднаўлення дэмакратыі і суверэнітэту ў рамках адноўленай ЧСР, аднак усталявацца мусіла не традыцыйная плюралістычная дэмакратыя, а “новая” дэмакратыя, якой трэба было пераадолець старую партыйную групаўшчыну. Гэтая “народная дэмакратыя” адносна хутка прывяла да новай дыктатуры — дыктатуры Камуністычнай партыі, а пошук надзейнага саюзніка ў асобе СССР спарадзіў новую сатэлітную залежнасць ад гэтай таталітарнай звышдзяржавы. “Народная дэмакратыя” Адбудова парламенцкай дэмакратыі і чэхаславацкай дзяржаўнасці здавалася новым пачаткам свабоды і дэмакратыі. У рэчаіснасці пасляваеннае развіццё падзей у ЧСР прынесла з сабой: — абмежаваную плюралістычную дэмакратыю, калі ў рэдукаванай палітычнай канкурэнцыі партыі маглі ўдзельнічаць толькі ў рамках г.зв. Нацыянальнага Фронту, і толькі з іх дазволу маглі ўзнікаць новыя палітычныя сілы, што было зыходным пунктам для наступнай поўнай ліквідацыі палітычнага плюралізму, непажаданай дэмакратам; — шырокае ўмяшанне дзяржавы ў права на прыватную ўласнасць, паўсюдную “нацыяналізацыю”, ці адзяржаўленне маёмасці, што сталася зародкам пазнейшых глыбокіх перамен ў грамадстве і яго ўніфікацыі; — прынцып “калектыўнай віны” ў адносінах да значнай часткі насельніцтва нямецкай і венгерскай нацыянальнасці, з невялікімі выключэннямі, што зноў-такі сталася сацыяльна-псіхалагічнай падрыхтоўкай і зыходным пунктам для рэалізацыі гэтага прынцыпу паводле ідэалагічна-палітычнага (класавага) крытэру; — дзяржаўна-юрыдычнае становішча Славакіі з усё больш рэдукаванымі аўтаномнымі кампетэнцыямі славацкіх нацыянальных органаў у рамках чэхаславацкай дзяржавы, што паслугавала фактычнай адбудове унітарнай дзяржавы; — знешнепалітычную залежнасць ЧСР ад новай усясветнай звышдзяржавы — СССР, якая, у сувязі з вымушанай адмовай ад удзелу ў плане Маршала ў 1947 годзе, развівалася ў кірунку поўнага васальнага падпарадкавання сабе Чэхаславакіі. У 1945—1946 гадах адбыўся таксама значны зрух у складзе палітычнай эліты, якая за адносна кароткі час істотна змянілася. Прычым, працэс змен пасля лютага 1948 года і ўсталявання камуністычнай дыктатуры яшчэ больш паскорыўся. Такім чынам, пасля пэўнага перыяду стабілізацыі і пераемнага развіцця пры першай ЧСР, яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя (у канцы 30-х гадоў) аднавіліся з’явы перарывістасці ва ўсім грамадстве і ў яго элітах, узніклыя ў 1918 годзе. Гэтая нестабільнасць праявілася таксама ў ідэйным плане на правай і левай палове палітычнага спектру: дэмакратычныя партыі яшчэ толькі шукалі адпаведнага ідэйнага адлюстравання для новай грамадска-палітычнай сітуацыі, якую прынёс ЧСР вынік Другой усясветнай вайны, камуністы камуфлявалі свае ўладна-палітычныя намеры (дыктатуру пралетарыяту) асаблівым, чэхаславацкім, спосабам збудовы сацыялізму. Абодва палітычныя палюсы часова пагадзіліся на паліталагічна кур’ёзным акрэсленні новай палітычнай сістэмы як “народнай дэмакратыі” (народнага народаўладдзя!), аднак і яе камуністы пасля захопу ўлады цалкам дыскрэдытавалі. Таму ў паваенным дататалітарным эпізодзе ЧСР наўрад ці можна шукаць пазітыўныя вытокі аднаўлення парламенцкай дэмакратыі пасля 1989 года і эканамічнай сістэмы, заснаванай на вольнай рынкавай гаспадарцы. Камуністычны рэжым На гэтую эру прыпала жыццё некалькіх пакаленняў, малодшыя з якіх дажылі да новай грамадскай сістэмы з дэмакратычным рэжымам. Аднак з камуністычнага рэжыму яны не маглі ўзяць практычна ніякіх станоўчых узораў для новай палітычнай сістэмы, яе структуры і функцыянавання, для арганізацыі і дзейнасці дэмакратычных палітычных эліт. Прычым, нават і з кароткага эпізоду “пражскай вясны” 1968 года, які быў альбо меў стацца не больш чым лібералізацыяй аднапартыйнага рэжыму, а не яго ліквідацыяй. Традыцыя міжваеннай парламенцкай дэмакратыі была толькі апасродкаванай, захаванай у калектыўнай памяці легендай пра дасканалы палітычны ўзор ці, наадварот, пра варты адхілення буржуазны рэжым. У шырокіх слаёў грамадзян і, напэўна, таксама ў будучых новых палітычных эліт не ставала досведу дэмакратычна-парламенцкага ўладавання. Такім чынам, жыццёвы досвед за гэтыя чатыры дзесяцігоддзі ўяўляе з сябе, хутчэй, сумесь фактараў, звязаных з негатыўнай, асістэмнай сацыяльна-палітычнай спадчынай кіравання, перадаванай праз “гены культуры” з дататалітарнай і дадэмакратчнай (венгерскай) мінуўшчыны. Складовай часткай такога досведу з’яўляецца таксама славацкая традыцыя быць народам без дзяржавы, а таму й без назапашанага досведу, які маюць народы з уласнай дзяржавай. Верх бяруць наступныя праявы: — Традыцыйна раздробленая партыйная групаўшчына, выкрышталізаваная ўжо за часам першай ЧСР і ўскормленая эрай адной дзяржаўнай партыі, калі нават выбарныя пасады размяркоўваюцца паводле крытэру партыйнай прыналежнасці, адначасова культывуецца партыйны кліенталізм (залежнасць арганізацый і таварыстваў — як ад дэмакратычных партый даваеннай пары, гэтак і ад камуністычнай дзяржаўнай партыі). — Пераацэнка ролі дзяржавы і адначасова схільнасць да выкарыстання пазіцый у дзяржаўным апараце дзеля задавальнення асабістых і групавых інтарэсаў. — Недастатковасць досведу падбірання новых палітычных кадраў, што выяўляецца ва ўнутранай нестабільнасці палітычных партый (такія варункі ў Славакіі складаюцца пасля кожнага гістарычнага пералому ў ХХ стагоддзі — у 1918, 1938—39, 1945, 1948, 1968—69 і 1989 гадах. Гэткае ж перажываюць і іншыя краіны Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы.). — Цяжкасць пошуку палітычнага кансенсусу — з улікам адрознасці поглядаў і інтарэсаў, што таксама спрыяе партыйнай і палітычнай нестабільнасці (справа зноў датычыць венгерскай традыцыі, вядомай сваёй жорсткай унутрыпалітычнай барацьбой, а таксама спецыфічнага партыйнага кіравання ў першай ЧСР, калі згода дасягалася з дапамогай пазаканстытуцыйных механізмаў; усталяванай цвёрдай рукой палітычнай “аднакаляровасці” ў 1938—1939 гадах; “народнай дэмакратыі” ў 1945—1948 гадах — з паніжанай мерай талерантнасці і дэмакратызму, першымі рэпрэсіямі і нарастаннем палярызацыі палітычнага жыцця; і, нарэшце, камунізм, падчас якога кансенсус з палітычнымі і светапогляднымі іншадумцамі быў апрыёры выключаны). — Заніжаная павага да “правіл гульні” (фармальных і нефармальных) ды схільнасць да сілавых рашэнняў канфліктаў (зноў жа венгерская палітыка і, асабліва, эра ваеннай славацкай дзяржавы і камуністычнага рэжыму; у пэўнай ступені таксама цэнзура Першай Рэспублікі, калі замоўчваліся непажаданыя выступы і асобныя факты гвалту апазіцыі). — Звычка больш спадзявацца на аўтаматычнае рашэнне праблем — сілай “аб’ектыўных акалічнасцяў”, чым на ўласныя разважныя дзеянні (пры Венгрыі пераважала чаканне на прыход пераменаў звонку — “рускія браты дапамогуць”; пасля 1918 года — спадзяваліся на кансалідацыю палітычнай сітуацыі ў чэшскай версіі; пазней, пасля Другой усясветнай вайны, у эру пражскага камуністычнага цэнтралізму, змірыліся, прынялі тое, што ўсялякая асабовая думка каралася, а паслухмянасць узнагароджвалася). — Прыхільнасць да ідэйнага дагматызму, звязанага з маралізатарствам (у розных ідэйных “колерах”), з аднаго боку, і недаацэнка ідэйных крыніц палітыкі, з другога (чым менш аналізуюцца ідэйныя вытокі і культывуецца палітычнае мысленне, тым лягчэй прабівае сабе дарогу дагматычная, з маралізатарскім “начыннем”, палярызацыя паводле прынцыпу “мы добрыя — яны дрэнныя”). У Славакіі ў мінуласцітэарэтычная рэфлексія ў палітыцы ніколі, за некаторымі выключэннямі, больш-менш выразна не выяўлялася. — Адсутнасць традыцыі сачыць за міжнароднымі пытаннямі ў звязцы з існаваннем уласнай дзяржавы, што часам выклікае пераацэнку, а іншым разам і недаацэнку міжнародных фактараў. Міжнародная праблематыка аналізавалася і вырашалася ў цэнтры дзяржавы, а такі цэнтар — за выключэннем абсечанага суверэнітэту 1939—1945 гадоў — ніколі не знаходзіўся ў Славакіі. Таму й славацкія палітыкі, якія рэальна займаліся знешняй палітыкай, рабілі гэта заўсёды ў шырэйшым, дзяржаўным, а не ў вузкім славацкім кантэксце. Традыцыі славацкай знешняй палітыкі пачалі будавацца, уласна кажучы, ужо з часу ўзнікнення самастойнай Славацкай Рэспублікі ў 1993 годзе. Збудова дэмакратычнай сістэмы Для фармавання палітычнай сістэмы пасля заняпаду камуністычнага рэжыму і ўзнікнення самастойнай Славацкай Рэспублікі свядома і мэтанакіравана выкарыстоўваўся, перадусім, апасродкаваны досвед перыяду міжваеннай Чэхаславацкай Рэспублікі і, часткова, перыяду г.зв. “народнай дэмакратыі”. Крыніцай ініцыятыў быў таксама досвед функцыянавання дэмакратычных рэжымаў у тых краінах, якія ніколі не жылі пад таталітарным рэжымам, кантраляваным камуністычнай партыяй. Рэальнай праявай такога палітычнага натхнення ў Славакіі, як і ва ўсёй ЧСФР, была адбудова парламенцкай дэмакратыі з ураўнаважаным канстытуцыйна-юрыдычным узаемадзеяннем заканадаўчай і выканаўчай улады, з незалежнай судовай уладай, з дамінантным становішчам палітычных партый як носьбітаў палітычнай волі і палітычнай улады ў заканадаўчай і выканаўчай галінах. У палітычнай практыцы гэтыя традыцыі рэалізуюцца праз павагу да ўсталяваных канстытуцыяй і законамі прынцыпаў персанальнага абнаўлення гэтых органаў — ці шляхам выбараў, ці прызначэння, а таксама праз павагу да галоўных прынцыпаў дэмакратычнага рэжыму, якімі з’яўляюцца грамадзянскія свабоды і заснаванае на іх вольнае грамадства. На фармаванне і, асабліва, на функцыянаванне новай палітычнай сістэмы меў і, несумненна, мае негатыўны ўплыў гістарычны досвед з эпохі антыдэмакратычных рэжымаў. Аднак апошнія гады паказалі, што Славакія — дзякуючы мабілізацыі ўнутраных дэмакратычных сіл, якія праявілі сябе дастаткова моцнымі і амбіцыйнымі, а таксама за конт стварэння спрыяльнага міжнароднага асяродку, што падтрымлівае засталяванне дэмакратычнага парадку, — паступова пераадольвае ўплывы недэмакратычных ці антыдэмакратычных традыцый. І ня толькі фармальна, але й рэальна ўвасабляе ў краіне стандарты плюралістычнай парламенцкай дэмакратыі і адкрытага, вольнага грамадства.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||