|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
ЛЮДВІГ ВІТГЕНШТАЙН. ПРА ЭТЫКУ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Людвіг Вітгенштайн. Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
Перш чым распачаць размову на абраную тэму, дазволю сабе колькі ўступных заўваг. Прадчуваю, што, перадаючы вам свае думкі, я сутыкнуся з пэўнымі праблемамі, і лічу, што будзе нам значна прасьцей, калі я загадзя гэтыя праблемы акрэсьлю. Першая, пра якую можна было б і не казаць, палягае ў тым, што ангельская мова мне ня родная, і таму словам маім часта не хапае дакладнасьці й вытанчанасьці — такіх пажаданых, калі гаворыш пра складаныя рэчы. Мне застаецца толькі папрасіць вас паспрабаваць зразумець, што ж я маю на ўвазе, ды дараваць мае грахі супраць ангельскае граматыкі — і тым аблегчыць мне справу. Другая праблема. Падобна, шмат хто з вас прыйшоў сюды зь не зусім адпаведнымі чаканьнямі. І каб расставіць кропкі над “і” — некалькі словаў пра тое, чаму я абраў менавіта гэтую тэму. Калі ваш былы сакратар зрабіў мне вялікі гонар просьбаю прачытаць лекцыю для вашай супольнасьці, першай маёй думкай было, безумоўна, пагадзіцца. Другой — што калі мне надарылася магчымасьць зьвярнуцца да вас, дык я мушу казаць пра тое, што сапраўды жадаю данесьці, а не выкарыстоўваць марна такую магчымасьць, каб прачытаць лекцыю, скажам, па лёгіцы. Марна — бо каб растлумачыць нешта навуковае, спатрэбіўся б курс лекцыяў, а не гадзінная гутарка. Іншай альтэрнатывай было б прапанаваць, што называецца, навукова-папулярную лекцыю, каб вы паверылі, быццам разумееце рэчы, якія напраўду не разумееце, і каб задаволіць, на маю думку, адное з найніжэйшых памкненьняў сучаснага чалавека — павярхоўную цікаўнасьць да апошніх навуковых адкрыцьцяў. Адкінуўшы згаданыя альтэрнатывы, я вырашыў паразмаўляць з вамі на тэму, якая, мне падаецца, мае ўсеагульную значнасьць. Спадзяюся, што такі мой выбар дапаможа вам дакрануцца да сутнасьці адзначанай тэмы (нават калі вы цалкам не пагодзіцеся з тым, што я буду казаць). Трэцяя й апошняя праблема (уласьцівая, бадай, усім філязофскім лекцыям) — у тым, што слухач ня ў стане ўвадначасьсе бачыць і шлях, якім яго вядуць, і мэту, да якой гэты шлях вядзе. То бок, альбо ён думае: “Я разумею ўсё, што ён кажа, але куды ж ён хіліць?”, альбо: “Бачу, куды ён хіліць, але як жа ён зьбіраецца дайсьці да сваёй мэты?” Мне нічога не застаецца, акрамя як зноўку прасіць у вас цярплівасьці й спадзявацца, што, можа, напрыканцы вы ўбачыце й шлях, і мэту. Таму пачынаем. Маёй тэмай, як вы ведаеце, будзе Этыка. Я спынюся на вызначэньні гэтага панятку, як яго падае прафэсар Мур у сваёй “Principia Ethika”: “Этыка — гэта агульнае дасьледаваньне, што ёсьць добрым”. А зараз дазвольце мне ўжыць слова “Этыка” ў трохі шырэйшым сэнсе — у сэнсе, які ахоплівае, на маю думку, найбольш сутнасную частку таго, што звычайна завецца Эстэтыкай. І каб вы як мага лепей зразумелі, што я маю на ўвазе пад Этыкай, згадаю шэраг адносна сынанімічных выразаў, кожны зь якіх можна падставіць у гэтае азначэньне. Тут я імкнуся да таго эфэкту, які атрымаў Гальтан, калі на адной фотапласьціне пасьлядоўна сфатаграфаваў некалькі твараў, каб пабачыць іх тыповыя рысы. На падобным “калектыўным фота” вы ўбачылі б твар тыповага, скажам, кітайца. Гэтаксама спадзяюся, калі вы праглядзіце мой шэраг сынонімаў, то атрымаеце ўяўленьне пра вызначальнае, асноўнае для іх, — гэта й будзе вызначальнае, асноўнае ў Этыцы. Замест “Этыка — гэта агульнае дасьледаваньне, што ёсьць добрым” я мог бы сказаць: “Этыка — гэта дасьледаваньне, што ёсьць каштоўным ці што ёсьць сапраўды істотным”; я мог бы сказаць: “Этыка — гэта дасьледаваньне, што ёсьць сэнсам жыцьця, ці што робіць жыцьцё вартым, ці што ёсьць правільным ладам жыцьця”. Думаю, усе гэтыя выразы збольшага даюць уяўленьне, чым ёсьць Этыка. Але ідзем далей. Першае, на што зьвяртаеш увагу ва ўсіх скарыстаных выразах,— прысутнасьць у кожным двух абсалютна розных сэнсаў. Назавем іх, з аднаго боку, звычайным, ці адносным; і этычным, альбо абсалютным,— з другога. Калі, напрыклад, я кажу, што крэсла — добрае, то гэта значыць, што яно адпавядае пэўнаму прызначэньню. Слова “добры” мае тут сэнс роўна настолькі, наколькі рэччу выконваецца яе прызначэньне. Фактычна, слова “добры” ў адносным сэнсе азначае проста набліжэньне да пэўнага вызначанага ўзору. Такім чынам, калі мы кажам: гэты чалавек — добры піяніст, то маем на ўвазе, што ён можа граць творы пэўнай ступені складанасьці з пэўным узроўнем майстэрства. І падобна, калі я кажу, што мне істотна не захварэць, то маю на ўвазе, што хвароба стварае пэўныя бачныя нязручнасьці ў маім жыцьці; і калі кажу: гэта правільны шлях, то маю на ўвазе, што гэта правільны шлях да пэўнае мэты. У такім сэнсе за гэтымі выразамі не паўстае аніякіх складаных і глыбокіх праблемаў. Але ня так выкарыстоўвае іх Этыка. Дапусьцім, я гуляю ў тэніс. Хтось з вас бачыць, як я гуляю, і гаворыць: “Ведаеце, Вы гуляеце даволі дрэнна”, — і я адказваю: “Я ведаю, што дрэнна, але не хачу лепей”. Тады крытыку толькі й застанецца прамовіць: “А, тады добра”. Але дапусьцім, што я нахабна схлусіў і чую: “Вы паводзіцеся па-сьвінску”,— а я адказваю: “Так, я ведаю, але не хачу лепей”. Ці пачуў бы я: “А, тады добра”?.. Безумоўна, не. Мне сказалі б: “Але Вы мусіце хацець лепей”. Гэта меркаваньне пра абсалютную вартасьць, у той час як першы прыклад уяўляў зь сябе адноснае меркаваньне. У чым жа сутнасная розьніца? Кожнае меркаваньне пра адносную вартасьць — усяго толькі сьцьверджаньне фактаў, а таму яго можна падаць у такой форме, што яно страціць усе рысы меркаваньня пра вартасьць. Замест “гэта правільны шлях на Грэнчэстэр” я мог бы з гэткім самым посьпехам сказаць: “Гэта той шлях, калі Вам трэба як найхутчэй трапіць у Грэнчэстэр”. “Гэты чалавек добра бегае” проста значыць, што ён прабягае пэўную адлегласьць за пэўны час, і да т. п. Хоць і можна давесьці, што ўсе меркаваньні пра адносную вартасьць — ня больш чым сьцьверджаньне фактаў, мне хацелася б зазначыць, што аніякае сьцьверджаньне фактаў ніколі ня можа быць меркаваньнем пра абсалютную вартасьць або хоць бы яго прычынай. Дазвольце растлумачыць. Дапусьцім, ёсьць сярод вас адзін усяведны, якому адкрытыя станы ўсяго на сьвеце, жывога й мёртвага, і душы ўсіх людзей, якія калі-небудзь жылі на зямлі. Дапусьцім, ён стварыў вялікую кнігу, каб выкласьці ўсё, што ведае. Гэта было б поўным апісаньнем сьвету. Але падкрэсьлю: у падобнай кнізе ня знойдзецца анічога, што можна было б назваць этычным сьцьверджаньнем ці з чаго этычнае сьцьверджаньне лягічна выцякала б. Кніга будзе зьмяшчаць толькі адное — усе меркаваньні пра адносную вартасьць, усе сапраўды навуковыя сьцьверджаньні — фактычна, усе магчымыя слушныя сьцьверджаньні. Але ўсе пададзеныя факты будуць нібыта раўнавартасныя — гэтаксама, як і ўсе сьцьверджаньні. Там ня будзе ніводнага сьцьверджаньня звышкаштоўнага, значнага ці няйстотнага — у абсалютным сэнсе. Магчыма, цяпер некаторыя з вас і пагодзяцца са мной ды ўспомняць Гамлетавы словы: “Дабро і зло не існуюць самі па сабе, іх утварае думка”. Але й тут можна памыліцца. З выслоўя Гамлета вынікае, што добрае й ліхое, хоць і не належаць сьвету навакольнаму, але ўяўляюць зь сябе неад'емныя ўласьцівасьці нашага мысьленьня. Я ж кажу, што душэўны стан — у той ступені, у якой мы разумеем пад ім штосьці апісальнае, — ня ёсьць добрым ці благім у этычным сэнсе. Калі, напрыклад, у нашай “Сусьветнай энцыкляпэдыі” мы прачытаем апісаньне забойства ва ўсіх фізычных і псыхалягічных ягоных падрабязнасьцях — у самім апісаньні фактаў ня знойдзецца нічога, што мы маглі б назваць этычным сьцьверджаньнем. Забойства будзе раўнавартасным кожнай іншай падзеі, няхай сабе й падзеньню каменя. Вядома, азнаёміўшыся з гэтым апісаньнем, мы, магчыма, адчуем боль, альбо гнеў, альбо якія іншыя эмоцыі ці даведаемся пра боль і гнеў іншых. Аднак гэта будуць толькі факты, і нічога большага за факты, — Этыкі тут няма. Трэба сказаць, калі я разважаю, чым жа напраўду мусіла б быць Этыка як навука, нашая выснова падаецца мне цалкам відавочнай. Бясспрэчна, усё, што мы ні падумалі б, што мы ні сказалі б, — ніколі Этыкай ня будзе. Бо немагчыма стварыць навуковую працу, паводле сваёй сутнасьці прысьвечаную найвялікшаму, найвышэйшаму за ўсё астатняе. Я магу апісаць гэта толькі мэтафарай: калі хто-кольвек змог бы напісаць кнігу пра Этыку, якая сапраўды была б кнігай пра Этыку, то сваім выбухам яна зьнішчыла б усе іншыя кнігі. Словы, якімі карыстаецца навука, — пасудзіны, здольныя толькі зьмяшчаць ды перадаваць значэньне й сэнс — натуральныя значэньне й сэнс. Калі да чаго й мае дачыненьне Этыка, дык адно да звышнатуральнага, а словы нашыя здольныя ўсяго толькі адлюстроўваць рэальныя факты — гэтак кубак гарбаты, колькі ў яго ні налівай гарбаты, няздольны зьмясьціць ні на кроплю больш, чым можа зьмясьціць. Я сказаў, што датычна фактаў і сьцьверджаньняў ёсьць толькі адноснае “добра”, адноснае “варта” і “правільна”... І дазвольце, перш чым я працягну, праілюстраваць гэта даволі відавочным прыкладам. Правільны шлях — той, які вядзе да сьвядома вызначанай мэты, і ўсім нам зразумела, што бессэнсоўна казаць пра правільны шлях у адрыве ад такой мэты. А цяпер давайце разгледзім, што мы маглі б укладаць у выраз “абсалютна правільны шлях”. Думаю, гэта шлях, якім кожны, хто яго ўбачыць, зь лягічнай неабходнасьцю мусіў бы ісьці, а іначай яго мучылі б згрызоты сумленьня. Падобна й абсалютнае добра, калі яго толькі можна было апісаць, — гэта тое, што кожны, незалежна ад свайго густу й схільнасьцяў, зь неабходнасьцю зьдзяйсьняў бы, а іначай адчуваў бы сябе вінаватым. Але гэта проста хімэра. Бо ніводная сытуацыя ня мае ў сабе таго, што я назваў бы “воляй найвышэйшага судьдзі”. Тады што ўсе мы, хто дасюль паддаецца спакусе прамаўляць “абсалютнае добра”, “абсалютнае варта” й да т. п.,— што імкнемся мы перадаць і спрабуем выказаць гэтым выслоўем? Кожнага разу, як я шукаю адказ на гэтае пытаньне, то, натуральна, згадваю выпадкі, калі я абавязкова ўжыў бы гэтыя выразы. І калі я чытаў бы вам лекцыю, напрыклад, пра псыхалёгію асалоды, вы хутка самі адчулі б стан, у якім апынаюся я, згадваючы тыя выпадкі. Адразу ж вы ўспомнілі б моманты, якія заўсёды прыносяць вам насалоду. І калі вы станеце трымаць іх у галаве, то ўсё, што я ні казаў бы, будзе для вас цалкам зразумелым і, так бы мовіць, падкантрольным. Камусьці, напэўна, прыйдзе на памяць шпацыр сонечным летнім днём. Прынамсі, менавіта яго я згадваю, калі спрабую засяродзіцца на тым, што значыць абсалютная, ці этычная, вартасьць. І што да мяне, то тут мне заўсёды ўспамінаецца якраз гэтае перажываньне — у пэўным сэнсе, досьвед par excellence. Таму дазвольце зьвярнуцца да яго як да найбольш яскравага прыкладу. (Як я ўжо адзначаў, гэта цалкам суб'ектыўная рэч і іншых глыбей уразяць іншыя прыклады.) Сфармулюю вынік гэтага перажываньня, каб і вам прыйшло на памяць нешта падобнае й такім чынам мы маглі б паразумецца. “У падобныя моманты я задзіўлены існаваньнем сьвету”,— гэтыя словы, бадай, найлепш перадаюць стан, які я маю на ўвазе. Мне хочацца казаць: “Як дзівосна, што нешта ўвогуле існуе”, альбо: “Як дзівосна, што сьвет — існуе”. Адразу закрану яшчэ адное адчуваньне, хутчэй за ўсё, знаёмае ня толькі мне. Назавем яго адчуваньнем абсалютнай бясьпекі. Я маю на ўвазе адчуваньне, калі хочацца сказаць: “Я ў бясьпецы, мне немагчыма зрабіць ніякага ліха, што б ні здарылася”. Давайце зараз прааналізуем гэтыя перажываньні, бо, на маю думку, яны выяўляюць тыя самыя рысы, сутнасьць якіх мы імкнемся спасьцігнуць. І найперш мушу адзначыць: выказаныя ў словах што першае, што другое ператвараюцца ў поўную бяссэнсіцу! Фраза “Я задзіўлены існаваньнем сьвету” — узор неадпаведнага словаўжываньня. Патлумачу. Цалкам зразумела, калі хтось слушна скажа: “Я задзіўлены тым і тым”. Для кожнага празрысты сэнс выразу: “Дзіва, які велізарны сабака — я ніколі такога ня бачыў”, ці проста: “Я задзіўлены чым-кольвек незвычайным” — у звыклым, побытавым сэнсе слова. Так ці іначай я задзіўлены існаваньнем нечага, што зь лёгкасьцю магло б і не існаваць. Я задзіўлены памерамі сабакі, таму што магу ўявіць іншага — звычайнага росту, які мяне ня зьдзівіць. Сказ “Я задзіўлены тым і тым” набывае сэнс толькі тады, калі таго й таго зь лёгкасьцю магло б і не існаваць. Гэтак можна дзівіцца, калі бачыш дом, у якім ня быў шмат гадоў і думаў, што яго ўжо зьнесьлі. Але словы “Я задзіўлены існаваньнем сьвету” — бяссэнсіца, бо проста нельга ўявіць, каб сьвету не існавала. Зразумела, я магу дзівіцца, што сьвет вакол мяне ёсьць такі, які ёсьць. Калі б, напрыклад, мне прыходзіла гэтае перажываньне, калі я гляджу на блакітнае неба, то можна было б дзівіцца блакіту неба — у процівагу небу пахмурнаму. Аднак я дзіўлюся небу, якім бы яно ні было. Тут, мабыць, нехта не ўтрымаецца: “Тое, што, як Вы кажаце, Вас задзіўляе, — насамрэч чыстая таўталёгія: Вы задзіўлены й небам блакітным, і не блакітным”. Але й бяссэнсіцай выглядаюць словы, што ты задзіўлены таўталёгіяй. Тое самае датычыцца й адчуваньня абсалютнай бясьпекі. Усім вядома, што ў звычайным жыцьці азначае быць у бясьпецы. Я ў бясьпецы ў сваім пакоі — мяне не пераедзе омнібус. Я ў бясьпецы, калі перахварэў на кохлік,— і ён мне больш не пагражае. Па сутнасьці, “быць у бясьпецы” азначае, што пэўныя рэчы фізычна ня могуць здарыцца, і таму абсурдна казаць: “Я ў бясьпецы, што ні здарылася б”. Гэта зноў-ткі ўзор недакладнага словаўжываньня, як і ў папярэднім выпадку са словамі “існаваньне” ці “задзіўлены”. Мне хацелася б, каб вы засвоілі: своеасаблівае недакладнае словаўжываньне ўласьцівае ўсім выказваньням этычнага й рэлігійнага зьместу. Усе яны выглядаюць, prima facie, толькі параўнаньнямі. Калі мы ўжываем слова “добры” ў этычным сэнсе, ён хоць і не адпавядае сэнсу побытаваму, але мае зь ім штосьці агульнае. Хоць у фразах “Гэта добры хлопец” і “Гэта добры футбаліст” слова “добры” мае розныя значэньні — але ўсё-ткі заўважаецца нейкае падабенства. І, кажучы: “Жыцьцё гэтага чалавека мела вялікую каштоўнасьць”,— мы ўкладаем у сказ зусім іншы сэнс, чым калі апісвалі б каштоўныя камяні, — але пэўная аналёгія прасочваецца. Адсюль відаць, што ўсе рэлігійныя паняткі ў такім сэнсе ўжываюцца як параўнаньні ці алегорыі. Бо калі мы гаворым пра Бога, пра Яго ўсёбачнасьць, калі мы кленчым і ўзносім да Яго малітвы, хіба ўсе нашыя дзеі ды словы ня ёсьць часткай выкшталцонай, дэталёва распрацаванай алегорыі, у якой Бог выяўляецца як надзелены найвялікшай магутнасьцю чалавек, чыю ласку мы й спрабуем заслужыць,— і да т. п.? Але гэтая алегорыя апісвае яшчэ й выпадкі, якія я толькі што згадваў. Бо, на маю думку, тое, што мы адчуваем, прамаўляючы: “Бог стварыў сьвет”,— дакладна перадае першае перажываньне. Калі мы кажам, што пачуваемся ў бясьпецы ў руках Божых, то гэтыя словы тлумачаць, што значыць абсалютная бясьпека. Яшчэ адным падобным перажываньнем будзе пачуцьцё віны, якое апісваецца фразай: “Бог не ўхваляе нашых паводзінаў”. Такім чынам, у мове Этыкі альбо Рэлігіі мы заўсёды карыстаемся параўнаньнямі. Аднак параўнаньні заўжды мусяць быць параўнаньнямі чагосьці. І калі я магу апісаць факт праз параўнаньне, то павінен умець абыходзіцца без параўнаньня. У нашым выпадку, як толькі мы спрабуем проста, без параўнаньня, сьцьвердзіць факты, якія за ім стаяць, то бачым, што саміх фактаў няма. Тое, што напачатку здавалася параўнаньнем, цяпер выглядае чыстай бяссэнсіцай. Тры перажываньні, якія я называў (а мог бы дадаць яшчэ), здаюцца тым, хто зь імі знаёмы (прынамсі мне), у пэўным сэнсе сутнасна й абсалютна каштоўнымі. Але калі гэта перажываньні, то, значыць, яны й факты таксама, бо адбыліся ў пэўным месцы ў пэўны час і мелі пэўную працягласьць — і таму іх можна апісаць. Пасьля ўсяго вышэй сказанага я вымушаны прызнаць бяссэнсіцай сьцьверджаньне, што яны маюць абсалютную вартасьць. Выкажам гэтую думку памежна рэзка й проста: “Парадаксальна, што перажываньне, факт нібыта маюць звышнатуральную вартасьць”. Але зараз я, бадай што, паддамся спакусе зьняць гэты парадокс. Дазвольце зноў разгледзець першае нашае перажываньне — задзіўленасьць існаваньнем сьвету — і апісаць яго ў крыху іншым ракурсе. Усе мы ведаем, што ў паўсядзённым жыцьці завецца цудам. Відавочна, гэта падзея, нічога падобнага да якой мы ніколі ня бачылі. Цяпер дапусьцім, што-кольвек такое адбылося. Напрыклад, у аднаго з вас вырасла ільвіная галава ды пачала, натуральна, рыкаць. Вядома, нічога больш звышнатуральнага і ўявіць сабе немагчыма. Але калі мы крыху ачомаліся б ад зьдзіўленьня, я прапанаваў бы выклікаць лекара, каб той дасьледаваў гэты выпадак з навуковага гледзішча, і калі б не магчымыя пакуты (ня доктара, зразумела), я пэўна настойваў бы на вівісэкцыі гэтай істоты. І куды падзеўся б цуд? Ясная рэч, пры такім разглядзе ўсё цудоўнае зьнікае — калі не лічыць за цуд ня больш чым яшчэ не растлумачаны навукаю факт (то бок факт, дасюль ня ўлучаны ў навуковую сыстэму веды). Таму хіба не абсурдам будзе казаць: “Навукова даказана, што цудаў няма”? Рэч у тым, што навука не глядзіць на факты як на цуды. Які факт вы ні ўявілі б, нічога дзівоснага ў ім ня будзе — у абсалютным сэнсе гэтага слова. І відавочна, мы ўжываем слова “цуд” у абсалютным і адносным сэнсе. А зараз я трохі іначай сфармулюю, што значыць быць задзіўленым існаваньнем сьвету: гэта ўспрымаць сьвет як цуд. Не магу не заўважыць, што ў мове слушна выяўлены цуд існаваньня сьвету — нават ня нейкае сьцьверджаньне сродкамі мовы, а існаваньнем самой мовы. Але што тады значыць часам усьведамляць гэты цуд, а часам — не? Калі я сцьвярджаю, што цуд выяўляецца ня ў сродках мовы, а ў самім існаваньні мовы, то гэтым пераносам даводжу ізноў тое самае: немагчыма выказаць тое, што мы імкнемся выказаць. І таму ўсё, што мы гаворым пра абсалютны цуд,— бяссэнсіца. Між тым да разгадкі — ня больш за крок. Вы скажаце: “Што ж, калі пэўныя перажываньні кожнага разу змушаюць нас надаваць ім абсалютную, ці этычную, вартасьць і каштоўнасьць, то, зразумела, у гэтыя словы мы ніяк не ўкладаем бяссэнсіцу. Урэшце, калі мы гаворым: “Тое ці тое перажываньне мае абсалютную вартасьць”,— гэта такі самы факт, як і іншыя. Мы проста яшчэ ня ўмеем аналізаваць з гледзішча лёгікі сэнс выказваньняў, якія нясуць этычны ці рэлігійны зьмест. І нарэшце ў гэтым сьвятле мне яскрава, нібы ў сполаху маланкі, відаць усю карціну. Відаць, што якое апісаньне ні прыйшло б мне да галавы, яно не раскрые сэнсу абсалютнай вартасьці. Больш за тое: я адкінуў бы кожнае сэнсоўнае апісаньне ab initio на падставе ягонай сэнсоўнасьці. То бок цяпер мне зразумела: гэтыя выразы бессэнсоўныя не таму, што я проста яшчэ не знайшоў адпаведных словаў, а таму, што ў іх бессэнсоўнасьці й ёсьць самая іх сутнасьць. Бо празь іх я імкнуся толькі да аднаго: выйсьці за межы гэтага сьвету, а значыць, за межы сэнсоўнай мовы. Думаю, як і кожны, хто хоць калі наважыўся пісаць ці гаварыць пра Этыку ці Рэлігію, я ўсячасна натыкаюся на межы, пастаўленыя мовай. Біцца вось так аб краты — зусім і цалкам безнадзейная справа. Этыка, паколькі яна паўстае з жаданьня сказаць штосьці пра найвышэйшы сэнс жыцьця, пра абсалютныя каштоўнасьці, пра абсалютнае “добра”,— ня можа быць навукай. Словы пра Этыку да нашай веды не дадаюць анічога. Але яны сьведчаць пра памкненьні чалавечага розуму, да якога я асабіста не магу ня ставіцца з глыбокай павагай і зь якога ніколі ў жыцьці ня буду кпіць. Пераклаў з ангельскае Яўген Буры.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||