ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005

 

ЧЭСЛАЎ МІЛАШ

 

ЗЬМЕСТ

Прышэсьце літаратара

Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі

Ігар Клепікаў. Вершы

Крысьціна Курчанкова.
Вярнуся

Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку

Мікола Кандратаў. Вершы

Андрусь Белавокі.
Rock'n'Roll Яйкi

Тацяна Вабішчэвіч. Вершы

Аляксей Харужка. Адзінота

Зьміцер Плян. Вершы

Кастусь Маныч-Гудзіла.
Выпадак з жыцьця

Хельга Хмара. Вершы

Марыя Барадзіна. Вершы

Яўген Буры. Без паэта

Чэслаў Мілаш. У пэўным веку

Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам

Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым

Тацяна Мазгова.
Пасьлямова перакладніцы

А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара

Аляшандар Радрыгеш.
Апавяданьні

Гутарка перакладніцы
з А.Радрыгешам

Андрэй Бондар. Апавяданьні

Мажана Келяр. Вершы

Бруна Шульц. Апавяданьні

Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі

Людвіг Вітгенштайн. Пра этыку

Жан-Поль Сартр.
Экзыстэнцыялізм

РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ

Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху]

Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство

Сьвятлана Длатоўская. Даць нырца

Канструктыўны крытык

У ПЭЎНЫМ ВЕКУ

Хацелi вызнаць грахi — i не было перад кім.

Прыняць іх не хацелi анi аблокi, нi вецер —

Усюдыiсны госьць няўсюдыiсных мораў.

Нiчым не зацiкавiлi зьвяроў.

Сабакi дарэмна чакалі каманды.

Кот, амаральны як заўсёды, засынаў.

I чалавек, падавалася, блiзкi,

Ня схiльны слухаць быў пра ўжо прамiнулае.

Размоваў зь іншымi, за кавай цi гарэлкай,

Ня варта было доўжыць, адчуўшы адно смак нудоты.

Пагардай было б плацiць пагадзінна

Асобе дыплямаванай за тое толькі, што слухае.

Храмы. Можа й храмы. Але што там адкрыем?

Што гожымi і шляхетнымi сабе падавалiся,

А потым на тым месцы пачварная рапуха

Напаўадкрые тоўстыя павекi

I ўжо вядома: “Гэта я”.

1994

 

ПАД СКОН ДВАЦЦАТАГА СТАГОДЗЬДЗЯ

Пад скон дваццатага стагодзьдзя, я, родам зь яго пачатку,

пасьля напісаньня кніжак — дрэнных, добрых, але

пераплеценых дбайнаю працай,

атрымаўшы, страціўшы, зноў вярнуўшы,

існую тут надзеяй, што можна пачаць наноў.

І ацаленьне жыцьцю прынесьці роздумам пра спазнаныя рэчы,

настолькі ўчэпістым, што больш людзей і месцаў не адыме час

і ўсё пратрывае сапраўдным даўжэй, чым калісь.

Як сталі гады экстазу цяжарам цярпеньняў — не разумеючы,

благаючы лёсу іншага й свой — прымаючы,

сьціснуўшы вусны, не патураў сабе.

Ганарыўся толькі адной, вядомай мне, цнотай —

шматрукай дысцыплінай самакатаваньня.

Безупынна пачынаю наноў, бо складзенае ў твор

фікцыяй выйшла — іншым, ня мне, заўважнай, —

аблытаны ёю, зьвязаны я.

І з прагі ісьціны мая зацятасьць.

Тады разважаю аб правілах высокага стылю,

і аб людзях, якія ў іх ніколі ня мелі патрэбы.

Аб тым, што надзеяй падмануты — пажыцьцёва.

1980

 

ТАК МАЛА

Так мала прамовіў.

Кароткія дні.

Кароткія дні,

Кароткія ночы,

Гады кароткія.

Так мала сказаў.

Не пасьпеў.

Стужылася сэрца маё

Ў захапленьні,

Роспачы,

Руплівасьці,

Спадзеве.

Левіятана пашча

На мне замыкалася.

Аголены, ляжаў на берагах

Бязьлюдных выспаў.

Белым кітом сусьвету

Зацягнуты быў у тхлань.

Маўчу, бо зараз ня ведаю,

Што было. Было сапраўдным.

Бэрклі, 1969

 

НА МАЕ 88 ЎГОДКІ

Места гусьцее, ў палоне пасажаў, цесных

пляцовак, аркад,

што шлейфам тэрас усьцілаюць затоку.

Моцы ня маю адвесьці вачэй

ад маладой прыгожосьці,

цялеснай і часовай,

ейных танцоўных рухаў усьцяж сівых камянёў.

Колеры сукняў у згодзе зь летняю модай,

стукат пантофліка па далячынях з-пад бруку стагодзьдзяў —

усё суцяшае сваім рытуалам вяртаньня.

Засталіся за сьпінай саборы,

у даўнім часе ўмацаваныя вежы.

Я той, хто бачыць, аднак сам не сыходзіць:

дух мой вышэйшы за сівізну

і хваробы старасьці.

Уратаваны — вечным і боскім зьдзіўленьнем.

Генуя, 30 чэрвеня 1999

 

ДАР

Такі ясны і сьветлы дзень.

Раньняя дымка туману, агорнуты ёю сад.

Калібры ў слодычы духмянага бружмелю.

Зямля не ўрадзіла рэчы, якую б я прагнуў мець.

Ня ведаў нікога, каму варта было б зайздросьціць.

На ліха я страціў памяць.

Не саромеўся думаць, што быў, кім ёсьць.

Целу майму боль — чужы.

Распраўляючы плечы, бачыў блакітнае мора і ветразь.

