|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
АЛЯКСЕЙ ХАРУЖКА. АДЗІНОТА |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Аляксей Харужка. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
Я спыніўся перад дзьвярыма… Ня ведаю, як доўга я там знаходжуся, хоць ведаю, што стаяць у гэтым месцы нельга. Але мне нельга й адчыніць дзьверы, зрэшты, як і адысьціся ад іх, бо — адзін крок — і я згублю дзьверы з поля зроку. Такі калідор з сакрэтам. За маёю сьпінаю, зьлева ад мяне — другія дзьверы, трохі прыадчыненыя. Гаспадару пакою за тымі дзьвярыма бачная мая нерашучасьць, аднак ня бачна прычынаў гэтай нерашучасьці. Ня бачна яму й тых сілаў, што спрабуюць зрушыць мяне зь месца. Я, магчыма, хацеў бы дацягнуцца да дзьвярной ручкі й зачыніць тыя — другія дзьверы, але тады я страчу гэтае месца, якое існуе адно пакуль я ў ім знаходжуся. Дакладней — нават не само месца, а магчымасьць да яго вярнуцца. А першыя дзьверы? Я час ад часу хачу іх адчыніць, каб пагрэцца ў цеплыні таго пакою. Мне не дазволяць там застацца, але імгненьне вечнасьці ў тым пакоі вабіць мяне болей, чым вечнасьць імгненьняў тут, перад дзьвярыма… Слабое зьзяньне з-пад дзьвярэй трохі саграе мяне й дадае сілаў стаяць. Дзеля чаго стаяць? Ня ведаю. Чалавек — гэта зборня тупікоў. Я не чакаю, што дзьверы аднойчы адчыняцца самі. Толькі я магу паспрабаваць іх адчыніць, але я ніколі ня буду рабіць гэтага. Я адно чакаю, што той чалавек за дзьвярыма якім-небудзь чынам падасьць мне знак, маўляў, крані ручку… Хоць з чаго я ўзяў, што там ёсьць чалавек? Што ўва мне яго вызначыла? Прага цеплыні й пяшчоты ці страх адзіноты? Але той чалавек нічога ня ведае пра мяне й маё вярэдзіва. Ня ведае, бо ня бачыць дзьвярэй, ля якіх я стаю. Зусім верагодна, што на тым мейсцы, дзе мне бачацца дзьверы, у яго вісіць карціна ці фатаздымак, зроблены мною. Я рабіў няшмат фатаздымкаў, аднак некаторыя зь іх, самыя лепшыя, знаходзяцца не ў мяне. Толькі як ён туды патрапіў? Магчыма, я падарыў яго каму-небудзь на памяць? І калі гэта насамрэч так, дык на той бок дзьвярэй вісіць фатаздымак, зроблены маёю рукою. І, асьцярожна адчыняючы дзьверы, я паступова пачну праяўляцца на сваім фатаздымку і ў памяці таго чалавека, пакуль дзьверы ня зьнікнуць у мяне за сьпінай… Часам наўзьдзіў лёгка прыдумаць будучыню. Зрэшты, зусім верагодна, што гаспадару фатаздымка зусім і не патрэбны яго аўтар. Ён бачыць пейзаж з таго ракурсу, у якім знаходзіўся я, калі фатаграфаваў. І цяпер ён замяніў мяне, аўтара, сабою. Гэта ён глядзіць у аб'ектыў, а я толькі рамка, якая мае сэнс адно тады, калі ёсьць фатаздымак,— і калі я пакажуся яму самім сабой, ён проста мяне не пазнае. Праўда, бо я для яго не існую: са сваім тварам, рукамі, хадою, голасам. Для яго ўсяго гэтага няма, але ці ёсьць усё гэта для мяне? Я ня бачу свайго твару, калі не гляджу ў люстэрка, не ўсьведамляю сваіх рук, калі не канцэнтрую на іх увагу й чую свой голас ня так, як чуюць яго іншыя. Адно празь іншых ці іншае я магу ўбачыць свой твар, усьвядоміць свае рукі й пачуць свой сапраўдны голас. І ён, гэты чалавек за дзьвярыма, зможа — калі будучыня ёсьць магчымай. Іначай зьдзейсьніць немагчымае нельга. Бадай, мне без патрэбы будзе выбар. О, як я баюся гэтага выбару, нават цяпер я думаю пра немагчымае, каб толькі не рабіць крок наперад. Але як я тут апынуўся? Я прыйшоў сам ці быў кіраваны кімсьці? І хто мною кіраваў, праваднік ці калідорны? У прывідным сьвятле столяў і сьценаў — я памятаю, быў хтосьці іншы, хтосьці, хто думаў, што ён паказвае мне шлях. Так, дасюль ён не дайшоў, яму патрэбна было ў іншы калідор і, здаецца, паверхам ніжэй. Дакладна. Ён ня ведаў, што я не ўвайду ў дзьверы. Ды й адкуль яму было ведаць? Я ішоў сюды не зьбіраючыся ўваходзіць, гэта насамрэч так. А чаму я тады хачу ўвайсьці зараз? А ці хачу? Напэўна, я сам вырашыў сябе заблытаць, каб адысьці ад дзьвярэй, але не атрымалася — не адышоў, значыцца, хачу ўвайсьці… Толькі навошта мне аргумэнты дзеля апраўданьня сваіх жаданьняў? Каб патлумачыць сваё зьяўленьне за дзьвярыма? А раптам той чалавек ні пра што не спытае. Канечне, не спытае, ён ня зможа спытаць, таму што альбо будзе ведаць, хто я й чаму прыйшоў, альбо не пабачыць мяне ўвогуле. Мы будзем стаяць у адным пакоі, не заўважаючы адзін аднога. Хоць гэта будзе адзін пакой. І я змагу ўвайсці ў яго толькі тады, калі мой калідор ператворыцца ў ягоны пакой! Калідор стане пакоем таго чалавека, які цяпер за дзьвярыма. ...Гэтага ператварэньня можна чакаць вельмі доўга. Але як я даведаюся, што яно здарылася? Ці як даведаецца пра гэта чалавек за дзьвярыма. Можа, дзеля апошняга трэба было б хоць нешта зрабіць? Не, не, не! Мая пасьпешлівасьць можа ўсё загубіць. Але хай сабе. Вось… Я раблю крок — і дзьверы нікуды не зьнікаюць. Адсюль яны, мне здаецца, нават лепш бачныя. Дзіўна, я заўсёды думаў, што яны складаюцца з адной часткі, а цяпер бачу дзьве палоўкі. Які ў гэтым сэнс? Адна для мяне, а другая для таго, хто ў пакоі? Ці абедзьве адчыню я, толькі не адразу? Спачатку адчыню адну, а пасьля другую?.. Значыць, цяпер я магу рухацца далей. Але зрабіўшы крок, ці змагу я спыніцца, каб не зрабіць потым другі, трэці… Званочак! Званок, як жа я яго не заўважыў? Зьлева ад дзьвярэй на сьцяне круглая чорная кнопка. Усё проста — я націсну на кнопку, пачакаю трохі, націсну яшчэ раз і дзьверы адчыняцца! Я націснуў кнопку. Поўная цішыня. Ня чутна званка за дзьвярыма, толькі грукат майго сэрца па гэты бок. Я націскаю зноў і зноў, але нічога не адбываецца. Я націскаю апошні раз і нарэшце раздаецца гучны звон. Я падымаю галаву вышэй і бачу дынамік. Гэты звон чую толькі я! Чалавек за дзьвярыма нічога пра яго ня ведае! Што гэта значыць? Ці ня тое, што толькі я сам чую самога сябе? Я й больш ніхто? А значыць, мне нічога не застаецца, як толькі чакаць. Маё чаканьне вызначае мяне самога, але яно абыходзіць астатніх. Яны не даюць веры таму, што я тут. Проста ня вераць, гэта ж відавочна. Яны глядзяць на мяне, я махаю ім рукамі й крыўляюся, аднак яны на мяне не зважаюць. Сама магчымасьць маёй прысутнасьці тут за межамі іх разуменьня. А той чалавек, які глядзіць на мяне ў прасьвет другіх дзьвярэй? Ён, напэўна, разумее больш за іх і ведае больш за мяне. Хоць якая яму з гэтага карысьць? Я магу зь лёгкасьцю зрабіць так, што ён пачне разумець столькі сама, колькі й астатнія. Але тады ён моцна раззлуецца, бо я перастану быць для яго цікавым. І ён ніколі не даведаецца, што пасьля гэтага я ня стаў для яго менш цікавым, бо заўсёды быў адным і тым чалавекам. А сваім учынкам я толькі выратаваў яго ад расчараваньня… Не, усё-такі цягне зачыніць ягоныя дзьверы, я адчуваю пагрозу, якая сыходзіць адтуль. Але калі яны неяк зьвязаныя зь першымі? І, зачыніўшы іх аднойчы, я не змагу іх потым адчыніць, як цяпер не магу адважыцца адчыніць першыя. Бадай, там шмат цікавага, чаго я ніколі не пабачу, не зрабіўшы свой выбар. Аднак мяне пужае гэты выбар. Ці не таму, што выбар не пакідае варыянтаў? Толькі ці дрэнна гэта? Калі ідзеш па дарозе, рэдка крочыш назад, бо рух назад парушае сэнс дарогі. Я ўглядаюся ў дзьверы й пачынаю здагадвацца, што перада мною сьцяна. Розум ратуе мяне ад марных спробаў адчыніць дзьверы, што ствараюць ілюзію вольнай прасторы толькі для саміх сябе. Мае ілюзіі — сьцены, столь, падлога й гэтыя дзьверы. Заклікаючы мяне авалодаць імі, яны ўцягвалі мяне ў абдымкі сваёй улады. Ці я сам ня здолеў авалодаць імі, ці так было прадвызначана? Так і не даведаюся... Здаецца, я адхіліўся на нешта пабочнае ды і ўвогуле кудысьці не туды… Пра што я думаў раней? Чакай, але як мой фатаздымак змог апынуцца па той бок дзьвярэй? Калі я падараваў яго каму-небудзь, дык я павінен ведаць гэтага чалавека! Няўжо я настолькі эгаістычны, што ня бачу таго, хто побач са мною й ня чую, пра што ён кажа. Хто ж гэта мог быць? Зрэшты, а чаму я павінен яго ведаць? Я зусім не хачу яго ведаць. Ён мусіць быць для мяне чымсьці новым. Як чысты аркуш паперы. Такім, чаго я да гэтага часу ня бачыў. Ці я ўжо проста сьляпы? Няўжо гэтыя сьцены, столь і гэтыя дзьверы ўсяго толькі адценьне колераў таго сьвятла, што грэе мяне на вуліцы? Значыць, я адмовіўся ад праўды, каб знайсьці ісьціну. Якое глупства: мая ісьціна — гэта дзьверы, якія мне не адчыніць і не зачыніць. Пачакай, а чаму глупства? Гэта зусім ня глупства. Я заблытаўся ў сваіх штодзённых жаданьнях і турботах. І чаму я лічу, што чыстым можа быць толькі тое, чаго я ня бачыў. Гэта ж ня так. Можа, я сам нячысты? Рацыя, але што перадусім я меў на ўвазе? Нешта такое, што я заўчасна лічыў ісьцінным, хоць насамрэч яно падманнае. Толькі што ім можа быць? Гэтыя дзьверы? Не, яны недатыкальныя. Мая тут прысутнасьць? Але гэта выяўленьне маёй свабоды! Так, нарэшце я зразумеў. Гэта тыя другія дзьверы! Ад скразьняку з таго прамакутнага праёму штосьці маўклівае ўва мне баіцца быць вымаўленым. І гэта маўклівае хоча іх зачыніць. Значыць, я ня стану гэтага рабіць, раптам такім чынам знойдуцца ключы ад маіх дзьвярэй. Спыніся… Ключоў раней не было. Гэта дакладна. А вось ці было гэтае “раней”? Дзе падзеўся той час? Не, ня так — што такое час? Сэкундная стрэлка нікуды не бяжыць. Яе тут увогуле няма. Як усё проста — няма гадзіньніка, няма часу. Раней ці пазьней? Зараз ці… А што такое гэтае “ці”? Часу ў мяне няма. Гучыць няправільна. Тут няма часу. Ужо лепей, хоць зразумела толькі мне. Глупства. Трэба дастаць ключы. Яны вісяць пад самаю стольлю. Я не магу іх дастаць, замінае зямная цяга. У месцы, сатканым з майго рамантызму, мне замінае цяга зямлі. Як мне называць сябе пасьля гэтага? Блазнам? Але я сам ёсьць прычынай свайго туляньня да зямлі, а значыць, і жаданьнем задзіночаньня зь ёю. Чаму? — няйстотна. Цяга зямлі нязьменная, а жаданьне ўхапіць ключы — настраёвае. У месцы, дзе час нікуды не бяжыць, “нязьменнае” выключае “настраёвае”. Відаць, час ёсьць мерай суадносінаў маіх жаданьняў. Дзіўныя ключы — адзін вялікі й грубы. Другі — маленькі. Ён грацыёзны й вытанчаны. Менавіта такія замкі, мне гэтага вельмі хацелася б, чакаюць мяне. А вялікі ключ нагадвае пра жалезную браму старога парку. Там усё проста й зразумела. Настолькі проста, што на гэта нават не зьвяртаеш увагі… Простыя правілы для вялікіх ідэяў… Цікава, які ключ ад гэтых дзьвярэй… …Я сяджу на падлозе, справа ад дзьвярэй, і палю цыгарэту за цыгарэтай. Я гляджу ў адну кропку, не адхіляючы позірку, нават калі трэба падпаліць чарговую цыгарэту. Я так і не даведаўся, які з гэтых ключоў падыходзіць да замка ад маіх дзьвярэй, а які да тых, што прыадчыненыя… Я не даведаўся пра гэта — бо ў маіх дзьвярэй не было ручкі. Ці яны адчыняюцца толькі знутры, ці… Мне заўсёды здавалася, што ручка была. Можа, я так думаў таму, што бачыў дзьверы? Ручкі няма… Мне не хапіла сьмеласці апусьціць вочы ніжэй, на тое месца, дзе павінна быць адтуліна для ключа… Я ўжо наперад ведаў — адтуліны там таксама няма.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||