|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
ТАЦЯНА МАЗГОВА. ПАСЬЛЯМОВА ПЕРАКЛАДНІЦЫ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
“І вось вы ўжо далёка ад берагу; о, як вы далёка ад берагу! Доўгі час вы верылі, нібыта існуе іншы бераг; цяпер ужо ня верыце. Але ўсё роўна працягваеце плыць, і кожны рух набліжае вас да згубы. Вы задыхаецеся, вам баляць лёгкія. Вада падаецца ўсё халаднейшай, а галоўнае, усё саланейшай. Вы ўжо ня вельмі маладыя. Хутка вы памрэце. Але гэта ня страшна. Я з вамі. І я вас ня кіну. Працягвайце чытаць”. Без сумневу, Мішэль Уэльбэк — найзнакаміцейшы францускі пісьменьнік апошняга дзесяцігодьдзя. Кожны раз яго кнігі выклікаюць шумныя дыскусіі, а часам і гучныя скандалы. “Праўда скандальная. Але безь яе ўсё губляе сэнс”,— гэтую параду Ўэльбэк дае ня толькі літаратурным пачынальнікам, але й сам ёй беспрыпынна карыстаецца. Можа, таму яго ахрысьцілі эпатажнікам і Найскандальнейшым Аўтарам. Праўды (і ня проста праўды — нейкага натуралізму) у яго творах нават зашмат. Чаму менавіта Ўэльбэк? Не Фрэдэрык Бэгбэдэр, не Лідзі Сальвэйр, не Мары Дар'есэк, не Стэфан Загданскі, а Мішэль Уэльбэк? [Усе яны пішуць прыкладна ў адной манеры, якую француская прэса спрабавала вызначыць як deprimisme (дэпрэсіянізм).] Мусіць, ня толькі таму, што ён найскандальнейшы. Ня толькі таму, што зараз ён вымушаны хавацца ў Ірляндыі ад ісламскіх экстрэмістаў, якія вынесьлі яму сьмяротны прысуд. Ня толькі таму, што ён першы пісьменьнік у найноўшай гісторыі Францыі, раман якога даў падставу для судовых абвінавачваньняў. “Кожнае грамадзтва мае свае слабыя месцы, свае болевыя кропкі. Адшукайце іх — і націскайце як мага мацней”. Уэльбэк іх і адшукаў, і цісьне так моцна, што пасьля нават ня робіцца балюча, а проста зьнікае ўсялякае жаданьне жыць. Некаторыя мяркуюць, што Ўэльбэк працягвае традыцыю “інтэлектуальных раманаў-біяграфій”, такіх, як “Доктар Фаўстус” Томаса Мана ці “Гульня ў шкляныя пэрлы” Германа Гесэ. Ален Роб-Грые ўвогуле ня лічыць раманы Ўэльбэка літаратурай: “Для мяне гэта нешта з галіны сацыялёгіі. Там няма тканіны тэксту, а ёсьць толькі рознага кшталту шокавыя меркаваньні пра жыцьцё”. Сам Уэльбэк абвяшчае: “Я рэаліст, я пішу тое, што ёсьць” (хоць тэрмін “рэалізм” ня мае тут літаратуразнаўчага значэньня). Што тычыцца тэмаў, абраных Уэльбэкам, то яна ўсяго адна й пераходзіць з твору ў твор. Пісьменьніка пераймае заняпад заходняга чалавека. Ён упершыню публічна агучвае тыя пытаньні й праблемы французаў (і наагул эўрапейцаў), якія хвалявалі ўсіх, але пра якія ўсе баяліся казаць уголас. Уэльбэк расказвае пра заняпад Эўропы, што пачаўся ў 1968 годзе, калі лібэральна арыентаваная моладзь пачала вайну супраць буржуазных каштоўнасьцяў і прапаганду сэксуальнай разьняволенасьці. Менавіта гэтае пакаленьне Ўэльбэк лічыць непасрэднай прычынай духоўнай пустэчы й татальнай расчараванасьці сучаснага заходняга чалавека. А філязофія шасьцідзясятніцтва, на ягоную думку,— галоўная крыніца ўсіх сёньняшніх бедаў эўрапейскай цывілізацыі. “Нэўротыкі й шызафрэнікі 90-х — дзеці сэксуальна разбэшчаных матухнаў узору 68-га году”. “Мне не падабаецца сьвет, у якім мы жывем”,— гэтую фразу шматкроць паўтараюць амаль усе героі Ўэльбэка. Ён бачыць росквіт заходняга грамадзтва й сучасны сьвет як супэрмаркет. Уэльбэка хвалююць наступствы, якія мела перамога агрэсіўнай візуальнай культуры над культураю слова. Але ён шкадуе не літаратуру, ён шкадуе чалавека заходняй цывілізацыі, які развучыўся кахаць і які жыве ў сьвеце, даведзеным да скрайнасьці культам маладосьці і посьпеху: “Купляючы тонамі ўвільгатняльныя, умацоўвальныя, улагоджвальныя сродкі, заходняя цывілізацыя згубіла апошнія рэшткі мужнасьці перад сьмерцю, якія яна раней знаходзіла ў хрысьціянстве. Горш за тое — старасьць цяпер роўная сьмерці. “Дзеці стараць” — вось вам і разгадка дэмаграфічнай катастрофы белай расы”. Усе героі Ўэльбэка шукаюць каханьне. Безь яго ня цешаць выгоды заходняй цывілізацыі. Але як толькі сапраўднае каханьне знойдзенае, як толькі чалавек сасьпеў для шчасьця, як толькі зьявілася надзея на ўзаемапаразуменьне — усё імгненна зьнікае, усё разбураецца. “Ня трэба баяцца шчасьця: яго не існуе”,— кажа Ўэльбэк, падкрэсліваючы немагчымасьць існаваньня чалавека ў сёньняшнім сьвеце. Але зьмяніць што-небудзь у сьвеце, тым больш сам сьвет, немагчыма. Можа, таму зусім не іранічна гучыць Уэльбэкава думка, што ўсе мы прысутныя пры самазабойстве заходняй цывілізацыі, якое крыху зацягнулася. Творы Ўэльбэка глыбока пэсымістычныя, але, нягледзячы на ўвесь пэсымізм, ён ніколі ня ставіць апошняй кропкі, заўсёды пакідаючы лёгкую недаказанасьць. Менавіта яна й дае надзею. Надзея — гэта ўсё, што нам застаецца. Бо безь яе ўсё губляе сэнс. “І мяне забудуць. Вельмі хутка”,— гэтымі словамі заканчваецца адзін з раманаў Уэльбэка. Уэльбэка можа й забудуць, а вось яго творы наўрад ці здолеюць... раманы “H.P. Lovecraft” (1991) “Г.П. Лаўкрафт” “Extension du domaine de la lutte” (1994) “Пашырэньне прасторы барацьбы” “Les Particules elementaires” (1998) “Элемэнтарныя часьцінкі” “Platforme” (2001) “Плятформа” зборнік вершаў “Renaissance” (1999) “Адраджэньне” зборнікі эсэ “Le sens du combat” (1996) “Пачуцьцё барацьбы” “La poursuite du bonheur” (1997) “Пагоня за шчасьцем” “Rester vivant”(1997) “Застацца жывым” “Le monde comme le supermarche”(2003) “Сьвет як супэрмаркет”
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||