Бэрклі, 1971

 

ПРА АНЁЛАЎ

Сарвалi з вас белыя шаты,

Крылы і нават быцьцё.

Аднак жа я веру вам,

Пасланцы.

Там, дзе налева вывернуты сьвет —

Цяжкая тканiна, вышываная зорамі й зьвярыма —

Свой шпацыр ведзяце, аглядаючы простыя швы.

Не застаецеся тут надоўга.

Хiба што ў ранішнiм часе, калi адкрытае неба,

У мэлёдыi, птахам паўторанай,

Альбо ў водары яблык, пад вечар,

Як сьвятло зачаруе сады.

Хтосьцi вас выдумаў, кажуць.

Не пераконвае гэта штосьці,

Бо i сябе прыдумалi людзi.

Голас. Хiба ня доказ?

Бо несумнеўна належыць ён сьветлым iстотам,

Лёгкiм, крылатым (чаму б i не),

Падперазаным маланкаю.

Чуў я той голас у сьне неаднойчы.

I, што найдзiўнейшае, трохi яго разумеў —

Наказ цi паклiканьне на мове нябёсаў:

зараз дзень

яшчэ адзiн

зрабi што можаш.

Бэрклі, 1969

 

ТВОЙ ГОЛАС

Сьмерць праклiнай, прызначаную нам несправядлiва.

Прасi багоў, каб лёгка хоць памерцi.

Кiм бы нi быў ты — жменя тваiх амбiцый, жаданьняў i мараў

Не заслугоўвае задоўгай агонii.

Ня ведаю толькi, што зробiш, адзін, са сьмерцю тых — iншых:

дзяцей, абданых агнём,

жанчын, пабiтых шротам,

асьлеплых жаўнераў —

Сьмерцю шматдзённай, сьмерцю, якая побач.

Лiтасьць твая бяздомная, слова тваё зьнямелае,

У страху чакаеш прысуду, бо зноўку нiчога ня змог.

Бэрклі, 1968

 

ТАМ УСТАЛЮЮЦЬ ЭКРАНЫ

Там усталююць экраны і наша жыцьцё

будуць сабе паказваць ад пачатку і да канца —

з усім, пра што, як здавалася мы забылі да скону,

у строях эпохі, сьмешных і вартых жалю,

калі б ня мы іх насілі празь іншасьць іншых, нябачаных.

Армагедон мужчын і жанчын. Марна цяпер крычэць,

што кахаў іх,

што кожнага бачыў жаданым дзіцем, спраглым пяшчоты.

Што цешыўся зь пляжаў, басэйнаў, клінік,

яны ж бо там — косьць маёй косьці, плоць маёй плоці,

што ім і сабе спачуваў — не ўратуе гэта.

Незваротныя словы і думкі… Прыўзьнятая шклянка,

позірк, кінуты долу, пальцы на гузіках

сукні, камедыянцтва,

махлярскі жэст, сузіраньне аблокаў,

забойства за грошы — ня болей.

І што з таго, што сыходзяць, на лытках званочкамі

звонячы, што так марудна ідуць у агонь,

які паглынуў зь імі й мяне? Кусай, калі можаш, локці,

і зноў углядайся ў сваё, ад пачатку і да канца.

Бэрклі, 1964

 

CAMPO DI FIORI

У Рыме, на Campo di Fiori,

масьлін і лімонаў кошы,

віном залітыя вулкі

і духам зламаных кветак.

Ружовасьць марскіх дарункаў

сталы гандляроў прыгожыць

і вінаградныя гронкі

на пэрсікаў пух спадаюць.

На гэтым бурлівым пляцы

спалілі Джардана Бруна,

кат словы ў вагонь падкідваў,

зрываючы з вуснаў плебсу.

Як полымя ледзь сьцішэла —

зноў месц не было ў тракцірах,

масьлін і лімонаў кошы

гандлярства на плечах несла.

Згадаўся мне Campo di Fiori

ў Варшаве, ля карусэлі,

ў пагодны вясеньні вечар,

пад рытмы вясёлых скокаў.

Стрэлы за мурам гета

глушыла мэлёдыя танцу

і пары ўзьляталі высока,

у самае яснае неба.

З дамоў, што палалі, вецер

чорных прыносіў зьмеяў,

іх прагна глыталі пальцы

галодных на каруселі.

Дзяўчынам ірваў сукенкі

той вецер з дамоў, што палалі,

натоўп ад душы сьмяяўся

ў час пекнай варшаўскай нядзелі.

Тут, можа, мараль, хтось знойдзе,

што люд варшаўскі ці рымскі,

гандлюе, сьмяецца, кахае

наўпрост ля вагню пакутаў.

Хтось іншы мараль угледзіць:

крышыцца трываласьць рэчаў,

й хутчэй, чым агонь згасае,

буяе забвеньня зерне.

Аднак я пра тых падумаў,

што гінуць, пра іх адзіноту.

Падумаў: калі Джардана

на эшафот ўзыходзіў,

ня вынайшла наша мова

слова, ці гуку б якога,

каб ім разьвітацца сьвету

зь сьветам, што застаецца.

Віна сьпяшаліся выпіць,

зорак марскіх пазбыцца,

масьлін і лімонаў кошы

несьлі пад сьмех размовы.

Ужо быў ад іх далёка,

быццам прайшлі стагодзьдзі,

хвіліну яны чакалі

адлёту душы ягонай.

І вось, самотныя, гінуць,

забытыя цэлым сьветам.

Чужая ім наша мова,

як мова з далёкай плянэты.

Станецца ж гэта легендай,

і бунт распачне эпоху

на Campo di Fiori новым,

паўстаўшы словам паэта.

Варшава. Вялікдзень. 1943

Пераклад з польскай Яўгена Бурага.

 

 

Чэслаў Мілаш. У пэўным веку

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY