|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
ЖАН-ПОЛЬ САРТР. ЭКЗЫСТЭНЦЫЯЛІЗМ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
Чалавек — тое, што ён сам зь сябе робіць,— і толькі. Гэта першы прынцып экзыстэнцыялізму. Можна яго назваць і “суб'ектнасьцю” — нашыя абвінаваўцы часта ставяць на нас гэтае таўро. Але што яшчэ мы пад ім разумеем, як не ўласьцівую Чалавеку большую годнасьць у параўнаньні з каменем ці сталом? Бо мы сьцьвярджаем, што Чалавек перадусім існуе, то бок, Чалавек — гэта перадусім істота, якая кідае сябе насустрач будучыні й сьвядома ўяўляе сябе існай у гэтай будучыні. Чалавек напачатку — толькі плян, што ўсьведамляе сябе, а ня лапік моху, шматок сьмецьця ці голаў капусты. Раней за гэты плян нічога не існуе. Нічога няма на небе. Чалавек будзе такім, якім заплянуе быць. Не такім, якім выкажа волю быць — пад словам “воля” мы звычайна маем на ўвазе сьвядомае рашэньне, якое вынікае з таго, што мы ўжо зь сябе зрабілі. Можа, я хачу ўступіць у палітычную партыю, напісаць кнігу, пабрацца шлюбам; але ўсё гэта — толькі праявы ранейшага, у большай ступені стыхійнага выбару пад назваю “воля”. Аднак калі існаваньне сапраўды папярэднічае сутнасьці, то Чалавек адказны за тое, кім ён ёсьць. Таму першы крок экзыстэнцыялізму — дапамагчы кожнаму ўсьвядоміць, хто ён, і прымусіць яго адчуць усю адказнасьць за сваё існаваньне. І калі мы кажам: “Чалавек адказвае за сябе”, — то маем на ўвазе ягоную адказнасьць ня толькі за ўласную асобу, але й за ўсё чалавецтва. Слова “суб'ектывізм” мае два значэньні, што дазваляе нашым апанэнтам гуляць абодвума. З аднаго боку, суб'ектывізм значыць, што асоба абірае й робіць сябе сама. Зь іншага — што Чалавеку ня дадзена выйсьці за межы чалавечай суб'ектнасьці/суб'ектыўнасьці. Другое складае сутнаснае азначэньне экзыстэнцыялізму. Калі мы кажам, што Чалавек абірае сябе сам, то маем на ўвазе, што гэта датычыцца й кожнага з нас. Але гэта таксама азначае, што ў сваім выбары ён вырашае, якім быць і ўсім астатнім. Фактычна, ствараючы чалавека, якім мы хочам быць, кожным сваім дзеяньнем мы адначасова ствараем вобраз Чалавека, якім, на нашу думку, ён павінен быць. Зрабіць выбар на карысьць таго ці іншага — значыць сьцьвердзіць адначасова значнасьць абранага, бо ніколі мы ня можам выбраць ліха. Мы заўсёды абіраем добрае; але нішто ня можа быць добрым для нас, калі не зьяўляецца добрым для ўсіх. Зь іншага боку, калі існаваньне папярэднічае сутнасьці, калі мы прызнаем, што існуем і адначасова ствараем свой вобраз, то ён увасабляе й кожнага чалавека, і ўвесь наш час. Такім чынам, на нас ляжыць нашмат большая адказнасьць, чым можна было б уявіць: мы адказваем за ўсё чалавецтва. Калі я, просты рабочы, абраў хрысьціянскі прафсаюз, а ня стаў камуністам, і калі сваім выбарам я хачу паказаць, што найлепшае для Чалавека — пакора, што Царства Ягонае — не ад гэтага сьвету, то гэта датычыцца ня толькі мяне: я хачу несьці пакору за кожнага. А значыць, мае дзеяньні ўплываюць на ўсё чалавецтва. Возьмем больш прыватны выпадак: я хачу ажаніцца ды займець дзяцей. Нават калі гэты шлюб залежыць ад маіх уласных жыцьцёвых абставінаў, пачуцьцяў і жаданьняў, я абіраю адзінажэнства для ўсяго чалавецтва, а ня толькі для сябе. Таму я адказваю за сябе й за кожнага іншага. Сваім выбарам я ствараю пэўны вобраз Чалавека. Абіраючы сябе, я абіраю Чалавека. Тады нам робіцца зразумелым сапраўдны зьмест такіх гучных словаў, як жах, пакінутасьць, роспач. Усё гэта даволі проста. Першае: што такое “жах”? Экзыстэнцыялісты ў адзін голас кажуць, што Чалавек ёсьць жах. Што гэта азначае? Чалавек, які не стаіць у баку й пры гэтым усьведамляе, што ён — ня толькі той, кім вырашае быць, а яшчэ й заканадаўца, які ў той самы час абірае і ўсё чалавецтва,— ня можа не адчуваць сваёй усёабдымнай глыбокай адказнасьці. Зразумела, ёсьць шмат людзей, якім незнаёмы жах, але мы ўпэўненыя, што яны проста хаваюць свой жах, бягуць ад яго. Безумоўна, шмат хто лічыць, што іхныя ўчынкі датычацца толькі іх. Калі ж ім гавораць: “А што было б, калі б так дзейнічаў кожны?” — яны проста паціскаюць плячыма ды адказваюць: “Але кожны — так ня дзейнічае”. Аднак трэба заўсёды пытацца ў сябе: “Што было б, калі б усе гэтак ставіліся да жыцьця?” Пазьбегнуць гэтай трывожнай думкі можна толькі пры дапамозе “двайных стандартаў”. Чалавек, які хлусіць і апраўдвае сябе словамі: “Гэта робіць ня кожны”, мае нячыстае сумленьне, бо сваім падманам ён узводзіць хлусьню ў ранг усеагульнай каштоўнасьці. Нават імкнучыся схавацца, жах выяўляе сябе. К'еркегар назваў яго жахам Абрагама. Усе ведаюць гэты сюжэт: анёл загадаў Абрагаму прынесьці ў ахвяру свайго сына. Калі той, хто прыйшоў і сказаў: “Ты — Абрагам, прынясі ў ахвяру свайго сына”,— сапраўды анёл, тады ўсё добра. Але ў кожнага адразу ж паўстае пытаньне: “Ці гэта сапраўды анёл, а я — сапраўды Абрагам? Дзе доказы?” У адной вар'яткі былі галюцынацыі: ёй здавалася, што хтосьці тэлефануе й дае ёй загады. Доктар спытаў яе: “Хто з вамі гаворыць?” Тая адказала: “Ён кажа — Бог”. Якія ў яе былі доказы, што гэта Бог? Калі да мяне прыходзіць анёл, дзе доказы, што гэта анёл? І калі я чую галасы, якія доказы, што гэта прамаўляюць нябёсы, а не апраметная, не падсьвядомасьць ці нейкая цяжкая хвароба? Якія доказы, што яны зьвяртаюцца да мяне? Дзе доказы, што менавіта я пакліканы спраўдзіць свой выбар і сваю ідэю Чалавека ў маштабах усяго чалавецтва? Мне ніколі ня будзе ніякага пэўнага сьведчаньня ці знаку. Калі да мяне зьвяртаецца голас, то мне заўсёды й вырашаць, ці належыць ён анёлу. І калі я лічу той ці іншы ўчынак добрым, то менавіта я вырашаю, што гэта добра, а ня дрэнна. Хоць я й не абраны, як Абрагам, аднак кожнае імгненьне абавязаны зьяўляць узор іншым. Для кожнага чалавека кожная падзея ў жыцьці адбываецца так, нібыта на яго, як на маральны арыентыр, зьвернутыя вочы ўсяго чалавецтва. І кожны павінен