|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
АЛЯШАНДАР РАДРЫГЕШ. АПАВЯДАНЬНІ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
ДОМ Гэта быў стары каменны будынак, брудны з фасаду. Тут жыў чалавек. Аднаго дня ён прачнуўся старым і ад страху памерці невядомым вырашыў напісаць гісторыю свайго жыцьця. Узяў стос чыстых аркушаў паперы ды набытую ў антыкварнай краме друкарку “Фасыт”. Дзень у дзень ён пісаў безь перапынкаў на чытаньне, сон ці ежу. Ён пісаў пра маленства й юнацтва, пра каханьне й шлюб, пра дзяцей, што кудысьці зьехалі, і вечнасьць; пісаў пра самарэалізацыю й працу, грошы й адзіную сустрэчу з прэзыдэнтам. Скончыў, упершыню прачытаў напісанае: напачатку ён быў задаволены й стылем, і сюжэтнай лініяй, нават падкрэсьліваў памылкі, каб выправіць пазьней. Але паціху з кожнай новай хвілінай у ягонай галаве, што тая змрочная хмара, набрыньвала ўсё большая незадаволенасьць. Ужо сутонела, калі апошняя старонка была перагорнутая. Ён доўга паліў і глядзеў у вакно на старых, якія шпацыравалі разам зь дзецьмі па вуліцы. Тады ён вярнуўся да друкаркі, акуратна склаў усе лісты паперы ў бездакорны стос, зьверху паліў сьпіртам і потым назіраў, як блакітнае полымя зьнішчала ўсё. Пасьля чалавек спаліў усе чыстыя аркушы, пакінуўшы толькі адзін, уставіў яго ў друкарку і дрыготкімі рукамі выбіў: Я НЯ ЖЫЎ. У доме таксама жыла Вера, срэбная жанчына. Кожнага дня яна вярталася дадому з плямамі фарбы, якія не выводзіла з твару вадкасьць для выдаленьня макіяжу. З фарбаваным у срэбра целам Вера ў строі Статуі Свабоды нерухома стаяла на п'едэстале ў цэнтры горада — гэтак яна зарабляла сабе на жыцьцё. Калі нехта кідаў грошы, яна ажывала й выказвала падзяку кароткай пантамімай. Яе рэвэрансы забаўлялі дзетак, ружа, ускладзеная ля ног жанчыны, расчульвала сужэнскія пары, альбо яна затрымлівала мужчыну, які сьпяшаўся ў офіс. Калі яна замірала на п'едэстале надоўга, то адчувала смагу й жаданьне пайсьці ў прыбіральню, яе цягліцы зводзіла сутаргай у прыступах болю, а ногі дрыжэлі, бо ёй ужо мінула шэсьцьдзесят; але Вера ўсё стаяла, нават калі грошай болей ня кідалі. На паверсе, дзе перагарэў калідорны ліхтар, жыў Лукаш, чалавек-кола. Аднаго дня ён выйшаў у калідор, скруціўся ў кола й пакаціўся. Ён хістаўся й стукаўся аб сьцены, бо мяса ды косткі — ня сталь ды гума. Суседзі выклікалі псыхіятра, той агледзеў Лукаша ды сказаў: “Ён не вар'ят, ён толькі страціў кірунак жыцьця, як шмат хто зь людзей”. Псыхіятар зрабіў укол і прызначыў заспакаяльнае. Наступнага дня Лукаш адчыніў дзьверы й павітаўся з усімі. Суседзі выйшлі паглядзець на яго й павіншаваць з акрыяньнем. Але, падзякаваўшы, Лукаш дайшоў да канца калідору, вярнуўся назад; потым ізноў наперад, ізноў назад і яшчэ раз; выцягнуў з кішэні складзены аркуш паперы й нешта запісаў. Адным рухам ён правёў уяўную лінію пасярэдзіне, пасьля зноў дайшоў да пачатку калідору, скруціўся, адштурхнуўся й пакаціўся. Ён раз-пораз калытаўся, але болей ня стукаўся, марудна, але ўпэўнена перасякаючы калідор. У доме сабраліся навукоўцы й рэпарцёры паглядзець на дзіўнаваты надпіс, што зьявіўся на апошнім паверсе. У месцы, дзе аблезла фарба, узьніклі словы на невядомым дыялекце, дзьве пераплеценыя крамзолі й невыразныя малюнкі. Газэты сьцвярджалі, спасылаючыся на аднаго з навукоўцаў, што ў гэтых гіерогліфах схаваны сакрэт вечнага шчасьця. Таго ж дня натоўп цікаўных набіўся ў калідоры — усім карцела пабачыць сакрэт. Штурхаючы адно аднаго, мужчыны й жанчыны маглі затрымацца толькі на хвіліну, каб паглядзець на сьцяну. Нехта сыходзіў расчараваны, нехта плакаў, іншыя ўкленчвалі, нібыта перад цудам. Эзатэрыкаў і скептыкаў запрасілі на тэлевізійную праграму, там яны выказалі меркаваньні, якія супярэчылі адно аднаму. З другога дня нейкі высокі франт сеў на парэнчы ля ліфту й пачаў гандляваць жаночымі кофтачкамі ды фатаздымкамі сакрэту. Трэцяга дня зьявіўся латок са сьвечкамі, якія меліся асьвятляць людзям іх шляхі. Адзін жыхар нацягнуў вяроўку й адгарадзіў надпіс. Ледзьве якісь чалавек мог прайсьці на астатняй прасторы. Льга было спыніцца, стаць на калені й памаліцца перад тым, што стала вядома як “сьвятая сьцяна”. Адзін з жыхароў пачаў прадаваць на ўваходзе квіткі. Чацьвертага дня кіраўнік дому зьвярнуўся да правілаў дому й пераканаўся, што там нічога не адзначана пра дзеяньні гэткага кшталту. Жыцьцё ператварылася ў пекла: навалу наведвальнікаў не маглі стрымаць ні дзьверы, ні папярэджаньні не гаманіць; людзі кідалі сьмецьце проста на падлогу, таму што дагэтуль нікому ніколі не прыйшло да галавы паставіць на калідоры сьметніцы. На сходзе жыхары падзяліліся на тых, хто скардзіўся, і на тых, каму прыйшлася даспадобы гэтая сытуацыя. Ладзілі галасаваньне, але праз тое, што задаволеных і незадаволеных атрымалася роўная колькасьць, нічога ня вырашылі. Фарбу, пэндзлі й цэбар паводле ўласнай ініцыятывы прынёс на апошні паверх кіраўнік дому. Уначы ён адзін і зафарбаваў сьцяну. Наступнага дня газэты паведамілі, што сталася, і зноўку сабраўся натоўп перад домам. Яны намагаліся пабачыць сакрэт. Некаторыя паднімалі зь зямлі палкі й дэманстравалі зброю, каб запалохаць кіраўніка. Жыхары бразгалі ў ягоныя дзьверы. Спачатку ён казаў, што ўсё ўжо даўно вырашана, потым паглядзеў у вакно: натоўп павялічыўся ды запаланіў усю вуліцу насупраць. Лукаш прыкаціў да кватэры й загадаў, каб кіраўнік зрабіў усё так, як было. Іншыя жыхары надта баяліся й паўтаралі тое самае, а тады кіраўнік адчыніў дзьверы й абвясьціў: “Ідзіце й глядзіце сакрэт”. Фарба была крамяная, таму яе было лёгка зьдзерці. Як скончылі, гоман прабегся па калідоры, людзі глядзелі на сакрэт, але ніхто не схіліў каленяў, бо ня ўбачыў цуду. Там, дзе колісь былі незразумелыя словы й сымбалі, цяпер было напісана: “Сакрэт шчасьця — гэта міраж”.
САМАЯ ЗНАЧНАЯ РЭЧ Прымач паведамляў пра дождж і грымоты наступнага дня. Я расшпіліў гузік і пайшоў у залу да Жоала. — Жоал,— кажу,— я мушу сысьці сёньня значна раней. Дзень народзінаў маёй жонкі, разумееш? Жоал быў дужым мурынам, які прайшоў праз гады лупцаваньняў, жыў у будаўнічым кантэйнэры з прыладамі, між тым вучыўся ўначы, покуль не атрымаў дыплём. Цяперака ён падышоў да нас і паклаў руку на маё плячо: — Ня ведаю. Працы зашмат. Ды калі ты вырашыў ісьці раней, мусіш прадставіць дазвол. Жоал быў знаёмы з Ідалінай і ведаў, што дзень яе народзінаў супадае з гадавінай нашага шлюбу. З пачуцьцём прыкрасьці я сыходзіў, калі ён падышоў і прамовіў з усьмешкаю: — Гэта жарт. Канечне, ты можаш ісьці. ***** Самае значнае ў сьвеце для Жоала — мець сябра. Ідучы ўгору па жыцьці, ён не мяняў свайго стаўленьня да іншых. У часы дзяцінства, наадварот, не стараўся падабацца: заўсёды прапаноўваў найбольш рызыкоўныя гульні, лазіў у сады ў пошуках згубленага футбольнага мяча й выбіваў вокны толькі дзеля таго, каб даведацца, на што ён здольны, ці супрацьстаяў суседзям, якія стагналі ад ягонага імпэту. Як пасталеў, ператварыўся ў “добрага чалавека”. Гэта значыла заўсёды быць гатовым дараваць людзям іхныя хібы: даваць адпачынак і адпускаць раней. Таксама разам з пасадай перадаваліся й размаітыя лісьліўцы ды падлізьнікі, але ён не надаваў гэтаму ўвагі — прагнуў толькі павагі й сапраўднага сяброўства. ***** Дзіўнавата было проста сысьці ўдзень, бачыць пакуль яшчэ пустыя вулкі, машыны, якія не ўтваралі затораў, як гэта звычайна адбываецца ў гадзіны пік. Я абвыкнуўся сыходзіць пасля зьмярканьня, бо працаваў 10 гадзінаў у дзень. Я правяраў справаздачы й параўноўваў квіткі на пакупкі. Дзень у дзень, безь пярэрваў, я тэлефанаваў у рэстарацыю А або ў службу таксовак Б і пытаўся, ці іх кошт такі самы, які пазначаны ў рахунках. Потым пісаў фінансавыя справаздачы пра тое, зьяўляюцца выдаткі праўдзівымі або не. На вуліцы я болей ня думаў пра фінансавыя справаздачы. Я шукаў падарунак для Ідаліны. Прадавачкі, прыгожыя і ўсьмешлівыя, намагаліся навязаць мне парфуму, хусткі й іншую дробязь, але я пераходзіў ад крамы да крамы, бо нічога з таго, што прапаноўвалі, не ўпадабаў. Вуліца пачала напаўняцца людзьмі, што выходзілі з будынкаў. Гадзіньнік біў пяць, пачалі зачыняцца першыя офісы. І тутака перада мною паўстала крама кветак. Я ўвайшоў. — Чырвоны колер тайляндскіх ружаў вельмі далікатны. — Распавёў прадавец. — Іх выкарыстоўваюць пры вытворчасьці самай вытанчанай азіяцкай парфумы. Па-за ім шыльда абвяшчала: “Прымаем заказы для фэстаў, вясельляў і хрэсьбінаў. Робім вянкі з кветак для адпяваньняў і пахаваньняў”. Шыльда была прымацаваная да сярэдзіны сьцяны, і цяпер яна вісела якраз над ягонай галавой. Прадавец быў карузьлікам, апранутым у дзіцячы камбінэзон. — Гэта найлепшы падарунак на дзень народзінаў. Самае дзіўнае тое, што ружы — гэта падарунак на ўсіх кантынэнтах, амаль ва ўсіх частках сьвету. Эфіёпская ружа, да прыкладу, квітнее ў голай пустцы. А выжывае яна праз дапамогу маленькай колькасці вады ды натуральную ахову супраць распаленага сонца, нешта кшталту мэмбраны на пялёстках, якую таксама клічуць “вярблюдам ружаў”. — Я бачу, вы ў гэтым даволі дасьведчаны. ***** Самае значнае ў сьвеце для Эду, так клічуць прадаўца,— шмат ведаць пра ружы. Ён меркаваў, што тады ён становіцца часткай супольнасьці — старадаўняй і выключнай — для самых абраных, заснаванай ня дзеля ўлады, халоднага розуму без пачуцьцяў альбо вайны ды панаваньня, а дзеля захапленьня зямной прыгажосьцю. Часам, чытаючы пра Залатую Капліцу Манілы, наколькі дзікі й рэдкі гатунак, настолькі легендарны, ці Гіганцкую Ружу Ізраілю, сустракаў гісторыі адданасьці, як і яго. Сьлёзы на ягоным твары былі прыкметаю шчасьця. ***** Ён усьміхнуўся. Відавочна, ён хоча пра гэта паразмаўляць. — Я ў гэтым экспэрт,— кажа. Ружа была дарагая, таму я палічыў за лепшае пайсьці да банкамата, каб зьняць грошы. Перад дзьвярыма стаяла сям'я жабракоў. Самы маленькі падняўся, каб папрасіць у мяне драбязы, але я ўдаў выгляд, што ня ўбачыў яго. Калі вярнуўся, крама да стропу была напакаваная людзьмі. Я пакідаў яе ўжо тады, калі бралося на вечар, з букетам, і адразу ж пайшоў у цукерню. Прадавачка, прыгожая мурынка з чорным доўгім валосьсем, выйшла за сталец, дзе й сустрэла мяне ўсьмешкаю. Я быў адзіным пакупніком. У такіх крамах прадаюць сапраўдны чакаляд. Я кінуў вока на сталец з вочкамі для розных гатункаў. — Гэты чакаляд — сапраўдны,— кажа прадавачка. Чакалядкі ў форме кроплі, чарапахі, птушкі. Са смакам мяты, кавы, мігдалу, віскі, каньяку й куантро. Прадавачка размаўляла і ўсьміхалася, а потым пацікавілася, ці выбраў я што. — Трошкі вось гэтага й гэтага — паказваю. Усьмешка ўзважыла пакецік, поўны чакаляду, і аддала яго мне, але потым выхапіла й зноўку пачала напаўняць яго. Гэтыя за наш кошт. ***** Для Элізанжэлы, прадавачкі, самым значным у сьвеце было адпомсьціць Рафаэлу. Каханак здрадзіў ёй з калегай па факультэце. Рыхтык у час, калі мусілі зачыняць, у краму ўвайшоў мужчына, які не зьвярнуў на яе ўвагі, ёй спатрэбілася колькі хвілінаў, каб зразумець: яна будзе зь ім на гэтым самым месцы. ***** Я прагнуў надзвычайнай ночы, але вярнуўся дадому недзе каля шасьці гадзінаў раніцы. Першай таксоўка давезла Элізанжэлу, якая зьела ўсе чакалядкі. Дарогай у матэль ружы разламаліся празь дзьверцы машыны — засталіся толькі бездапаможныя галінкі зь невялічкай колькасьцю пялёсткаў. Калі я ўвайшоў, Ідаліна ўжо прачнулася, яна смаліла. І варыла на кухні каву. Кругі пад вачыма распавядалі пра сон, якога не было. Увесь час, усю ноч, таксама па дарозе дадому, я думаў, што скажу ёй. З тых гісторый, што стварыў, заўсёды выбіраў самыя простыя, але калі яна толькі паглядзіць на мяне, нічога не атрымаецца сказаць. Таму адразу пайшоў у душ. Калі выйшаў, Ідаліна ўжо сышла. Яна не зьявілася й тады, калі я ўставаў на працу. Астатнюю частку дня я хацеў выйсьці на вуліцу, але стаіўся ў чаканьні Ідаліны. Я кінуўся б да яе ног і прасіў бы прабачэньня, але зноўку сысьці раней з працы ня мог. Таму, як надышлі прыцемкі, я зноў увайшоў у краму кветак і запытаў тыя самыя ружы, што і ўчора. — Тайляндскія ружы? Яны скончыліся. Учорашнія былі апошнімі. Але магу зрабіць букет з гэтых, бярлінскіх. Да таго ж мы чакаем новы груз. ***** Бярлінскія ружы былі аранжавыя са зморшчанымі пялёсткамі, нібы каўнерык у клоўна. Яны не заўсёды існавалі ў прыродзе, бо былі стварэньнем нямецкіх батанікаў, якія скрыжоўвалі розныя гатункі ружаў, пакуль не атрымалі новы. Самым важным у сьвеце для гэтых творцаў было паказаць, што чалавек ня можа быць Б-гам, але іншы раз можа ўдасканаліць Ягоную працу. ***** Цяперака самым значным у сьвеце для Ідаліны, мяркую, было тое, каб муж зьнік у ноч яе дня народзінаў і гадавіны ўзяцьця шлюбу. ***** Для мяне самым значным у сьвеце было лапіць рэчы. Таму я прайшоў шмат кварталаў, пакуль не знайшоў другую чакалядную краму, потым пабег у месца сустрэчы, молячыся, каб аўтобус не прыйшоў раней як звычайна. Прыдумляў прабачэньні й думаў, калі ўсё супакоіцца, прапанаваць Ідаліне пад'есьці недзе разам. Запоркаўшыся з ключом ля дзьвярэй, зразумеў, што вельмі хацеў біфстроганаф ці філе. Пасярэдзіне залы — бліскучае цела. Пот струменьчыкам паліўся па сьпіне Жоала. Застаўшыся голым, ён нырнуў між сьцёгнаў Ідаліны, якая штуршкамі змушала сваё цела рухацца ўсё хутчэй. Самым значным на зямлі было мець жанчыну й працу. І сябра. Але ў мяне не было ні жанчыны, ні сябра ў той час, калі Жоал прыйшоў паразмаўляць са мною: “Шкада, але я зьбіраюся паслаць цябе”. Ён казаў гэта ў прастору, кудысьці вышэй за маю галаву, ніводнага разу не зірнуўшы на мяне. Ідаліна — я ведаў гэта — была ў яго доме. — Усё ў парадку,— кажу. Я выйшаў на вуліцу, ужо другі раз на дзень. Пазьбягаючы кветкавых крамаў, пайшоў прама ў чакалядную. Іншая прадавачка сустрэла мяне з усьмешкай і сказала: — Элізанжэла на адпачынку — паехала ў падарожжа. Я ўжо выйшаў, калі вярнуўся й яшчэ раз папрасіў чакаляду зь вітрыны, трошкі кожнага гатунку. Тамсама яго й зьеў. З поўным ротам я пазважаў і не выходзіла больш стрымліваць сьлёзы. ***** Самае значнае на зямлі для вытворцаў сапраўданага чакаляду — гэта сумесь какавы, цукру, размаітых эсэнцыяў і іншых інгрэдыентаў, такіх смачных і прыемных, што гэта таго каштуе. Ці плача нехта, калі есьць чакаляд, га? До(бра), гэта ня іх справы. Пераклала з партугальскае Кацярына Мазурэнка.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||