ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

КНІГІ | СЛАВАЦКАЯ НАДЗЕЯ: ДОСВЕД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ТРАНСФАРМАЦЫЙ

 

ДАДАТАК 3. НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ СЛАВАЦКАЙ ГІСТОРЫІ

 

Змест

Прадмова

Уводзіны

І. ЧЫННІК ГІСТОРЫІ І СЛАВАЦКАЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Славацкае пытанне ў ХХ
стагоддзі

Традыцыі славацкай
палітыкі

Фармаванне палітычных
сістэм...

Феномен страху — чыннік
гісторыі?

Сярэдняя Еўропа і яе
прывіды

ІІ. БАРАЦЬБА ЗА ЎСТАЛЯВАННЕ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ

Падзелы і расколы ў
славацкім грамадстве

Наш шлях да стандартнай
дэмакратыі

Палітычныя партыі —
акторы дэмакратызацыі і
сацыяльных рэформаў

СМІ: пошук новага аблічча

ІІІ. ФАРМАВАННЕ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ І ЯЕ АБРЫСЫ

Стасункі з Расіяй і
кансалідацыя дэмакратыі
ў 90-х гг.

Уступленне ў ЕС

Славацкае грамадства ў
працэсе інтэграцыі...

IV. ЭКАНАМІЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭННІ

Эканамічная трансфармацыя...

Прыватызацыя і прамыя
замежныя інвестыцыі

Канверсія збройнай
вытворчасці

V. РАЗВІТАННЕ З МІНУЛЫМ І НОВЫЯ РЭАЛІІ

Посткамуністычная ментальнасць супраць
выклікаў мадэрнізацыі

У паўценю двух
таталітарных сістэм

Роля грамадзянскай
супольнасці і няўрадавых
арганізацый...

ДАДАТАК 1

ДАДАТАК 2

ДАДАТАК 3

ДАДАТАК 4

Аўтары і ўкладальнікі

Марцінская дэкларацыя (Дэкларацыя славацкага народу) — дакумент, прыняты на сходзе прадстаўнікоў славацкіх палітычных плыняў у Марціне 30 кастрычніка 1918 г. Яго падпісанты заявілі аб праве славацкага народу на самавызначэнне. Сход абраў Славацкую нацыянальную раду і абвясціў яе адзінай найвышшай палітычнай сілай славацкага народу. Дэкларацыя пазбавіла венгерскі ўрад права дзейнічаць ад імя славакаў і запатрабавала неадкладнага заключэння міру. У ёй утрымліваўся пункт пра афіцыйнае скасаванне саюзу Славакіі з Венгрыяй і ўтварэнне новага саюзу з чэшскім народам.

Славацкая нацыянальная рада

1. Нацыянальна-палітычны орган, утвораны ў верасні 1848 г. у Вене, на чале якога сталі Людавіт Штур, Ёзаф Міласлаў Гурбан і Міхал Міласлаў Годжа. З падтрымкай аўстрыйскіх імператарскіх вайсковых падраздзяленняў СНР выступіла супраць венгерскай рэвалюцыі, правадыры якой не хацелі прыняць нацыянальных патрабаванняў прадстаўнікоў невенгерскіх нацыянальнасцяў. СНР арганізавала Славацкае паўстанне (1848—1849), у межах якога 19 верасня 1848 г. на сходзе на Мыяве абвясціла незалежнасць славацкага народу ад Венгрыі. Аднак яна кантралявала толькі невялікую тэрыторыю, і праз некалькі дзён яе ўзброеныя аддзелы былі разбіты. СНР перастала існаваць пасля паразы венгерскай рэвалюцыі (1849).

2. Орган, які аб’яднаў прадстаўнікоў усіх сур’ёзных славацкіх палітычных плыняў. Першая спроба заснавання СНР адносіцца да 1914 г., аднак з прычыны ваенных падзей гэта скончылася няўдачай. Паўторна СНР канстытуцыявалася ў верасні—кастрычніку 1918 г. у часе распаду Аўстра-Венгрыі. Канчаткова яна была ўсталявана 30 кастрычніка 1918 г. з прыняццём Марцінскай дэкларацыі, пасярэдніцтвам якой славацкае прадстаўніцтва апелявала да чэхаславацкай дзяржаўнасці. У студзені 1919 г. у рамках пабудовы унітарнай Чэхаславакіі СНР была распушчана.

3. Найвышшы орган, які яднаў самыя значныя плыні антыфашысцкага супраціву. СНР заснавана на аснове т.зв. Каляднай дамовы (студзень 1943 г.). Пры яе стварэнні стаялі камуністы, сацыял-дэмакраты, прадстаўнікі даваеннай аграрнай партыі, Славацкай нацыянальнай партыі і іншых грамадскіх арганізацый. СНР каардынавала палітыную падрыхтоўку Славацкага нацыянальнага паўстання, падчас якога ўзяла на сябе абавязкі найвышшага заканадаўчага, прадстаўнічага і выканаўчага органа на тэрыторыі, ахопленай паўстаннем, паасобнымі ведамствамі кіравалі прызначаныя ёю ўпаўнаважаныя асобы.

4. Найвышшы заканадаўчы орган Славакіі пасля 1945 г. — СНР — прызначыла Сход упаўнаважаных выканаўчым органам. Паўнамоцтвы СНР былі абмежаваны пасля 1948 г. Пасля дзяржаўна-прававых змен 1960 г., калі быў скасаваны Сход упаўнаважаных, адыгрывала толькі сімвалічную ролю. Паўнамоцтвы СНР павялічыліся ў выніку федэралізацыі Чэхаславакіі (1968), калі ўтварыліся ўрад Славацкай сацыялістычнай рэспублікі і аналагічны орган у Чэхіі. На падставе канстытуцыі СР 1 кастрычніка 1992 г. яна была перайменавана ў Нацыянальную раду Славацкай Рэспублікі.

Славацкае нацыянальнае паўстанне (1944 г.) — узброенае паўстанне часткі славацкіх вайсковых падраздзяленняў і партызан супраць нацысцкай Германіі. Мэтай яго былі зрын аўтарытарнага рэжыму Ёзафа Цісы, аднаўленне дэмакратычнай Чэхаславакіі і пераход Славакіі на бок дзяржаў-пераможцаў у Другой усясветнай вайне. Цэнтрам паўстання была Банская Быстрыца. Палітычную падрыхтоўку паўстання ажыццяўляла Славацкая нацыянальная рада, якая аб’ядноўвала большасць удзельнікаў антыфашысцкага супраціву, ваенны бок каардынавала Цэнтральнае ваеннае бюро, у склад якога ўваходзілі некаторыя высокапастаўленыя афіцэры на чале з падпалкоўнікам Янам Гольянам. Яшчэ адным кампанентам былі партызанскія аддзелы, у якіх удзельнічалі айчынныя антыфашысты, савецкія ўцекачы з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў і лагераў для ваеннапалонных, а пазней і савецкія ды чэхаславацкія дэсантнікі. Паўстанне выбухнула 29 жніўня 1944 г. у той момант, калі ўсходні фронт наблізіўся да межаў Славакіі і нямецкія войскі пачалі займаць яе тэрыторыю.

Праз два месяцы паўстанне было задушана, а паўстанцкія аддзелы стаіліся ў гарах і перайшлі да партызанкі. Паўстанцкія аддзелы абвясцілі сябе складовай часткай чэхаславацкага войска, але вырашальную сілу на тэрыторыі, ахопленай паўстаннем, мелі Славацкая нацыянальная рада і яе выканаўчы орган — упаўнаважаныя. Такім чынам паўстанне прадвызначыла будучае паваеннае ўладкаванне Чэхаславакіі, у якой Славакія атрымала абмежаваную аўтаномію, увасобленую менавіта ў існаванні т.зв. славацкіх нацыянальных органаў (Славацкай нацыянальнай рады як заканадаўчага органа і Сходу ўпаўнаважаных як выканаўчага органа). Падчас паўстання ў значнай ступені сфармавалася й будучая партыйная сістэма, якая ў Славакіі існавала ў 1945—1948 гг. Дамінантную ролю ў ёй адыгрывалі КПС, якая праглынула й большасць сацыял-дэмакратаў, а таксама т.зв. грамадзянскі блок, што аб’ядноўваў прадстаўнікоў даваенных правых партый. З яго выйшла Дэмакратычная партыя (1944—1948). Славацкае нацыянальнае паўстанне сталася апагеем у працэсе распаду аўтарытарнага рэжыму славацкай дзяржавы, якая пасля жніўня 1944 г. у поўнай ступені зрабілася васалам нацысцкай Германіі.

Усталяванне манапольнай улады КПЧ (люты 1948 г.) — апагей унутрыпалітычных канфліктаў у Чэхаславакіі, на што паўплывалі пачатак г.зв. халоднай вайны і распад антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля часткова свабодных выбараў 1946 г. усталяваўся кааліцыйны ўрад камуністаў і дэмакратычных сіл. Усё большыя супярэчнасці ў поглядах на далейшае развіццё Славакіі паміж КПЧ, якая мела дамінантнае становішча, і некамуністычнымі партыямі ўвосень 1947 г. прывялі да сфабрыкаваных абвінавачанняў у антыдзяржаўнай змове ў Славакіі. На іх аснове былі арыштаваны прадстаўнікі каталіцкага крыла Дэмакратычнай партыі Ян Кемпны і Мілаш Бугар. У выніку канфлікту Дэмакратычная партыя насуперак перамозе ў выбарах (у 1946 г. у Славакіі яна атрымала больш за 60% галасоў) страціла большасць у Сходзе ўпаўнаважаных. З эскалацыі канфлікту паміж КПЧ і некамуністычнымі сіламі вынікла ў лютым 1948 г. адстаўка некамуністычных міністраў, якую прэзідэнт Эдвард Бенэш пад націскам КПЧ быў змушаны прыняць. Вынікам сталася ўсталяванне камуністычнага таталітарнага рэжыму, які ў Чэхаславакіі, з выключэннем рэформавай спробы 1968 г., утрымаўся ажно да лістапада 1989 г.

Спроба рэформы камуністычнай сістэмы (“Пражская вясна”, 1968 г.) — супярэчнасці ўнутры кіраўніцтва КПЧ і незадаволенасць большасці славацкага прадстаўніцтва дзяржаўна-прававым становішчам Славакіі ў агульнай дзяржаве выклікалі ў студзені 1968 г. сыход Антаніна Новатнага з пасады першага сакратара ЦК КПЧ, якога на гэтай пасадзе замяніў Аляксандр Дубчык. Гэты выбар прынёс узмацненне рэформавых плыняў, што пачало асабліва выразна праяўляцца з сакавіка 1968 г. Была скасавана цэнзура медыяў, ажывілі дзейнасць незалежныя грамадскія арганізацыі. Пад націскам славацкіх палітыкаў пачалася падрыхтоўка федэралізацыі Чэхаславакіі. Рэформавая спроба была перапынена 21 жніўня 1968 г. ваеннай інтэрвенцыяй СССР, рэалізаванай ад імя Варшаўскай дамовы. Паступовая ліквідацыя дэмакратычных змен дасягнула апагею ў абранні Густава Гусака кіраўніком КПЧ у красавіку 1969 г. і завяршылася масавымі чысткамі ў КПЧ і грамадскім жыцці на пераломе 1969—1970 гг. Утвораны рэжым т.зв. нармалізацыі вызначаўся шматлікімі рэпрэсіямі і непрыманнем якіх-кольвек рэформ. У практычна нязменным выглядзе ён пратрываў да 1989 г. Дэмакратычная апазіцыя ў выглядзе незалежных ініцыятыў (напрыклад, Хартыя-77) хоць і пачала фармавацца ў 2-й палове 70-х гадоў, але актыўную ролю пачала адыгрываць толькі пасля 1987 г.

Зрын камуністычнага рэжыму (лістапад 1989 г., “аксамітная” рэвалюцыя) — незадаволенасць насельніцтва эканамічнай і палітычнай сітуацыяй пасля 1987 г. вяла да нарастання напружання ў грамадстве. Штуршком да масавых непакояў сталася непацверджаная вестка пра забойства студэнта Марціна Шміда падчас паліцэйскай атакі супраць дэманстрацыі студэнтаў. Заклік студэнтаў да правядзення ўсеагульнага страйку падтрымалі тэатральныя дзеячы. Пасля аб’яднання незалежных ініцыятыў утварыліся масавыя антытаталітарныя рухі Грамадзянскі форум (Чэхія) і Грамадскасць супраць гвалту (Славакія). Пад ціскам паспяховага ўсеагульнага страйку і масавых дэманстрацый КПЧ мусіла адмовіцца ад сваёй манаполіі на ўладу і 10 снежня 1989 г. пайсці на ўтварэнне т.зв. ураду нацыянальнага паразумення, дзе яна мела меншасць. Сімвалічна зрын камунізму завяршылі абранне Вацлава Гавэла прэзідэнтам Чэхаславакіі ў снежні 1989 г. і першыя свабодныя парламенцкія выбары з 1946 г., праведзеныя ў чэрвені 1990 г. Пасля іх КПЧ канчаткова апынулася ў апазіцыі.

Узнікненне незалежнай Славацкай Рэспублікі (падзел Чэхаславакіі, 1993 г.) — вынік палітычнага крызісу, выкліканага няўдалымі перамовамі наконт дзяржаўна-прававога ўладкавання і падрыхтоўкі новай канстытуцыі Чэхаславакіі. Тым часам як пераважная большасць прадстаўнікоў Чэхіі настойвала на ўмацаванні ўнітарных элементаў, дамінантная частка славацкіх палітычных сіл выступала за паслабленне датулешніх федэратыўных сувязяў. У Славакіі ўзмацненню сепаратысцкіх тэндэнцый паспрыяла й высокая ступень незадаволенасці негатыўным уплывам эканамічных рэформ на матэрыяльнае і сацыяльнае становішча грамадзян СР. Пасля парламенцкіх выбараў 1992 г., у якіх перамаглі кансерватыўная Грамадзянская дэмакратычная партыя на чале з Вацлавам Клаўсам, што праводзіла радыкальныя рынкавыя рэформы (Чэхія), і нацыянал-папулісцкі Рух за дэмакратычную Славакію Ўладзіміра Мэчыяра (Славакія), абодва лідэры — у тым ліку й з прычыны немагчымасці выпрацаваць канструктыўную ўрадавую праграму — дамовіліся аб прыняцці канстытуцыйнага закону пра скасаванне федэрацыі. У выніку 1 студзеня 1993 г. узніклі дзве незалежныя дзяржавы — Чэшская Рэспубліка і Славацкая Рэспубліка. У кантэксце крывавых падзей, якія суправаджалі распад Югаславіі, а часткова й СССР, распад Чэхаславакіі атрымаў найменне “аксамітнага разводу”.

 

 

ДАДАТАК 3

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY