|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
А.Х. КУРС ВЫЖЫВАНЬНЯ ДЛЯ МАЛАДОГА ЛІТАРАТАРА |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
“Лятуць два кракадзілы: адзін зялёны, другі ў Афрыку”,— такі вось дзіцячы гумар згадваецца, калі спрабуеш супаставіць два фэномэны, на першы погляд, абсалютна несупастаўныя. Але пры больш дэтальным разглядзе несупастаўнасьць гэтая апынаецца ўяўнаю. Бо рэдка знаходзяцца зьявы больш паралельныя ды зручныя для параўнальнага аналізу, чым два зьмешчаныя тут эсэ — “Парады маладым літаратарам” Шарля Бадлера й “Застацца жывым” Мішэля Ўэльбэка. Больш за тое, і самі постаці іх аўтараў як найболей пасуюць для таго, каб быць тут супастаўленыя. Так, цяжка не зьвярнуць увагі на дэманстрацыйны кансэрватызм абодвух. Агульным месцам стала непрыманьне Бадлерам прагрэсу, таксама як і антыглябалізм плюс відочная антыдэмакратычнасьць у поглядах Уэльбэка. Непаліткарэктнасьць ды ксэнафобія абодвух вымушаюць дасьледнікаў называць гэтых аўтараў складанымі й супярэчлівымі зьявамі. Напраўду, досыць прачытаць вершы й зацемкі “позьняга” Бадлера пра Бэльгію й бэльгійцаў альбо, скажам, шматлікія выказваньні Ўэльбэка пра іслам і арабаў, каб у гэтай “складанасьці” й “супярэчлівасьці” пераканацца. Згадваецца ўласьцівая абодвум устаноўка на эпатажнасьць і скандальнасьць — і, як вынік, скандалы, што суправаджалі выхад кніг. Адна з найгучнейшых літаратурных справаў усіх часоў — суд над бадлераўскімі “Краскамі Зла”, на якім паэта прызналі вінаватым у імаралізьме, спагналі грашовае пакараньне й прымусілі выключыць з кнігі шэсьць “асабліва гідкіх” вершаў (прысуд 1857 г. скасавалі адно ў 1949). Але й выхад раману “Плятформа” не абышоўся для Ўэльбэка бяз гучнага скандалу й судовых перасьледаў. Схільнасьць да фармуляваньня “непрыемных” ісьцінаў, да намацваньня “болевых” кропак у свайго сучасьніка; мізантропія як своеасаблівая форма любові да чытача; крыху напышлівая патаснасьць, асабліва “кранальная” ў аўтара, што творыць на мяжы ХХ—ХХІ стагодзьдзяў,— вось далёка ня ўсе магчымыя паралелі, агульны для абодвух набор рысаў, архетыповых, зрэшты, для культавага літаратара пераходнай, крызыснай эпохі. Што яшчэ аб'ядноўвае гэтых пісьменьнікаў — выбар супастаўных між сабою духоўных настаўнікаў: Э.А.По й Г.П.Лаўкрафта. З творчасьцю По Бадлер упершыню знаёміцца ў тым самым годзе, у якім працуе над сваімі “Парадамі…” (1845). У календарах жыцьця Бадлера запіс пра гэтае суседнічае з запісам “спроба самагубства”, прычым апошні падаецца звыклым шрыфтам, а вось “знаёмства з творчасьцю По” — курсівам. Яшчэ адно сьведчаньне значэннасьці амэрыканскага пісьменьніка для Бадлера — запіс у бадлераўскім прыватным дзёньніку: “Кожнага дня маліцца як нябесным заступнікам бацьку, Марыэце (пакаёўка ў доме будучага паэта — А.Х.) і Эдгару По”. Уэльбэк жа выбраў героем сваёй першай кнігі эксцэнтрычнага “нэагатычнага” Лаўкрафта, чыя навэлістыка часам вельмі нагадвае “арабэскі” По. Прычым і тут назіраецца цікавае супадзеньне ў часе: кніга Ўэльбэка “Г.П.Лаўкрафт” зьявілася ў тым самым 1991 г., што й разгляданае тут эсэ “Застацца жывым”. Калі казаць непасрэдна пра два эсэ, то іх яднае найперш павучальнасьць тону, акцэнтаваная дыдактычнасьць, далёка не заўсёды ўраўнаважаная іроніяй ды самаіроніяй. Бадлер параўноўвае свае парады з “вадэмэкумам” ды падручнікам добрых манераў; Уэльбэк называе сваё эсэ “мэтодаю”, “практычным дапаможнікам”. Думаецца, зусім ня лішнім будзе адзначыць, што абодва “настаўнікі” ствараюць свае эсэ, будучы яшчэ малавядомымі літаратарамі. Бадлер у 1846 г. застаецца для сваіх сучасьнікаў мастацкім крытыкам, эсэістам, перакладнікам, кім заўгодна, але ж не паэтам: да выхаду “Красак Зла” яшчэ 11 гадоў. Што да Ўэльбэка, то да напісаньня рамана, які прынясе яму вядомасьць (“Пашырэньне тэрыторыі барацьбы”), застаецца 3 гады, а да рамана “Элемэнтарныя часьцінкі”, што праславіць аўтара на ўвесь сьвет, — 7 гадоў. Дый узрост у аўтараў новага “Паэтычнага мастацтва” не зусім “мэтраўскі”. Бадлер дае парады пачаткоўцам з вышыні свайго “досьведу”, ледзь дасягнуўшы 25 гадоў. Уэльбэк жа стварае “Rester vivant” у 33 — ідэальным веку для пытаньняў кшталту “як застацца жывым”. Ці можна казаць пра генэтычную пераемнасьць паміж двума эсэ? Ці ляжыць бадлераўскі “вадэмэкум” у падмурку ўэльбэкаўскага “практычнага дапаможніка”? Наўпроставая адсылка да постаці Бадлера ў тэксьце Ўэльбэка ёсьць. Больш за тое, калі сучасная эсэістыка схільная проста закідваць агаломшанага чытача знакавымі прозьвішчамі, то Ўэльбэк у сваім эсэ абмяжоўваецца толькі двума імёнамі, першае зь якіх — Бадлер. Яшчэ цікавейшы кантэкст, у якім гэтае імя ўжытае. Уэльбэк гаворыць пра ўжо згаданую тут спробу самагубства Бадлера, то бок пра 1845 год, год знаёмства з тэкстамі Э.А.По і якраз год напісаньня “Парадаў маладым літаратарам”. Простае супадзеньне? Альбо досыць празрысты сыгнал уважліваму чытачу? Так ці інакш, сьпіс характэрных падабенстваў між двума эсэ варта падоўжыць. Абодва творы выразна адрозьніваюцца ад усіх папярэдніх “паэтыкаў”, “пасланьняў да Пізонаў” ды “паэтычных мастацтваў” — найперш поўным ігнараваньнем пытаньняў жанру ды стылю. Уласна законы стварэньня верша ні Бадлера, ні Ўэльбэка амаль не цікавяць. Абодва ня стануць карпатліва спыняцца, як, скажам, Малерб ці Буалё, на правільнасьці ці няправільнасьці пастаноўкі цэзуры ў тым ці іншым месцы, на пытаньнях паэтычнай тэхнікі, на “ўнутрытэкставых” праблемах. Абодвум значна цікавейшыя стасункі паэта й грамадзтва. Замест пытаньня “як пісаць” Бадлер разглядае пытаньне “як жыць, будучы літаратарам у грамадзтве”, а Ўэльбэк дагаворвае — “як там выжыць”. Больш за тое, праблема “як жыць” разглядаецца на самых розных узроўнях, у тым ліку — самых побытавых, самых прагматычных. Калі згадаць ахматаўскае “зь якога сьмецьця растуць вершы”, то ладны кавалак эсэ абодвух прысьвечаны акурат гэтаму “сьмецьцю”. Зьвяртаюць на сябе ўвагу афарыстычнасьць і парадаксальнасьць у манеры абодвух літаратараў. І, нарэшце, абодва эсэ надзвычай удала ўкладаюцца ў творчую сыстэму сваіх аўтараў і ў гэтым сэнсе ня толькі ёсьць праграмнымі для абодвух, але й зьмяшчаюць зародак будучых твораў, пасьпяхова разгорнутых пазьней. Так, праз 13 і праз 14 гадоў пасьля “Парадаў маладым літаратарам” (1859, 1860) Бадлер створыць свае хрэстаматыйна знакамітыя вершы “Альбатрос” і “Лебедзь”, разьвіваючы й часткова абвяргаючы гарацыеўскі матыў несьмяротнай славы паэта. “Лебядзінай песьні” рымскага паэта француз супрацьпастаўляе карціну вольнага птаха ў палоне, вязьня, адарванага ад роднай стыхіі, алегарычна малюючы “ценевы” бок існаваньня паэта. Пушкінскае “Пока не требует поэта / К священной жертве Аполлон” даводзіцца да лягічнага завершаньня й атрымлівае рэзкую форму. Выяўляецца, што паэт у сваім ня-творчым, па-за-творчым існаваньні абсалютна непаэтычны, але само гэтае існаваньне таксама патрабуе ўвагі й мусіць быць апісаным. У пэўным сэнсе такім апісаньнем і ёсьць эсэ “Парады маладым літаратарам”. Чытач-нэафіт замест сцэны праводзіцца за кулісы літаратурнага рамяства. Яму, звыкламу да сакральных паэтычных рэцэптаў Малерба, Буалё й Гюго, паказваецца падкрэсьлена прафаннае. Ён нібы трапляе на старонкі бальзакаўскіх “Страчаных ілюзіяў”, дзе аж стракаціць уваччу ад штодзённай мітусьні літаратараў і журналістаў навокал газэтаў, тэатраў і выдавецтваў. Ці згаджацца на маленькія ганарары, ці даваць волю чалавечым і літаратурным антыпатыям, ці браць пазыкі й заводзіць крэдытораў, як лепей спляжыць ворага ў “крытычным разборы”, нарэшце, якіх жанчын браць сабе ў каханкі — вось няпоўны шэраг бадлераўскіх інструкцыяў, безумоўна, практычных і карысных маладому літаратару нават сёньня, але бясконца далёкіх ад “сьвятая сьвятых” паэтычнага натхненьня. Нават згадваючы пра гэтае “натхненьне”, Бадлер яго наўмысна празаізуе, параўноўваючы з такімі фізіялягічнымі працэсамі, як наталеньне голаду й сон. Таксама як, гаворачы пра паэзію, аўтар згадвае, колькі адсоткаў з капіталу яна дае. А чаго варты вобраз пісьменьніка, літаратурнага архітэктара, які будуе не калёны, а калёнкі ў газэтах! Дарэчы, менавіта так рабілі Эжэн Сю й яго пасьлядоўнікі, стваральнікі так званых “раманаў-фэльетонаў”, што першымі даўмеліся друкаваць раманы па разьдзелах у штодзённых газэтах і зарабілі на гэтым не абы-якія грошы ды папулярнасьць у шырокай публікі. Бадлер фактычна прызнае правы камэрцыйнай і масавай літаратуры, даючы нечаканы адлуп літаратурным снобам, што грэбуюць такога кшталту пісьменствам, але няздольныя пераўзысьці яго талентам і папулярнасьцю. (Сёньняшнім аматарам пакрытыкаваць Каэльё з Муракамі не пашкодзіла б перачытаць гэты бадлераўскі пасаж.) Карацей, усё ў гэтым эсэ надта ж дэманстрацыйна, каб ня быць сьвядомай правакацыяй і падманам чытацкіх чаканьняў. Застаецца крышталізаваць гэтыя чаканьні, каб выявіць аб'ект бадлераўскай іроніі. Якраз “натхненьне” дае нам пэўны ключ для разуменьня эсэ. Апроч буржуазнай публікі, якая па азначэньні мала што цяміць у паэзіі, аб'ектам лёгкіх кпінаў выяўляецца рамантызм з уласьцівай яму канцэпцыяй творцы й творчасьці. Гэта рамантыкі, бунтуючы супраць клясыцыстычных догмаў, абсалютызавалі эмацыйны парыў, а ня розум, шчырасьць, а ня густ, натхненьне, а не напружаную працу “рамесьніка”, стылістычную неахайнасьць як сьведчаньне непадробнасьці, а перадусім саму асобу паэта, намесьніка Бога на зямлі й пасярэдніка, што фармулюе простым сьмяротным неабвержныя нябесныя ісьціны; асобу паэта, самакаштоўную й цікавую ўсяму сьвету ўжо адно тым, што ён паэт. “Я поэт, тем и интересен”,— як дагаворыць пазьней Маякоўскі. Такая пазыцыя выклікала іронію ўжо ў наступнага пакаленьня пісьменьнікаў: “Першы сустрэчны цікавейшы за мсьё Флябэра” (Флябэр). Сучасьнік і паплечнік “працаголіка” Флябэра Бадлер невыпадкова гаворыць у эсэ пра штодзённую працу, пра тое, што натхненьне можа быць кіраванае волевымі намаганьнямі аўтара, і гэтая воля — запарука й плённасьці паэта, і празрыстасьці стылю, “бо час дрэннага пісаньня (чытай — рамантызму ў яго вульгарным разуменьні — А.Х.) мінаваў”. Тут, здаецца, і палягае каранёвая розьніца між разгляданымі эсэ. Калі Бадлер кампрамэтуе, здавалася б, узьнёслае й паэтычнае, дык Уэльбэк робіць з дакладнасьцю да наадварот, паэтызуючы, здавалася б, даўно скампрамэтаванае. Калі ізноў скарыстацца “арніталягічнай” мэтафарай, то Ўэльбэк ня мысьліць альбатроса ці лебедзя асобна ў палёце й асобна ў няволі. Калі сьвет ёсьць пакутамі, а паэзія — вытворная ад крыку гэтых пакутаў, то паэтычны палёт — лягічны вынік мукаў зьняволенага натхненьня. Колішні “прынц аблокаў” не губляе грацыі, нават зрабіўшыся “крылатым калекам”, больш за тое, калецтва гэтае ў вачах Уэльбэка толькі дадае паэту шарму. Пісьменьнік рэабілітуе такую маргінальную й анахранічную на мяжы тысячагодзьдзяў постаць, як паэт. З часоў рамантызму, бадай што апошняй эпохі, калі паэтычны занятак лічыўся сацыяльна прэстыжным (таталітарныя грамадзтвы ня лічацца), шмат што зьмянілася. Былыя “валадары думак” могуць быць максымум блазнамі, маргіналамі, “сьвятымі паразытамі”. Але Ўэльбэк пакідае паэзіі шанец не ператварыцца канчаткова ў старамоднае хобі ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў літаратуры — і дае свае рэцэпты выжываньня паэта, далёкія ад камфорту, але ж адпаведныя абранай долі. Бо ў сьвеце пакутаў паэт мае адну істотную перавагу над іншымі: сярод тых, хто адчувае боль, ён адчувае яго найвастрэй. Такое разуменьне элітарнасьці ня ёсьць новым, наадварот — далучае Ўэльбэка да вялікай традыцыі францускіх “выклятых паэтаў”, якая пачынаецца якраз з Бадлера. Гэта ў бадлераўскім вершы “Блаславеньне”, нязьменна друкаваным у “Красках Зла” пад нумарам 1, паэт дзякуе Госпаду за сваё абраньніцтва на пакуты. Гэта ў скандальна знакамітай “Падліне” за дзёрзкім эпатажам хаваюцца вечныя каштоўнасьці юдэйска-хрысьціянскай цывілізацыі — і толькі бадлераўскі максымалізм надае ім гратэскавае аблічча. Таксама як эсэ Ўэльбэка “Застацца жывым” ёсьць не што іншае, як гратэскавае пераламленьне рамантычнай канцэпцыі паэта; пераламленьне, што бярэ свой пачатак менавіта ў лірыцы Бадлера. І таму няма чаго дзівіцца, што найбольш знакаміты й найчасьцей цытаваны пасаж Уэльбэка: “І вось вы ўжо далёка ад берагу; о, як вы далёка ад берагу! /…/ Хутка вы памрэце. Але гэта ня страшна. Я з вамі. І я вас ня кіну”,— ёсьць не што іншае, як гратэскавае пераламленьне бадлераўскага вобразу паэта-лебедзя, які памятае Пра матросаў, загубленых у акіяне, Пераможаных, вязьняў… пра многіх яшчэ.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||