ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005

 

СЬЦЯПАН ПАНАЕЎ. МЯНЕ ЁСЬЦЬ [КРЫХУ]

 

ЗЬМЕСТ

Прышэсьце літаратара

Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі

Ігар Клепікаў. Вершы

Крысьціна Курчанкова.
Вярнуся

Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку

Мікола Кандратаў. Вершы

Андрусь Белавокі.
Rock'n'Roll Яйкi

Тацяна Вабішчэвіч. Вершы

Аляксей Харужка. Адзінота

Зьміцер Плян. Вершы

Кастусь Маныч-Гудзіла.
Выпадак з жыцьця

Хельга Хмара. Вершы

Марыя Барадзіна. Вершы

Яўген Буры. Без паэта

Чэслаў Мілаш. У пэўным веку

Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам

Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым

Тацяна Мазгова.
Пасьлямова перакладніцы

А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара

Аляшандар Радрыгеш.
Апавяданьні

Гутарка перакладніцы
з А.Радрыгешам

Андрэй Бондар. Апавяданьні

Мажана Келяр. Вершы

Бруна Шульц. Апавяданьні

Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі

Людвіг Вітгенштайн. Пра этыку

Жан-Поль Сартр.
Экзыстэнцыялізм

РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ

Сьцяпан Панаеў.
Мяне ёсьць [крыху]

Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство

Сьвятлана Длатоўская. Даць нырца

Канструктыўны крытык

Акудовіч А. Разбурыць Парыж. Мн.: Логвінаў, 2004.

Спадара Сьцяпана Панаева

Спадару Валянціну Акудовічу

З нагоды гадавіны адсутнасьці,

А таксама абвяшчэньня адсутнасьці

Моваю паспалітага люду,

Моваю кніжнаю,

Моваю мовы

Ёсьць ліст.

Кнігу Вашу кіпянёва-празрыстую, што тая крынічанька, ясную, да сонейка сьветлага падобную, нібы месяц, белую, прачытаў я. Але, спадар Валянціне, ці ж можна пачаць мне казаньнем пра нешта так бок нявартае, пра нешта зусім далёкае? Але абяцаю наблізіцца да тэмы й мэты эпісталы.

Вы самі крыху вінаватыя ў тым, што скакаць мне вавёркаю, пра гэта скажу я пазьней, пасьля. Пакуль жа крыху адпачнем ад гэтага стылістычнага барбарства.

Non fui. Fui. Non sum. Non curo

Ніхто й ніколі не абвінавачваў мяне ў англафіліі. Можа быць, таму, што пра такое вычварэнства ведае адзін толькі (не кажы толькі тату), карацей, Вы зразумелі. Але мы, на шчасьце або на жаль, дзякуй, Пане або Савецкая ўлада, не знаёмыя. Як бы там ні было, усё адно трэба весьці fair play.

Таму і скачу вавёркаю, таму шалі й вагаюцца. Ці то абраць жанр essei, ці то ўстаць на сьлізкі шлях Гесіёда? Мяне ж да таго спакушае Жахлівы Андрэй. Ня той, а Курбскі*. Але, баюся, тут якраз той выпадак, калі быку ўсё ж такі не дазволена**.


*Напісаў і падумаў. А што, калі “Я” зусім ня “Я”. Гутарка не пра маўленчыя гульні — ізноў каламбур. А, напрыклад, Id. Ці (Trill, mother fuckers, trill!) — A. E. Сыны Энэя бывалі ня так далёка ад Вены. Мяне ж ніхто ня ведае. Хто я наагул такі?

**Who can tell? What did I mine?

 

Справа, зразумела, не ў фармальнасьцях, тым больш што пад хісткае й нягеглае азначэньне “інтэлегібельны” падагнаць магчыма нават вагон цукру, а ня тое што нейкі там “тэкст”.

Справа ў тым, што спадарыня Крысьцева прыдумала (ну добра, адшукала) архетэкстуальнасьць. І вось мой агент Купер, замест таго, каб сьціпла напісаць на люстры “HKLP” і пайсьці піць каву, будзіць мяне штоноч і, нібы той Севярынец, крычыць: “Play, Forest, play!” А якая там гульня, калі замест поля два часопісы, брамаў няма, мяч даўно скралі, судзьдзя памёр.

І нічога ня зробіш. Ніхто мяне нават не запытае, гуляю я ці выбудоўваю “Бабілёнскую вежу” (прабачце мне за агульнамоўны троп).

“Generation “X” & “P”” — яны як блізьняты-браты й абодва толькі Яны да Тайлера Дэрдэна. А ён казаў: “We have no Great War and no Great Depression”. Але й яго, і спадара Славаміра Адамовіча проста запісалі ў гульцы, нібы тых парсючкоў.

Спадар Акудовіч, Чак Паланік быў узгаданы нездарма, я яшчэ давяду Вам, што ён шчыры змагар з Постмадэрнізмам. А зараз трэба крыху адпачыць ад эмоцыяў і ўзгадаць і пра Вашу кнігу, і пра Вас, і пра БК.

Як архетып і сымбаль

Аднойчы я сядзеў у рэдакцыі полацкай газэты й ня ведаў, чым сябе заняць. Справа ў тым, што выйсьці з кабінэту я ня мог. Пад дзьвярыма мяне чакаў удзячны чытач зь сякераю. А нават калі я й выйшаў бы, то рабіць мне не было чаго. Знаходзіцца ў нанятай кватэры было немагчыма: там за адной сьценкай мужык мацюкаўся на немаўля, тое плакала. У іх быў расклад, безь “фіранак”. Што рабілі за другой сьценкай, я пісаць ня буду. У горадзе ж усе пашалелі, бо сьвяткавалі Дажынкі. Замінаць людзям асаблівага жаданьня не было.

І мне ў рукі трапіла газэта “Наша ніва”. Чытаць я яе, натуральна, ня стаў, бо ў мяне зь ёй зьвязаныя цалкам асабістыя, ад таго ня менш непрыемныя, успаміны. Але ў вочы мне кінулася рэкляма “БК”. І я запісаўся на сумоўе.

На яго я ня трапіў, бо сьвяткаваў Дажынкі. Затое прыйшоў на агульны сход. Сустрэў шмат знаёмцаў. Усе нешта казалі пра Акудовіча. Я іх пытаў, хто гэта такі, а яны ад мяне адыходзілі. Цяпер я таксама адыходжу ад тых, хто ня ведае, хто Вы такі. На жаль, гэтых выблядкаў яшчэ вельмі шмат.

Я б і далей меркаваў, што Вы — гэта проста ВЫ. Але мне даручылі напісаць рэцэнзію. І мяне панесла.

І тут. Нарэшце. Кніга

Чытач, паспрабуй здагадацца, у якім выдавецтве выйшла кніга В. Акудовіча. Ты геній, чытач. Ты будзеш пісьменьнікам. А, як вядома, добры пісьменьнік — мёртвы пісьменьнік. Яшчэ лепш, калі яго няма.

Чытач, паспрабуй здагадацца, у бібліятэку імя чаго ўваходзіць гэтая кніга, на які фронт пайшоў яе аўтар і хто куратары сэрыі. Ты геній, чытач. Ты проста геній.

Чытач, я не пытаю цябе пра УДК і ББК. На гэта ёсьць найвышэйшы суд.

Там запытаюць цябе:

— Дык што такое мова?

Адказвай:

— Пра гэта можна толькі пытацца, а не адказваць.

Герантафілы

Ня трэба быць круглым, каб ведаць, хто гэта. Гэта археолягі. Яны вельмі любяць “Кнігу памерлых”. Ня думайце, я ні на кога не ківаю. Але, калі кагосьці няма, дык ці ён выйшаў, ці памёр, ці не нараджаўся.

“Тое... нарадзілася...”

Ня стала сябрам Саюза пісьменьнікаў, вынікае выйсьці не магло.

Вы толькі што пайшлі па тупіковай сьцежцы (Пятры ўвесь час разыходзяцца) “В.Акудовіч як аўтар “Кнігі памерлых (назоўнік дадаваць па гусьце)”, але ВАК не зацьвердзіў.

Гульні скончыліся

І мушу-такі напісаць, што кніга Ваша мне спадабалася. Шчыра раю яе ўсім, хто жадае прыемна правесьці колькі гадзін і адпачыць ад гадзін. Напрыклад, прайшло пяць гадзінаў, пакуль я чытаў кнігу “Разбурыць Парыж”. Маша, патлумач сказ.

Маша-выдатніца: Гэта значыць, што яшчэ пройдзе дзьве гадзіны, пакуль Вы будзеце чытаць лекцыі.

Ад аўтара: Лекцыі — дадатак “Уводзіны ў новую літаратурную сытуацыю”. Можна не чытаць, калі побач няма вышэйназваных істотаў. Проста ўсё гэта Вам ужо вядома. Калі невядома, у двух словах: стала дрэнна, бо прыйшоў постмадэрнізм (канатацыя мая — Р.С.)

Што ўяўляе кніга — тэксты, якія пісаліся цягам апошніх гадоў. З гумарам, з асалодай (ня толькі для аўтара, але й для чытача). З развагаю, з задуменьнем.

Можна чытаць: дома на канапе, у трамваі, у мэтро, на працы, на лекцыі, на вуліцы.

Нельга чытаць: тым, хто не знаёмы з беларускаю літаратураю (у поўным аб'ёме) ад старажытнасьці да васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Каментар залішні.

Карацей, калі вы думаеце, што Валянцін Акудовіч хросны бацька “Бум-Бам-Літу”, бо ён больш за ўсіх гарэлкі на хрэсьбінах з тазіка выпіў, дык гэта ня так. Проста ён Il miglior fabbro і за вас, і за таго хлопца. За жывых і за тых, што сканалі. О юнацтва маё, як забуду цябе.

Да зброі

Каля майго ложка вісіць малюнак: сьмерць з касою, збожжа й надпіс: “Да зброі!” Вы, спадар Валянцін, ці клічаце Вы нас да зброі? Я ня ведаю адказу. Але ў мяне ёсьць пытаньне. Да Вас.

Скажыце, няўжо Зьміцер Вішнёў і Славамір Адамовіч роўныя з росквітам і заняпадам мэтафізыкі? Можа быць, Вам лепш відаць.

Я ўчора даведаўся. Гомасэксуалістаў у амэрыканскім войску ажно трыццаць адсоткаў. Раней не лічылі. А тут правялі анкетаваньне й высьветлілася. Навачавідку, але неверагодна. Самі не памнажаюцца, але іх усё болей і болей.

А яшчэ ўявіце. Дзьве рэчы ў прасторы. Далёка адна ад адной. Так далёка, што (ня ведаю што, далёка). Паміж імі нічога няма. Нічога. Няма. Але яны цягнуцца адна да адной. Проста цягнуцца і ўсё. Чаму — невядома. Неверагодна, але факт. Гэтаму вучаць у школе. Гэта высьветліў сэр Якуб Ньютан.

Вось чаму вагаюцца шалі паміж павучаньнем і........ . Маску Гесіёда мне апранаць не выпадае. А эсэ неяк не да мейсца. Хоць і трэба рабіць выгляд, што мы гуляем у адную й тую гульню. Пакуль.

Крыху пра Тайлара Дэрдэна

Ён казаў, што мы ня ведалі ні Вялікай Вайны, ні Вялікай Дэпрэсіі. Мы ня ведалі. Можа, ня ведалі іх і Вы. Але я думаю інакш.

Мы пакуль што ня ведаем, што непаўторнае хараство сьняжынкі гэта не пра нас. Мы ня ведаем, што мы ня будзем багамі ці супергероямі. Мы ня ведаем гэтага.

Але Вы ведаеце гэта. Чаму ж тады Вы працягваеце гульні й заклікаеце гуляць нас? Нельга патлумачыць дачцэ, што такое постмадэрнізм. Бо для яе гэта забаўка.

Для нас ён стаўся ўсім, і мы былі б рады памерці за яго. Але за яго нельга памерці, за яго нельга жыць. За яго можна толькі мець дыягназ.

І мы маем іх. Нашто хлусіць? Вы не нарадзіліся ў. Вы былі народжаны для. Можа, Вы будзеце біць у тазік найдалей. Можа, Вы будзеце гуляць у філёзафа няма да самае сьмерці. І мы аддамо Вам прыз глядацкіх прэфэрэнцыяў.

Трэба мець мужнасьць для таго, каб казаць пра татальную адхінутасьць быцьця. Але большую мужнасьць трэба мець для таго, каб не ісьці на кампраміс з чытачом (Вы думалі, адзін Арлоў ікона), а абраць іншую эстэтыку й сказаць пра вусьціш іншымі словамі.

Колькасць гомасэксуалістаў і законы Ньютана неверагодныя, але — гэта рэчаіснасьць. Вы ёсьць. Я паціскаў Вам руку. Валянцін Васілевіч я клікаў Вас, а можа, Вы клікалі мяне.

І я спадзяюся, што калі-небудзь Вы паклічаце нас да зброі. Руйнаваць Парыж, з каменьнем, нажамі й бомбамі, а ў каго ня будзе рук — прыйдзе й стане біцца ілбом.

Напрыканцы было слова

Валянцін Акудовіч вымавіў Яго.

 

 

Сьцяпан Панаеў.
Мяне ёсьць [крыху]

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY