ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005

 

КРЫСЬЦІНА КУРЧАНКОВА. ВЯРНУСЯ

 

ЗЬМЕСТ

Прышэсьце літаратара

Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі

Ігар Клепікаў. Вершы

Крысьціна Курчанкова.
Вярнуся

Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку

Мікола Кандратаў. Вершы

Андрусь Белавокі.
Rock'n'Roll Яйкi

Тацяна Вабішчэвіч. Вершы

Аляксей Харужка. Адзінота

Зьміцер Плян. Вершы

Кастусь Маныч-Гудзіла.
Выпадак з жыцьця

Хельга Хмара. Вершы

Марыя Барадзіна. Вершы

Яўген Буры. Без паэта

Чэслаў Мілаш. У пэўным веку

Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам

Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым

Тацяна Мазгова.
Пасьлямова перакладніцы

А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара

Аляшандар Радрыгеш.
Апавяданьні

Гутарка перакладніцы
з А.Радрыгешам

Андрэй Бондар. Апавяданьні

Мажана Келяр. Вершы

Бруна Шульц. Апавяданьні

Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі

Людвіг Вітгенштайн. Пра этыку

Жан-Поль Сартр.
Экзыстэнцыялізм

РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ

Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху]

Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство

Сьвятлана Длатоўская. Даць нырца

Канструктыўны крытык

трыялет

А.А.

Прачнуцца. Разьляпіць павекі й прарвацца празь сетку маланак, праз змрок грымотаў, праз гэты дождж і гэтую нясьцерпную ноч. Калыханка капытоў па брукаванцы, калыханка капытоў… Дзынькнула маланка, скача па бруку: згубіў талер, потым, потым, потым.

Прачнуся, прачнуся… Шоргат плашча люляе, цалуе. Нельга застацца, паддацца, закалыхацца. Тады — брук, брук, брук.

Талер танчыць на дарозе вогненнае колца. Гэта той самы талер? Ці новы… Якая розьніца? Гэтая ноч закончыцца, і тады — позна, позна, позна…

Брукаванка скруціцца ў кола балотнай зьмяюкай. Рэзка, нібы маланка скочыць да цябе — уджаліць, апячэ агнём, уліе атруту, закалыхае пад запозьненыя грымоты.

Не, кола — гэта пярсьцёнак... валасоў вакол пальца. Я пасьпею, заўтра я абавязкова пасьпею. Заўтра мы ўцячэм у тваю сьветлую краіну (вось я й пераканаюся, ці йснуе яна насамрэч). Успамінаю, прачынаюся, сьмяюся, ізноў наперад, нельга спазьніцца.

Дзе там мой талер? Вогкі сьвет, вогкі плашч, вогкі конь, вогкі брук. Я прачнуся. Наступны раз я пасьпею. Наступны.

Неба разьляпіла цяжкія павекі. Проста грукат капытоў разбудзіў дзень. Проста разышліся хмары. Паміж імі — вока, не, сонца. Вока зь бяльмом.

Вогненныя салямандры танчаць на мокрых камянях, абкружаюць, будуюць з бруку сьцены. Гэта прачнуўся горад: ізноў вітае вогнішчам на пляцы. Хто сёньня? Ня мае значэньня. Пасьпеў?

І я прачнуся.

В.В.

— Як добра, што ты вярнуўся.

— Ты нешта казала?

— Калі сонца адлятае ў вырай, надыходзіць зіма. Хіба ня бачыш: усё неба ў сьнезе?

— Гэты сьнег чорны.

— Чалавечая стома апранаецца ў крышталікі й круціцца, сыплецца на неба.

— Гэта такая гульня? Распавядай яшчэ.

— Восень бяжыць рудым сабакам. Кульгае, стаміўся. Пакармі яго сваім сумам. Ня бойся, адламі кавалак.

— Дзівачка. А раптам ён шалёны?

— Ты — дзівак. Цалуеш толькі вачыма.

— Я баяўся, ты не дазволіш.

— І не дазволю! А ты не глядзі.

— Я таксама магу так гуляць... Час заснуў у тваіх зрэнках. Скруціўся пухнатай коткай ды салодка вуркоча.

— Глядзі, глядзі! Зараз кіпці выпусьціць. Ты яго малаком паіў?..

— Каго?

— Час.

— Ізноў сьмяешся!? Хто ты такая, каб зь мяне сьмяяцца!

— Хто я? Табе лепш відаць. Ты мяне прысьніў…

— Прысьніў! Вось я зараз сябе разбуджу. Што рабіцьмеш, калі я прачнуся? Да іншага сьніцца пойдзеш?

— Што ты! У кожнае вогнішча зазірну, каб у твой сон вярнуцца. Не прачынайся!

— Не прачнуся.

С.В.

Страчанае пахне дымам, кусае за вочы, праз дыханьне залятае ў цела, уецца, заляцаецца да сэрца. Пакідае попел.

— Што сьніў?

— Ведаеш, звычайныя ліпкія жахі. Некуды імчаў, некага ратаваў, ня бачыў мэты. Замкнёнае кола... Табе сумна?

— Чаму?

— Тут, у нас, табе сумна? Мая краіна… Ня сьмейся…

— Твая краіна дзіўная. Як і ўсе, акрамя маёй.

— Можа, гэта твая краіна дзіўная. Як і ты.

— Не, мая простая. Простая. Пляц, брукаванка, на пляцы — царква. Насупраць касьцёл. Пасярэдзіне — рынак, жыдоўскія лаўкі. На ўскрайку — мячэт. Габрэі ходзяць у сынагогу.

— Я ня веру.

— Ты там быў.

— Можа, я гэта прысьніў?

Страчанае пахне морам. Пеняцца сьлёзы прыбою, зьмешваюць пясок з крышталікамі солі. Стогнуць галодныя кірлі.

— Быў у мяне знаёмы жыдок малады…

— Прыгожы?!

— Як анёл, толькі смуглявы. Мусіць, усё на сьвеце ведаў... казаў... Паслухай, не зайздросьць. Дзіўныя рэчы казаў: быццам час можна скруціць у клубок. У кола. Вось так.

Страчанае абвілося вакол пальца залатым пярсьцёнкам. Найкаштоўная аздоба: пярсьцёнак вогненных валасоў.

— І што тады?

— Ня ведаю. Пэўна, можна вярнуцца, знайсьці страчанае. Ты ад'язджаеш заўтра?

Страчанае сядзела ў пустых клетках і бясшумна ціўкала. Увесь пакой застаўлены пустымі клеткамі. Клеткі на стале, на сьценах, на падлозе. Клеткі на клетках. Дрыготкае сьвятло гайдала цені клетак на тваім твары. Твой твар — у клетцы.

Не, страчанае нічым ня пахне. На тое яно й страчанае.

А.А.

Прачнуцца. Разьляпіць павекі й прарвацца празь сетку маланак, праз змрок грымотаў, праз гэты дождж і гэтую нясьцерпную ноч. Калыханка капытоў па брукаванцы, калыханка капытоў... Дзынькнула маланка, скача па бруку: згубіў талер, потым, потым, потым.

Прачнуся, прачнуся… Шоргат плашча люляе, цалуе. Нельга застацца, паддацца, закалыхацца. Тады — брук, брук, брук.

Талер танчыць на дарозе вогненнае колца. Гэта той самы талер? Ці новы… Якая розьніца? Гэтая ноч закончыцца, і тады — позна, позна, позна…

Брукаванка скруціцца ў кола балотнай зьмяюкай. Рэзка, нібы маланка скочыць да цябе — уджаліць, апячэ агнём, уліе атруту, закалыхае пад запозьненыя грымоты.

Не, кола — гэта пярсьцёнак... валасоў вакол пальца. Я пасьпею, заўтра я абавязкова пасьпею. Заўтра мы ўцячэм у тваю сьветлую краіну (вось я й пераканаюся, ці йснуе яна насамрэч). Успамінаю, прачынаюся, сьмяюся, ізноў наперад, нельга спазьніцца.

Дзе там мой талер? Вогкі сьвет, вогкі плашч, вогкі конь, вогкі брук. Я прачнуся. Наступны раз я пасьпею. Наступны.

Неба разьляпіла цяжкія павекі. Проста грукат капытоў разбудзіў дзень. Проста разышліся хмары. Паміж імі — вока, не, сонца. Вока зь бяльмом.

Вогненныя салямандры танчаць на мокрых камянях, абкружаюць, будуюць з бруку сьцены. Гэта прачнуўся горад: ізноў вітае вогнішчам на пляцы. Хто сёньня? Ня мае значэньня. Пасьпеў?

І я прачнуся.

D.В.

Даруй. Я не хацела. Я не хацела выстудзіць твае пакоі. Ну хіба я вінаватая, што ты баішся агню?

Гэта ўсё ягоныя кпіны: агонь больш ня грэе цябе. Спальвае нават прысак, малюнак, узгадка, намёк, нават слова, што вырастае ў шчылінках на сьцяне, у каменнай кладцы, ва ўзорах паркавых сьцежак. Вочы твае зьмерзлі ад астылага попелу.

Агонь ня сьвеціць. Агонь бліснуў аднойчы залатой манетай на бруку, і з таго часу заўсёдная цемра — твая верная сяброўка. Гэта ня я асьляпіла цябе. Не расплюшчвай вочы, ты ведаеш: паўсюль змрок, цень, надвячорак.

Затое табе ня трэба баяцца пажару, маланкі ды сьвятой інквізыцыі. Што табе губляць: агонь ня зробіць балюча, цябе ўжо спалілі аднойчы.

Я не хацела.

Агонь абкруціцца вужакай, прытуліцца коткай, зарагоча крумкачом, рассыплецца дарагімі пацеркамі, зайграе ў срэбны рог небясьпеку, выпадзе сьнегам, узыдзе валошкай, згатуе вячэру, пацалуе далоні, разгладзіць зморшчынкі, дасьць аплявуху, прынясе ў жмені ваду, падаткне ўночы коўдру, скоціцца зьнічкай, прынясе чысты кубак.

І зьбярэ твае сьлёзы.

Тады ты йзноў сядзеш на каня. Узгадаеш простую малітву. І праз агонь, вечар і брук паспрабуеш дагнаць сваё сонца (вярнуць залаты талер). Пакуль не закалыхае брук, пакуль стома ня выліецца дажджом, пакуль час не абаўецца пярсьцёнкам залатых валасоў вакол пальца. Пакуль ты не разарвеш капытамі брукаванку, што замкнулася ў кола. Пакуль ты ня вернешся да мяне.

А я пачакаю. Я пасябравала з рудымі салямандрамі. І мне ўжо амаль не балюча танчыць зь імі. Я пацярплю. Можа быць, сёньня ты пасьпееш дагнаць сваё сонца.

E.A.

— Надзвычай радыя бачыць вас, шаноўны пане. Вы пасьпелі. Узнагарода ня доўга будзе чакаць вас.

— Мая жонка…

— Так, мае віншаваньні. Вас выдралі з кіпцюроў д'ябла.

— Мая жонка…

— Ня трэба падзякаў. Мы былі там. Мы бачылі. Яна набыла ўсіх птушак у горадзе…

— Так, і адпусьціла іх. Мая жонка…

— І адпусьціла іх!

— Капрызы маладой пані.

— Паганскія рытуалы.

— Не, яна хрысьціянка. Гэта…

— Яна не каталічка.

— Гэта проста звычай яе краіны.

— Я й кажу, дзікія, паганскія, барбарскія рытуалы. Шаноўны, гэта вядзьмарства. Але вы ня ўсё ведаеце. Яна хавала цыганоў і габрэяў!

— Хацела толькі ўратаваць іх ад вогнішча.

— Проста яна такая самая.

— Яна — цыганка? Габрэйка? Яе валасы…

— Рудыя, як ва ўсіх вядзьмарак.

— Калі б я толькі быў…

— Мы марнуем час. Вас адмыслова выправілі з гораду. Мы ўсё разумеем. Ваш узрост… Я казаў, што на такую пасаду патрабуецца больш сталы ваяр. Будзьце ўдзячныя. Каб за вас не сказалі слова… ня будзем згадваць тут тыя высакародныя, паважаныя ймёны. Вашыя папрокі не да месца. Вось — дастаўце гэта да заўтра. Калі зьбярэцеся неадкладна, абавязкова пасьпееце. Шчасьлівай дарогі, шаноўны спадар.

— Я мог пасьпець. Я быў павінен…

— Вы павінны пасьпець да заўтра.

— Што?..

А.А.

Прачнуцца. Разьляпіць павекі й прарвацца празь сетку маланак, праз змрок грымотаў, праз гэты дождж і гэтую нясьцерпную ноч. Калыханка капытоў па брукаванцы, калыханка капытоў… Дзынькнула маланка, скача па бруку: згубіў талер, потым, потым, потым.

Прачнуся, прачнуся… Шоргат плашча люляе, цалуе. Нельга застацца, паддацца, закалыхацца. Тады — брук, брук, брук.

Талер танчыць на дарозе вогненнае колца. Гэта той самы талер? Ці новы… Якая розьніца? Гэтая ноч закончыцца, і тады — позна, позна, позна…

Брукаванка скруціцца ў кола балотнай зьмяюкай. Рэзка, нібы маланка скочыць да цябе — уджаліць, апячэ агнём, уліе атруту, закалыхае пад запозьненыя грымоты.

Не, кола — гэта пярсьцёнак... валасоў вакол пальца. Я пасьпею, заўтра я абавязкова пасьпею. Заўтра мы ўцячэм у тваю сьветлую краіну (вось я й пераканаюся, ці йснуе яна насамрэч). Успамінаю, прачынаюся, сьмяюся, ізноў наперад, нельга спазьніцца.

Дзе там мой талер? Вогкі сьвет, вогкі плашч, вогкі конь, вогкі брук. Я прачнуся. Наступны раз я пасьпею. Наступны.

Неба разьляпіла цяжкія павекі. Проста грукат капытоў разбудзіў дзень. Проста разышліся хмары. Паміж імі — вока, не, сонца. Вока зь бяльмом.

Вогненныя салямандры танчаць на мокрых камянях, абкружаюць, будуюць з бруку сьцены. Гэта прачнуўся горад: ізноў вітае вогнішчам на пляцы. Хто сёньня? Ня мае значэньня. Пасьпеў?

І я прачнуся.

В.В.

— Як добра, што ты вярнуўся.

— Ты нешта казала?

— Калі сонца адлятае ў вырай, надыходзіць зіма. Хіба ня бачыш: усё неба ў сьнезе?

— Гэты сьнег чорны.

— Чалавечая стома апранаецца ў крышталікі й круціцца, сыплецца на неба.

— Гэта такая гульня? Распавядай яшчэ.

— Восень бяжыць рудым сабакам. Кульгае, стаміўся. Пакармі яго сваім сумам. Ня бойся, адламі кавалак.

— Дзівачка. А раптам ён шалёны?

— Ты — дзівак. Цалуеш толькі вачыма.

— Я баяўся, ты не дазволіш.

— І не дазволю! А ты не глядзі.

— Я таксама магу так гуляць... Час заснуў у тваіх зрэнках. Скруціўся пухнатай коткай, ды салодка вуркоча.

— Глядзі, глядзі! Зараз кіпці выпусьціць. Ты яго малаком паіў?..

— Каго?

— Час.

— Ізноў сьмяешся!? Хто ты такая, каб зь мяне сьмяяцца!

— Хто я? Табе лепш відаць. Ты мяне прысьніў…

— Прысьніў! Вось я зараз сябе разбуджу. Што рабіцьмеш, калі я прачнуся? Да іншага сьніцца пойдзеш?

— Што ты! У кожнае вогнішча зазірну, каб у твой сон вярнуцца. Не прачынайся!

— Не прачнуся.

 

 

Крысьціна Курчанкова. Вярнуся

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY