ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005

 

СЬВЯТЛАНА ДЛАТОЎСКАЯ. ДАЦЬ НЫРЦА

 

ЗЬМЕСТ

Прышэсьце літаратара

Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі

Ігар Клепікаў. Вершы

Крысьціна Курчанкова.
Вярнуся

Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку

Мікола Кандратаў. Вершы

Андрусь Белавокі.
Rock'n'Roll Яйкi

Тацяна Вабішчэвіч. Вершы

Аляксей Харужка. Адзінота

Зьміцер Плян. Вершы

Кастусь Маныч-Гудзіла.
Выпадак з жыцьця

Хельга Хмара. Вершы

Марыя Барадзіна. Вершы

Яўген Буры. Без паэта

Чэслаў Мілаш. У пэўным веку

Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам

Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым

Тацяна Мазгова.
Пасьлямова перакладніцы

А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара

Аляшандар Радрыгеш.
Апавяданьні

Гутарка перакладніцы
з А.Радрыгешам

Андрэй Бондар. Апавяданьні

Мажана Келяр. Вершы

Бруна Шульц. Апавяданьні

Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі

Людвіг Вітгенштайн. Пра этыку

Жан-Поль Сартр.
Экзыстэнцыялізм

РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ

Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху]

Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство

Сьвятлана Длатоўская.
Даць нырца

Канструктыўны крытык

Кандратаў Мікола. Возера Рудакова. Вершы. Мн., “Беларускі кнігазбор”, 2002.

Разумны быў дзядька — Гайдэгер: задаўся пытаньнем “ці можна ўвогуле з творчасьці аднаго-адзінага паэта вычытаць усеагульную сутнасьць паэзіі?”, назваў Гельдэрліна паэтам паэтаў і — вычытаў. Цікава, што можа атрымацца, калі толькі нязграбна прымерваеш на сябе апранахі “апошняга з магіканаў мэтафізікі” ды спрабуеш нешта вычытаць у вершах паэта, які сам сябе называе “неапошнім сярод няпершых”?

Шчыра кажучы, ня вельмі і цікава, але трэба паспрабаваць нешта зрабіць. “Непаэты, па-гайдэгераўску, павінны вучыцца разважаць, зь іх тады фармуюцца “разважлівыя”, зь якіх, у сваю чаргу, выйдуць “павольныя працяглай мужнасьці”. Толькі яны зьяўляюцца “клапатлівымі”. І вось гэтыя, што клапатліва слухаюць, прырадняюцца да клопату тых, хто прамаўляе, а там... Мама мая родная! Адным словам, трэба, значыць, трэба. І ніякіх “жаночых пытаньняў”! Халера зь імі, з крыўдамі “жывога мужчынскага сэрца” на “жаночыя мармуровыя песьні”. Даруйма нават фразу “...часам ставім мы яе...”, бо чалавек жа “стараваты для “Маладосьці”, а вакол вочы, вочы, вочы. То сурочваюць, то варожаць, а то проста прыгажосьць бярэ ды здраджвае, сышоўшы праз тры прыпынкі. Ён жа думаў — “пах вішні”, а то — Dirol cherry...

Не, не, не, ніякіх кпінаў. Усё вельмі сур'ёзна: “Слова”. Боскі знак і матэрыял паэзіі, пошукі таго істотнага, без чаго ня можа адбыцца найгалоўнейшая падзея мовы — размова. “Мне без гэтага слова не будзе спакою, покуль не ўспомню яго” — кажа спадар Мікола, а мы разумеем: не адбудзецца словапакладаньня існага ў тое, што яно ёсьць. Які жах! Стварай, паэце, бо адначасова ж “паэзія... сама ўпершыню робіць мову магчымай”, і сутнасьць мовы павінна разумецца з сутнасьці паэзіі.

Але ж і цяжкая гэта справа — быць паэтам: блытаніна з гісторыяй, “падман пачуцьцяў”, паўсюдна “зімовы туман” і ў сэрцы “балючы смутак”. Вядома, ім — абраньнікам — “дадзена ад Госпада так многа, што розумам не здольны ахапіць”, а тут яшчэ “памылкі дзён мінулых”. Паэты паэтаў таксама баяліся долі Тантала, на якога богі наўючылі болей, чымся ён здолеў адужаць. І небеспадстаўна. Бедны Гельдэрлін!

“Нам дадзена з любоўю ад Яго (то бок ад Бога — С.Д.) магчымасць выбіраць арыенціры” — зноў сьціпла кажа сп. Мікола і — робіць свой выбар. Па ўсім бачна, ён і без мэтафізікаў цудоўна ведае што ёсьць што: “Калі не могуць словы вершам стаць”, абавязкова “павінна здарыцца вясна” — адзначаецца на адной са старонак. C'est la vie! Толькі тады “свет рэчаў і падзей другімі бачыцца вачыма”. Але ж паэт, мусіць, на сваёй скуры адчуў ды на свае вочы пабачыў, як па вяртаньні вясны ў горад, калі дрэўцы наважваюцца цягнуць да сонца сваё вецьце, абавязкова знаходзіцца нехта, хто “падразае галіны па мерках дзікаватага Пракруста”.

