|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
АНДРЭЙ БОНДАР. АПАВЯДАНЬНІ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Андрэй Бондар. Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
Хэмінгуэй-Гэмінгвэй Хэмінгуэй ды Гэмінгвэй — ня два варыянты напісаньня прозьвішча аднаго пісьменьніка, а дзьве цалкам розныя асобы зь непадобнымі біяграфіямі й бібліяграфіямі, антыпатыямі й упадабаньнямі, маніямі й фобіямі. І не таму, што Hemingway быў хранічным шызафрэнікам. Падвойваўся ён выключна ў маёй юначай фантазіі, што сьведчыла хутчэй пра яе, то бок мае, шызафрэнічныя схільнасьці. Першы (яго яшчэ запанібрата называлі “дзядзька Хэм”) — пяцідзесяцігадовы барадач са стрэльбаю ў руках — вісеў на сьцяне (побач з саладжавым лавэласам неакрэсьленай жыцьцёвай арыентацыі Сяргеем Ясеніным масквакабацкага пэрыяду) і гандляваў адтуль сваёй сымпатычнай пысай. Пыса падабалася кабетам за пяцьдзесят і якраз цягнула на апошні прыўкрасны вобраз перад няўмольным клімаксам. Другі — мярцьвяк з прастрэленаю наскрозь галавою — прыходзіў у сьне й кароткімі простымі фразамі зь нейкім дзікім падтэкстам у форме айсбэргу запрашаў цябе зьезьдзіць разам парыбаліць на стронгу ці акулу. Ты своечасова згадваў, што ў тваіх глеістых вадаёмах такой рыбы як сьвет стаіць не было, і ветліва адмаўляўся ад запрашэньня. Невядома, чым магла скончыцца для цябе такая начная фіеста ў кампаніі мерцьвяка з прастрэленаю галавою. Але далікатны прывід не настойваў і звычайна адступаў у глыбокае падсьвядомае, аддаючы, такім чынам, рэшту твайго сну на глум мясцовай сьнёнай публікі. Першы, хранічна нечытаны й шматтомны, ляжаў на кніжнай палічцы ў чаканьні чалавека, які разрэжа, нарэшце, склееныя старонкі кухонным нажом, дэфляраваўшы гэтак небясьпечнае савецкае выданьне ў перакладзе Калашнікавай, Топера, Кулагінай-Ярцавай, Голышавай, Ізакова ды іншых. Дарэчы, якраз Калашнікава ў перапынках між перакладам частак раману “Бывай, зброя” дарма часу не губляла. Калі аўтару карцела як мага хутчэй разьвітацца са зброяю, дык нашая гераіня цешылася яе канструяваньнем. Так неўзабаве зьявіўся на сьвет легендарны аўтамат Калашнікавай. Кажуць, што акурат ім, а ніякай не паляўнічай стрэльбай, Хэмінгуэй прашыў сабе заднюю сьценку чэрапа. Гэтак выбітны паляўнічы й ваенны журналіст, адолены невылечнаю хваробаю, вырашыў аддзячыць усім сучасным і будучым чытачам Савецкага Саюзу за цярплівую любоў да стрыманага стылю ягонай прозы ды багатага асабістага жыцьця. Тое, што пазьней плявузгалі буржуазныя мэмуарысты пра калібр вінтоўкі й амаль непашкоджаную чарапную каробку, застаецца на іхным сумленьні. На карысьць нашае вэрсіі сьведчыць той красамоўны факт, што якраз у 1960-м годзе на Кубу ў выглядзе першай партыі гуманітарнай дапамогі прыйшла першая тысяча аўтаматаў Калашнікавай. Адзін з тых аўтаматаў быў набыты вялікім празаікам на чорным рынку Гаваны за скрыню ямайскага рому ды навюткі амэрыканскі сьпінінг у рыбака Грэгорыё Фуэнтаса, услаўленага пазьней у несьмяротнай аповесьці “Стары й мора”. Дарэчы, стары, у адрозьненьне ад свайго суіцыдальнага кліента, дажыў да ХХІ стагодзьдзя, дацягнуўшы да ста чатырох гадоў. Другі, у адрозьненьне ад Першага, не губляў часу на флірт з Савецкім Саюзам ды нарываўся на шматлікія драпіны, раны й калецтвы, прайграваў у казыно буйныя сумы грошай, любіў жанчынаў і матадораў, Парыж і Гертруду Стайн, Шэрвуда Андэрсана, Ханса-Крыстыяна Андэрсана й Марціна Андэрсана-Нэксэ — пачынальніка дацкай сацрэалістычнай літаратуры, раманам якога “Пэле-заваёўнік” зачытваўся ў дзяцінстве. Якраз гэтага другога сустрэў у свой час легендарны й невылечны плэйбой украінскай літаратуры ды музыкі Юрко Пакальчук, што ў тым самым 1960-м годзе высадзіўся на аэрадроме Гуантанама разам з дружнаю савецкаю дыпляматычнаю місіяй па ўрэгуляваньні карыбскага крызысу. Шматлікія здымкі й аўтографы, якімі стракацяць выставачныя залі музэю савецка-кубінскае дружбы, ёсьць красамоўным сьведчаньнем тае гістарычнае сустрэчы. Пасьля працяглых перамоваў атрад СЬМЕРШу вырашыў зьнішчыць савецкую місію як непажаданых сьведкаў Гэмінгвэя. Ацалець у няроўным двубоі з савецкім гестапа пашчасьціла толькі Юрку Пакальчуку, які неўзабаве далучыўся да партызанскае барацьбы Эрнэста Чэ Гевары ў Лацінскай Амэрыцы й ледзь не штодня браў інтэрвію ў яго ды ягонай шматлікае сям'і. Жыцьцёвыя шляхі Юрка й Чэ разышліся ў 1968-м годзе, калі партызанская вайна зайшла ў тупік і насьпявала рэвалюцыйная сытуацыя ў Парыжы, якому так быў патрэбны Пакальчук і якім (Парыжам — не Пакальчукам) так захапляўся Гэмінгвэй. Што за ролю ў той гісторыі адыграў лідар кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра Рус (гэтае “Рус” выразна ўказвае або на колер валасоў, або на кіеўскае паходжаньне), гісторыя замоўчвае. Ну й дарэмна. Кажуць, Юрко Пакальчук пасьпеў пасябраваць і зь ім. Першы ня вельмі шанаваў Другога за ягоную таямнічасьць ды заўсёдныя спробы дыскрэдытацыі. Праз тое ў яго імкліва разьвівалася манія перасьледу й адкрылася язва дванаццаціпалай кішкі. Даходзіла да таго, што на Другога падавалася скарга ў Эўрапейскі Суд Рэканструкцыі й Разьвіцьця, хоць аніводзін суд ужо ня здольны быў аднавіць душэўнай раўнавагі Першага. Потым Першы абвінавачваў небараку-Другога ў сымпатыях да левай ідэі й правабаковага руху, злоўжываньнях лёгкімі наркотыкамі й нясплочваньні падаткаў, любові да філязофіі экзыстэнцыялізму ды прозы Ўладзімера Набокава й Алеся Ганчара — далёкага сваяка Юрыя Пакальчука. Дарэчы, якраз вобраз Шуры Яснагорскай з Ганчаровых “Сьцяганосцаў” пакладзены ў аснову вобразу Кэтрын Барклі з раману “Бывай, зброя”. Другому ўсё гэта было па цымбалах, хоць цымбалаў якраз у яго ніколі й не было. Затое было шмат чаго іншага. Гэты Другі ўжо ведаў, што юны Іван Драч даўно павыразаў лязом “Восток” і сьцібрыў усе ягоныя партрэты й партрэцікі з Рэспубліканскай Бібліятэкі УССР імя КПСС, што мулы аднаполыя, а анёлы бясполыя, што жураўлі на Палесьсе ляцяць, што лепей жыць на каленях, чым з нажом у жываце, што сонца ўзыходзіць толькі для японцаў, а заходзіць толькі для гавайцаў, што дровы рубаць не рубаі пісаць, што калі пасцаць на аголены дрот, будзе вельмі непрыемна, што манная каша прыліпае да барады, што санітары злосныя й нашпільгаюць цябе антабусам, што Бог мае толькі тры іпастасі й чацьвертае ня быць. Вось так разрозна жывуць яны й дагэтуль, разьдзяляючы радасьці ды беды, посьпехі ды няўдачы. Час ад часу адлятаюць яны ў свой мужыцкі вырай, дзе поўна стронгі й рому, дзе ніколі ня ведаеш, па кім звон, дзе аніводная курва не назаве іх страчаным пакаленьнем, дзе з Кіліманджара ніколі не сыходзіць сьнег.
Дзед Тодась Дзед Тодась не любіў мыцца й ніколі ня мыўся, бо яму, маўляў, не дазвалялі гэтага дактары. Ён даводзіўся мне стрыечным дзедам, гэта значыць, быў братам майго дзеда з бацькавага боку. Нехта клікаў яго Тадосіем, нехта — Феадосіем Лазаравічам, бацька зьвяртаўся да яго “дзядзька”, а за вочы, як і ўсе мае родныя, скарыстоўваў звычнае й найбольш адпаведнае — “дзед Тодась”. Дзед Тодась прыходзіў да нас у госьці звычайна раз на тыдзень, прыносячы ў непамернай кішэні зашмальцаваныя карамэлькі. Есьці мы іх не наважваліся, бо выглядалі яны, мякка кажучы, падазрона. Па выглядзе абгорткі вызначыць год вырабу гэтых ласункаў было немагчыма, але мы здагадваліся, што іхны век прыблізна супадае ў часе з днём нараджэньня майго старэйшага брата. Некашэрныя цукеркі пэўны час туліліся адна да другой на кухонным стале, а потым бязьлітасна выкідаліся мамінаю рукою ў сьметніцу. Дзед Тодась прыходзіў пагуляць з маім бацькам у шахматы. Шахматыстам ён быў яўна слабым. Каб неяк пацешыць старога (мабыць, з павагі да ягонага прыстойнага веку), тата здаваў яму некалькі партыяў. Стары неймаверна голасна рагатаў ад радасьці. Калі ж ягоны дух рабіў немагчымым далейшае знаходжаньне ў кватэры, бацька пачынаў бязьлітасна разьбіваць хітрамудрую абарону нашага нечыстаплотнага Капабланкі, чым набліжаў момант ягонага блаславёнага сыходу. Праз тыдзень дзед Тодась прыходзіў зноў, і зноў нам усёю сям'ёю даводзілася перажываць хімічна-бактэрыялягічную атаку, выставіўшы на пярэднія шахматныя пазыцыі нашыя найлепшыя гросмайстарскія сілы — бацьку, які даводзіўся яму найбліжэйшым сваяком. Можа, і ня варта пра яго згадваць, але ён быў сапраўдным дыямантам майго дзяцінства, чалавекам, ад якога заўжды патыхала нямытым дзедуганам ды якойсьці падпольнаю гісторыяй. А можа, ня мыўся ён таму, што баяўся змыць зь сябе гісторыю? Магчыма, кожны пласт бруду быў новым культурным пластом нейкай невядомай археалягічнай культуры й таму не падлягаў ачышчэньню, то бок зьнішчэньню. Ён выдатна ведаў сабе цану, бо ўсьведамляў уласную ўнікальнасьць. Чалавек з падпольля Дастаеўскага, ніцшэанскі Ubermensch, чалавек бязь якасьцяў,— вось кім безь перабольшаньня быў мой дзед Тодась. Эстэтыка ягонага жыцьця была ня толькі пасьлядоўна антысавецкаю, а й пасьлядоўна антыграмадзкаю. І не таму, што ён неяк асабліва палка не любіў людзей. Такія чалавечыя эмоцыі, як палкасьць, жадоба, каханьне або нянавісьць, увогуле былі яму неўласьцівыя. У трыццатыя гады дзед Тодась працаваў каморнікам, але я ня веру, што такі чалавек у прынцыпе мог калісьці працаваць. Яго аніякім чынам не зачапілі сталінскія чысткі канца трыццатых — моцны імунітэт да ўсялякіх праяваў таталітарызму забясьпечваў яму амёбападобны лад жыцьця й філязофію поўнага й безагаворачнага неўмяшальніцтва. Аднагодак ХХ стагодзьдзя, дзед Тодась, маючы сорак адзін год і глыбока ў дупе савецкую ўладу, не пайшоў на фронт, сымуляваўшы цяжкую хваробу сэрца, — ён адмовіўся ад эвакуацыі й застаўся ў сваёй цёплай хаціне. Калі ў горад прыйшлі немцы, не выключаю, ён мог сустрэць іх букетам ружаў, узгадаваных у сваім садзе. Імаверна, сьведкі такога ўчынку й былі, аднак пасьпяхова пайшлі прахам, ці, дакладней, спачатку дымам, а потым прахам, у нацысцкіх крэматорыях. Меркаваць штосьці пра той пэрыяд ягонага жыцьця — марная справа. Хаця можна й пафантазаваць. Магчыма, ён быў пасіўным калябарантам і цішкам здаваў у гестапа камуністаў ды габрэяў (хоць якая ўжо тут пасіўнасьць?); магчыма, і далей служыў каморнікам або дробным сакратаром у паліцыі, ціхенька правіў сваю гаспадарку — разводзіў курэй ды сьвіньняў, вырошчваў пятрушку й цыбулю, рабіў даўкае айвовае віно, якім частаваўся самотнымі прыцемкамі доўгіх вечароў. Адным словам, даглядаў свой сад. У які-кольвек ягоны гераічны ўчынак, накшталт супрацы з камсамольцамі-падпольнікамі, савецкімі партызанамі або баевікамі ОУН-УПА, нізавошта ў жыцьці не паверу. Хоць тады, калі ён мне пра гэта распавядаў, я верыў яму з усёю шчырасьцю дзіцячага сэрца. Адзінае я ведаю дакладна й непарушна — ён быў сапраўдным клясычным украінцам, сэнтымэнтальным, баязьлівым, дробязным ды скнарлівым, насіў вышыванку й ведаў мноства ўкраінскіх песьняў, прыказак ды прымавак, граў на скрыпцы й заўжды размаўляў па-ўкраінску, бо іншых моваў ня ведаў і ведаць не жадаў. Мой бацька, дваццацідвухгадовы юнак у пошуках пэрспэктываў гарадзкога жыцьця, пэўны час жыў у старога, штодня пакутуючы ад ягоных дзівацтваў. Пасьля вайны, калі зноўку запанавала мірнае савецкае жыцьцё, дзед Тодась якімсьці цудам атрымаў патрэбную ступень інваліднасьці й невялічкую пэнсію, што й дазволіла яму ціха існаваць. Якраз існаваньне было першаю й апошняю мэтаю ягонага жыцьця. Экзыстэнцыя ў ягоным выпадку зацямняла сутнасьць, і ня толькі яе. Чыстае існаваньне, нічым не абцяжаранае, абсалютнае існаваньне чалавека без пачуцьцяў і каштоўнасьцяў, мэты й мары. Хаця не, стары такі меў адну-адзіную на ўсё жыцьцё запаветную мару — дажыць да ста гадоў, то бок да 2000-га году. Мяркую, гэтай мары ён дарэшты прысьвяціў усё сваё жыцьцё, пасьлядоўна ўмацоўваючы яе яшчэ адным пражытым годам. Ня ведаю, магчыма менавіта воля да існаваньня й была сутнасьцю гэтага чалавека. Аднак, маніякальна прагнучы існаваць, гэты пануры жыцьцялюб немінуча скочваўся ў сьмерць, хоць апошняя й ня вельмі сьпяшалася па яго. Мне з маім старэйшым братам нічога не заставалася, як рабіць стаўкі на дзеда Тодася. То бок, памрэ ён нарэшце сёлета ці й далей будзе смуродзіць і без таго шэрыя нябёсы. Ня памятаю, хто сарваў банк у тым трагічным 1986-м годзе, але аднойчы дактары канстатавалі сьмерць нашага дзіўнага сваяка, які меў цудоўнае здароўе, хоць і ўвесь час на яго скардзіўся. Тады, у дзяцінстве, мне здавалася, што ён нарадзіўся дзедам і ніколі ня быў маладым. Маладосьць старому ня толькі не пасавала, а й была нечым трагічна варожым. Нават чорна-белыя групавыя здымкі канца дваццатых гадоў, дзе ў шчырым коле сяброў каморніцкае арцелі гублялася аблічча таго нібыта як дзеда Тодася, не пераконвалі ў магчымасьці ягонай маладосьці. І вось, раптоўная сьмерць забрала нашага слаўназнанага сваяка, па якім, між тым, так ніхто й не заплакаў. Калі-нікалі, у прыступах вострага жаданьня хоць неяк яго апраўдаць, я думаю, што ягонае жыцьцё было своеасабліваю формаю духоўнага дысыдэнцтва, антысаветчынаю ў яе найрафінаванейшым выглядзе — пасьлядоўным будысцкім няўдзелам. А часам нястрымная фантазія падказвае мне, што гэта такая сучасная форма хрысьціянскай сьвятасьці, якая, аднак, адмаўляе існаваньне асноўных маральных прынцыпаў і, самае галоўнае, любові. Такі сабе гераічны ўчынак чалавека, укінутага ў гэты сьвет без адмысловага запрашэньня, чалавека выпадковага, чалавека, які ўзьвёў шэрасьць у галоўны прынцып існаваньня й ніколі ня здраджваў ёй. Чалавека, які мужна трываў жыцьцё. У дамавіне дзед Тодась выглядаў наўдзіў жвава ды бадзёра. Ляжаў, як сапраўдны ўкраінец, у вышыванай кашулі, з роўна разгладжаным ад зморшчынак абліччам. Жоўтыя медныя манэты наміналам у пяць капеек СССР затулялі ад сьвету ягоныя напаўрасплюшчаныя вочы. Хавалі яго, калі не лічыць чатырох памагатых, што несьлі труну зь целам памерлага, трое чалавек — мае бацькі ды адданая жонка нябожчыка. Вянкі, праз брак спачувальных рук, давялося пакінуць дома. Такім быў вянец Тодасевага жыцьця. Мара старога дажыць да ста гадоў ня спраўдзілася. Ён прайграў, і прайграў годна, бо з удзячнасьцю прыняў усё, што атрымаў пасьля сьмерці. На могілках у галавах паклалі стандартную шэрую тумбу зь меднаю шыльдачкаю, на якой чыясьці непісьменная рука вывела: “Тадосій Лазаравіч Боднар”. Часовая тумба стала для старога вечным помнікам. Ягоная філязофія жыцьця (ці, хутчэй, яе поўная адсутнасьць) адбілася й на стаўленьні да жанчынаў. Пяць разоў дзед Тодась браў шлюб і пахаваў чатырох зь пяці сваіх жонак, так і не прыдбаўшы дзяцей. Таямніцу такога майстэрскага спэрміцыду (ці імпатэнцыі) ён так і забраў з сабою ў магілу. Мабыць, ягоная хранічная бязьдзетнасьць была прадыктаваная моцным нежаданьнем дзяліцца сваім існаваньнем яшчэ з кім-небудзь. Бо дзеці маглі значна паслабіць ягоную жыцьцяздольнасьць і скараціць жыцьцё, зблытаўшы, такім чынам, старому пляны. Перажыць яго пашчасьціла толькі пятай, апошняй жонцы, той, якая пераўзышла яго па большасьці паказьнікаў антрапалягічнае шэрасьці ды найцямнейшых чалавечых характарыстыках. Маю падозраньне, якраз яна перадчасна зьвяла яго ў сырую магілу. Ня ведаю, падсыпала яна яму ў боршч мыш'яку ці задушыла ў сьне падушкаю, але роля падольскай лэдзі Макбэт ёй надзвычай пасавала. Пасьля дзеда Тодася засталася маёмасьць, шэры прысадзісты будыначак ды невялікі садок. Усё гэта, а таксама некалькі кніжак і скрыпку атрымала згорбленая бабуленцыя зь цьвілавата-тухлым імем Валянціна. Гісторыя дзеда Тодася так бы й абарвалася разам зь ягонай сьмерцю. Аднак было ў ёй штосьці такое, што й дасюль не дае мне спакою. Паэма. Гэта была паэма, якую ён напісаў у сярэдзіне сямідзясятых шасьцістопным ямбам зь немінучымі дзеяслоўнымі рымамі, — бяздарныя графаманскія крамзолі пра камсамольцаў-падпольнікаў, пра зьверствы нацыстаў ды заўзятую камуністычную партызанку. Гэтым творам ён вельмі ганарыўся й хацеў дзе-небудзь надрукаваць. Але прыдзірлівыя рэдактары савецкіх газэтаў і часопісаў упарта вярталі паэму назад са словамі адмовы й падзякі. Стары, хоць яго пра тое ніхто й не прасіў, любіў дэклямаваць свой твор уголас, чым вельмі нудзіў усіх нас. Неяк ён зьвярнуўся да бацькі, каб той паспрыяў яе публікацыі. (Нібыта бацька мог яму дапамагчы!) А калі бацька затрымаўся зь вяртаньнем, пісаў злосныя й роспачныя лісты, у якіх абвінавачваў яго ў жаданьні прыўлашчыць аўтарства сабе. Ня ведаю, ці заслужыў стары вечнае жыцьцё, але наважуся меркаваць, што якраз тая гаўняная паэма нават не сумнеўнае якасьці й выратавала яго на найвышэйшым судзе. Штосьці невытлумачальнае ўсё ж такі падштурхнула дзеда Тодася напісаць яе. Пакуты сумленьня за грахі мінулага? Раптоўнае несьвядомае памкненьне да творчасьці? Жаданьне пакінуць пасьля сябе хоць бы нешта? Хто ведае. Пераклала з украінскае Тацяна Вабішчэвіч.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||