спытацца ў сябе: “Ці я сапраўды той, хто мае права ў сваіх учынках служыць маральным арыентырам для ўсяго чалавецтва?” А іначай ён хавае ад сябе свой жах. Я кажу не пра той жах, які вядзе да пасіўнасьці, бязьдзеяньня. Я маю на ўвазе звычайны жах, знаёмы кожнаму, хто нясе адказнасьць. Напрыклад, калі афіцэр бярэ на сябе адказнасьць за атаку й пасылае салдатаў на сьмерць, гэта ягонае рашэньне і, па вялікім рахунку, толькі ягоны выбар. Зразумела, ён атрымлівае загады зьверху, але надта агульныя; і ад таго, як ён іх разумее, залежыць жыцьцё дзесяці, чатырнаццаці, дваццаці чалавек. Робячы выбар, ён ня можа не адчуваць жаху. Зь ім сутыкаюцца ўсе, хто кіруе людзьмі. Аднак жах ня ўтрымлівае іх ад дзеяньня: наадварот, ён і ёсьць самой умовай дзеяньня. Бо пачуцьцё жаху сьведчыць, што перад імі — некалькі магчымасьцяў, і, схіляючыся да адной зь іх, яны ўсьведамляюць, што сваім выбарам — і нічым больш — яны надаюць ёй вартасьць. Мы пабачым, што гэты жах, на якім засяроджвае ўвагу экзыстэнцыялізм, тлумачыцца яшчэ і наўпроставай адказнасьцю перад тымі, на кім адбіваецца наш выбар. Жах — не заслона, што аддзяляе ад дзеяньня, але частка самога дзеяньня. Ідэя пакінутасьці, гэткая любая Гайдэгеру, для нас азначае толькі адное: Бога няма, і нельга заплюшчваць вочы на ўсё, што адсюль вынікае. Экзыстэнцыяліст катэгарычна нязгодны з апалягетамі “сьвецкай этыкі”, якія хацелі б пазбавіцца ад Бога без асаблівых стратаў. Здаецца, недзе ў 80-я гады XIX ст. некаторыя францускія вучоныя паспрабавалі запачаткаваць “сьвецкую этыку”: маўляў, гіпотэза пра існаваньне Бога — бескарысная й задарагая; мы яе адкідаем. Але каб захаваць этыку, грамадзтва, цывілізацыю, надзвычай істотна надаць пэўным каштоўнасьцям абавязковы характар, сьцьвердзіць іх апрыёрнасьць. Чалавек a priori мусіць быць сумленным, не хлусіць, ня біць жонку, гадаваць дзяцей і г.д., і да т.п. Таму давайце крышачку схітруем і пакажам, што ўсё роўна існуюць нейкія каштоўнасьці, прапісаныя ў нябёсным ідэальным сьвеце, а ў астатнім Бога няма. Іншымі словамі — і да гэтага, бадай, зводзіцца ўвесь гэтак званы францускі рэфармізм — бяз Бога нічога ня зьменіцца. Пры нас застануцца тыя самыя ідэалы: сумленьне, прагрэс, гуманізм — а Бог ператворыцца ў састарэлую гіпотэзу, якая сама ціхенька адыдзе ў нябыт. Экзыстэнцыялісту ж, наадварот, роспачна ад таго, што Бога няма, бо разам зь ім зьнікае й адзіная магчымасьць знайсьці нейкія каштоўнасьці ў нябёсным ідэальным сьвеце. Больш ня можа быць a priori Добрага, бо няма бясконцага й дасканалага розуму, які яго стварыў бы. Нідзе не напісана, што Бог ёсьць, што трэба быць сумленнымі й ня хлусіць. Насамрэч мы трапілі на борт самалёта, якім ляцяць адныя людзі — і ніхто больш. Дастаеўскі сказаў: “Калі Бога няма, дык усё дазволена”. Акурат з гэтага пачынаецца экзыстэнцыялізм. Так, калі Бога няма, усё дазволена. А значыць — Чалавек пакінуты, бо ні ў самім сабе, ні вакол яму не знайсьці нічога, за што можна было б зачапіцца. Яму няма чым апраўдвацца. Калі існаваньне сапраўды папярэднічае сутнасьці, нельга ўсё тлумачыць спасылкамі на аднойчы й назаўсёды вызначаную чалавечую прыроду. Іншымі словамі, дэтэрмінізму няма, Чалавек — свабодны, Чалавек і ёсьць свабода. Зь іншага боку, калі Бога няма, то не існуе ніякіх каштоўнасьцяў ці запаветаў, каб пацьвярджаць слушнасьць нашых паводзінаў. І ў сьветлым царстве найвышэйшых каштоўнасьцяў, колькі б мы ні азіраліся назад, нам ня ўбачыць таго, што нас апраўдала б, і колькі б ні глядзелі наперад, ня ўбачыць таго, хто нас апраўдаў бы. Мы — адныя. Нам няма чым апраўдвацца. Менавіта гэтую думку я й спрабую давесьці, калі кажу: Чалавек асуджаны быць свабодным. Асуджаны, бо ня сам сябе стварыў, аднак ва ўсім астатнім ён свабодны. Асуджаны, бо, аднойчы закінуты ў сьвет, ён адказвае за ўсё, што робіць. Экзыстэнцыяліст ня верыць у моц жарсьці. Ён ніколі не пагодзіцца, што ўсёабдымная жарсьць — разбуральная плынь, якая зь неадольнай наканаванасьцю імкне чалавека да пэўных учынкаў і тым яго апраўдвае. Экзыстэнцыяліст лічыць, што Чалавек сам адказвае за свае жарсьці. На думку экзыстэнцыяліста, Чалавеку не дапамогуць ніякія зямныя знакі, каб весьці яго па сьвеце. Бо Чалавек будзе тлумачыць кожны знак, як пажадае. Таму экзыстэнцыяліст упэўнены, што Чалавек асуджаны без аніякай падтрымкі й дапамогі штохвілінна ствараць Чалавека. У адным цудоўным артыкуле Понж сказаў: “Чалавек — гэта будучыня Чалавека”. Так і ёсьць. Але яго словы нельга разумець так, нібы будучыня напісаная ў нябёсах і адкрытая Богу. Вядома, тады гэта ўжо ня будучыня. Яго словы трэба разумець так, што перад кожным чалавекам, якім бы ён ні быў, ляжыць неўзаранае поле будучыні, што кожны чалавек — каваль будучыні. Але гэта азначае, што мы пакінутыя... Таму, у імя волі да свабоды, якая вынікае з самой свабоды, я выношу прысуд тым, хто падманвае сябе, бо заплюшчвае вочы на поўную адвольнасьць і поўную свабоду свайго існаваньня. Той, хто адмаўляе поўную свабоду, хаваючыся за сваёй сур'ёзнасьцю ці спасылаючыся на дэтэрмінізм,— баязьлівец. Той, хто даводзіць абавязковасьць свайго прыходу ў сьвет (між тым як ён — выпадковы зьбег абставінаў пасьля зьяўленьня Чалавека на зямлі) — мярзотнік. Але баязьліўцаў і мярзотнікаў можна судзіць толькі бесстаронна. Таму, хоць зьмест этыкі не застаецца нязьменным, яна мае пэўную ўнівэрсальную форму. Кант гаворыць, што свабода асобы патрабуе свабоды іншых. Гэта бясспрэчна. Але, на ягоную думку, этыка можа складацца з адных фармальных і ўнівэрсальных прынцыпаў. Мы ж, наадварот, думаем, што залішне адцягненыя прынцыпы разьбіваюцца ў друз, калі прымаецца канкрэтнае рашэньне. Яшчэ раз зьвернемся да выпадку са студэнтам. У імя чаго, у імя якой вялікай маральнай максымы ён — у здаровым розуме — мог вырашыць, сысьці яму ад маці ці застацца зь ёю? Вызначыць немагчыма. Зьмест заўсёды канкрэтны й таму непрадбачны: у ім заўсёды ёсьць элемэнт імправізацыі. Істотна толькі адное — ведаць, ці рабілася гэтая імправізацыя ў імя свабоды. Разгледзім два наступныя прыклады. Вы ўбачыце, наколькі яны блізкія — і ўсё ж адрозныя. Возьмем “Млын на ручаіне”. Мы бачым маладую дзяўчыну Мэгі Тулівэр, у якой увасобіліся высокія жарсьці й якая пра гэта ведае. Яна кахае Стэфана, заручанага зь нейкай шэрай мышкай. І Мэгі Тулівэр, замест таго, каб ні на што не зважаючы, ісьці да шчасьця, вырашае, у імя чалавечай салідарнасьці, прынесьці сябе ў ахвяру й адмовіцца ад каханага. Сансевэрына з “Дому састарэлых у Парме”, наадварот, верыць, што жарсьць — сапраўдная каштоўнасьць. Яна сказала б, што вялікае каханьне вымагае ахвяраў; што яно больш вартае за банальныя сужэнскія пачуцьці, якія зьвязалі б Стэфана з той прасьцячкай, якая мелася стаць ягонай жонкай. Сансевэрына вырашыла б прынесьці ў ахвяру гэтае дзяўчо й знайсьці сваё шчасьце. Як паказвае Стэндаль, яна нават гатовая ахвяраваць сабой дзеля жарсьці, калі гэтага патрабуе жыцьцё. Тут перад намі паўстаюць два дыямэтральна супрацьлеглыя кшталты маралі. Але я перакананы, што яны шмат у чым аднолькавыя: у абодвух выпадках найвышэйшай мэтай ёсьць свабода. Уявіце сабе такія вельмі падобныя пазыцыі: адную дзяўчыну пакора вымушае адрачыся ад каханьня; другую фізычная жарсьць штурхае да таго, каб не зважаць на ранейшае каханьне любага чалавека. Вонкава абодва гэтыя ўчынкі падобныя да толькі што апісаных. Аднак паміж імі істотная розьніца. Сансевэрына са сваёй безаглядкавай неспатольнай жарсьцю нашмат бліжэй да Мэгі Тулівэр. (Адсюль відаць, што другое абвінавачаньне й справядлівае, і разам з тым несправядлівае.) Можна абраць што заўгодна, калі выбар гэты робіцца на аснове свабоднага рашэньня. І, нарэшце, апошняе пярэчаньне. Па сутнасьці, калі чалавек сам абірае свае каштоўнасьці, то яны абясцэньваюцца. Гэта як перакласьці штось з адной кішэні ў іншую. Магу толькі адказаць, што мне самому гэта прыкра, але нічога не паробіш. Трэба глядзець праўдзе ў вочы: калі я адкідаю Бога-Айца, то хтосьці павінен ствараць каштоўнасьці. Больш за тое, калі мы сьцьвярджаем, што чалавек сам стварае каштоўнасьці, гэта азначае толькі адное: жыцьцё a priori ня мае сэнсу. Перш, чым ты зьявішся на сьвет, жыцьцё — нішто, і толькі ты напаўняеш яго сэнсам. А сыстэма каштоўнасьцяў — ня што іншае, як той сэнс, які ты абіраеш. Гэта дае магчымасьць ствараць чалавечую супольнасьць. Мяне папракаюць, калі я пытаюся, ці гуманістычны экзыстэнцыялізм. Мне кажуць: “Але ў “Млосьці” Вы пісалі, што ўсе гуманісты памыляюцца. Вы нават кпілі з пэўнага тыпу гуманіста. Навошта зноў вяртацца да таго самага?” Рэч у тым, што слова “гуманізм” мае два абсалютна розныя значэньні. Пад гуманізмам можна разумець тэорыю, што разглядае Чалавека як канчатковую мэту, як найвышэйшую каштоўнасьць. Гэткі гуманізм вы знойдзеце ў аповесьці Както “Вакол сьвету за восемдзесят гадзін”, калі герой, пралятаючы на аэрапляне над гарамі, абвяшчае: “Чалавек — гэта проста фантастыка!” Гэта значыць, што я, ніяк не зьвязаны з канструяваньнем аэраплянаў, павінен адчуваць асабістую адказнасьць і асабісты гонар за дзеяньні некалькіх чалавек. То бок, мы надаем каштоўнасьць Чалавеку на падставе дасягнутага асобнымі людзьмі. Такі гуманізм — проста абсурд, бо агулам меркаваць пра Чалавека маглі б толькі сабака ці конь. Але ў іх хапае глузду гэтага не рабіць — прынамсі, наколькі мне вядома. Нельга лічыць, што чалавек можа меркаваць пра Чалавека. Экзыстэнцыялізм вызваляе яго ад такіх меркаваньняў. Экзыстэнцыяліст ніколі не назаве Чалавека канчатковай мэтай, бо той у вечным стварэньні. Нельга таксама лічыць, што можна стварыць культ чалавецтва ў духу Агюста Конта. Культ чалавецтва прыводзіць да замкнёнага на сабе гуманізму Конта і — ці трэба пра гэта казаць — да фашызму. Без такога гуманізму мы можам і абысьціся. Але “гуманізм” мае й яшчэ адно значэньне. Вось што ён уяўляе ў сваёй аснове: чалавек усячасна пераходзіць мяжу самога сябе; абрынаючыся, кідаючы сябе ў бездань, страчваючы сябе па-за сабою, ён набліжаецца да Чалавека. Зь іншага боку, ён можа існаваць толькі празь імкненьне да трансцэндэнтнай мэты. У цэнтры гэтага пераўзыходу — Чалавек. Ён і ёсьць самім пераўзыходам, ён хапаецца толькі за тое, што вядзе да пераўзыходу. Няма іншага сусьвету, акрамя чалавечага, акрамя сусьвету чалавечай суб'ектнасьці/суб'ектыўнасьці. Гэтая сувязь паміж чалавечай трансцэндэнтнасьцю (у сэнсе пераўзыходу, а не існаваньня трансцэндэнтнага Бога) і суб'ектнасьцю (у сэнсе заўсёднай прысутнасьці ў чалавечым сусьвеце, а не замкнёнасьці на сабе) складае экзыстэнцыйны гуманізм. Менавіта гуманізм, бо мы паўтараем чалавеку: акрамя цябе, іншага заканадаўцы няма — пакінуты, ты сам прымаеш рашэньні. Бо мы падкрэсьліваем: чалавек спраўдзіць сябе як Чалавека не зьвярнуўшыся ўглыб сябе самога, а шукаючы па-за сабою мэту, якая толькі й ёсьць вызваленьнем, спраўджаньнем сябе. З гэтых разваг відаць, наколькі несправядлівыя абвінавачаньні ў наш бок. Экзыстэнцыялізм — гэта толькі спроба акрэсьліць усё, што вынікае з пасьлядоўнага атэізму. Экзыстэнцыялізм зусім не імкнецца штурхнуць чалавека ў бездань роспачы. Але калі, падобна да хрысьціянаў, называць усялякае нявер'е роспаччу, то слова “роспач” ужываецца не ў сваім першасным сэнсе. Экзыстэнцыялісты не настолькі вялікія прыхільнікі атэізму, каб да зьнямогі тлумачыць, што Бога няма. Яны, хутчэй, сьцьвярджаюць, што калі б і быў Бог, гэта нічога не зьмяніла б. У гэтым — пазыцыя экзыстэнцыялістаў. Нельга сказаць, каб мы верылі ў існаваньне Бога — на нашую думку, няйстотна, існуе ён ці не. У гэтым сэнсе экзыстэнцыялізм глыбока аптымістычны, ён кліча да дзеяньня. І з боку хрысьціянаў проста несумленна не адрозьніваць сваю роспач ад нашай, а потым абвінавачваць нас ў паняверцы. Пераклаў Яўген Буры.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||