|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
КАНСТРУКТЫЎНЫ КРЫТЫК. ПАЭТЫЧНЫ ПРАКТЫКУМ ЗЬМІТРА ПЛЯНА |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство Сьвятлана Длатоўская. Даць нырца Канструктыўны крытык |
Плян З. Таксыдэрмічны практыкум. Мн.: Логвінаў, 2004. У гэтым злосным артыкуле, які вы зараз наважыліся прачытаць, па сутнасьці няма канкрэтных кпінаў менавіта з кнігі “Таксыдэрмічны практыкум”, хутчэй тут аналізуецца агульная сытуацыя, у якой знаходзіцца беларуская літаратура XXI ст. Праблема палягае ў тым, што ў гэтай невялічкай кніжцы сканцэнтраваліся ўсе самыя галоўныя пытаньні, якія варта вырашыць у адносінах да новай генэрацыі беларускіх пісьменьнікаў. У “Таксыдэрмічным практыкуме” немагчыма пэўным чынам падзяліць вершы па тэмах, жанрах, вылучыць асаблівасьці стылю й эстэтыкі, бо творы самі па сабе гэтага ня ўтрымліваюць. *** з маіх вачніц цячэ мазут цячэ-рыпіць цячэ-сьмяецца распаўсюджвае салодкі водар ананасаў у нашых крамах даўно няма смачных кілбасаў засталіся толькі вантробы мустангаў... Паказальна тое, што на момант выданьня кнігі аўтар ня меў ніводнай вершаванай публікацыі ў пэрыёдыцы. Трэба мець немалую сьмеласьць, каб адважыцца менавіта на такі дэбют, і самаўпэўненасьць таксама: ці, можа, гэтая паэзія не патрабуе чытачоў, не патрабуе таго, каб пра яе ведалі? На Беларусі прынята называць постмадэрнізмам самыя розныя зьявы — нават тыя, што ня маюць да гэтага творчага мэтаду (дый да самога мастацтва) ніякага дачыненьня. Покуль нашы навукоўцы не разьбяруцца і дакладна не клясыфікуюць творы новай нашай літаратуры адносна якасьці ды іншых вызначальных паказьнікаў, будуць зьяўляцца творцы, падобныя да Зьмітра Пляна. Слова “канцэптуальнасьць” таксама ня варта кідаць на вецер. Гэты панятак зьмяшчае ў сабе і прафэсійнасьць аўтара, і яго грамадзкую (тэж асабістую) пазыцыю, і яго сьветагляд, але самае галоўнае — індывідуальныя асаблівасьці стылю, характар афармленьня думкі. Даволі лёгка зразумець, што Альгерд Бахарэвіч ці Ільля Сін — канцэптуальныя аўтары, а ў творчасьці Зьмітра Пляна ці Ўладзіміра Боські — усяго толькі наіўная пародыя на канцэптуальнасьць. Таму давайце вызначым, ці любы набор словаў можна аднесьці да літаратуры. У іншым выпадку мы канчаткова яе засьмецім. Чамусьці эўрапейцы ўмеюць выпендрывацца па-мастацку, а ў беларусаў яшчэ няма такой здольнасьці, і дагэтуль у нас існуе падзел на традыцыю і авангард, хоць асноўным крытэрам (па цьвярозай лёгіцы) павінна быць якасьць твору, а не прыналежнасьць яго да той ці іншай эстэтычнай прасторы. Да гэтага часу ў нас няма культуры пісьма: нашы маладыя паэты калі і пішуць рыфмаваныя вершы, то ня могуць адрозьніць ямб ад харэю (ды ўвогуле лічаць тое непатрэбным). Калі ж карыстаюцца верлібрам, то без разуменьня таго, што гэта такое і з чым яго есьці. Есьці, канечне, ня варта (тым болей, у выпадку Зьмітра Пляна, Кацярыны Марголь ды некаторых іншых), бо можна атруціцца, але ж ведаць азначэньні жанру неабходна, каб не атрымалася нешта накшталт: забарона-абарона забабона згвалтаваньне закону хачапуры чабурэк пінгвін змова — мовы адмова рыбіна — рабін марынаваная марына… У верлібры мусіць быць свая сыстэма: цэласнасьць, ці цэласнасьць у раздробленасьці, ці ўвогуле адсутнасьць цэласнасьці — але павінна назірацца пэўная заканамерная характарыстыка ў стылі, у выяўленчых сродках. Іначай гэта ўжо не мастацкі твор, а проста надпіс на плоце. Верш можа выражаць думку, пачуцьцё, можа выражаць і тое, і другое або ўвогуле нічога — тады сэнс зьмяшчаецца ў форме, у тэхніцы выкананьня. У вышэй працытаваным творы ёсьць толькі непасьлядоўная гукавая гульня, верш лёгка развальваецца на асобныя словы, бо яны між сабой ніяк не зьвязаныя. Прычым гэта не мастацкі прыём аўтара, але хутчэй няўменьне пабудаваць прыгожы верш-“домік” з “цаглінак”-словаў. Шмат прыкладаў не патрабуецца, бо вершы зборніка досыць аднастайныя. Дастаткова вызначыць адно агульную тэндэнцыю, якая, дарэчы, назіраецца ня толькі ў творчасьці Пляна і робіцца нейкай традыцыяй сярод новай генэрацыі (заўважце, як хутка засвойваюцца дрэнныя ўплывы!). Для таго каб высьветліць, адкуль вытокі гэтых уплываў, параўнаем вершы розных аўтараў, дзе заўважныя паўсюдныя відавочныя аналёгіі. Зьміцер Вішнёў у мяне вырвалі сэрца гарачае пульсуючае падобнае да чырвонай жабы камісар Юрась калашмаціў яго лакіраванымі ботамі шабляй сек і кетчупам паліваў… (1997) Зьміцер Плян мяне злавілі адрэзалі вушы паклалі ў рот батон кілбасы аперазалі маё цела туалетнай паперай зрабілі зь мяне мумію... (2004) Беларускія “постмадэрністы” адно запазычваюць адзін у аднаго свае знаходкі і лічаць, што гэта спрыяе разьвіцьцю літаратуры. Па-першае, самі знаходкі ў большасьці сваёй такога гонару ня вартыя, па-другое, наша гаротнае мастацтва падобным чынам не ўратуеш. Але ў Зьмітра Пляна ёсьць і больш удалыя вершы: *** я згортак чорнага калі я разгарнуся цябе ня стане бо я праглыну цябе у сваёй чарнаце Але ў гэтай кнізе імкненьне да індывідуальнасьці выяўляецца покуль мінімальна. Як слушна зазначыў у прадмове Зьміцер Вішнёў, “тым ня менш, Зьміцер Плян у творчасьці заўсёды рызыкуе, і ў гэтым, безумоўна, якраз ягоная цікаўнасьць, неардынарнасьць”. Таму ўсё ня так змрочна: талент заўсёды перамагае.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||