|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
КНІГІ | СЛАВАЦКАЯ НАДЗЕЯ: ДОСВЕД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ТРАНСФАРМАЦЫЙ
ВОЛЬГА ДЗЯРФАШАВА. СЛАВАЦКАЕ ГРАМАДСТВА Ў ПРАЕКЦЫІ |
|
І. ЧЫННІК ГІСТОРЫІ І СЛАВАЦКАЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ Славацкае пытанне ў ХХ Фармаванне палітычных Феномен страху — чыннік ІІ. БАРАЦЬБА ЗА ЎСТАЛЯВАННЕ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ Падзелы і расколы ў Наш шлях да стандартнай Палітычныя партыі — ІІІ. ФАРМАВАННЕ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ І ЯЕ АБРЫСЫ Стасункі з Расіяй і Славацкае грамадства ў працэсе інтэграцыі... IV. ЭКАНАМІЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭННІ Прыватызацыя і прамыя Канверсія збройнай V. РАЗВІТАННЕ З МІНУЛЫМ І НОВЫЯ РЭАЛІІ Посткамуністычная ментальнасць супраць У паўценю двух |
УВОДЗІНЫ Не толькі ў пару панавання камуністычнага рэжыму, але й пасля ўзнікнення самастойнай дзяржавы Славакія адчувала дэфіцыт ведаў ва ўсіх галінах знешняй палітыкі — ад выпрацоўкі стратэгічных канцэпцый да арганізацыі бягучага працэсу (падрабязней гл.: Lukби 2000, с. 6). Як палітычным элітам, гэтаксама й цэламу грамадству не хапала гістарычнага досведу жыцця ў незалежнай дзяржаве, якая праводзіла б самастойную замежную палітыку, адстойвала ўласныя знешнепалітычныя прыярытэты і абараняла нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Пасля 1993 г. спатрэбілася амаль адпачатку разбудоўваць усю структуру дзяржаўных інстытутаў, дыпламатыі, ствараць аналітычныя цэнтры, часопісы і шмат чаго іншага, дзе й пачалі фармавацца абрысы будучай замежнай палітыкі. Але ўсё гэта патрабавала часу, а пакуль панавалі недастатковая інфармацыйная кампетэнцыя як усяго грамадства, так і яго палітычных актораў. Да вышэй названых прычын, што абумовілі такую сітуацыю, далучым яшчэ дзьве: — Сацыяльныя выдаткі эканамічнай трансфармацыі (аб’ектыўнае зніжэнне ўзроўню жыцця і суб’ектыўная драматызацыя паўсталых складанасцяў), а таксама шматлікія іншыя праблемы, што зазвычай узнікаюць у пару радыкальных змен у грамадстве, адсунулі знешнепалітычныя тэмы на самыя ніжнія пазіцыі ў табліцы актуальных праблем, дзе доўгі час дамінавала сацыяльная праблематыка (беспрацоўе, узровень жыцця, ахова здароўя і інш.). — Даследаванні паказваюць, што знешнепалітычная актыўнасць вельмі цесна звязана з цікавасцю грамадства да замежнай палітыкі, а таксама інтэнсіўнасцю кантактаў з іншымі культурамі. У гэтым сэнсе славацкае грамадства не вылучалася асаблівым дынамізмам. Так, паводле даследаванняў грамадскай думкі з 1992 г. да сакавіка 2000 г., колькасць тых, хто не авалодаў ніводнай заходняй замежнай мовай, знізілася ўсяго толькі з 76% да 67%, а колькасць тых, хто ніколі не знаходзіўся ў ніводнай развітай заходняй краіне больш за тыдзень, — з 77% да 68% (параўн. Butorova 1998, с. 175). Да аператыўнага пераадолення гэтай сітуацыі не былі падрыхтаваны ні сродкі масавай інфармацыі, што толькі зрэдзьчас згадвалі пра замежную палітыку, ні палітычныя і грамадскія эліты, якія ў сваіх дыскусіях амаль цалкам абміналі знешнепалітычнную праблематыку. АКТУАЛІЗАЦЫЯ ПРАБЛЕМ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ Але нягледзячы на ўсе складанасці, досыць хутка ў якасці базавай знешнепалітычнай мэты Славакіі вызначылася ўступленне ў Еўрапейскі Саюз і Паўночна-атлантычны альянс. Праўда, стаўленне грамадства да кожнай з гэтых інтэграцыйных мэт на пачатку 90-х гадоў вельмі моцна рознілася. Калі стасоўна ЕС давер пераважаў над недаверам і колькасць прыхільнікаў інтэграцыі стабільна перавышала колькасць тых, хто выступаў супраць, дык грамадскае стаўленне да НАТА мянялася паводле досыць драматычнага сцэнару. Як ужо казалася, на пачатку незалежнасці значная частка насельніцтва ўвогуле не цікавілася знешнепалітычнымі праблемамі. А таму свайго стаўлення да НАТА ў красавіку 1992 г. не маглі вызначыць 45%, а ў сакавіку 1993 — 34% жыхароў краіны (Aktualne..., сакавік 1993). Нейкі час пасля ўзнікнення самастойнай Славакіі досыць пашыраным увогуле было меркаванне, што дзяржава павінна абапірацца на свае ўласныя сілы і не далучацца ні да якіх пактаў і саюзаў. Так, у сакавіку 1993 г. трэцяя частка насельніцтва краіны лічыла, што Славакія не можа нікому давяраць і мусіць карыстацца толькі з уласнага патэнцыялу (Aktualne..., сакавік 1993, с. 71). На тую пару шлях на Захад (далучэнне да краін ЕС і НАТА) падтрымлівала толькі чвэрць дарослага насельніцтва. Першы год самастойнасці быў — лічы — страчаны ў плане выпрацоўкі знешнепалітычнай арыентацыі Славакіі. Тады дамінавала меркаванне, што славацкая знешняя палітыка мусіць быць працягам той, якая была пры ЧСФР, хаця час ад часу актуалізоўвалася ідэя нейтралітэту і нават перспектывы “скіравацца на Ўсход у выпадку, калі не паспеем на Захад”. Аднак паступова ўсе парламенцкія партыі і большасць грамадскіх арганізацый згадзіліся не толькі з ідэяй далучэння Славакіі да ЕС і Вышаградскага супрацоўніцтва, але й прызналі мэтазгоднасць уступлення ў НАТА. Змянілася й стаўленне грамадскасці да знешнепалітычнай праблематыкі і яе прыярытэтаў. Калі ў першыя месяцы 1993 г. дамінавалі нявызначанасць і нізкі давер да міжнародных арганізацый, а ў выпадку з НАТА — недавер нават пераважаў, дык ужо ў кастрычніку 1993 г. Паўночна-атлантычнаму альянсу давярала 45%, а Еўрапейскаму Саюзу — 55% апытаных. Такім чынам, 1993 г. можна лічыць пераломным у знешнепалітычным адукаваньні славацкай грамадскасці. Фактараў, якія паўплывалі на перамену сітуацыі, было некалькі. Але тут мы адзначым толькі наступнае: славакі досыць хутка зразумелі, што ва ўмовах самастойнасці ім ужо няма на каго больш крыўдаваць, акрамя як на саміх сябе, а значыць належыць самім выбіраць і адстойваць сваю знешнюю палітыку. І тады яны пачалі ўспрымаць шлях на Захад як больш прывабную альтэрнатыву цьмянай ідэі “трэцяга шляху” ці чарговага падпарадкавання Расіі. Разам з тым, нягледзячы на рост інтэграцыйных настрояў, ладная частка славацкага грамадства ўсё яшчэ хілілася да аўтакратызму ды ізаліцыянізму. “Такое становішча не можа дзівіць: дзесяцігоддзі палітычнай і эканамічнай ізаляцыі спрыялі рэпрадукцыі менталітэту закрытай краіны, правінцыялізму. Тым часам, калі чэхі былі звыш меры занятыя панеўрапеізмам (згадаем хаця б словы Т.Г.Масарыка “чэшскае пытанне — гэта сусветнае пытанне”), славакі звыкла памяшчалі сябе ў больш лакальныя абсягі: айчынныя гарызонты былі абмежаваны бліжэйшымі суседзямі. Славакі параўноўвалі сябе перадусім з венграмі ды чэхамі і, да таго ж, часта дэфензіўным спосабам”. (Butorova — Butora 1994, с. 60). Наступны этап у развіцці славацкага грамадства характарызуецца выразным прафіляваннем, і з гэтага — палярызацыяй падыходаў да замежнай палітыкі. Болей за тое, знешнепалітычная арыентацыя робіцца галоўным складнікам сістэмы грамадскіх каштоўнасцяў. Дарэчы, мяжа паміж інтэграцыйнай, адкрытай для трансфармацый пазіцыяй і рухам супраць інтэграцыі тоеснілася з мяжой культурна-каштоўнаснага падзелу на дэмакратычна скіраваных грамадзян і тых, каму бліжэйшымі падаваліся аўтарытарныя падыходы. У 1994—1998 гг. славацкі шлях “адхіліўся” ад інтэграцыйнага вектару. А якраз у гэтую пару тры краіны з былой Варшаўскай дамовы былі запрошаны ў НАТА і адначасна пачаліся перамовы з першай групай новых кандыдатаў на сяброўства ў ЕС. Славакія мела ўсе перадумовы “быць сярод іх”, аднак палітыка Мэчыяра выключыла краіну з абодвух працэсаў, нязважна на тое, што ў самім грамадстве давер да Еўрапейскага Саюзу і Паўночна-атлантычнага альянсу тады прыкметна падвысіўся. Найбольш выразна гэтыя тэндэнцыі праявіліся падчас праваленага рэферэндуму аб наўпростых выбарах прэзідэнта і ўступленні Славакіі ў НАТА. Паводле тагачасных апытанняў, калі б гэты рэферэндум быў прызнаны за легітымны, яго вынікі былі б адназначна пазітыўнымі. У кастрычніку 1997 г. уступленне ў НАТА падтрымлівала 52% дарослага насельніцтва, а супраць было толькі 35%. Пасля прыходу да ўлады Мікулаша Дзурынды ў 1998 г. Славакія выйшла з міжнароднай ізаляцыі і ў інтэграцыйных працэсах стала набліжацца да сваіх вышаградскіх суседзяў — Польшчы, Венгрыі і Чэхіі. З восені 1999 г. яшчэ мацнейшай стала падтрымка ідэі ўступлення Славакіі ў ЕС і НАТА. Найпершай важнасці было меркаванне адносна ўступлення ў НАТА (падтрымка грамадства дасягнула амаль 50%). Нарэшце інтэграцыйныя памкненні паспяхова завершыліся — у 2000 г. Славакія стала сябрам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), а ў 2004 г. сябрам Еўрапейскага Саюзу і Паўночна-атлантычнага альянсу. ПРАЦЭС ДАЛУЧЭННЯ ДА ЕС І НАТА Еўрапейскі Саюз Як мы ўжо адзначалі раней, славакі падтрымлівалі ідэю ўлучэння ў ЕС і НАТА зусім не аднолькава. Стаўленне да інтэграцыі з ЕС было стабільна пазітыўным, уступленне ў ЕС падтрымлівала каля 70% насельніцтва. Гэта перадусім было звязана з чаканнем эканамічных і сацыяльных выгод, а таксама з высокай ступеняю кансэнсусу палітычных партый і іншых уплывовых эліт адносна гэтага накірунку інтэграцыі. Паводле вынікаў большасці даследаванняў, пазітыўныя чаканні грамадства спачатку грунтаваліся на трох галоўных аргументах, два з якіх наўпрост тычыліся сацыяльна-эканамічнай сферы. Найперш славакі спадзяваліся на новыя працоўныя месцы, якія мусілі з’явіцца праз адкрыццё рынку працы. Другі аргумент быў звязаны з надзеяй на падвышэнне агульнага дабрабыту ад замежных інвестыцый, фондаў, росту прыбыткаў і т.д. Трэці абапіраўся на магчымасці свабоднага пераруху па дарогах кантыненту (Еўропа без межаў і варожых лагераў, канчатковае разбурэнне “жалезнай заслоны”). Разам з тым, у інтэграцыйных працэсах славакаў палохала небяспека зніжэння ўзроўню жыцця, падвышэння цэн і павелічэння сацыяльных разрозненняў. Пабойваліся славакі й іміграцыі, г.зн. наплыву таннай працоўнай сілы. Як, зрэшты, і пранікнення ў краіну замежнага крыміналу. Таксама былі засцярогі наконт эміграцыі кваліфікаваных людзей са Славакіі, т.зв. brain drain (вымыванне інтэлектуальнага патэнцыялу краіны за мяжу). Аднак у цэлым пераважалі чаканні канкрэтных выгод і агульнага пазітыву. Пасля ўступлення краіны ў ЕС у грамадстве не настала ніякага расчаравання. Тое адбылося з некалькіх момантаў. У першую чаргу, не рэалізаваліся прадказваныя негатыўныя сцэнары: драматычнае падвышэнне цэн на прадукты харчавання, паслугі і да т.п. Макраэканамічныя паказчыкі за 2004 г. параўнальна з папярэднім годам, нават палепшыліся. Славакія дасягнула найвышэйшага росту знешняга валавага прадукту сярод краін Вышаградскай дамовы, падвысілася рэальная заробная плата, інфляцыя заставалася нізкай, некаторыя прадукты харчавання сталі нават таннейшымі. Хаця гэтыя станоўчыя тэндэнцыіі былі вынікам не столькі еўраінтэграцыі, колькі рэгіянальных і сацыяльных расслаенняў, аднак разам з іншымі станоўчымі момантамі неэканамічнага характару яны спрычыніліся да пазітыўнай ацэнкі сяброўства ў ЕС. Гэтая тэндэнцыя захавалася і ў другім паўгоддзі 2005 г. Паводле даследавання Еўрабарометра (Eurobarometer), увосень 2005 г. 62% насельніцтва па-ранейшаму лічыла, што сяброўства ў ЕС станоўча ўплывае на Славакію, а тым жа часам у ЕС-25 (25 краінах-сябрах ЕС) падобнага меркавання прытрымлівалася толькі 52% грамадзян. (Eurobarometer 64, восень 2005). Паўночна-атлантычны альянс: аргументы “за” і “супраць” Матывацыі ўступлення ў ЕС найперш былі звязаны са спадзяваннямі на паляпшэнне сацыяльна-эканамічных аспектаў жыцця, а вось ясных аргументаў на карысць уступлення краіны ў НАТА ў славакаў было не шмат. Выразна ўсведамлялі сувязь паміж уступленнем у НАТА і бяспекай краіны у студзені 1999 г. 36% рэспандэнтаў, пятая частка прытрымлівалася меркавання, што гэты крок не паўплывае на ўзровень бяспекі, а трэць увогуле была супраць саюзу з Паўночна-атлантычным альянсам (Інстытут грамадскіх пытанняў, студзень 1999). Яшчэ значная частка рэспандэнтаў не магла вызначыцца ў сваім стаўленні да НАТА (або не бачыла ніякага сэнсу ў хаўрусаванні з ім). Такая сітуацыя захоўвалася да канца 2000 г. Слабая падтрымка ідэі ўступлення ў НАТА трымалася не толькі на адсутнасці выразных аргументаў на яе карысць, але й на моцных асцярогах перад небяспекаю такога захаду. У спантанных адказах найчасцей выказвалася боязь за магчымасць уцягвання Славакіі ў ваенныя канфлікты, павелічэнне выдаткаў на войска і страту Славацкай рэспублікай суверэнітэту. У 2000—2002 гг. славацкія ўлады распачалі шырокую камунікацыйную кампанію, скіраваную на павышэнне інфармаванасці грамадскасці пра сутнасць Паўночна-атлантычнага альянсу. У вялікай ступені былі задзейнічаны таксама й непарламенцкія арганізацыі. Дзякуючы гэтай кампаніі, інфармаванасць насельніцтва павялічылася, а разам з тым узрасла й падтрымка ідэі ўступлення Славакіі ў НАТА. Хаця даволі заставалася й стрымлівальных фактараў, сярод якіх вылучаліся падвышэнне выдаткаў на войска і верагоднасць таго, што інтэграваная краіна можа стацца мішэнню для тэрарыстычных атак. Аднак упэўненасць у тым, што НАТА павысіць бяспеку і што Славакіі патрэбна калектыўная ваенная абарона, пераважылі ва ўспрыманні грамадскасці ўсе перасцярогі. ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНЫЯ ПРЫЯРЫТЭТТЫ ПАСЛЯ ЎСТУПЛЕННЯ Ў ЕС І НАТА Міжнароднае становішча Якую ролю ў свеце міжнародных стасункаў бачаць для Славакіі яе грамадзяне? Паводле даследавання, праведзенага Маршалаўскім нямецкім фондам у 2005 г., прыблізна дзве трэці грамадзян лічыцлі што ім будзе лепш, калі Славакія пачне актыўна прысутнічаць у міжнародных падзеях. Чвэрць схілялася да захавання пэўнай дыстанцыі. Калі ж параўнаць Славакію з іншымі краінамі, у якіх таксама праводзілася даследванне, дык у нас колькасць актыўна скіраваных людзей была меншая. У актыўнай ролі сваю краіну хацелі б бачыць, напрыклад, 89% французаў, 84% партугальцаў і 83% іспанцаў. Гэта й зразумела, бо на колькасць актыўна скіраваных грамадзян уплываюць памер краіны, яе знешнепалітычная роля ў мінуласці, сучасныя ваенныя амбіцыі і да т.п. Графік 1. Як вы лічыце, што будзе лепшым для будучыні Славакіі — актыўны ўдзел у міжнародных падзеях альбо захаванне пэўнай дыстанцыі ад іх? (% прыхільнікаў актыўнага ўдзелу)
Заўвага: ЕС-9 = сярэдняя колькасць насельніцтва ў дзевяці краінах-сябрах ЕС, задзейнічаных у даследаванні (Германіі, Францыі, Італіі, Галандыі, Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Вялікабрытаніі і Славакіі). Крыніцы: Трансатлантычныя трэнды 2004, 2005 Як бачым, колькасць грамадзян, якія аддаюць перавагу актыўнаму ўдзелу Славакіі ў міжнародных падзеях, за апошні год узрасла з 59% да 64%, і гэта важны факт. Гэты зрух, адзначаны й шматлікімі іншымі даследаваннямі, сведчыць, што славацкае грамадства, якое да апошняга часу засяроджвалася пераважна на ўласных праблемах, пачынае пакрысе прызвычайвацца да больш шырокага міжнароднага кантэксту. Адказваючы на пытанне, якая дзяржава можа дамінаваць у свеце, славакі выразна выявілі “антыглабалісцкі” рэфлекс. У 2005 г. 46% славакаў аддало перавагу ЕС, 4% — ЗША, а 44% засведчыла: “Ніводная краіна не павінна быць вялікай дзяржавай”. Гэты адказ сустракаецца ў Славакіі намнога часцей, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Што да старэйшага пакалення, дык такую сітуацыю можна патлумачыць “савецкай крыўдай”, для ўсіх іншых, пэўна, сваю ролю тут адыгралі невыразная “палітычная сацыялізацыя” Славакіі як сябра ЕС, недахоп геапалітычнага рэалізму, рамантычная схільнасць да нейтралітэту і г.д. Трансатлантычныя стасункі Славакія ацэньвае паводле агульнага еўрапейскага ўзору: большая частка насельніцтва лічыць, што ЗША і ЕС маюць дастаткова агульных каштоўнасцяў, каб супрацоўнічаць у вырашэнні міжнародных праблем. Аднак жа, калі славакам трэба вырашыць, “хто больш важны для Славакіі — ЗША ці ЕС”, перавага цалкам аддаецца Еўропе. Акрамя таго, Славакія, разам з усімі еўрапейскімі краінамі, лічыць, што Еўрапейскі Саюз можа мець сваю, незалежную ад ЗША, пазіцыю ў пытаннях бяспекі і дэмакратыі. Магчыма, таму на пытанне: “Ці пажадана, каб ЗША выкарыстоўвалі сваю моц усясветнай дзяржавы ў міжнародных справах?” у 2005 г. 55% славакаў адказалі адмоўна (33% — станоўча). Гэтая пазіцыя славакаў супадае з пазіцыяй французаў, немцаў, іспанцаў, аднак розніцца ад меркавання ангельцаў, галандцаў і палякаў, якія часцей выказваюць праамерыканскія настроі. Глабальныя пагрозы У сучасных умовах глабальнага свету істотна мяняецца характар пагроз. На першы план выходзяць т.зв. асіметрычныя пагрозы, якімі, у першую чаргу, паўстаюць міжнародны тэрарызм і пашырэнне колькасці зброі масавага знішчэння. Ацэнка гэтых пагроз у кожнай краіне розная і шмат у чым залежыць ад канкрэтнага гістарычнага досведу. Славакі лічаць міжнародны тэрарызм самай вялікай з усіх сучасных пагроз (табл. 1). Што да пашырэння ядравага ўзбраення, глабальных эканамічных крызісаў ці праблем іміграцыі, дык тут пазіцыя славацкага грамадства тоесная з агульнаеўрапейскай. Праўда, адрозна ад многіх еўрапейцаў, славакі менш востра ўспрымаюць пагрозы масавых інфекцый, глабальнае пацяпленне і ісламскі фундаменталізм. Табліца 1. Вось міжнародныя пагрозы, якія могуць пагражаць Еўропе ў наступныя дзесяць год. Пра кожную з іх скажыце: гэта “вельмі сур’ёзная”, “сур’ёзная” альбо “несур’ёзная пагроза”. (% адказаў — “гэта вельмі сур’ёзная пагроза”)
Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005 У 2005 г. Трансатлантычнае даследаванне вызначала суб’ектыўнае адчуванне пагроз і на ўзроўні асобы. У анкету было ўключана пытанне: “Наколькі верагодна, што асабіста Вас могуць закрануць пералічаныя пагрозы на працягу наступных дзесяці гадоў?” Тут адказы больш дыферэнцыяваныя. Досыць натуральна, што амерыканцы куды вастрэй успрымаюць усе вышэйназваныя пагрозы, і перадусім тыя, што звязаныя з эканамічнымі крызісамі і тэрарызмам. Еўрапейцы ўвогуле найперш зважаюць на вынікі глабальнага пацяплення, а славакі ўпаасобку найбольш абвострана ўспрымаюць пагрозу тэрарызму (табл. 2). Табліца 2. Наколькі верагодна, што Вас асабіста ў бліжэйшыя дзесяць гадоў могуць закрануць наступныя пагрозы? Гэта абсалютна верагодна, хутчэй, верагодна, не вельмі верагодна, абсалютна неверагодна (% адказаў — абсалютна + хутчэй, верагодна)
Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005 Апошняе Трансатлантычнае даследаванне адлюстравала значныя змены ў славацкім грамадстве. Раней славакі былі найбольш занепакоены эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, а бяспека пераважна звязвалася з “унутранымі” пагрозамі. І толькі ў даследаванні Інстытута грамадскіх пытанняў у лістападзе 2004 г. асноўнай небяспекай быў названы ўжо тэрарызм. Гэта значыць, што цяпер і ў славацкім грамадстве акцэнт з класічных (традыцыйных) пагроз у форме інтэрвенцыі перамясціўся на т.зв. асіметрычныя пагрозы сучаснага свету. Між тым, бачна, што, інтэнсіўнасць, з якой славакі ўспрымаюць многія пагрозы, значна ніжэйшая, чым у іншых (даследаваных) еўрапейскіх краінах і ЗША. Найбольш ярка гэтая розніца праяўляецца адносна непакою за глабальнае пацяпленне. На жаль, мы не можам параўнаць гэтых вынікаў з вынікамі падобных даследаванняў у іншых краінах Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы. Аднак у цэлым можна канстатаваць, што малая ўвага славакаў да экалагічных праблем паказвае на абыякавасць да “зялёных” тэм як грамадскіх, так і ўрадавых арганізацый і палітычных партый. Дапамога іншым краінам і палітыка падтрымкі дэмакратыі Пасля ўступлення ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў 2000 г. і ў ЕС у 2004 г. Славакія далучылася да краін, якія аказваюць дапамогу іншым народам. Даследаванне Інстытута грамадскіх пытанняў у чэрвені 2005 г. паказала, што славацкая грамадскасць надзвычай актыўна падтрымлівае захады ў гэтым накірунку, — 83% рэспандэнтаў. Падобныя вынікі былі і ў верасні 2004 г., калі 77% дарослага насельніцтва палічыла правільным, што Славакія аказвае гуманітарную дапамогу іншым краінам. У свядомасці славацкай грамадскасці дамінуе акцэнт на гуманітарнай дапамозе. У Трансатлантычным даследаванні 2005 г. таксама аналізавалася, наколькі еўрапейцы і амерыканцы падтрымліваюць прасоўванне дэмакратыі ў іншыя краіны свету. Паводле яго вынікаў (графік 2), гэтая палітычная мэта мае падтрымку ў славацкага грамадства, але падтрымка тут меншая, чым у іншых еўрапейскіх краінах: “За” выказалася 63% рэспандэнтаў (74% у ЕС-9). У Славакіі часцей сустракаюцца і нявызначаныя пазіцыі (12% супраць 4% у ЕС-9), а вось колькасць тых, хто выступае супраць экспарту дэмакратыі, толькі крыху большая, чым у ЕС-9 (25% супраць 22%). Графік 2. Прасоўванне дэмакратыі як мэта палітыкі ЕС (у %)
Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005 Што да канкрэтных інструментаў такой палітыкі, дык славацкая грамадскасць аддае перавагу “мяккай сіле”: 56% рэспандэнтаў ухваляе маніторынг выбараў і падтрымку незалежных супольнасцяў (напр., няўрадавых ці рэлігійных арганізацый і інш.); 38% выступае за эканамічныя санкцыі, а 36% — за палітычныя. Пагадзіліся на скарыстанне ўзброенай сілы пры змаганні з таталітарным рэжымам толькі 19% апытаных. Падтрымка ўсіх гэтых канкрэтных крокаў у Славакіі меншая, чым у ЕС-9 (графік 3). Цікава заўважыць: хаця амаль дзве трэці насельніцтва наагул згаджаецца падтрымліваць дэмакратыі ў несвабодных краінах, канкрэтныя формы падтрымкі ўхваляе значна меншая колькасць рэспандэнтаў. Прычына падобнай “асіметрыі” палягае, бадай, у тым, што публічная дыскусія наконт форм падтрымкі дэмакратыі праводзіцца недастаткова актыўна, і шырокаму грамадству ў цэлым незразумела, што ўяўляюць з сябе гэтыя канкрэтныя формы. Графік 3. Уявіце сабе, што ў нейкай краіне пануе аўтарытарны рэжым і адсутнічаюць палітычная ды рэлігійная свабоды. Ці можа ЕС ужываць наступныя спосабы для падтрымкі дэмакратыі? (% станоўчых адказаў сярод рэспандэнтаў Славакіі і ЕС-9)
Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005 Ухвала канкрэтных форм падтрымкі дэмакратыі звязана яшчэ з тым, што Славакія цягам сваёй гісторыі часта была аб’ектам інтэрвенцыі, і з гэтага ў ёй выразна сфармавалася “культура адслоненасці” ці “неінтэрвенцыянізму”. Пра гэта сведчыць і той факт, што, параўнальна з іншымі еўрапейскімі краінамі (найперш — з Вялікабрытаніяй, Іспаніяй і Галандыяй) і ЗША, у Славакіі найчасцей можна пачуць, што “ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншых краін ніколі не бывае апраўданым” (64% станоўчых адказаў) (графік 4). Гэты феномен, верагодна, сведчыць, што шматвяковы гістарычны досвед існавання славакаў пад чужынскай уладай навучыў іх быць закрытымі ад свету, каб унікнуць лішняй агрэсіі з боку большых і мацнейшых. Графік 4. Умяшанне ва ўнутраныя справы іншых краін ніколі не бывае апраўданым (% станоўчых адказаў)
Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005 ЗАКЛЮЧЭННЕ Славакія — невялікая сярэднееўрапейская краіна, якая за сваю гісторыю перажыла шмат палітычных рэжымаў і дзяржаўных утварэнняў (славацкі гісторык Ліптак слушна гаворыць пра “changes of changes“, Liptak 2002). У гістарычнай памяці славакаў запісана, што іх лёс заўсёды залежаў ад іншых і вырашаўся ў іншым месцы. Таму славакаў і сёння мала цікавяць падзеі ў свеце, пра якія яны, да таго ж, і не вельмі шмат ведаюць. Таму асноўнымі творцамі знешняй палітыкі з’яўляюцца палітычныя эліты і арганізацыі. Зрэшты, апошнім часам досыць заўважную ролю пачынае адыгрываць і ўласна грамадзянская супольнасць. Тут мы яшчэ раз павінны згадаць пра дэфіцыт гістарычнага досведу ў дзяржаўным будаўніцтве і недахоп — з гэтай прычыны — ведаў у міжнароднай палітыцы. Менавіта таму мы залішне доўга былі ў пазіцыі прэтэндэнта на сяброўства ў еўрапейскай супольнасці, затым наганялі “страчаны час” і толькі зусім нядаўна атрымалі магчымасць заняцца “самаідэнтэфікацыяй ў якасці сябра ЕС і НАТА”. Вось чаму нам надзвычай важна ведаць, якія (і ў якой ступені) знешнепалітычныя пытанні хвалююць сёння славацкую грамадскасць. Пры гэтым будзем выразна ўсведамляць, што мы не можам параўноўваць славакаў з грамадзянамі вядучых краін свету, дзе пытанні знешнепалітычнага характару абмяркоўваюцца і ва ўнутрыпалітычных дыскусіях. З таго якраз славацкія рэспандэнты часцей за грамадзян іншых краін адказвалі на пытанні словамі “не ведаю” і “мяне гэта не цікавіць. Надзвычай важнай падзеяй у станаўленні сучаснай Славакіі стала інтэграцыя з Еўрапейскім Саюзам і Паўночна-атлантычным альянсам, якую славакі паспяхова рэалізавалі. Аднак гэта яшчэ не “канец гісторыі”. Колькасць мэт, праблем ды выклікаў з цягам часу будзе адно павялічвацца, а не памяншацца. Гэта вынікае як мінімум з двух фактараў — перадусім мы сталі часткай вялікага звязу краін, яго дзейнай асобай, партнёрам і апанентам. А другім фактарам ёсць тая дынамічная міжнародная сітуацыя, што характарызуецца новымі выклікамі і пагрозамі. Са славацкай пераклала Ірына СІТНІК.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||