Вясна, каханьне... “Светлай ісціны пазнанне” і “дакрананне да незямнога на зямлі” і — усё гэта добра, але наш паэт спрабуе скінуць гэткае шчасьцейка: “...калі сустрэчу нам вясна падорыць зноў, ужо яна жыцця не зменіць... Дый навошта?” Хай маладзейшыя бавяцца. Сабе ён пакідае спакайнейшае: “Калі ў куточку сэрца ёсць любоў — яна найперш Радзімаю завецца”...

А што там пра радзіму ў дзядзькі Марціна? “Найуласьцівейшае і каштоўнейшае радзімы — адно ў тым, каб быць блізкасьцю да вытокаў і нічым іншым, акрамя гэтага”... Але, каб быць на радзіме сваім, родным, трэба ўмець сысьці, а потым вярнуцца, бо толькі “вяртаньне на радзіму ёсьць вяртаньнем блізкасьці да вытокаў”. Радзіма — папросту стэрэатып, традыцыйнае. Каб ня здарылася ад яе аскоміны, трэба ўвесь час калі не адыходзіць, то хоць бы павяртаць яе іншым бокам. А захоўваць у дальнім куточку і спадзявацца, што сагрэе — песьціць ужо вядомае.

Спадар Кандратаў і не хавае, што ён — “паслядоўнік былых паэтаў”. У блуканьнях паміж людскім і боскім ён абірае першае: “я любіў людзей мацней, чым вершы” — чытаем у прысьвячэньні сыну. І ў вызначэньні свайго творчага метаду шчыры — найперш апісвае навакольны сьвет і сьветам гэтым кіраваны: “...у сэрца прыгажосць яго імкне, каб адгукнуцца ў музыцы, у слове”.

А вось Юрый Лотман некалі казаў, што наша жыцьцё можа ў большай ступені залежаць ад нашай творчасьці, чым творчасьць ад жыцьця, а мой былы загадчык кафедры Герасіменка ўвогуле лаецца: “У нашых руках — толькі магчымасьці нашай творчасьці. Мы ці фармуем новыя вобразы, вызначаючы тым самым культурную перспектыву нацыі, ці, здраджваючы патэнцыялу прафэсіі, працуем на сёньняшні дзень, падвойваем вядомае, лічым тупіковую сітуацыю наличествующей культуры міражом, дурным сном, што сыдзе з абуджэньнем. Дык вось, ня сыдзе. Бяз нашага ўнёску абуджэньня ня будзе...”

Так, сытуацыя вар'яцкая, бо сапраўды на сёньня ўсё яшчэ нават проста “на роднай мове вольна размаўляць” — круты авангард, ня тое што “беларусам стаць жыцьця да скону”. Можа, менавіта такі час нямецкі філёзаф назваў “нішчымным”, “двойчы заганным, зьмешчаным у шчыліне падвойнага адмаўленьня: ужо-не адляцеўшых багоў і яшчэ-не надыходзячага”. У гэткія часіны нават і паэты могуць “разняволіцца... і проста заснуць”.

Гэта адчувае і Мікола Кандратаў. Ён не жадае фальшы, баіцца, што ня хопіць часу на самае-самае, таму дае даволі дакладныя інструкцыі той, што ня любіць яго вершаў (відаць, жанчына ўсё-ткі адчувае нешта няшчырае): 1) “Калі раптам мой скончыцца век, ты старонкі мае пагартай” — уваходжаньне ў праблемную сытуацыю, вывучэньне аналягаў; 2) “З люстра памяці крэп адхіні” — гістарычны аналіз; 3) “Ты збалеламу сэрцу дазволь ненадоўга забыцца праз сон” — адыход ад будзённага, распрадмечваньне, стварэньне фармальнага вобразу. Але ж як кожны з мужчынаў, ён, у адносінах да сваёй палавіны, не да астатку шчыры. Павінна быць 4) стадыя: “Вырыванне з абдымкаў”. Калі яна, пастаўленая “ніжэй па розуме і чыне”, пройдзе першыя тры стадыі, то выявіцца, што пільныя пранізьлівыя вочы, у якіх нават паэты найчасьцей бачаць адно прагу “багацця”, “харомаў велічных”, “заморскай спадчыны” ці “прывілеяў важнай службы”, чакаюць зусім не вышэйазначанага і, тым больш, ня “звону”. І сэнс праходзіць гэты шлях зусім ня ў тым, каб нехта мог “прызначыць спатканне.. ў наступным жыцці праз гады ў звычайнай краіне зямной”, а каб жанчына магла зрабіць СВОЙ крок, учынак, твор, пайменаваць ці апрадмеціць па-свойму існае, якім яно адкрыецца менавіта ёй тут і зараз. А не чакаць, покуль гэты нехта разродзіцца адказам на пытаньне “кахаць ці не кахаць жанчыну?”, то бок даць сабе працы лічыць яе роўнай і здольнай на самарэалізацыю, ці не.

Стоп, стоп, стоп! Вернемся да нашых паэтаў з мэтафізыкамі. Як там у Гайдэгера? — “Апошні, але самы цяжкі крок усялякага тлумачэньня палягае ў тым, каб зьнікнуць разам са сваімі тлумачэньнямі перад чыстым перадстаяньнем верша”. Таму заглыбляемся ў “Возера Рудакова” і шукаем “Слова”...

 

 

Сьвятлана Длатоўская. Даць нырца

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY