ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

КНІГІ | СЛАВАЦКАЯ НАДЗЕЯ: ДОСВЕД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ТРАНСФАРМАЦЫЙ

 

ДАДАТАК 2. ПАЛІТЫЧНЫЯ ПАРТЫІ

 

Змест

Прадмова

Уводзіны

І. ЧЫННІК ГІСТОРЫІ І СЛАВАЦКАЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Славацкае пытанне ў ХХ
стагоддзі

Традыцыі славацкай
палітыкі

Фармаванне палітычных
сістэм...

Феномен страху — чыннік
гісторыі?

Сярэдняя Еўропа і яе
прывіды

ІІ. БАРАЦЬБА ЗА ЎСТАЛЯВАННЕ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ

Падзелы і расколы ў
славацкім грамадстве

Наш шлях да стандартнай
дэмакратыі

Палітычныя партыі —
акторы дэмакратызацыі і
сацыяльных рэформаў

СМІ: пошук новага аблічча

ІІІ. ФАРМАВАННЕ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ І ЯЕ АБРЫСЫ

Стасункі з Расіяй і
кансалідацыя дэмакратыі
ў 90-х гг.

Уступленне ў ЕС

Славацкае грамадства ў
працэсе інтэграцыі...

IV. ЭКАНАМІЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭННІ

Эканамічная трансфармацыя...

Прыватызацыя і прамыя
замежныя інвестыцыі

Канверсія збройнай
вытворчасці

V. РАЗВІТАННЕ З МІНУЛЫМ І НОВЫЯ РЭАЛІІ

Посткамуністычная ментальнасць супраць
выклікаў мадэрнізацыі

У паўценю двух
таталітарных сістэм

Роля грамадзянскай
супольнасці і няўрадавых
арганізацый...

ДАДАТАК 1

ДАДАТАК 2

ДАДАТАК 3

ДАДАТАК 4

Аўтары і ўкладальнікі

Да 1989 году

Аграрная партыя — заснавальнікамі аграрнага руху ў рамках СНП (пачатак ХХ ст.) былі прыхільнікі Т.Г.Масарыка (В.Шробар, А.Шцефанэк) і М.Годжа. Яны падтрымлівалі станаўленне кааператыўнага руху і сялянскіх прафсаюзаў. Пасля злучэння з чэшскімі аграрыямі паўстала агульная Рэспубліканская партыя сельскагаспадарчага і малазямельнага люду (1922). Гэта была дамінантная партыя першай ЧСР, у якой славакі мелі пэўную аўтаномію. На чэшскіх землях у партыі рэй вялі памешчыкі, на славацкіх — малазямельныя сяляне, рамеснікі, дробныя прадпрымальнікі і інтэлігенцыя. Партыя сімвалізавала ідэю аб’яднанай Чэхаславакіі і мела вырашальны ўплыў на фармаванне дзяржаўнай адміністрацыі. Славацкія прадстаўнікі аграрнай партыі адстойвалі самакіраванне Славакіі пры захаванні ўнітарнага характару ЧСР. Але летам 1938 г. яны пачалі актыўна абмяркоўваць канцэпцыю аўтаноміі. У лістападзе 1938 г. славацкія аграрыі зліліся з СНПГ, хаця многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў антыфашысцкім супраціве.

Дэмакратычная партыя (ДП) — была створана падчас Славацкага нацыянальнага паўстання былымі сябрамі СНП і Аграрнай партыі. Базавымі прынцыпамі сталіся хрысціянства, сацыяльнае рэфарматарства і палітычныя ўстаноўкі Т.Г.Масарыка. Зыходзіла з канцэпцыі самабытнасці славацкага народу і федэралізацыі Чэхаславакіі. У красавіку 1946 г. зблізілася з нескампраметаванымі прадстаўнікамі палітычнага каталіцызму. На парламенцкіх выбарах 1946 г. здабыла ў Славакіі 62% галасоў (КПС атрымала толькі 30,37%, а ў Чэхіі КПЧ з 40,17% галасоў стала наймацнейшай партыяй). Пад ціскам КПЧ была змушана саступіць лідэрства. Пасля камуністычнага перавароту (1948) перастала існаваць, большасць яе вядучых функцыянераў эмігравала, астатнія былі пазбаўлены волі ці дыскрымінаваны.

Камуністычная партыя Славакіі (КПС) — глядзі: “Камуністычная партыя Чэхаславакіі” (КПЧ).

Камуністычная партыя Чэхаславакіі (КПЧ) — заснавана ў 1921 г. праз адкол марксісцкага крыла ад сацыял-дэмакратаў. Была складовай часткай Камуністычнага інтэрнацыяналу, чым прызнала вяршэнства савецкіх камуністаў. Уплыў савецкіх камуністаў у партыі ўзмацніўся пасля 1929 г., калі на чале яе стаў К.Готвальд. Пасля абвяшчэння аўтаноміі Славакіі (1938) дзейнічала ў падполлі. Калі ўзнікла самастойная Славакія (1939), была перафармавана ў Камуністычную партыю Славакіі (КПС), але пазней ператварылася ў рэгіянальную арганізацыю КПЧ. Брала ўдзел у антыфашысцкім супраціве, наладзіла супрацоўніцтва з некамуністычнымі групамі супраціву (1943). Пасля Другой сусветнай вайны кароткі час супрацоўнічала з дэмакратычнымі сіламі (1945—1948), але адначасова рыхтавала захады да іх ліквідацыі. Калі здабыла манаполію на ўладу (1948), з’ініцыявала татальную перабудову грамадства. Перыяд яе ўлады (1948—1989) характарызаваўся масавымі палітычнымі рэпрэсіямі, ідэалагічнай індактрынацыяй грамадства і ўсебаковай залежнасцю Чэхаславакіі ад СССР у рамках г.зв. савецкага блоку. Была адной з найбольш дагматычных камуністычных партый, нават негатыўна ўспрыняла савецкую “перабудову” ў другой палове 80-х. Пад ціскам масавых дэманстрацый падчас г.зв. аксамітнай рэвалюцыі ў лістападзе 1989 г. была змушана адмовіцца ад манаполіі на ўладу.

Славацкая народная партыя Глінкі (СНПГ) — кансерватыўная каталіцкая партыя. Была створана як Славацкая народная партыя славацкімі сябрамі вугорскай Каталіцкай народнай партыі (1905). Напрыканцы Першай сусветнай вайны падтрымала Славацкую нацыянальную раду і Марцінскую дэкларацыю. Паступова сфармавалася як каталіцка-нацыяналістычная партыя правай арыентацыі. Дамагалася аўтаноміі Славакіі ў рамках ЧСР. Адмаўляла свецкія і ліберальныя рэформы ў палітыцы і эканоміцы. Актыўныя клерыкалізм і антыкамунізм прычыніліся да ўзнікненя ў партыі аўтарытарных тэндэнцый. Асноўным лідэрам стаў А.Глінка, а імя яго зрабілася часткай назвы партыі (1925). Акрамя кансерватыўнай хрысціянскай плыні, у партыі пачала фармавацца й радыкальна-нацыяналістычная, якая выяўляла схільнасць да фашызму, а пазней — і нацызму. Лідэрам яе быў В.Тука. Лідэрскія пазіцыі займала таксама й мілітарнае фармаванне партыі Родабрана. У 1927—1929 гг. партыя брала ўдзел ва ўрадавай кааліцыі, а на выбарах 1935 г. выступала разам з СНП у рамках Аўтанамісцкага Блоку. Пасля Мюнхенскай змовы (1938) і абвяшчэння аўтаноміі Славакіі 6 кастрычніка 1938 г. СНПГ захапіла ўладу ў Славакіі і змусіла ўсе нялевыя партыі ўвайсці ў яе склад. Нейкі час яна нават ужывала назву Партыя славацкага нацыянальнага адзінства. У 1938—1945 гг. была адзінай кіроўнай партыяй: абсалютнае дамінаванне ва ўладзе ёй забяспечвала тагачасная Канстытуцыя Славацкай Рэспублікі (1939). Перыяд кіравання СНПГ характарызаваўся недэмакратычнымі і нават таталітарнымі практыкамі, жорсткім пераследам нязгодных, удзелам у Другой сусветнай вайне поруч з нацысцкай Германіяй і дэпартацыямі габрэйскага насельніцтва ў нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры. Акрамя кансерватыўнага крыла (Ё.Ціса), дзе аддавалася перавага дзяржаўнай мадэлі паводле ўзору Італіі альбо Партугаліі, у партыі склалася пранацысцкая плынь (В.Тука), якая, праўда не здабыла дамінантных пазіцый. Падчас Славацкага нацыянальнага паўстання (1944) СНПГ была забаронена, пасля Другой сусветнай вайны (1945) зліквідавана. Найбольш яркія прадстаўнікі СНПГ: Андрэй Глінка, Ёзэф Ціса, Войцех Тука, Аляксандр Мах, Марцін Сокал.

Славацкая нацыянальная партыя (СНП) — найстарэйшая славацкая палітычная партыя. Сфармавалася пасля 1861 г. на базе дзяржаўна-прававых і палітычных патрабаванняў марцінскага Мемарандуму славацкага народу. Рэпрэзентавала перадусім нацыянальна арыентаваныя евангелічныя эліты, адстойвала кансерватыўныя пазіцыі, хаця выказвала й некаторыя дэмакратычныя патрабаванні, як, напрыклад, усеагульнае выбарчае права. Пасля 1918 г. гэтаксама засталася перадусім евангелічнай партыяй. Адстойвала праграму аўтаноміі Славакіі, падтрымлівала дэмакратычныя прынцыпы і адмаўляла класавую барацьбу. На выбарах 1935 г. выступала разам з СНПГ у рамках г.зв. Аўтанамісцкага блоку. Пасля захопу манапольнай улады СНПГ яе дзейнасць была спынена. Частка сябраў удзельнічала ў антыкамуністычным супраціве. Лідэры СНП: Вільям Пауліні-Тот, Святазар Гурбан Ваянскі, Павел Мудрань; пасля 1918 г. — Матуш Дула, Марцін Разус.

Сацыял-дэмакраты — спачатку сфармаваліся ў рамках Сацыял-дэмакратычнай партыі Вугоршчыны (заснавана ў 1878 г.), пасля 1904 г. набылі самастойнае існаванне. Падтрымлівала стварэнне супольнай дзяржавы славакаў і чэхаў, у снежні 1918 г. стала складовай часткай Чэхаславацкай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Пасля першых парламенцкіх выбараў (1920) — наймоцная партыя як у Чэхаславакіі, так і ва ўласна Славакіі. Частка яе сябраў заснавала марксісцкую КПЧ (1921). Падтрымлівала ўнітарны характар Чэхаславакіі. Вырашальны ўплыў у партыі меў І.Дэрэр. У лістападзе 1938 г. была забаронена і апынулася ў падполлі. Сацыял-дэмакраты прычыніліся да стварэння СНР (1943). Шмат хто з сацыял-дэмакратаў падчас Другой сусветнай вайны зблізіўся з КПС, таму ў верасні 1944 г. партыі аб’ядналіся. Пасля Другой сусветнай вайны была адноўлена як Партыя працы. Сацыял-дэмакраты пераследаваліся за камуністычным рэжымам. Пад назвай Сацыял-дэмакратычная партыя ў Славакіі (затым — Сацыял-дэмакратычная партыя Славакіі) аднавіла сваю дзейнасць пасля 1989 г., але ў якасці самастойнай палітычнай фармацыі поспеху не здабыла. Перастала існаваць пасля злучэння з партыяй Смер (2004 г.). Вядучыя прадстаўнікі: Эмануэль Легацкі, Іван Дэрэр, Ян Бэчка (напярэдадні Другой сусветнай вайны), Аляксандр Дубчык.

Чэхаславацкая нацыянальная дэмакратыя (ЧсНД) — правая партыя, якая дзейнічала пераважна ў Чэхіі (створана ў 1919). Праграмным прыярытэтам было захаванне нацыянальнай Чэхаславацкай Рэспублікі і ахова славянства ад германскага імперыялізму. Але паступова схілілася да нацыянал-радыкалізму і правага экстрэмізму. Выявіла сімпатыі да фашызму і трансфармавалася ў Нацыянальнае згуртаванне (1934). Пасля кастрычніка 1938 г. спыніла сваю дзейнасць і злілася з СНПГ.

Пасля 1989 году

Венгерскі хрысціянска-дэмакратычны рух (ВХДР) — глядзі: “Партыя венгерскай кааліцыі (ПВК)”.

Грамадскасць супраць гвалту (ГСГ) — утварылася ў лістападзе 1989 г. як шырокі антытаталітарны рух. Пасля першых свабодных парламенцкіх выбараў (1990) наймацнейшая парламенцкая партыя ў кааліцыі з Хрысціянска-дэмакратычным рухам і Дэмакратычнай партыяй. Адстойвала дэмакратычныя перамены ў грамадстве і рынкавыя эканамічныя рэформы. Раскалолася на нацыянал-папулісцкі Рух за дэмакратычную Славакію пад кіруніцтвам У.Мэчыяра і ліберальна-кансерватыўны Грамадзянскі дэмакратычны саюз (1991), які падтрымліваў ідэю захавання цэласці Чэхаславакіі. Пасля паразы на парламенцкіх выбарах 1992 г. — аб’яднанне з Дэмакратычнай партыяй. Лідэры: Ян Будай, Фёдар Гал, Уладзімір Мэчыяр, Францішак Міклашка (да 1992 г.).

Дэмакратычная партыя (ДП) — адноўлена ў 1989—1990 гг., спасылалася на пераемнасць з Дэмакратычнай партыяй (1944—1948). У 1990—1992 гг. вызначылася як нацыянальна-ліберальная партыя, падтрымлівала рынкавыя рэформы, дэкамунізацыю і канцэпцыю агульнай чэхаславацкай дзяржавы. Была ў кааліцыі з ГСГ і ХДР. Пасля паразы на выбарах 1992 г. у апазіцыі супраць ураду У. Мэчыяра аб’ядналася з партыямі-пераемніцамі былой ГСГ. Пакрысе ў яе палітыцы нарасталі кансерватыўныя тэндэнцыі. У 1998 г. была ў Славацкай дэмакратычнай кааліцыі, спыніла сваё існаванне ў сувязі са злучэннем з СДХС (2006 г.).

Дэмакратычны саюз (ДС) — заснаваны ў 1994 г. былымі сябрамі РЗДС і СНП, якія не прынялі нарастання аўтарытарных і нацыяналістычных тэндэнцый у дзейнасці абедзвюх партый. ДС уступіў у Ліберальны інтэрнацыянал. На парламенцкіх выбарах 1998 г. быў складовай часткай СДК. Спыніў дзейнасць у 2000 г., большасць яго сябраў прычынілася да стварэння СДХС. Лідэры ДС: Эдуард Кукан, Ёзэф Мораўчык, Мілан Княжка, Ян Будай.

Згуртаванне рабочых Славакіі (ЗРС) — глядзі Дадатак 1: (“Люптак, Ян”).

Камуністычная партыя Славакіі (КПС) — заснавана ў 1992 г. Спасылаецца на ідэалагічную пераемнасць з палітыкай КПС да 1989 г. Адмаўляе ўсё пазітыўнае ў развіцці грамадства пасля 1989 г., перадусім — сяброўства СР у НАТА, скептычна ставіцца да сяброўства СР у ЕС. У 2002—2006 гг. была прадстаўлена ў парламенце.

Партыя венгерскай кааліцыі (ПВК) — заснавана ў 1998 г. шляхам аб’яднання Венгерскага хрысціянска-дэмакратычнага руху, руху “Суіснаванне” і ліберальнай Венгерскай грамадзянскай партыі. Рэпрэзентуе венгерскую меншасць у паўднёвай Славакіі. Прыхільніца кансерватызму, сябра Еўрапейскай народнай партыі (EPP). Выступіла ў апазіцыі да ўраду У.Мэчыяра. У 1998—2006 гг. сябра ўрадавай кааліцыі, пасля выбараў 2006 г. у апазіцыі.

Партыя грамадзянскага паразумення (ПГП) — глядзі Дадатак 1: (“Шустэр, Рудольф”).

Партыя дэмакратычных левых сіл (ПДЛС) — заснавана ў 1990 г. на аснове пераўтварэння КПС. Аб’явіла сябе прыхільніцай сацыял-дэмакратыі (1991). Пасля 1993 г. актыўна падтрымлівала ўступленне СР у ЕС і НАТА, была ў апазіцыі да ўраду У.Мэчыяра. Сябра шырокіх права-левых антымэчыяраўскіх кааліцый (1994, 1998—2002). Сябра Сацыялістычнага інтэрнацыяналу (1996). Пасля 2000 г. пачала выказваць настальгію па былым камуністычным рэжыме. У 2002 г. не трапіла ў парламент. Спыніла існаванне ў сувязі з уступленнем у партыю Смер (2004 г.). Лідэры: Петэр Вайс, Роберт Фіца, Ёзэф Мігаш, Павел Концаш.

РЗДС (Рух за дэмакратычную Славакію) — заснаваны ў 1991 г. прыхільнікамі У.Мэчыяра. Складаўся як нацыяналістычна-папулісцкая палітычная фармацыя, крытыкаваў негатыўныя наступствы эканамічных рэформ пасля 1990 г. Абараняў самастойнасць Славакіі, але дапускаў свабодны дзяржаўны саюз з Чэхіяй. Дамінантная партыя ў славацкіх урадах 1992—1994 гг. і 1994—1988 гг. У апазіцыі знаходзілася ў 1991—1992 гг., 1994 г., 1998—2006 гг. Досыць хутка ў палітыцы РЗДС пачалі нарастаць недэмакратычныя і аўтарытарныя тэндэнцыі. Хаця на словах РЗДС і падтрымліваў інтэграцыю СР у ЕС і НАТА, аднак праз сваю рэальную палітыку прычыніўся да таго, што Славакія не была запрошана на перамовы з гэтымі еўрапейскімі структурамі. Пасля выбараў 2006 г. — сябра ўрадавай кааліцыі разам са Смер — сацыял-дэмакратыя і СНП. У перыяд 1992—2002 гг. наймоцная парламенцкая партыя, пасля 2002 г. — хуткі спад папулярнасці. На гэты момант карыстаецца назвай Народная партыя — РЗДС.

Славацкая дэмакратычная кааліцыя (СДК) — заснавана ў 1997 г. як выбарчая кааліцыя пяці палітычных партый, у тым ліку трох правых — Хрысціянска-дэмакратычнага руху (ХДР), Дэмакратычнай партыі (ДП), Дэмакратычнага саюзу (ДС) і дзвюх невялікіх левых партый — Сацыял-дэмакратычнай партыі Славакіі (СДПС) і Партыі зялёных. Яе мэтай было аднаўленне дэмакратычных прынцыпаў у краіне і інтэграцыя СР у НАТА і ЕС. Пасля парламенцкіх выбараў 1998 г. дамінантны суб’ект шырокай кааліцыі, створанай разам з ПДЛС, ПВК і Партыяй грамадзянскага паразумення. У 2000 г. фактычна распалася (афіцыйна была скасавана ў 2002 г.). Старшыня: Мікулаш Дзурында. Асноўнай пераемніцай СДК з’яўляецца СДХР.

Славацкі дэмакратычна-хрысціянскі саюз (СДХС) — заснаваны ў 2000 г. прыхільнікамі Мікулаша Дзурынды — былымі сябрамі ХДР і Дэмакратычнага саюзу. Дамінантны суб’ект урадавых кааліцый 2000—2002 і 2002—2006 гг. Пасля выбараў 2006 г. аказаўся ў апазіцыі. Першапачаткова фармаваўся як правая кансерватыўная партыя, аднак паступова набыў ліберальны характар. Адстойвае эканамічныя рэформы, інтэнсіўна падтрымліваў уступленне СР у НАТА і ЕС, выказваецца за цеснае супрацоўніцтва з ЗША. Пасля аб’яднання з Дэмакратычнай партыяй (2006), выкарыстоўвае назву СДХС-ДП. Лідэры: Мікулаш Дзурында (старшыня), Іван Міклаш, Эдуард Кукан. Сябра Еўрапейскай народнай партыі (EPP).

Славацкая нацыянальная партыя (СНП) — заснавана ў 1990 г., спасылаецца на пераемнасць з СНП, якая існавала да Другой сусветнай вайны. Асноўнае праграмнае палажэнне — самастойнасць Славакіі. Мае схільнасць да правага і нацыянальнага радыкалізму. Сябра ўрадавай кааліцыі ў 1993—1994 гг. (разам з РЗДС); у 1994—1998 гг. з РЗДС і ЗРС; у 2006 г. — са Смерам — сацыял-дэмакратыя і РЗДС.

Смер (Кірунак) — заснаваны ў 1999 г. пасля выхаду Роберта Фіцы з ПДЛС. Партыя адмяжоўвалася як ад палітыкі РЗДС, гэтак і ад ураду шырокай кааліцыі. У сваёй рыторыцы выкарыстоўвала элементы нацыянальнага і сацыяльнага папулізму, вялікую ўвагу надавала барацьбе са злачыннасцю. Аб’явіла сябе прыхільніцай праграмы г.зв. трэцяга шляху і дэкларуе ідэалагічную блізкасць да Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі і брытанскай Лейбарысцкай партыі (2001 г.). Паступова стала наймацнейшай апазіцыйнай сілай падчас кіравання ўраду М.Дзурынды. Пасля інкарпарацыі невялікіх левых партый у 2004 г. (Партыя дэмакратычных левых сіл, Сацыял-дэмакратычная партыя Славакіі, Партыя грамадзянскага паразумення, Сацыял-дэмакратычная альтэрнатыва) карыстаецца назвай Смер — сацыял-дэмакратыя. Сябра Сацыялістычнага інтэрнацыяналу і Партыі еўрапейскіх сацыялістаў (2005). Дамінантная партыя ўрадавай кааліцыі разам з СНП і РЗДС. Уступленне ў кааліцыю з нацыяналістычнай СНП выклікала незадавальненне Партыі еўрапейскіх сацыялістаў, якая пагражае Смеру — сацыял дэмакратыя спыненнем сяброўства ў гэтай еўрапейскай партыйнай структуры. Лідэры: Роберт Фіца, Моніка Бенява, Павел Пашка, Роберт Каліняк.

Суіснаванне — глядзі: “Партыя венгерскай кааліцыі” (ПВК).

Хрысціянска-дэмакратычны рух (ХДР) — заснаваны ў 1989—1990 гг. былымі прадстаўнікамі хрысціянскага дысідэнцкага руху. Фармаваўся як правая кансерватыўная сіла, якая падтрымлівае дэкамунізацыю грамадства, дэмакратычныя рэформы і радыкальныя эканамічныя рэформы. Пасля выбараў 1990 г. уваходзіў ва ўрадавую кааліцыю. Адстойвае хрысціянскія вартасці ў грамадскім жыцці і найперш — у сямейнай і сацыяльнай палітыцы. Пасля выбараў 1992 г. аказаўся ў апазіцыі да ўраду Мэчыяра, быў складовай часткай дзвюх шырокіх права-левых антымэчыяраўскіх кааліцый (1994, 1998—2002). У 1998 г. сябра Славацкай дэмакратычнай кааліцыі; пасля 2002 г. у кааліцыі з СДХС, ПВК і АНГ. Падтрымлівае сяброўства СР у НАТА і ЕС, але выступае за захаванне моцнага статусу для нацыянальных дзяржаў. Лідэры: Ян Чарнагурскі, Францішак Міклашка, Павел Грушаўскі. Сябра Еўрапейскай народнай партыі (EPP).

http://sk.wikipedia.org

www.osobnosti.sk

 

 

ДАДАТАК 2


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY