|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
ШАРЛЬ БАДЛЕР. ПАРАДЫ МАЛАДЫМ ЛІТАРАТАРАМ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
Павучаньні, якія вы тут прачытаеце,— плён досьведу; досьвед жа нясе ў сабе пэўную колькасьць памылак, а паколькі іх рабіў кожны ці амаль кожны з нас, то я спадзяюся, што мой досьвед будзе кожным правераны на практыцы. Вось жа, згаданыя павучаньні прэтэндуюць на тую самую ролю, што й vademecum, прыносячы тую самую карысьць, што й кніга добрых манэраў для дзяцей. Велізарную карысьць! Уявіце сабе правілы добрага тону, напісаныя пэўнай мадам Варанс з разумным і добрым сэрцам, ці майстэрства густоўнага апрананьня, гэтую карысную звычку, прышчэпленую матуляй! Так і я ўкладаю ў павучаньні, прысьвечаныя маладым літаратарам, амаль бацькоўскую пяшчоту. І. Пра ўдалы й няўдалы дэбют Маладыя літаратары, якія, апавядаючы з ноткамі зайздрасьці пра свайго юнага калегу, кажуць: “Цудоўны дэбют, яму вельмі пашчасьціла!” — не задумваюцца над тым, што кожнаму дэбюту заўжды нешта папярэднічае й што ён — вынік дваццаці іншых, невядомых ім, дэбютаў. Я ня ведаю, ці прыходзіла калі-небудзь вядомасьць нечакана, бы гром зь яснага неба; я хутчэй схільны лічыць, што посьпех, у арытмэтычнай ці геамэтрычнай, у залежнасьці ад сілы пісьменьніка, прагрэсіі,— гэта вынік папярэдніх посьпехаў, часам нябачных неспрактыкаванаму воку. Ён можа быць павольным напластаваньнем малекулярных посьпехаў, але ніяк не дзівосным спантанным выбухам. Тыя людзі, што кажуць: “Мне не шанцуе”,— проста ня мелі яшчэ значнага посьпеху й ня ведаюць, што гэта такое. Я бяру пад увагу тысячы абставінаў, якія атачаюць волю чалавека й якія самі маюць свае законныя прычыны; яны ўтвараюць акружыну, у якой замкнёная воля; але гэтая акружына рухомая, яна жыве, круціцца й штодзень, штохвіліну, штосэкунду зьмяняе свае абрысы й цэнтар. Гэтак усе падуладныя ёй чалавечыя волі, якія яна цягне за сабой, кожнае імгненьне ўзаемадзейнічаюць па-новаму, і ўласна з гэтага складаецца свабода. Свабода й наканаванасьць — дзьве супрацьлегласьці; як пры павярхоўным, так і пры ўважлівым разглядзе,— гэта адзіная воля. Таму няўдачы не існуе. Калі вы няўдачлівыя, значыць, вам чагосьці не стае; спазнайце гэтае нешта, вывучыце ўзаемадзеяньне блізкіх воляў, каб вам было лягчэй перасоўваць акружыну. Адзін з тысячы прыкладаў. Шмат хто з тых, каго я люблю й паважаю, абураюцца папулярнасьцю некаторых сваіх сучасьнікаў. Усе гэтыя “Парыскія таямніцы”, “Лёнданскія таямніцы” — назвы ўзаемазамяняльныя; але талент іх аўтараў Эжэна Сю і Поля Фэваля, якім бы несур'ёзным ён ні быў, ад гэтага існуе ня менш, а гневу маіх сяброў не існуе, ці, хутчэй, ён існуе ў меншай ступені, бо гэта марнаваньне часу, найкаштоўнейшай у сьвеце рэчы. Пытаньне ня ў тым, ці вышэйшая літаратура пачуцьцяў альбо літаратура формы за тую, што зараз у модзе. Гэта відавочна, прынамсі, для мяне. Але поўная рацыя ў гэтым будзе толькі тады, калі вы выявіце ў абраным вамі жанры гэткія ж здольнасьці, як Эжэн Сю ў сваім. Абудзіце ў чытача гэткую ж зацікаўленасьць з дапамогай новых сродкаў; авалодайце роўнай і нават большай сілай, але ў процілеглым кірунку; павялічвайце дозу ў два, тры, чатыры разы да роўнай канцэнтрацыі, і ў вас ня будзе больш права ганіць буржуа, бо буржуа будзе на вашым баку. А дагэтуль — vae victis! — гора пераможаным! бо праўдзівая толькі сіла, якая й ёсьць найвышэйшай справядлівасьцю. ІІ. Пра ганарар Якім бы прыгожым ні быў дом, ён перадусім — перш, чым будзе даведзеная яго прыгажосьць — гэтулькі мэтраў у вышыню й гэтулькі ў шырыню. Так і літаратура, якая ёсьць найкарункавым матэрыялам, гэта не ўзьвядзеньне калёнаў, а запаўненьне калёнак; і архітэктар ад літаратуры, чыё імя само па сабе яшчэ ня мае шанцу на прыбытак, мае прадавацца любым коштам. Ёсьць маладыя людзі, што кажуць: “Калі гэта каштуе такі мізэр, навошта так надрывацца?” Яны маглі б аддацца напісаньню лепшых твораў; у гэтым выпадку яны былі б абрабаваныя адно самім ходам рэчаў, законам прыроды; а так яны абрабавалі б сябе самі; маючы мізэрны заробак, яны маглі б знайсьці ў гэтым гонар; а так, маючы мізэрны заробак, яны да ўсяго яшчэ й зганьбілі б сябе. Я падсумоўваю ўсё, што мог бы напісаць на гэты конт, у наступнай найвышэйшай максыме, якую я пакідаю на разважаньне ўсім філёзафам, гісторыкам і камэрсантам: “Зрабіць багацьце можна толькі на добрых пачуцьцях!” Тыя, што сёньня кажуць: “Навошта зьнятужвацца дзеля такога мізэру!”, заўтра, ужо карыстаючыся пэўным аўтарытэтам, захочуць прадаваць свае кнігі па 200 франкаў за газэтную паласу, а атрымаўшы адмову, вернуцца на наступны дзень прапаноўваць іх ужо зь зьніжкай у 100 франкаў. Разважлівы чалавек — гэта той, што кажа: “Я лічу, што я маю атрымаць гэтулькі, бо я — геній; але калі трэба зрабіць невялікія саступкі, я іх зраблю, каб мець гонар заўсёды быць вашым аўтарам”. ІІІ. Пра сымпатыі й антыпатыі У каханьні, як і ў літаратуры, сымпатыі ўзнікаюць несьвядома; тым ня менш гэтую гармонію варта спраўджваць алгебраю, і тут у гульню ўступае розум. Сапраўдныя сымпатыі цешаць мяне сваёй падвоенасьцю, фальшывыя ж выклікаюць у мяне агіду менавіта праз сваю цэльнасьць: яны пазбаўленыя прыроднай абыякавасьці — пачуцьця, вышэйшага за нянавісьць, пачуцьця, якое ёсьць непазьбежным вынікам расчараваньня й падману. Таму я прымаю й ухваляю сяброўства: яно грунтуецца на найістотнейшых сувязях розуму й тэмпэрамэнту. Яно ёсьць адной са сьвятых праяваў прыроды, адным са шматлікіх пацьверджаньняў гэтай неўміручай прыказкі: у адзінстве — сіла. Той самы закон шчырасьці й простасьці мусіць кіраваць антыпатыямі. Аднак ёсьць людзі, якія ненавідзяць гэтаксама, як і захапляюцца,— неразважліва. Гэта вельмі неасьцярожна; гэта значыць, стварыць сабе ворага — без аніякай з таго выгоды й карысьці. Удар, што не дасягнуў сваёй мэты, ад гэтага ня менш раніць сэрца суперніка, якому ён быў прызначаны, не кажучы ўжо пра тое, што справа ці зьлева ён можа параніць сьведкаў гэтага двубою. Аднойчы, падчас уроку фэхтаваньня, мяне патурбаваў адзін мой крэдытор; я пагнаўся за ім па лесьвіцы, узнагароджваючы яго ўдарамі рапіры. Калі я вярнуўся, настаўнік фэхтаваньня, лагодны бамбіза, які мог бы зьбіць мяне з ног адно падзьмуўшы на мяне, сказаў: “Вы проста палаеце ад непрыязьні! А яшчэ паэт! Філёзаф! Фу!” Я змарнаваў час, якога хапіла б на два баі, я задыхаўся, прысаромлены, адчуваючы пагарду яшчэ аднаго чалавека — крэдытора, які не зрабіў мне нічога благога. Напраўду, нянавісьць — гэта каштоўны лікёр, атрута, даражэйшая за атруту Борджыя, бо яна створаная з нашае крыві, з нашага здароўя, з нашага сну й на дзьве траціны з нашага каханьня! Ашчадна ўжывайце яе! IV. Пра крытычныя разносы Зьнішчальную крытыку можна выкарыстоўваць толькі супраць хаўрусьнікаў аблуды. Нават калі вы моцны, вы загубіце самога сябе, атакуючы моцнага чалавека; лепш не пагаджацца зь ім толькі ў дэталях, і тады ён заўжды будзе згодны з вамі пры пэўных абставінах. Існуюць два мэтады крытычнага разносу: ускосна й наўпрост — найкарацейшым шляхам. Дастатковую колькасьць прыкладаў ускоснай крытыкі можна знайсьці ў артыкулах Ж.Жанэна. Такая практыка забаўляе публіку, але не навучае яе. Наўпроставую крытыку з посьпехам практыкуюць некаторыя ангельскія журналісты; у Парыжы гэты мэтад быў занядбаны; сам Гранье дэ Касаняк, як мне падаецца, забыўся на яго. Ён палягае ў тым, каб сказаць: “Мэсьё Х. непрыстойны чалавек, а да ўсяго яшчэ й дурань; і я вам гэта давяду”,— і давесьці гэта! — па-першае,— па-другое,— па-трэцяе,— і г. д. Я раю гэты мэтад усім тым, хто верыць у розум і мае сталёвыя кулакі. Няўдалая крытыка — гэта варты жалю ўчынак, гэта страла, якая вяртаецца ці яшчэ на вылеце драпае да крыві вашую даланю, гэта куля, што, зрыкашэціўшы, можа забіць вас самога. V. Пра спосабы пісьменьніцтва Сёньня трэба ствараць шмат тэкстаў; значыць, трэба працаваць хутка; а значыць, трэба сьпяшацца паволі; значыць, трэба, каб усе ўдары пацэлілі й аніводзін укол рапіры вашага стылю ня стаўся дарэмным. Каб пісаць хутка, трэба як сьлед паразважаць — пацягаць паўсюль з сабой свой сюжэт: на шпацыр, у купальню, у рэстарацыю й ледзь не да каханкі. Э.Дэлакруа сказаў мне аднойчы: “Мастацтва — гэта рэч нагэтулькі ідэальная й няўлоўная, што прылады працы ніколі не бываюць цалкам прыдатнымі для яго, а сродкі — дастаткова дзейснымі”. Тое самае й у літаратуры; такім чынам, я не прыхільнік бясконцых выпраўленьняў; яны засьцяць роўнядзь думкі. Некаторыя, як самыя выбітныя, так і самыя сумленныя,— прыкладам, Эдуар Урліяк — пачынаюць з таго, што сьпісваюць старонку за старонкай; яны называюць гэта “запоўніць палатно”. Гэтая няўцямная апэрацыя мае сваёй мэтай нічога не згубіць. Пасьля, перапісваючы, яны кожнага разу скарачаюць, адсякаючы лішняе. Нават калі вынік стаецца выдатным, гэта марнаваньне часу й таленту. Запоўніць палатно гэта не замаляваць яго, а накідаць эскіз, наносячы штрыхі тонкімі празрыстымі тонамі. Палатно мае быць запоўненым — у думках — у той момант, калі пісьменьнік бярэцца за пяро, каб напісаць назву. Кажуць, Бальзак сьпісвае свае рукапісы й карэктуры незвычайным і бязладным чынам. Пасьля гэтага раман праходзіць праз пэўныя стадыі распрацоўкі, дзе рассыпаецца еднасьць ня толькі сказу, але й твору. Несумнеўна, менавіта гэты заганны мэтад часта надае ягонаму стылю, так бы мовіць, нешта цьмянае, скамечанае й блытанае,— адзіны недахоп гэтага вялікага хранікёра чалавечых лёсаў. VІ. Пра штодзённую працу й натхненьне Оргія больш не сястра натхненьню: мы разарвалі путы гэтай здрадніцкай блізкасьці. Хуткая зьнямога й слабасьць некаторых цудоўных асобаў пераканаўча сьведчаць супраць гэтага абрыдлага забабону. Сытная, і да таго ж рэгулярная ежа — вось адзіная рэч, неабходная пладавітым пісьменьнікам. Адзіная сястра натхненьню — штодзённая праца. Гэтыя дзьве супрацьлегласьці выключаюць адна адную ня больш, чым усе супрацьлегласьці прыроды. Натхненьне можна падпарадкаваць сабе, як голад, страваваньне, сон. Без сумневу, у душы ёсьць нешта кшталту нябеснай мэханікі; трэба не саромецца гэтага, а са славай здабываць з гэтага карысьць, як мэдыкі з мэханікі цела. Калі вы хочаце жыць ува ўпартым сузіраньні твору заўтрашняга, штодзённая праца надасьць вам натхненьня — як тая выразная манэра пісьма, што надае думцы яснасьць, і як спакойная й магутная думка, што надае пісьму выразнасьць; бо час дрэннага пісьменства мінаваў. VII. Пра паэзію Што да тых, хто з посьпехам аддаецца ці аддаваўся паэзіі, я раю ім ніколі ня кідаць яе. Паэзія — гэта адзін з тых відаў мастацтва, што прыносяць найбольш; аднак гэта нешта накшталт укладаньня грошай, якія вернуцца да вас нашмат пазьней, затое зь ніштаватымі працэнтамі. Хай паспрабуюць зайздросьнікі назваць мне добрыя вершы, якія зрабілі банкрутам свайго выдаўца. З гледзішча маралі, паэзія ўсталёўвае такое разьмежаваньне паміж людзьмі першага й другога гатунку, што самая буржуазная публіка не пазьбягае гэтага дэспатычнага ўплыву. Я ведаю людзей, якія чытаюць артыкулы Тэафіля Гацье, часьцяком вельмі пасрэдныя, толькі таму, што ён стварыў “Камэдыю Сьмерці”; несумненна, яны не адчуваюць усёй вытанчанасьці гэтага твора, але яны ведаюць, што Гацье — паэт. Чаму тут зьдзіўляцца, усялякі здаровы чалавек можа абыходзіцца бязь ежы два дні, а без паэзіі — аніводнага! Мастацтва, якое задавальняе самыя пільныя патрэбы, заўжды будзе самым шанаваным. VIIІ. Пра крэдытораў Вы, несумнеўна, памятаеце камэдыю, што называлася “Геній і распуста”. Тое, што распуста часам суправаджала геніяльнасьць, сьведчыць наўпрост пра тое, што геній мае надзвычайную сілу; на жаль, шмат хто з маладых людзей бачыць у гэтай назьве не выпадковасьць, а заканамернасьць. Я вельмі сумняюся, што Гётэ калі-небудзь меў крэдытораў; сам Гофман, няўрымсьлівы Гофман, якога часьцей за іншых адольвала нястача, няспынна марыў пазбавіцца яе, зрэшты, ён памёр якраз у той момант, калі больш заможнае жыцьцё дазваляла яго геніяльнасьці дасягнуць новых вышыняў. Ніколі ня зьвязвайце сябе з крэдыторамі, рабіце, калі хочаце, выгляд, што яны ў вас ёсьць; вось усё, што я магу вам параіць. ІХ. Пра каханак Калі я хачу прытрымлівацца закону супрацьлегласьцяў, які кіруе як духоўным, так і фізычным ладам, я змушаны аднесьці да тыпу жанчынаў, небясьпечных для пісьменьнікаў,— прыстойных жанчын, сініх панчох і акторак: прыстойных жанчын — таму што яны абавязкова належаць двум мужчынам і таму што яны — пасрэдны пажытак для дэспатычнай душы паэта; сініх панчох — таму што гэта мужчыны ў спадніцах; акторак — таму што яны павярхоўна знаёмыя зь літаратурай і таму што яны размаўляюць на тэатральным арго, карацей, таму што акторкі не жанчыны ў поўным сэнсе гэтага слова, бо публіка для іх каштоўнейшая за каханьне. Вы ўяўляеце сабе паэта, закаханага ў сваю жонку й вымушанага бачыць, як яна гуляе травэсьці? Мне падаецца, што ён мусіў бы падпаліць тэатар. Вы ўяўляеце сабе гэтага ж паэта, змушанага пісаць ролю для бяздарнае жонкі? Уяўляеце, як ён выбіваецца зь сілаў сваімі эпіграмамі адпомсьціць публіцы ў ложах за тыя пакуты, якія гэтая публіка яму ўчыніла цераз самую дарагую яму істоту — тую істоту, якую жыхары Ўсходу зачынялі на тры замкі, пакуль не павыпраўляліся ў Парыж вывучаць права? Акурат таму, што ўсе сапраўдныя літаратары ў пэўныя моманты адчуваюць агіду да літаратуры, я лічу прымальнымі для іх — вольных і ганарлівых душою, стомленых розумам, заўжды спраглых адпачынку на сёмы дзень — толькі два тыпы жанчынаў: дзевак альбо дурніц, каханьне альбо хатні агмень. Браце, ці трэба тлумачыць прычыны? Пераклала з францускае Натальля Куц.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||